Вы тут

Алесь Бадак. Душа твая светлая. Урывак з маленькай аповесцi


Развiтанне са снамi

Алесь БАДАК прыслаў у «Звязду» ўрывак са свайго новага твора — аповесцi «Душа твая светлая». Цалкам яна будзе надрукавана ў адным з найблiжэйшых нумароў лiтаратурна-мастацкага часопiса «Полымя». Калi словы «душа», «светлая» адкрываюць асабiста для мяне той цi iншы твор, калi яны ёсць у назве, то мiжволi на памяць прыходзяць i проза, i паэзiя, i нават крытыка Мiхася Стральцова — цi не самага загадкавага беларускага пiсьменнiка XX стагоддзя. «Выгнаны патрыцый» — так назвалi кнiгу пра яго, што выйшла ў выдавецтве «Лiмарыус». «Мне звышнадзённай тэмы не падняць», — сказаў аднойчы Мiхась Стральцоў. I яшчэ дадаў: «Мне б так сказаць: «Я здолеў заручыць / Сябе з уласнай думкай, i свой голас / Птушынай песняй здолеў надтачыць, — / Сабраў расу, якою ўмыўся колас»...

Празаiк Алесь Бадак сабраў i кнiгу з апавяданняў i аповесцяў «Iдэальны чытач», якая таксама хутка пабачыць свет. Пад адной вокладкай — i апавяданне «Iдэальны чытач», i аповесць «Адзiнокi васьмiкласнiк хоча пазнаёмiцца», i iншыя творы, дзе ўтульна святлу, дзе нават сум i цень становяцца светлымi i ўражваюць настолькi, што цягнешся да iх, спрабуеш увайсцi ў iх прастору... Беларуская проза перажывала розныя часiны. Але заўсёды надзiва шмат у ёй значыла iнтанацыя, шмат значылi колеры i адценнi душэўных памкненняў i перажыванняў. Заўсёды мастацкi свет сапраўднай лiтаратуры быў вышэй за надзённасць, актуальнасць, за сацыялiстычны рэалiзм, без якога, здавалася, i не можа быць жыцця ў лiтаратуры. Вось i ў кароткiм урыўку з новай аповесцi таленавiтага творцы сабраныя iм словы, прыведзеныя iм думкi з'яўляюцца адлюстраваннем Чалавека i Чалавечнасцi. Сёння гэта як нiколi мае асаблiвую вагу.

Максiм Веянiс

***

— Са сваiмi снамi трэба развiтвацца гэтак жа лёгка, як з вясновым снегам, — казала мне мая прабабка Фядора, калi ранiцай я прыбягаў да яе на кухню, каб расказаць пра свой сон, i аказвалася, што ён забываўся недзе па дарозе са спальнi. — Ну, а калi хочаш, каб твой сон не забыўся, прачнуўшыся, яго трэба, як малiтву, паўтарыць уголас самому сабе, а яшчэ лепш — тут жа запiсаць.

Пiсаць я тады пакуль што не ўмеў, але няхiтрай прабабчынай навукай карыстаюся апошнiя гадоў дзесяць — з таго часу, як мне пачала снiцца гэтая дзяўчынка.

Дзяўчынка размаўляла са мной так, быццам мы былi добра знаёмыя, аднак тут, у рэальным свеце, я не ведаў нiкога, хто быў бы падобны да яе. Яна таксама не магла ведаць мяне, бо там, у маiх снах, час спазняўся ад цяперашняга часу, у якiм я жыву, больш чым на стагоддзе.

Я запiсваў у сшытку свае сны, быццам сiняй нiткай сшываў у адно цэлае кавалкi памяцi. Зрэшты, для старонняга вока гэтыя кавалкi хутчэй за ўсё не ўяўлялi б нiякай цiкавасцi — хоць бы таму, што, каб не забыць iх, я запiсваў кожны сон паспешлiва, можна сказаць, канспектаваў яго, напаўняючы сшытак часам незакончанымi i, на першы погляд, не звязанымi памiж сабой фразамi. Аднак для мяне самога кожная з iх значыла вельмi шмат, яны былi нотамi, а я быў музыкантам, якi чуе ў iх незвычайную музыку. I варта было мне ў чарговы раз крануцца вачыма сваiх запiсаў, як гэтая дзяўчынка з'яўлялася перада мной i ўсё пачыналася спачатку, з таго моманту, калi яна невядома адкуль з чорным катом у руках, якога трымала так, як мацi трымаюць грудных дзяцей, кiнулася мне насустрач i загарадзiла сабой дарогу:

— Не хадзi сюды.

Толькi цяпер я разгледзеў паперадзе сябе чужую сядзiбу. Па левую руку ад мяне на каменным падмурку стаяла вялiкая — у шэсць акон i (разам з сенцамi) метраў пятнаццаць у даўжыню — хата. Па правую руку ўздоўж хаты выцягнулiся хлявы: па ўсiм вiдаць, за iх шырокiмi дзвярыма трымалi не толькi свiней, а таксама кароў i коней альбо валоў. За хлявамi была паветка, а далей, упоперак двара — цi не большае за хату гумно.

— Дзе мы? — спытаў я, але не пачуў свайго голасу.

— Дома, — засмяялася дзяўчынка, перамiнаючы босымi нагамi, якiя нiжэй кален закрывала белая палатняная кашуля.

На выгляд дзяўчынцы было гадоў шэсць. Прыкладна столькi, напэўна, было i кату, якi спакойна ляжаў, пазiраючы на мяне цiкаўнымi вачыма.

— Гэта не мой дом, — бязгучным голасам запярэчыў я.

— Ты зусiм мала ведаеш пра сябе! — з лёгкiм дакорам сказала дзяўчынка, а я падумаў, што яе душа старэйшая за яе самую.

— Тады чаму мне нельга туды iсцi?

— Таму што ў нас можа быць халера,— сказала яна так, быццам размова iшла пра злога сабаку, якi сцярог прасторны гаспадарскi двор. — На тым тыднi яна была ў Падлессi, там памерла шмат людзей, але гэта далёка адсюль. А ўчора забрала Хведара Праўлоцкага i цётку Ганну з Галавачоў. А да iх сяла так блiзка, што ўсе навiны да нас даносiць ветрам. Добра яшчэ, што халера зайшла з таго канца сяла. Тата кажа, калi не позна, яе трэба збiць з дарогi, каб яна не патрапiла ў наш засценак.

— Гэта як? — здзiвiўся я.

— Сёння ўночы засценак будуць абворваць плугам. Халера не павiнна перайсцi цераз баразну.

— А калi пяройдзе?

— Тата кажа, тады трэба будзе паспрабаваць яе задобрыць,— не адразу адказала дзяўчынка, i тут нарэшце я адчуў, што ёй страшна: — У Мядзведзiчах, за Падлессем, закапалi жывымi ўсiх катоў, i халера не стала там нiкога чапаць, а развярнулася i пайшла ў наш бок.

Я маўчаў, не ведаючы, як рэагаваць на яе словы. I калi да мяне нарэшце пачало даходзiць, чаго яна больш за ўсё баiцца, дзяўчынка працягнула мне ката i сказала:

— Забяры яго сабе, а то яго таксама закапаюць жывым.

***

«Усе нашы продкi па матчынай лiнii трымалi ў доме катоў», — любiла паўтараць мая прабабка Фядора, пагладжваючы на каленях чорнага гультаяватага брытанца. Ёй было ўжо за дзевяноста, я, позняе, як зiмовае сонца, дзiця, яшчэ не хадзiў у школу. Мы — старое i малое — дапаўнялi адно аднаго якраз настолькi, каб нас можна было пакiдаць у кватэры адных на цэлы дзень i не баяцца, што застанемся галодныя цi нехта ўключыць на кухнi газ, але забудзецца нацiснуць на кнопку электразапальнiчкi. Клопат пра абед узяла на сябе прабабка, газ кантраляваў я, што ў нашай з ёй сiтуацыi было зусiм лагiчна: за наедак адказвае страўнiк, за бяспеку — мозг, а ў прабабкi пачыналася хвароба Альцгеймера.

Мае бацькi, асаблiва мацi, катоў не любiлi, але брытанец пераехаў да нас разам са сваёй гаспадыняй — з Ляхавiцкага раёна ў Мiнск, калi там, у невялiкай вёсцы, у якой прыезджых дачнiкаў было ўжо больш, чым карэнных жыхароў, не засталося нiкога з больш блiзкай раднi, чым мой бацька, хто б мог за ёй прыгледзець, а заадно i прэтэндаваць на яе хату. У вынiку ў нашай цеснай двухпакаёўцы мой пакой стаў прабабчыным. «Не хвалюйся, гэта ненадоўга, — пастаралася супакоiць мяне мацi. — Пакуль паспiш з намi. Мы паставiм табе раскладушку».

Ката звалi Чарлi — у гонар прынца Чарльза, першынца каралевы Вялiкабрытанii Елiзаветы II.

«Ён такi ж брытанец, як я англiйская каралева», — казала на гэта мая мацi, а я прыдзiрлiва глядзеў на яе, i мне здавалася, што каралева i павiнна была быць такой, як яна: прыгожай, строгай i не даваць спуску нiкому ў сваiм каралеўстве. З iншага боку, мне вельмi хацелася, каб бацька аднойчы — няхай сабе хоць раз у жыццi — заступiўся перад ёй калi не за мяне цi прабабку Фядору, то хоць бы за самога сябе.

Праўда, i прабабка, i Чарлi ставiлiся да слоў мацi з празмернай абыякавасцю, нiяк не праяўляючы сваю нязгоду, быццам размова iшла пра пярэстага завадзiлу катоў, што акупавалi падвал нашага пад'езда. А калi мацi не было дома, прабабка вучыла мяне разбiрацца ў кацiных павадках, разумець iх мову i расказвала незвычайныя гiсторыi, звязаныя з катамi, якiх трымалi нашы продкi. Я тады яшчэ не ведаў, што вымысел — гэта тая ж праўда, толькi расказаная iншымi словамi, i як нельга двойчы ўвайсцi ў адну i тую ж рэчку, так нельга двойчы расказаць адну i тую ж гiсторыю: кожны раз яна будзе гучаць па-iншаму. Я знаходзiўся ў тым наiўна-шчаслiвым узросце, калi прабабчына частае ўдакладненне «гэта было даўным-даўно» падсвядома фармiравала ўва мне ўпэўненасць у яе вечным iснаваннi на белым свеце. Хоць само ўдакладненне нiяк не вязалася з тым, што называлася «старэчым склерозам», пра якi мне часта даводзiлася чуць дома.

Першы раз я пераканаўся ў яе надзiва добрай памяцi ў той жнiвеньскi дзень, калi мае бацькi назусiм забiралi прабабку ў Мiнск. Ранiцай, пакуль яны спалi, яна цiхенька разбудзiла мяне i паўсоннага павяла за агарод, на шырокi поплаў. Сцежкi на поплаве не было, мы iшлi босыя па мяккай траве, збiваючы з яе халодную расу, ад якой заходзiлiся ногi. Я цярпеў, як пакутнiк, якога вядуць на эшафот, церпiць боль ад таго, што ў яго моцна звязаныя рукi.

Мы адышлi ад агарода метраў пяцьдзясят i спынiлiся. Зырка-белае сонца ўжо адарвалася ад небасхiлу, але яшчэ не грэла — хоць ты прыкладвай яго да грудзей.

Прабабка раскiнула рукi, быццам хацела абняць наваколле.

— Глядзi, унучак. Некалi ўсё тут было нашым, больш за дваццаць дзесяцiн зямельнага надзелу, гэта ўга колькi! I там, — яна паказала на суседскi агарод, — таксама была наша зямля. Усё мелi: коней, кароў, свiней, авечак. У садзе стаяла дзесяць пчалiных калодаў. Але ад саду даўно застаўся толькi пах; i цяпер, бывала, прачнуся ад гэтага паху, зiрну на акно, а за iм нiчога не вiдаць: мароз на акне... — Прабабка, не спыняючы размовы, той жа нябачнай сцежкай павяла мяне назад, неяк адразу, у адзiн момант страцiўшы цiкавасць да ўсяго, што было навокал. — Вайна забрала i сад, i братоў маiх... Спачатку прыйшлi салдаты: уцякайце... Мо паўсяла падалося ў бежанцы... А бацька нi з месца: ведама, родную хату кiнуць, як роднага чалавека... А калi пачало за лесам страшна бахаць... запрог мне каня... я з малымi дзецьмi... пад Iвацэвiчы, да старэйшай... Адзiн конь i застаўся... Яно ж як: дзе багаты плача, там бедны скача...

Я прапускаў палову прабабчыных фраз, каб у тыя моманты думаць аб тым, што было б, калi б зямля, на якой стаяў суседчын мураваны дом, i сёння належала прабабцы Фядоры. Значыць, думаў я, гэты дом таксама быў бы нашым. Прызнацца, ён мне больш падабаўся, чым невялiкая драўляная прабабчына хата, i я з радасцю пагадзiўся бы прыязджаць туды на лета. З iншага боку, гэта значыла, што тады ўсе, хто цяпер жыве ў iм, жылi б у якiм-небудзь iншым доме. Можа, нават у iншай вёсцы. I такi варыянт мяне б задаволiў, калi б не iх Алеся, з якой я пазнаёмiўся тыдзень назад. Няхай бы яна жыла адна, падумаў я, не заўважаючы, што думкi мае збiлiся з першапачатковай тэмы. Але i з гэтай скараспелай марай я тут жа развiтаўся: бяда ў тым, што Алесi, як i мне, было ўсяго шэсць гадоў.

***

Для кожнага чалавека адзiн i той прамежак часу цячэ з рознай хуткасцю, таму адным усё жыццё здаецца, што яны толькi пачалi жыць, а iншым — што яны пражылi ўжо некалькi жыццяў. Дзецi часта жывуць адчуваннем, што яны старэйшыя за сваiх бацькоў, а жонкi нярэдка ставяцца да сваiх мужоў як да дзяцей.

Знайсцi чалавека, з якiм у цябе час цячэ з аднолькавай хуткасцю, вялiкае шчасце, i гэтаму шчасцю я радуюся вось ужо адзiнаццаты год. Яго, а дакладней, яе завуць Алеся. У нас так шмат агульнага, што мы можам пачынаць размову наяве, працягваць у сне, а пасля заканчваць зноў наяве.

Апошнiя тыднi мы шмат гаворым пра нашага ката, i нам здаецца, што ад гэтых размоў у кватэры яшчэ больш пахне лекамi.

Усё пачалося тады, калi Алеся адвезла яго ў ветэрынарную клiнiку i малады доктар паставiў несуцяшальны дыягназ: хранiчная ныркавая недастатковасць. Яна вярнулася дадому нiбы з пахавання, i ўсе яе словы i сам стан здавалiся мне зусiм недарэчнымi, чужымi: быццам яе голасам гаварыў нехта iншы — той, чый дастатак залежыць ад колькасцi хворых пацыентаў, якiя штодня трапляюць да яго на прыём; той, хто, магчыма, ужо прызначыў нашаму Цiшку дату аперацыi, без якой, у чым ён абсалютна перакананы, нiяк не абысцiся.

Здаецца, усё гэта я тады сказаў уголас, i гатовы быў гаварыць далей, пакуль канчаткова не пераканаю Алесю ў тым, што нiчога страшнага не адбылося, гэта памылка, паглядзi на нашага Цiшку, ну якi ён хворы...

Але яна апярэдзiла мяне:

— Доктар сказаў, ён пражыве тыднi тры, не больш.

Усё, цi амаль усё, што я хацеў сказаць Алесi, яна гадзiну назад сказала доктару i пачула ў адказ тое, што цяпер пачуў ад яе я. «Калi вы не хочаце бачыць, як ён будзе пакутаваць, вам яго лепш усыпiць». — «Гэта немагчыма». — «Я вас разумею. Чым вы яго кормiце?» — «Тым, што яму ў канкрэтны момант падабаецца». — «На жаль, калi вы будзеце працягваць кармiць тым, чым кармiлi заўсёды, ён пражыве ў лепшым выпадку некалькi тыдняў. Паўтараю: у лепшым выпадку. Калi вы хочаце, каб ён прабыў з вамi крыху больш, трэба перастаць даваць яму звычайны корм». — «А чым яго кармiць?» — «Вы павiнны будзеце два разы на дзень ставiць яму кропельнiцу. Можаце прывозiць яго на працэдуры, напрыклад, у нашу клiнiку, а можаце рабiць гэта дома. Але яшчэ раз паўтару: стараючыся прадоўжыць яму жыццё, вы тым самым толькi прадоўжыце яго пакуты».

— Я сказала, што мы будзем ставiць кропельнiцу дома...

Канешне, дома, падумаў я: кожная паездка ў клiнiку была б для яго вялiкiм стрэсам i пакутамi для нас. I толькi пасля гэтага ўспомнiў пра Веранiку — Алесiну стрыечную сястру, якая сёлета закончыла медыцынскi ўнiверсiтэт.

Назаўтра ў кватэры з'явiлiся катэтар, шпрыцы, падскурныя кропельнiцы з рэгiдратацыйнымi, мачагоннымi i пажыўнымi растворамi, свежыя ўпакоўкi лейкапластыру, стэрыльных сурвэтак: мы не збiралiся здавацца. У доктара былi веды, а ў нас была вера, i ў гэты час мы не сумнявалiся, што пры пэўных жыццёвых абставiнах вера можа значыць больш, чым веды.

— Цi ёсць у ката душа? — спыталi мы аднойчы ў маладога дыякана ў храме, куды зайшлi, каб набыць свечкi, бо наблiжалася Радаўнiца.

— Гасподзь сказаў: «Да изведет земля душу живу по роду, четвероногая и гады, и звери земли по роду. И бысть тако», — прамовiў дыякан i дадаў: — Душа ўсякай жывёлiны кроў яго ёсць.

— Але кроў не вечная.

— Сапраўды, прырода душы кожнай жывёлiны адрознiваецца ад прыроды душы чалавечай.

— Значыць, душа яе не трапляе нi ў рай, нi ў пекла, i калi наступiць Царства Нябеснае, яна не ўваскрэсне?

— У Святым Пiсаннi пра гэта нiчога не сказана, — адказаў дыякан, вытрымаўшы доўгую паўзу. — Мы маем справу з тайнай, якая адкрыецца з прыходам Царства Нябеснага. Калi ж звярнуцца да выказванняў святых айцоў, то iх думкi на гэты конт разыходзяцца.

— Трэба было ў яго спытаць, у што ён верыць сам: у тое, што душы жывёл уваскрасаюць, цi ў тое, што пасля смерцi становяцца зямлёю,— сказала Алеся, калi мы выйшлi з царквы.

— Навошта пытаць,— пацiснуў плячыма я.— Веды ва ўсiх адны, а вера ў кожнага свая. У каго большая, а ў каго меншая, паколькi ўвесь час падвяргаецца сумненням. Што дасць нам яго вера i чым яна лепшая за нашу? Што дадуць нам вера цi нявер'е тысяч iншых людзей? Хiба яны паўплываюць на нашы перакананнi? Якi сэнс гаварыць пра душы жывёл з суседам-матэрыялiстам, калi ён не верыць нават у iснаванне ўласнай душы?

Мне падалося, што я амаль слова ў слова паўтарыў тое, што мне калiсьцi казала сама Алеся, толькi нiяк не мог усмомнiць, калi, у якой сiтуацыi, i некалькi хвiлiн мы iшлi дадому моўчкi. Так i не ўспомнiўшы, я, быццам працягваючы нашу размову, думаў пра тое, што ўсё ў гэтым свеце адносна, у тым лiку чалавечая перавага над жывёламi. Вядома, нiводнае iншае стварэнне не валодае такiм iнтэлектам, як чалавек, але што даў гэты iнтэлект людзям? Прымусiў адмовiцца ад развязвання новых войнаў, дапамог знайсцi сродак ад усiх хвароб? Зрабiў нас больш добрымi, справядлiвымi? А што ён даў не самiм людзям, а планеце, на якой мы жывём? Хiба дзякуючы яму яна стала больш даўгавечнай, больш прыдатнай для пражывання ўсiм яе насельнiкам за выключэннем чалавека? Мы лiчым сябе вянцом прыроды, але за мiльёны гадоў iснавання чалавецтва не пазбавiлася нi ад аднаго са сваiх смяротных грахоў. Мiж тым, калi пагадзiцца, што ў жывёл таксама ёсць душы, нельга не прызнаць, што яны больш чыстыя i светлыя за чалавечыя, iм не вядомы нi сквапнасць, нi ганарыстасць, нi зайздрасць, а ўсё непрымальнае з пункту гледжання нашай маралi ў паводзiнах жывёл праяўляецца ад неабходнасцi выжывання, а не ад разбэшчанасцi.

Пасля кароткай сустрэчы з дыяканам прайшло тры месяцы, але, як вядома, кожную размову нельга лiчыць закончанай, пакуль хоць адзiн з суразмоўцаў пра яе памятае, а кожнае слова, прамоўленае ўслых, ужо належыць адначасова ўсiм, хто яго пачуе, i ўсялякi можа забраць яго з сабою, як знойдзеную рэч. Таму ўсе гэтыя тры месяцы, разважаючы пра душы жывёл, мы нiбы адчувалi прысутнасць у кватэры маладога святара.

«Нiколi жывёлы сваiмi паводзiнамi так не нагадваюць людзей, як у час хваробы», — напэўна, мог бы сказаць i ён праз некалькi дзён пасля таго, як мы пачалi ставiць Цiшку кропельнiцу. Мы падрыхтавалi плед, каб ухутаць у яго ката на выпадак, калi той пачне вырывацца. Але плед так i застаўся ў маiх руках. Цiшка надзiва спакойна дазволiў Алесi пакласцi сябе на прасавальную дошку i павярнуць на бок. Ён нерухома ляжаў, выцягнуўшы шыю i пазiраючы ў адну кропку на сцяне, нiяк не рэагуючы, пакуль Веранiка машынкай для стрыжкi галiла яму пярэднюю лапу, каб лепей бачыць, дзе знаходзiцца вена, а затым апрацоўвала спiртам паголены ўчастак. Гэтак жа абыякава ён паставiўся да Алесiнага пяшчотнага пагладжвання, i толькi насцярожана прыўзняў галаву, калi яму пачалi накладваць жгут. Веранiка ўзяла ў рукi катэтар, але як толькi паднесла яго да вены, я не вытрымаў i адвярнуўся.

— Цiха, цiха, — некалькi разоў паўтарыла Алеся, i можна было падумаць, што яна звярталася да мяне. — Ну вось i ўсё, — у яе голасе пачулася палёгка, i мой позiрк iмгненна вярнуўся да ката.

Веранiка ўжо замацоўвала катэтар на лапе лейкапластырам. Затым яна ўставiла ў катэтар кропельнiцу. Самае складанае было зроблена.

Цiшка зноў пазiраў усё ў тую ж нябачную мне кропку. Лёгкiм дотыкам рукi я пагладзiў яго па спiне. Цiшка павярнуў галаву ў мой бок, i нашы позiркi сустрэлiся. Нейкi час я не бачыў нiчога, апроч яго сiнiх вачэй са звужанымi да тонкiх чорных шчылiнак зрэнкамi пасярэдзiне, i мне нават здавалася, што я гляджу супраць сваёй волi, быццам i яго, i мае вочы сталi адным цэлым, i гэтым цэлым была бяздонная, але не бязмоўная глыбiня. Аднак яе мову я лавiў не на слых: яе адчувала кожная клетка маёй скуры; так, напэўна, адчуваюць жывёлы, калi глядзяць адно аднаму ў вочы. Не праз слых, а праз скуру да мяне даходзiла, што кот усё разумее i ведае лепш за мяне: ведае, што яго час на гэтай зямлi заканчваецца. I яго сённяшняя пакорлiвасць — толькi каб дагадзiць нам, людзям, каб даць магчымасць нам паверыць у тое, што мы зрабiлi ўсё, што маглi, а не ад спадзявання на выздараўленне.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Піша сын аднаго з партызан Генадзь Сахрай.

Грамадства

Алена Богдан: Любы рух павінен быць паступальным, а не разбуральным

Алена Богдан: Любы рух павінен быць паступальным, а не разбуральным

Яна расказала чытачам «Звязды», ці плануе Беларускі саюз жанчын стаць першай жаночай палітычнай партыяй у краіне і як гэта — сумяшчаць работу ў дзяржапараце з актыўнай грамадскай дзейнасцю.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Хітра ўладкавана чалавечая памяць. Бывае, нешта ўбачыў-пачуў, а што — хоць забі — назаўтра не ўспомніш, а нешта — якраз наадварот — «ляжыць» там гадамі ці нават дзесяцігоддзямі і ўспамінаецца досыць часта...

Грамадства

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Аб праблемах старэння і тым, як заўважыць і, магчыма, прадухіліць розныя псіхалагічныя захворванні ў пажылых, мы паразмаўлялі з урачом-псіхатэрапеўтам Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Марынай Шчаслянок.