Вы тут

Драматург Ксенія Шталянкова: Я думала — мяне разарве ад эмацыянальнай перанасычанасці


П'еса, якой адкрыўся фестываль ТЭАРТ, прысвечана Мінскаму гета

Сёлета тэатральны фестываль «ТЭАРТ» пачаўся з прадстаўлення эскіза п'есы Ксеніі Шталянковай «Memorіa nomіnіs Clara». Ксенія ўжо заявіла пра сябе ў шмат якіх іпастасях. Яна аўтар папулярных кніг падлеткавага фэнтэзі і гістарычнага дэтэктыва, дызайнер, сацыёлаг, лектар... І вось — бліскучы драматургічны дэбют. Як прызнавалася сама Ксенія, прозу яна пачала пісаць яшчэ ў школе... А што для яе драматургія — пасляпразаічны этап? Новы спосаб выказацца, эксперымент, выпадак, замова? Далёка не кожны, нават выдатны, празаік здольны напісаць выдатную п'есу…


Драматург Ксенія ШТАЛЯНКОВА і мастак Раман ЯНОТАЎ не проста чыталі п'есу, а пражывалі яе.

— Мусіць, эксперымент, — задумваецца над адказам Ксенія. — Даўно хацела паспрабаваць пісаць у жанры драматургіі. Яшчэ ў падлеткавым узросце захаплялася п'есамі Міхаіла Булгакава. Потым адкрыла для сябе Стопарда, уразіла ягоная «Аркадыя». А ў 2019 годзе я пачала займацца ў Цэнтры беларускай драматургіі, у лабараторыі Змітра Багаслаўскага «Адкрывачка-2». Для паступлення мусіла напісаць матывацыйны ліст, і гэта, мусіць, быў самы кепскі матывацыйны ліст з усіх, што я калісьці падавала. Маўляў, я аўтар некалькіх раманаў, нават манаграфіі, але ніяк не магу агораць п'есу. Але, да свайго здзіўлення, даведалася, што я — у «Адкрывачцы».

— «Memorіa nomіnіs Clara» не першая твая п'еса?

— Напачатку я напісала камедыю пра пісьменнікаў, якая называлася «Проста вельмі складана». Спрабавала знайсці адказы, як можна гуляцца са словамі і персанажамі. Напрыклад, адзін з іх думаў, што піша пра другога, і наадварот... Увосень адбылася чытка гэтай п'есы ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Потым за гэты твор я атрымала спецпрыз на міжнародным конкурсе «Бадэнвайлер 2020», які праводзіўся ў Штутгарце. Паводле правілаў конкурсу, бонусам да ўзнагароды павінны былі адбыцца чыткі п'есы і яе пастаноўкі, але ў Еўропе пачалася пандэмія, і ўсё адцягнулася ў часе. Мне было вельмі шкада... Калі напісаў кнігу, і яна выйшла — ты бачыш матэрыяльны вынік сваёй працы. А з п'есамі інакш: няма гарантыі, што паставяць. Асабліва, калі толькі пачынаеш.

— Пераход ад камедыі да вельмі драматычнай тэмы — гэта выклік самой сабе?

— Так. Вырашыла, варта паспрабаваць сябе ў іншым тэатральным фармаце. Я прапанавала свайму сябру, мастаку Раману Янотаву папрацаваць разам, паколькі мы шмат размаўлялі пра гісторыю Мінска і феномен памяці, і ў нас выспелі агульныя задумкі. Ды яшчэ пабачыла абвестку пра набор у творчую лабараторыю «Ужо гатовы свет», там анансавалася, што ўвага будзе аддавацца сумеснай рабоце рэжысёра і мастака. Я вырашыла, гэта шанц. Для мяне драматургія — форма выказвання, якая дазваляе зразумець, на што я здатная, больш тонка папрацаваць з псіхалагічнымі момантамі.

— А як зацікавіла тэма Халакосту?

— Гэта тэма, да якой я ішла вельмі доўга. Былі размовы з маёй сяброўкай-мастачкай, якая зараз піша дысертацыю пра Халакост у беларускім мастацтве. Яе прадзядуля, мастак Лазар Ран, у сваёй творчасці шмат адлюстроўваў гэтую трагедыю, у Мінскім гета загінула яго сям'я. Яшчэ адна балючая прывязка да сюжэта п'есы: мая прабабуля была адной з вязняў Асвенціма. Патрапіла туды ў шаснаццацігадовым узросце. Я не была з ёй знаёмая, толькі фотаздымкі бачыла, і вельмі хацела яе ўявіць. Яшчэ мяне зачапіла кніга канадскага пісьменніка Яна Мартэла «Беатрычэ і Вергілій», таксама пра Халакост, але мне падалося, там даволі вузкі пагляд, і ў мяне ўзнікла жаданне паспрачацца з аўтарам і выказаць уласнае меркаванне. Два месяцы я чытала гістарычныя матэрыялы, не магла пачаць, а потым тэкст напісаўся за два тыдні. Гэта была вельмі насычаная праца. Я хацела адказаць на пытанне — што для мяне значыць Халакост і як разумею феномен гістарычнай памяці. Ніколі не працавала так з тэкстам. Раней было лінейна, а цяпер — кантэкст знаходзіцца паўсюль адначасова, і я знаходжуся паўсюль, тэкст быццам мяне абгортвае. Матэрыял вельмі жорсткі, яго трэба было перажыць. У пэўны момант я думала — мяне зараз разарве, такі быў момант эмацыянальнай перанасычанасці. На сёння «Memorіa nomіnіs Clara» — адзін з найлепшых тэкстаў, які я напісала. Хоць ён кароткі, усяго 20 старонак. І я трошкі пераймаюся, што ж буду пісаць наступнае, каб не рабіць крок назад.

— Вы з Раманам Янотавым сталі не толькі драматургам і мастаком спектакля, але і выканаўцамі...

— Лепей сказаць — перформерамі. Так, вырашылі, што будзем чытаць самі, і атрымалі цікавы досвед, які дазволіў адчуць тэкст наноў, расставіць пэўныя акцэнты, якія на ўзроўні пісьма былі не настолькі відавочныя. Запомніўся момант, калі падчас фіналу мы сядзелі ў цемры, у напоўненай людзьмі зале і толькі чулі дыханне гледачоў. Было маўчанне. Ніхто ніяк не рэагаваў. Мне падалося, што гэта доўжылася некалькі хвілін, а прайшло некалькі імгненняў. Потым пачаліся апладысменты, запалілася святло, і я пабачыла, што людзі плакалі.

— У сучасных драматургаў няёмка пытацца пра сюжэт п'есы... Яго ў звыклым сэнсе можа проста не быць…

— Мне таксама цяжка сфармуляваць нейкі сінопсіс... Але нешта распавесці паспрабую. Месца дзеяння — Яма, што ў раёне мінскай вуліцы Мельнікайтэ. Месца, дзе ў 1942 годзе былі забітыя пяць тысяч яўрэяў. Цягам дзесяці сцэн адна і тая ж гісторыя цыклічна паўтараецца ў адной прасторы ў розныя часы. Так, я натхняюся гісторыяй сваёй прабабулі і іншых людзей, але тэкст не мае рэальных прататыпаў, супадзенні выпадковыя. Перамешваюцца ўспаміны і сны галоўных герояў, іх чатыры. Клара, мастачка, якая жыве ў пачатку 1940-х гадоў у Мінску, яе муж Лёва, таксама мастак. З дыялогаў робіцца зразумела, што Клара чакае дзіця, але яна хворая на сэрца, і нараджэнне дзіцяці можа яе забіць. Лёва супраць нараджэння дзіцяці, ён з'язджае ў Маскву, пачынаецца вайна, і Клару ён больш не пабачыць. Іншыя два героі — Ларка, унучка Лёвы ад яго другой жонкі, і містычны Юнак, які жыве ў Яме. Насамрэч праблем падымаецца шмат... Ёсць і канфлікт пакаленняў — як здзейсніцца, калі ў цябе геніяльны продак, а ты — у яго цені. Як знайсці сябе ў ланцугу сямейных гісторый. Чаму людзі, якія кахаюць адно аднаго, робяць адно аднаму балюча? Мне хацелася, каб гэта не стала проста сентыментальнай гісторыяй. Імкнулася адшліфаваць тэкст, каб не засталося «момантаў слязлівасці». Для мяне было важна навучыцца знаходзіць такія словы, якія пакажуць эмацыянальныя рэчы не перанасычана. Задавала сабе пытанні ўвесь час: ці не занадта?

— Гэта выпадкова, што з тваёй п'есы пачаўся фестываль?

— У Лабараторыі была задума зрабіць справаздачу яшчэ на пачатку лета, але праз пандэмію ўсё адсоўвалася, мы думалі, што сёлета ўжо нічога не адбудзецца. Калі даведалася, што чытка пройдзе на такім сур'ёзным форуме, узрушылася. Гэта быў выклік. Мы за два тыдні мусілі ўсё зманціраваць, падрыхтаваць. Атрымалася правесці ўсяго дзве рэпетыцыі. А яшчэ належала здабыць спецыфічныя рэчы для рэквізіту — старыя крэслы, эцюднікі. Адзін эцюднік пазычыла мая сяброўка Глорыя Ран, другі — мой настаўнік, дызайнер Уладзімір Голубеў. Па задуме, нягледзячы на тое, што ў п'есе чатыры дзейныя асобы, насамрэч гэта заўсёды два чалавекі. Для гледача важна разгадаць, хто ёсць хто ў кожнай сцэне. Нам з Раманам трэба было прыдумаць, як вырашыць гэта на ўзроўні чытання.

— Ці паставяць п'есу ў тэатры?

— Планы самыя вялікія, хацелася б, каб праект займеў працяг. Калі які тэатр прапануе зрабіць спектакль, мы з радасцю адгукнёмся, бо цяпер мы змаглі рэалізаваць толькі невялікую частку задум. Але зараз нешта цяжка планаваць, пандэмія пакуль не скончылася.

— Шмат якія спектаклі ў сучасным тэатры распавядаюць пра дэструкцыю культуры постындустрыяльнага грамадства, пра інфармацыйную прастору, у якой адбываецца распад сэнсаў, нават структуры мовы. У мяне ўражанне, што ты ідзеш ад супрацьлеглага — канстатуючы сітуацыю распаду, але ўсё-ткі паказваючы, што сэнс — у збіранні, аднаўленні той жа гістарычнай памяці.

— Так, я думаю, што мая п'еса — гэта зборка памяці, зборка важных тэм у адным пункце прасторы і часу. Тое, што можа аб'ядноўваць.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота Марыны КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?