Вы тут

Час памятаць. Жыццёвы шлях Аляксандра Чарвякова — першага кіраўніка БССР


Сто гадоў таму ў верасні—кастрычніку 1920 года вакол беларускіх зямель разыгралася сапраўдная драма — у Рызе паміж Расіяй і Польшчай пачаліся перагаворы аб аддзяленні на карысць апошняй часткі тэрыторый Беларусі. Гэта быў вынік няўдалай савецка-польскай вайны, у цэлым сітуацыі, якая склалася на фронце, у краіне. На поўдні актыўна наступала армія Урангеля, ішлі баі па іншых напрамках, неўраджай 20-га года выклікаў голад, сялянскія хваляванні ахапілі Расію і Украіну, забяспечваць армію харчаваннем станавілася вельмі складана, пачаліся праблемы з мабілізацыяй, і яшчэ шмат іншых праблем, для вырашэння якіх патрэбен быў мір. У віры падзей апынуўся Аляксандр Чарвякоў — першы кіраўнік савецкай рэспублікі, старшыня ЦВК — Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта, з 1919 па 1938 гады вышэйшага органа дзяржаўнай улады.


Пытанне стаяла аб тым, быць ці не быць наогул Беларусі самастойным палітычным утварэннем. Каля вытокаў яго фарміравання разам з цэлай плеядай беларускай палітычнай эліты, народжанай рэвалюцыяй, стаяў Аляксандр Чарвяк, сапраўднае імя будучага палітыка, або як ён сам падпісваўся, Алесь Чарвяк. Гэта потым, па рэкамендацыі Сталіна, для мілагучнасці прозвішча будзе зменена на Чарвякоў. Тады ж, у 20-м, яму ўсяго 28 гадоў, але за плячыма ўжо сур'ёзны палітычны досвед, як, зрэшты, у многіх прадстаўнікоў яго пакалення.

«Раю вам, спадар Чарвяк, кінуць панібрацтва з мясцовым насельніцтвам»

Ураджэнец вёскі Дукарка Мінскай губерні, ён скончыў спачатку Віленскае народнае вучылішча, затым Віленскі настаўніцкі інстытут, пацвердзіў званне народнага настаўніка і збіраўся прысвяціць сябе рабоце на вёсцы, таму папрасіўся ў вёску, хоць мог застацца ў Вільні, куды перабралася сям'я. Хутчэй гэта было заканамернасцю. Да пачатку мінулага стагоддзя на тэрыторыі сучаснай Беларусі сфарміравалася ўнікальная сацыяльная група — вясковая інтэлігенцыя, што стала вынікам шматгадовага працэсу выцяснення беларускага насельніцтва з гарадоў у вёску. Напрыклад, у самым беларускім горадзе Віцебску, а ён уваходзіў у склад Беларускай губерні, адзінай у Расіі створанай па нацыянальнай прыкмеце ўказам Кацярыны ад 12 снежня 1796 года «...у сувязі з аб'яднаннем Магілёўскага і Полацкага намесніцтваў у адзіную Беларускую губерню», беларускае насельніцтва складала менш як 20 %. Тыповымі прадстаўнікамі сельскай інтэлігенцыі былі многія вядомыя беларусы, дастаткова ўспомніць толькі Якуба Коласа і яго выдатныя творы. Што ж датычыцца работы Алеся Чарвяка ў сельскай школе, то аб гэтым захаваўся ўнікальны дакумент той пары. Ён настаўнічаў у Трокскім павеце і пры гэтым актыўна дапамагаў простым сялянам напісаць прашэнне, скаргу, раіў, як адстойваць свае правы, нягледзячы на тое, што асноўную частку насельніцтва складалі літоўцы, каля 30 % — палякі і зусім трохі — беларусы. Але Чарвякоў вучыць і польскую, і літоўскую, каб свабодна гутарыць з людзьмі, вучнямі. Павага да нацыянальнай ідэнтычнасці захаваецца ў Чарвякова на ўсё жыццё. Тады ж яго дзейнасць не засталася незаўважаная ўладамі. У адной са справаздач паліцыі за сакавік 1912 года чытаем: «Школу наведаў прыстаў і папярэдзіў: «Раю вам, спадар Чарвяк, кінуць панібрацтва з мясцовым насельніцтвам». І прыпіска: «Узяты пад назіранне».

Прозвішча змяніў Сталін

Вайна ўнесла свае карэктывы. Пасля заканчэння Аляксандраўскага ваеннага вучылішча ў Маскве, у лютым 1917-га, Чарвякова накіроўваюць у Петраград для праходжання службы ў кулямётнай роце. Але рэвалюцыйны рух прыцягвае. У маі ён уступае ў партыю бальшавікоў, шлях да якой ляжаў праз Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю, удзельнічае не толькі ў дзейнасці бальшавіцкіх арганізацый, але і актыўна займаецца пытаннямі беларускіх бежанцаў. Нечакана ў лютым 1918 года Чарвякова адклікаюць у Маскву, шыфраграма загадвала: «Тэрмінова прыбыць у Савет Народных Камісараў РСФСР». Там ён даведаўся, што Саўнаркамам прынята рашэнне стварыць спецыяльную ўстанову, якая займалася б нацыянальнымі справамі беларусаў. А 14 лютага 1918 года ў газеце «Правда» быў апублікаваны дэкрэт, падпісаны Старшынёй Саўнаркама РСФСР У. І. Леніным, у якім паведамлялася: «Пры Народным камісарыяце па справах нацыянальнасцяў арганізуецца камісарыят па справах беларусаў». Камісарам прызначаны Аляксандр Чарвякоў. Менавіта тады адбылася яго сустрэча са Сталіным, які на той перыяд займаўся нацыянальным пытаннем, і з якім яго будзе звязваць не толькі работа, але, мяркуючы па дакументах, нейкі час і добрыя адносіны. У далейшым гэта адыграе не апошнюю ролю ў падтрымцы беларускай партыйнай арганізацыі пры прыняцці шэрагу рашэнняў. Тады ж было рэкамендавана змяніць прозвішча. Сталін наогул любіў карэктаваць іх — Кабылінскі становіцца Былінскім, Грэк — Грэкавай, Чарвяк — Чарвяковым, Джандгава — Цанавым і г. д. Чарвякоў і здагадвацца не мог, якую страшную ролю сыграе ў яго лёсе Іосіф Джугашвілі. Пры ўсіх жа найважнейшых пытаннях, якія даводзілася вырашаць на пачатку фарміравання беларускай дзяржаўнасці Чарвякову, прыярытэтнымі з'яўляліся нацыянальныя, пісьменнасць насельніцтва, сялянства і, вядома ж,
пытанне тэрыторый.

Пешшу ў Рыгу

На падпісанні Рыжскага міру беларускай дэлегацыі не было.

У верасні 1920-га рэспубліка апынулася перад пагрозай аддзялення значнай часткі зямель з кампактным пражываннем беларускага насельніцтва. У Рызе пачыналіся перагаворы па пытанні вызначэння савецка-польскай мяжы. З расійскага боку дэлегацыю ўзначаліў Адольф Абрамавіч Іофэ, член калегіі Народнага камісарыята рабоча-сялянскай інспекцыі, польскую — Ян Дамброўскі. Прадстаўнікоў Беларусі на перагаворы не запрасілі. Але гэта не спыніла кіраўніцтва рэспублікі, пытанне было надзвычайнай важнасці. Аляксандр Чарвякоў, на той момант старшыня Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, разам з сакратаром рэўкама Іванам Рыгоравічам Клішэўскім самастойна накіроўваюцца ў Рыгу адстойваць інтарэсы беларусаў. Як дабіраліся, гісторыя асобная — дарогі разбітыя, пасля ваенных дзеянняў не адноўленыя. У таварным вагоне ўдалося даехаць толькі да станцыі Себеж, але і гэта не спыніла. Далей ішлі пешшу, арыенцір — раскіданыя шпалы. Але да асноўных перагавораў яны ўсё ж паспелі — прыбылі ў Рыгу 18 верасня, хоць савецкая дэлегацыя знаходзілася там з 12 верасня. У беларусаў — ніякага афіцыйнага статусу і ніякіх правоў на ўдзел у перагаворах. Дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь фонду 60п, справы 455, вопісу 3 захоўваюць лісты Чарвякова пра тое, што тады адбывалася ў Рызе. У іх увесь драматызм сітуацыі. Першы ён адпраўляе ў Мінск 20 верасня, з яго даведаемся, што яны з Клішэўскім «пад каўпаком»: «Мы акружаны шпіёнамі з усіх бакоў. На кожнага з нас прыпадае дзве паненкі і адзін мужчына з літоўскай контрвыведкі. Гэтая работа ў іх пастаўлена не горш як было пры царызме. Сочаць за кожным нашым крокам». Тым не менш Чарвякоў далучаецца да савецкай дэлегацыі, хоць гэтаму папярэднічала не менш драматычная сітуацыя — на першым пасяджэнні Ян Дамброўскі заявіў: «Я бачу ў спісе прадстаўнікоў нейкай міфічнай дзяржавы. Пакуль мы не пераканаемся ў законнай сіле паўнамоцтваў усіх дэлегатаў, працяг перагавораў лічым немагчымым». Становішча фактычна выратаваў Кіраў, тады прадстаўнік РСФСР у Грузіі і член дэлегацыі, які нагадаў, што 31 ліпеня 1920 года прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь. «Вам добра вядома, спадары, што ССРБ існуе як федэратыўная суверэнная дзяржава, незалежнасць якой дэклараваная ВЦВКам». Адказ польскай дэлегацыі: «Не ведаем такой дзяржавы і не жадаем слухаць». У выніку Чарвякова прызналі экспертам пры савецкай дэлегацыі без надання афіцыйнага статусу, але і гэта была няхай маленькая, але перамога. У лістах у Мінск ён інфармаваў кіраўніцтва рэспублікі аб ходзе перагавораў, мяркуючы па якіх, беларусы не раз станавіліся парушальнікамі спакою. «З нашага боку прапанова — вусце Свіслачы пры ўпадзенні ў Нёман на поўдзень К. М. Свіслач, Белавеж, Высока-Літоўск, Брэст-Літоўск. Палітыкі разгубіліся, папрасілі два дні адтэрміноўкі для адказу. Мы чакаем...». Спраўджваліся найгоршыя здагадкі Іофэ аб тым, што ўдзел дэлегацыі ад Беларусі, супраць прысутнасці якой ён быў першапачаткова, можа ўсё перавярнуць на перагаворах. На гэтым фоне ў Мінск з 29 верасня да 3 кастрычніка ідуць лісты, поўныя драматызму. «Характэрным для польскай дэлегацыі з'яўляецца тое, што яна цяпер зусім ужо не гаворыць аб прыгнечаных народнасцях, якія жывуць паміж Польшчай і Расіяй, якім яна нясе свабоду, а кажа пра межы Польшчы, якія забяспечваюць яе жыццёвыя інтарэсы. Зразумела, што такая пазіцыя не дапускае нават намёку на існаванне нейкай Беларусі, ...паколькі інтарэсы Польшчы несумненна сутыкнуцца з інтарэсамі Беларусі». Чарвякоў просіць пашырыць яго паўнамоцтвы, бо «польскі бок... мінімум яго патрабаванняў, гэта мяжа крыху на захад ад Мінска, каб лініі «Баранавічы — Лунінец, Сарны адышлі да Польшчы. Калі я пачаў гаварыць пра настроі ў Беларусі, то ён (Іофэ) сказаў мне: «Мір заключае Расія з Польшчай, але не Беларусь». Пярэчанне было і з боку польскай дэлегацыі, якая заявіла, як пісаў у сваім лісце Чарвякоў ад 3 кастрычніка, «...польская дэлегацыя заяўляе, што з маскоўскім чыноўнікам Чарвяковым яны гаварыць не жадаюць, а жадаюць гаварыць з прадстаўніком беларускага народа. Паводле слоў прэм'ер-міністра Беларускай Народнай Рэспублікі спадара Ластоўскага, я магу прадстаўляць толькі камуністычную партыю, але не беларускі народ».

Але і да думкі ўрада БНР, які на той момант знаходзіўся ў эміграцыі і ніяк не хацеў прызнаваць, што створаная ў рамках нямецкай акупацыі, яна была незразумелая беларускаму народу і не падтрыманая ім, таксама не прыслухаліся. Як сведчаць дакументы, на дзеянні яе прадстаўнікоў наогул не было ніякай рэакцыі, хоць у верасні 1920-га ў Парыж на адрас дзяржаў Антанты была накіравана нота аб тым, што Расія не мае права выступаць на перагаворах ад імя Беларусі, народ якой мае свой законны ўрад. Не атрымаўшы адказу, урад БНР накіроўвае паўторную ноту, у якой ужо патрабуе прызнаць яго законнасць і абараніць тэрыторыю рэспублікі ад захопу Польшчай, Літвой і РСФСР. Адначасова 7 верасня ён звярнуўся з нотай і да Польшчы, нагадаўшы аб абяцанні Пілсудскага забяспечыць свабоду беларускаму народу. У ёй была цікавая прыпіска — у выпадку прызнання незалежнасці Беларусі кіраўніцтва БНР гарантавала падтрымку стварэння польска-беларускай федэрацыі. Праігнаравала Польшча і патрабаванне даць паўнамоцтвы на перагаворах дэлегацыі БНР у складзе Ластоўскага, Цвікевіча і Пігулеўскага. Незразумелая структура толькі замінала Польшчы, працэс і без таго ішоў складана. Намаганні ж Чарвякова былі не марныя. 12 кастрычніка 1920 года ў Рызе быў падпісаны дагавор аб перамір'і, а ў яго першым артыкуле гаварылася: «Абодва дагаворныя бакі, згодна з прынцыпам самавызначэння народаў, прызнаюць незалежнасць Украіны і Беларусі». Гэта было фактычна першае міжнароднае прызнанне рэспублікі. Аднак вынік канчатковых перагавораў, якія завяршыліся Рыжскім мірам 18 сакавіка 1921 года, быў прадвызначаны ўжо тады. «Становішча на фронце настолькі дрэннае, што трэба заключаць мір. Дырэктыва ад ЦК гаворыць: «У крайнім выпадку згаджайцеся», — пісаў Чарвякоў у кастрычніку 20-га з Рыгі. Пра гэта — і ў выступленні Леніна ад 15 кастрычніка 1920-га перад старшынямі выканкамаў Маскоўскай губерні: «Становішча Савецкай рэспублікі надзвычай цяжкае, што прымусіла нас спяшацца з мірам перад зімовай кампаніяй». Толькі вось якой цаной — далей у тэксце: «...лепш мець горшую мяжу, г. зн. атрымаць меншую тэрыторыю Беларусі і мець магчымасць меншую колькасць беларускіх сялян вырваць з-пад прыгнёту буржуазіі, чым падвергнуць новым цяжкасцям, новай зімовай кампаніі сялян Расіі. Вось прычына».

Калінін быў супраць

Пасля падпісання Рыжскага міру рэспубліка страчвала не толькі заходнія землі, якія адыходзілі да Польшчы, але і частку ўсходніх. Віцебская, Гомельская і Смаленская вобласці адыходзілі да Расіі. Насельніцтва рэспублікі — 1,6 мільёна, тэрыторыя — 6 паветаў былой Мінскай губерні. Чарвякоў пачынае планамерную работу па вяртанні ў склад Беларусі ўсходніх зямель з кампактным пражываннем беларускага насельніцтва. Як вядома з гісторыі, два самыя складаныя пытанні для дзяржавы — гэта тэрытарыяльнае і нацыянальнае. Талент Чарвякова дазволіў пазбегнуць канфлікту па гэтых двух кірунках, хоць гісторыя ведае нямала сумных прыкладаў іх крывавага вырашэння. Работа была складаная, карпатлівая і небяспечная, калі даводзілася ўступаць у публічную спрэчку з многімі кіраўнікамі партыі. Асабліва востры канфлікт пачынаўся са ўсесаюзным старастам Калініным, які быў катэгарычна супраць узбуйнення Беларусі і прымаў актыўныя дзеянні, каб гэтага не адбылося. Пры гэтым ідэю падтрымалі Сталін і Троцкі, тады яны яшчэ былі аднагалосныя па многіх пытаннях. У снежні 1922 года ў беларусаў з'явіўся шанц выправіць сітуацыю. 30 снежня 1922-га ў Маскве пачаў работу І Усесаюзны з'езд Саветаў, дэлегацыю ад Беларусі ўзначальваў Чарвякоў. Як вядома, дэлегаты аднагалосна прагаласавалі за стварэнне СССР, толькі вось па галоўным пытанні — аб умовах уваходжання ў яго склад чатырох рэспублік, якія сталі яго заснавальнікамі, — Закаўказская, Украіна, Беларусь і Расія — разгарэлася дыскусія. Ленінскі план — рэспублікі ўваходзяць у склад як суверэнныя. План Сталіна — на правах аўтаноміі з адзіным цэнтрам у Маскве, да якога схіляліся дэлегаты і ўжо гатовыя былі галасаваць за яго. Сітуацыю змяніла выступленне Чарвякова, дзе ён абгрунтаваў мэтазгоднасць уваходжання рэспублік у склад саюза ў якасці суверэнных, за што і прагаласавалі. На гэтых прынцыпах быў падпісаны Дагавор аб утварэнні СССР. Гэта было дастаткова смелым крокам, а самастойную пазіцыю Чарвякова Сталін яшчэ прыпомніць. Суверэнітэт меў на ўвазе ў тым ліку і вызначэнне граніц, для Беларусі гэта — архіважная праблема тэрыторый. Лісты Чарвякова ў ЦК, абгрунтаванне неабходнасці ўзбуйнення рэспублікі, настойлівасць беларускага кіраўніка сталі нагодай разгляду гэтага пытання на палітбюро. І зноў — гарачая дыскусія. Ізноў катэгарычна супраць Калінін, падтрымка з боку Сталіна і Троцкага. Менавіта іх думка стала вырашальнай. 3 сакавіка 1924 года ВЦВК РСФСР прыняў пастанову «Аб узбуйненні БССР», да яе адыходзілі Гомельская, Віцебская, Смаленская вобласці, насельніцтва павялічвалася да пяці мільёнаў чалавек. Усерасійскі стараста з сітуацыяй змірыцца ніяк не хацеў. Вядомыя сталі факты, калі Міхаіл Іванавіч асабіста абзвоньваў кіраўніцтва гэтых абласцей і прапаноўваў перадаць прадпрыемствы, абсталяванне на баланс расійскім прадпрыемствам у іншых рэгіёнах, каб яны не дасталіся беларусам. Дзякуючы настойлівасці Чарвякова ў 1926-м да Беларусі былі далучаныя яшчэ два паветы — Гомельскі і Рэчыцкі, насельніцтва павялічвалася да шасці мільёнаў. Роля Чарвякова ва ўзбуйненні БССР вялікая. Кіраўнік маленькай рэспублікі, не супастаўнай нават з Украінай, змог пераканаць кіраўніцтва СССР у такой неабходнасці — гэта дазваляла пачаць паўнавартаснае яе эканамічнае, нацыянальна-культурнае развіццё, а ў вярхах задумаліся, ці не прэтэндуе Чарвякоў на ролю палітыка ўсесаюзнага ўзроўню.

«Пабудаваць сацыялізм без нацыянальнага нельга»

Здаецца, надыходзіў стабільны, і што важна, прадукцыйны час для савецкай рэспублікі. Хоць не ўсё было гладка і адназначна нават у дачыненні да нацыянальнай культуры, мовы. Аб гэтым на XІІ канферэнцыі КП(б)Б разгарнулася гарачая дыскусія. На ёй Чарвякоў выклаў прынцыпы ажыццяўлення нацыянальнай палітыкі, беларусізацыі, і гэта, як ні дзіўна, выклікала шквал крытыкі. У стэнаграме адны абурэнні. З выступлення Кублера: «...беларуская мова складваецца штучна. Скажыце, што разумее селянін пад словам «соковик», селянін ніколі так не скажа. Можна ў вёсцы дазволіць выкладанне беларускай мовы як прадмет, але не навязваць яе сілком». Або з выступлення Быхаўскага: «Я лічу шкоднымі ўхілы на культурным фронце, якія трэба спыніць. Калі беларуская мова з'яўляецца немаччу, то трэба гэтую немач спыніць». І ўсё ў такім духу. Чарвякоў даводзіць свае тэзісы па нацыянальным пытанні. Ён ухілы асуджае: «...гэта бязладдзе, калі насаджаецца беларуская мова там, дзе гавораць на рускай». Пры гэтым акцэнт робіць на тым, што «гэта мова большасці насельніцтва, працэс улівання беларускай мовы ў наша жыццё непазбежны. Пабудаваць сацыялізм без нацыянальнага нельга». Пры гэтым уся работа прадугледжвае павагу да нацыянальных культур. «Калі да мяне прыходзяць і гавораць на рускай, польскай, беларускай і нават яўрэйскай, то захоўваю маўчанне, быццам нешта разумею, і стаўлю сабе задачу вывучыць яўрэйскую мову». Чарвякова ў гэтым пытанні падтрымаў Сталін, як і стварэнне пры ЦК беларускага аддзела на ўзор польскай і яўрэйскай секцый, каб кіраваў беларускім рухам і згладжваў усе ўхілы. Прызнавалася еўрапейскае значэнне беларускай мовы, яе важнасць для сувязі з замежнай часткай беларусаў. Што было зроблена для беларускай культуры ў 1920-я гады, шырока вядома. Гэта і вяртанне ў рэспубліку творчай інтэлігенцыі, нацыянальны тэатр, нацыянальнае кіно, дзе, дарэчы, у першым беларускім фільме Юрыя Тарыча «Лясная быль» зняўся і сам Чарвякоў, чатыры афіцыйныя дзяржаўныя мовы — беларуская, руская, польская, ідыш. У плане адукацыі, пісьменнасці насельніцтва ўжо XІІ з'езд КП(б)Б канстатаваў: «Беларусь, якая не мела да рэвалюцыі ні адной вышэйшай навучальнай установы, цяпер мае іх чатыры, і Акадэмію навук, і шэраг іншых устаноў». І далей: «Мы маем рост эканамічны і культурны як працоўных беларускай нацыі, так і нацыянальных меншасцяў. У дачыненні да самай буйной меншасці — працоўных яўрэяў — праведзена вялікая работа, асабліва ў частцы надзялення зямлёй, таксама праведзена вялікая работа ў дачыненні да палякаў, латышоў, культурныя патрэбы рускай часткі задавальняюцца таксама ў поўнай меры». Пры гэтым правы нацыянальных меншасцяў улічваліся і ў эканоміцы. Напрыклад, 15 ліпеня 1924 года была прынята пастанова ЦВК БССР «Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі».

Вырашалася і сялянскае пытанне, дзе рэспубліка шукала свой шлях зыходзячы з нацыянальных асаблівасцяў. Для аграрнага рэгіёна гэта было самае важнае пытанне. Наогул яшчэ ў пачатку XX стагоддзя тэма пераўтварэння сельскай гаспадаркі з'яўлялася, бадай, адной з самых папулярных у Расіі — ажыццяўлялася маштабная рэформа, якая праводзілася прэм'ер-міністрам Пятром Сталыпіным і атрымала назву сталыпінскай. Шмат у чым яна абапіралася на прынцыпы вядзення сельскай гаспадаркі, прапанаваныя беларускім землеўладальнікам Эдвардам Вайніловічам, які ўзначальваў Мінскае сельскагаспадарчае таварыства і не стамляўся паўтараць, што прадухіліць рэвалюцыю можа толькі зямельная рэформа. Яна мела на ўвазе перадачу зямлі ва ўласнасць землеўладальніку, перасяленне сялян у маланаселеныя паўднёва-ўсходнія раёны Заходняга краю. Гэта дазволіла б вырашыць пытанне скучанасці і малазямелля ў цэнтральных раёнах, а яшчэ ў якасці падтрымкі — крэдыты, работа з банкамі, парады па агратэхніцы на пясчаных землях. Асаблівасці вядзення гаспадаркі на вёсцы абазначыў і Чарвякоў 8 ліпеня 1919 года на сходзе адказных працаўнікоў Беларусі ў Мінску, дзе ён заявіў: «Беларусь знаходзіцца на пераходным этапе ад Расіі да Заходняй Еўропы. У Еўропе капіталістычная гаспадарка, якой няма ў Расіі, але ёсць у Беларусі». У 22-м у РСФСР быў прыняты Закон «Аб працоўным землекарыстанні», калі яго прааналізавалі ў Беларусі, то прыйшлі да высновы, што для мясцовых умоў ён не падыходзіць, і ў красавіку таго ж 22-га ЦВК прыняў сваю пастанову «Аб вольным выбары формаў землекарыстання». Сялянам давалася права самім вызначаць тып вядзення падсобнай гаспадаркі — хутарскі, грамадскі, змешаны, давалася і права арандаваць зямлю, выкарыстоўваць наёмную працу. Сялянам у якасці крэдытаў спачатку было выдзелена 142 тысячы рублёў, а праз год ужо больш за тры мільёны. Ішло і пераразмеркаванне канфіскаваных зямель. Найбяднейшаму сялянству да Кастрычніцкай рэвалюцыі належала толькі палова — 22 мільёны гектараў, астатняй часткай валодала невялікая частка памешчыкаў, напрыклад, княгіня Гогенлоэ мела 712 тысяч дзесяцін, князь Вітгенштэйн — 700 тысяч дзесяцін, граф Тышкевіч — 296 тысяч, граф Патоцкі — 240 тысяч. Толькі ў адной Мінскай губерні ў князя Радзівіла налічвалася каля 200 тысяч дзесяцін зямлі.

«Ці не адраджаюць у Беларусі кулака?»

Прынятыя меры мелі цалкам канкрэтныя вынікі — у рэспубліцы з'явіліся новыя пасёлкі, тысячы хутароў, вырашалася вельмі складаная праблема для Беларусі — скучанасць у цэнтральных абласцях і перанаселенасць у вёсцы. Пры гэтым існаваў і план наркама земляробства Беларусі Дзмітрыя Прышчэпава, які высунуў лозунг: «Беларусь — Чырвоная Данія. Беларусь у развіцці сельскай гаспадаркі павінна ісці па шляху Даніі і абавязана стаць Даніяй на Усходзе». Гэта быў не проста лозунг. Данія — краіна, у якой, як і ў Беларусі, пераважалі дробныя прыватныя гаспадаркі. Тыя першыя рэформы даволі хутка прынеслі станоўчыя вынікі. Сяляне пачалі пашыраць гаспадаркі, перасяляцца на хутары, іх дабрабыт паляпшаўся, да сярэдзіны 20-х у рэспубліцы ўпершыню з'явіліся ўласныя грошы. Яна даказвала, што падняць эканоміку рэальна за кошт сельскай гаспадаркі, што яшчэ раз пацвердзілі ўжо ў ХХІ стагоддзі ў незалежнай Беларусі. Тады ж грошы былі накіраваныя на будаўніцтва прамысловых прадпрыемстваў, а па тэмпах развіцця рэспубліка апярэдзіла РСФСР і Украіну. Пазітыўныя змены адзначылі ўжо ў 1926-м годзе на пасяджэнні ЦВК СССР, на якім прагучала і іншае: «Ці не адкат гэта да буржуазнага ладу? Ці не адраджаюць у Беларусі кулака?» У краіне пачыналіся ўжо праблемы з хлебанарыхтоўкамі. У 27-м яны рэзка знізіліся, сяляне патрабавалі павышэння закупачных цэн. Пытанне было вынесена на разгляд ХV з'езда ВКП (б), дзе сутыкнуліся дзве групоўкі: Сталін у зрыве нарыхтовак бачыў узмацненне кулака і патрабаваў «надзвычайных мер» у адносінах да сялян; Бухарын абгрунтоўваў неабходнасць саступак сялянству. Перавага аказалася на баку Сталіна, курс у вёсцы рэзка мяняўся, будучыня прызнавалася толькі за калектыўнымі гаспадаркамі. 14 снежня 1927 года ў партарганізацыі была накіравана Дырэктыва ЦК ВКП(б) пад грыфам «Сакрэтна», у ёй патрабаванне: «націснуць па-зверску на нашы партарганізацыі, арыштоўваць спекулянтаў, кулачкоў і іншых дэзарганізатараў рынку і палітыкі цэн». Фактычна гэта былі палітычныя рашэнні, якія ішлі ў разрэз і з законамі эканомікі, і з цвярозым сэнсам. Чарвякоў жа працягваў верыць у правільнасць узятага курсу, высунуўшы знакаміты лозунг: «Багацей, селянін», тым больш што рэспубліка выканала план па нарыхтоўках і мяняць нічога не збіралася. Натхняў і артыкул Мікалая Бухарына, які выйшаў у газеце «Правда» 30 верасня 1928 года перад пачаткам гаспадарчага года, — «Нататкі эканаміста», ён схіляўся да таго, што калгасы — гэта не шлях да камунізму, і высунуў лозунг: «Узбагачайцеся!» Бо калі селянін багаты, праблем з хлебам у краіне не будзе. Лозунгі Чарвякова і Бухарына аказаліся сугучныя.

Далей падзеі разгортваліся драматычна не толькі для гэтых двух кіраўнікоў. На пленуме 1929 года групоўка Бухарына, Томскага, Рыкава была разгромлена. У рэспубліцы пачала працаваць камісія на чале з Уладзімірам Затонскім, членам Прэзідыума ЦВК СССР, якая абвінаваціла Чарвякова не толькі ў адступленні ад курсу партыі ў эканоміцы, але і ў перакосах нацыянальнай палітыкі. Па выніках праверкі ў дакладзе Сталіну пад сумненне ставілася і правільнасць надання роўных правоў нацыянальным мовам у рэспубліцы, аргументы — беларусы складалі найбольш шматлікую групу і больш за ўсіх былі ўшчэмленыя ў сваіх правах у параўнанні з тымі ж палякамі. Неўзабаве дзяржаўнымі становяцца дзве мовы — беларуская і руская. З блаславення Сталіна пачалася мэтанакіраваная работа па дыскрэдытацыі Чарвякова. Першы на тлумачальную запіску Чарвякова на яго адрас нават не зірнуў, толькі заўважыў: «Што трэба гэтаму апартуністу?» А наконт заўвагі Затонскага, што народ асуджае старшыню ЦВК, дадаў: «Калі народ асуджае, значыць, мае рацыю народ». У дачыненні да Чарвякова разгарнулася адкрытае цкаванне, яго сапраўды асуджалі ўсе і за ўсё, асабліва за апартунізм, за адступленне ад генеральнай лініі партыі на партыйных сходах, у прэсе, яго ж прашэнне аб адстаўцы Сталін адхіліў, а праз памочніка перадаў: «Сам нарабіў памылак, хай сам і выпраўляе».

Гаварыць не давалі, абвінавачвалі, абражалі, пагражалі

Гэта выпраўленне расцягнулася фактычна на сем гадоў шальмавання, алею ў агонь падліла заява восенню 1930-га года начальніка АДПУ БССР Рыгора Рапапорты аб існаванні «Саюза вызвалення Беларусі» ў Наркамаце асветы, АН БССР, БДУ, іншых ВНУ. Прычым зроблена яна была адмыслова, падчас пленума ЦК КП (б) Б. Пасля даклада першага сакратара ЦК Канстанціна Гея тэрмінова аб'явілі перапынак і склікалі закрытую нараду, дзе і абвясцілі пра раскрыццё «беларускай падпольнай контррэвалюцыйнай арганізацыі» на чале з Вацлавам Ластоўскім і ідэйным кіраўніком Янкам Купалам. Арышты абвінавачаных у «шпіёнскай дзейнасці», якія адбыліся потым, — факт шырока вядомы. Пад следствам аказалася 180 чалавек, асуджана было 86. Аналіз гэтага гучнага і наступных працэсаў дае магчымасць гаварыць, што на прыкладзе рэспублікі пачыналі адпрацоўваць механізм будучых рэпрэсій.

Што ж датычыцца наступстваў сталінскага «Крутога павароту» для эканомікі, то яны ў архіўных дакументах ЦК КП(б)Б 1930-х гадоў пад грыфам «Асобы сектар». Пераход ад прыватнай да калектыўнай формы ўласнасці на сяле, неўраджай 1932 года зрабілі сваю справу — у Расіі, ва Украіне здарыўся страшны голад, не абышоў бокам ён і беларускую рэспубліку. Пра сітуацыю — толькі ў некаторых паведамленнях на адрас кіраўніцтва Беларусі. Напрыклад, Уздзенскі раён, Ушацкі: «Многія калгаснікі ўжо сёння не маюць хлеба і харчуюцца рознымі сурагатамі», «...у калгаснікаў упадніцкі настрой і паніка, просьбы розным асобам забраць у іх дзяцей і выратаваць іх ад галоднай смерці». У 1933 годзе біла трывогу і Гомельшчына, якая межавала з Украінай, дзе сітуацыя складвалася зусім драматычна. Захавалася дакладная запіска намесніка Паўнамоцнага Прадстаўніка АДПУ па БССР Шарова ў Сакрэтна-Палітычны аддзел АДПУ СССР «Аб харчовых цяжкасцях і эміграцыйных настроях у Жыткавіцкім і Тураўскім раёнах БССР. Цалкам сакрэтна». Адзначалася, што ў Жыткавіцкім раёне ў цяжкім становішчы знаходзіліся 33 калгасы, або каля 4,5 тысячы чалавек. І статыстыка: «калі ў 1933 годзе было прадухілена пагранаховай нелегальных адыходаў у Польшчу па Жыткавіцкім і Тураўскім раёнах 61 чалавека (прарваліся з населеных пунктаў, непасрэдна прылеглых да дзяржаўнай граніцы, — 47 чалавек), то за адзін толькі І квартал 1934-га прадухілена пагранаховай спроб да пераходу за кардон 41 чалавека (прарвалася 15 чалавек), а ўсяго 56 чалавек. У іншай запісцы Шароў паведамляў: «У сувязі з адсутнасцю харчавання вясной 1933 г., спажыванне хлеба з ураджаю 1933 г. пачалося яшчэ з уборкі, авансамі. У выніку большасць калгаснікаў з'ела свой хлеб яшчэ да канчатковага размеркавання па працаднях — да 1 лютага 1934 года. На глебе недаядання — апуханне і захворванні, асабліва сярод аднаасобнікаў. Рэзкае скарачэнне пагалоўя жывёлы. Апошняя забіваецца для ўжывання ў ежу і падае ад знясілення праз адсутнасць кармоў». І такіх запісак, тэлеграм шмат. З Масквы прыйшоў загад не публікаваць ніякіх лічбаў, акрамя афіцыйных даных Дзяржплана СССР. Пры гэтым прэса паведамляла пра поспехі пяцігодкі, недахопы і хібы ў сельскай гаспадарцы звязваліся з дрэнна пастаўленай растлумачальнай і палітыка-агітацыйнай работай сярод насельніцтва. Чарвякова абвінавачвалі ў найгрубейшых парушэннях генеральнай лініі партыі, нягледзячы на тое, што ён каяўся перад партыяй і народам, апублікаваў у газеце «Звязда» пакаянны артыкул «За Савецкую Беларусь», дзе прызнаваў памылкі, рабіў усё, каб растлумачыць свае рашэнні і партыі, і народу. Апошнюю спробу Чарвякоў зрабіў на XVІ з'ездзе ЦК КП(б)Б у чэрвені 1938 года, хоць ужо ведаў, што выбіраць яго на вышэйшы пост не збіраюцца. Драматычнай сітуацыя для яго аказалася з першых хвілін, калі ён толькі падняўся на трыбуну. Гаварыць не давалі, абвінавачвалі, абражалі, пагражалі. Але Чарвякоў не сышоў, вытрымаў націск, хоць у пратаколе з'езда адзначалася, што выступленне перарывалася больш за 100 разоў, і выказаў усё, што палічыў патрэбным, у тым ліку выступіў у абарону асуджаных Прышчэпава, Галадзеда — беспрэцэдэнтна смелы крок па тых часах. На з'ездзе аб'явілі перапынак, у кабінеце Чарвякова пачуўся стрэл. На яго стале знайшлі перадсмяротную запіску дзіўнага зместу: «Я сыходжу з жыцця, праклінаючы ўсіх ворагаў народа, я праклінаю беларускіх фашыстаў, агентаў польскага імперыялізму». Гэта дысанавала з тым, што гаварыў Чарвякоў і на з'ездзе, і што спрабаваў даказаць за час сваёй работы. Больш за тое, гэта копія, арыгінала так і не ўдалося знайсці. Што ж адбылося падчас перапынку — самагубства або спланаванае забойства, што было ў запісцы — пакаянне ці выкрыццё сістэмы, якая адабрала ў яго веру ў нацыянальнае адраджэнне, эканамічны росквіт, прымусіла шукаць ворагаў сярод сяброў, аднадумцаў, каяцца ў неіснуючых памылках? На гэтае пытанне яшчэ трэба будзе адказаць даследчыкам. Сам жа Чарвякоў да канца заставаўся мужным чалавекам, у апошні раз спрабуючы паразумецца з дэлегатамі з'езда, якія працягвалі асуджаць яго і пасля смерці. На вячэрнім пасяджэнні Васіль Шаранговіч, тады першы сакратар ЦК КП(б)Б, заявіў: «Чарвякоў, як нам цяпер вядома, скончыў самагубствам на асабістай глебе, ніякай патрэбы гаварыць шмат пра гэтага двурушніка, які маскіраваўся вельмі доўга ў КП(б)Б і які сваім актам самагубства, хоць і на асабістай глебе, здзейсніў відавочна варожы ўчынак». Праз некалькі месяцаў Шаранговіч будзе арыштаваны і расстраляны як вораг народа. Усяго да вясны 1938 года са 64 членаў ЦК кампартыі Беларусі было асуджана 34 чалавекі. Чарвякову ж мы абавязаны тым, што ён стаяў каля вытокаў смелых рэформаў, якія даказалі, што рэспубліка і за кошт развіцця вёскі можа быць самадастатковая, здзейсніў спробу нацыянальна-культурнага адраджэння краіны, абараніў яе тэрытарыяльную цэласнасць. А час першых заўсёды няпросты і часта бывае такі драматычны.

Наталля ГОЛУБЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Патрыяршы экзарх падзялiўся сваiмi думкамi пра асаблiвасцi i сапраўдную небяспеку сённяшняга часу.

Спорт

16-гадовая тэнiсiстка Дар'я Хамуцянская:  На корце сяброў няма

16-гадовая тэнiсiстка Дар'я Хамуцянская: На корце сяброў няма

У яе планах — стаць лепшай за Арыну Сабаленку.

Грамадства

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Аб за­крыц­ці па­лі­го­наў, уплы­ве ка­ра­на­ві­ру­са, за­клі­ках да не­пла­ця­жу за ка­му­наль­ныя па­слу­гі і най­блі­жэй­шых перс­пек­ты­вах.