Вы тут

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу


Надзвычайны i Паўнамоцны пасол Беларусi ў Лiтве, якi прадстаўляў там нашу краiну ў 2006—2014 гадах, у мiнулым вiцэ-прэм'ер Рэспублiкi Беларусь Уладзiмiр Дражын у размове з карэспандэнтам «Звязды» паразважаў адносна намеру змянiць напрамак беларускiх грузапатокаў, для дастаўкi якiх выкарыстоўваецца марскi шлях з Лiтвы, на iншыя варыянты. А таксама расказаў, якiя крокi давялося зрабiць, каб ажыццявiць самы маштабны праект па аднаўленнi жамчужыны сусветнай архiтэктурнай спадчыны i колькi на гэта спатрэбiлася грошай.


 

Галоўны «экспартны тавар» — беларусафобiя

— Як пасол у Лiтве (i Фiнляндыi па сумяшчальнiцтве), якi доўгi час працаваў у гэтай краiне, як вы думаеце, наколькi цяперашняя палiтычная сiтуацыя ўплывае на знешнi тавараабарот, якi выпадае на так званы пояс добрасуседства? У прыватнасцi, гэта датычыцца выкарыстання порта ў Клайпедзе, дзе ў 2013 годзе ў межах беларуска-лiтоўскага эканамiчнага форуму беларускi бок набыў 30 % тэрмiнала кампанii «БКТ» i фактычна атрымаў выхад да мора.

— Я магу даць аб'ектыўную ацэнку, што тры чвэрцi насельнiцтва Лiтвы выступаюць за тое, каб выбудоўвалiся нармальныя палiтычныя, эканамiчныя, гуманiтарныя адносiны памiж Беларуссю i Лiтвой. У мяне шмат сяброў, якiя займалi (цi займаюць) вышэйшыя дзяржаўныя пасады ў гэтай краiне, я з iмi падтрымлiваю кантакты — яны не бачаць iншага шляху, як толькi падтрымлiваць супрацоўнiцтва з Беларуссю. Аднак там ёсць частка заангажаваных заходнiмi краiнамi людзей. Нядаўна мне тэлефанаваў калега i кажа: «Што мы робiм? Мы сячэм сук, на якiм сядзiм!» Сёння ў Лiтве (калi ў савецкi час было 3,7 мiльёна насельнiцтва) засталося прыкладна 2,7 мiльёна чалавек.

— За кошт мiграцыi?

— Так, у краiны Захаду. Але каранавiрус выцiснуў iх адтуль, i сёння, калi я не памыляюся, у такой невялiкай краiне налiчваецца 130 тысяч беспрацоўных. I нашы суседзi зараз знаходзяцца на парахавой бочцы. Яны на дадзены момант гандлююць толькi беларусафобiяй, i гэта iх галоўны экспартны тавар. У кастрычнiку адбудуцца выбары ў Сейм. На чым можа прасунуцца? На гэтай фобii.

Хачу сказаць, што мы павiнны заўсёды ўсё ўзважваць i гатовыя захаваць нармальныя эканамiчныя адносiны, таму што ад «Беларуськалiя» да Клайпеды — 450 кiламетраў, а калi будзем арыентавацца на Санкт-Пецярбург цi Усць-Лугу — больш за тысячу кiламетраў. Як бы мы нi пралiчвалi, якiя б тарыфы нi ўводзiлi, але шлях атрымлiваецца ў два з паловай разы даўжэйшы. I не факт, што там будуць унiкальныя ўмовы. Наколькi я iнфармаваны, iнфраструктура гэтых партоў на дадзены момант не гатовая перапрацоўваць 15 мiльёнаў тон грузаў — менавiта столькi беларускiх грузаў у перыяд маёй дыпламатычный дзейнасцi праходзiла праз порт Клайпеды. А ўсяго там перапрацоўвалася 45 мiльёнаў тон. Таму я за тое, каб пояс добрасуседства функцыянаваў. Трэба чакаць лепшых часоў i не зацыклiвацца на пераводзе па iншых напрамках. Напрыклад, на Усць-Лугу цi Санкт-Пецярбург можна накiраваць грузы з Наваполацка. Але калi гаворка iдзе аб Салiгорску, Мазыры — тут у аснову можа быць пакладзена шматвектарнасць.

Цi порты Латвii — Рыга, Вентспiлс, Лiепая — яны таксама не найлепшы варыянт, бо ў канкурэнтнай барацьбе заўсёды перамагала Клайпеда, таму што яна знаходзiцца блiжэй. Адсюль самае сумнае, што жабрацтва дзяржавам прыносяць неўзважаныя дзеяннi палiтыкаў. Але ёсць жа логiка, якая патрабуе разумнага падыходу. Таму я прыхiльнiк таго, што ўсё выправiцца — палiтыкi прыходзiлi i сыходзiлi, а гандлёва-эканамiчныя адносiны павiнны застацца.

Шматвектарнасць павiнна застацца

— Дарэчы, вы кажаце аб палiтыках i iх дзеяннях, што робяць дзяржавы жабрацкiмi, мiж тым мы ведаем вопыт, калi, нягледзячы на ўсе негатыўныя выступленнi ЗША i Кiтая ў адносiнах адзiн да аднаго, гэта галоўныя гандлёва-эканамiчныя партнёры.

— Так, то-бок яны супернiчаюць, але вызначае гандаль...

— ...i робiць гэтыя эканомiкi аднымi з самых паспяховых у свеце.

— Тут таксама можа быць такi прыклад. Да мяне звяртаюцца мае лiтоўскiя калегi, якiя спадзяюцца: вынiкi агульнай работы, якiя стваралiся дзесяцiгоддзямi, мы не разбурым. Напрыклад, мае восем гадоў у Лiтве адлюстроўваюцца ў трох складнiках: гандаль, iнвестыцыi i транзiт грузаў i тавараў. Гэта той максiмум, якога мы дамаглiся. У вынiку сума назапашаных iнвестыцый за перыяд маёй дзейнасцi склала паўтара мiльярда еўра. Сёння ў Беларусi функцыянуюць 12 заводаў з еўрапейскiм i лiтоўскiм капiталам.

Што датычыцца грузаў, iх колькасць дасягнула, як я ўжо казаў, 15 мiльёнаў тон. Галоўная задача на сённяшнi дзень — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу. Яе хопiць усiм — i расiйскiм, i лiтоўскiм, i латвiйскiм, i эстонскiм партам, але галоўнае — каб мы бачылi эканомiку. Правiльна прагучала пытанне: калi мы выкупiлi адну трацiну тэрмiнала, нельга руйнаваць нашу маёмасць, таму што праз порт Клайпеды — самы аптымальны шлях дастаўкi калiю сусветным спажыўцам. I эканамiсты з лiтоўскага боку ставяцца да нас пазiтыўна. Таму можна выбудоўваць любыя адносiны з Расiяй — у нас хопiць напрамкаў, каб узмацнiць экспансiю нашых тавараў i ў гэтую краiну.

— Але ж пазiцыя афiцыйнай Лiтвы адрознiваецца ад той, што агучваеце вы...

— Я скажу так: што такое народ? Гэта масса людзей, не зусiм iнфармаваных i падрыхтаваных да аптымальных рашэнняў. Хто зараз ходзiць у Мiнску? Тыя, хто не маюць разумення. Тое самае i ў Лiтве: высокаадукаваных людзей там не так ужо i шмат. Праўда, яны маюць маёмасць, якую выкарыстоўваюць на сваю карысць i дапамагаюць дзяржаве. Я шмат размаўляў з многiмi лiтоўскiмi палiтыкамi, i яны згадвалi: калi прыйшло разуменне, што Савецкага Саюза больш не будзе, паўстала пытанне, хто атрымае маёмасць, якая не павiнна дастацца абы-каму. Яны сабралi вакол сябе выдатных партыйных i гаспадарчых лiдараў i прапанавалi iсцi ў банкi (грошай на той момант не было нi ў кога) i выкупляць прадпрыемствы. У вынiку маёмасць пасля развалу Савецкага Саюза дасталася дасведчаным людзям.

Таму абсалютная большасць лiтоўцаў на сучасным этапе за нармальныя адносiны з намi, але ў палiтыцы апынулiся не самыя дальнабачныя, якiя за грошы заходнiх краiн паступяцца аб'ектыўнымi эканамiчнымi ўмовамi.

Падзея стагоддзя

— Прапаную вярнуцца на беларускую глебу: да нашай архiтэктурнай спадчыны, уключанай у Спiс ЮНЕСКА — давайце прыгадаем вашу асабiстую ролю ў аднаўленнi Нясвiжскага палаца.

— Малады я апынуўся ў гушчынi падзей, калi мне прапанавалi стаць сакратаром Нясвiжскага райкама партыi. На БелАЗе ўсё было добра, высокi заробак, жыллё, але разумныя людзi параiлi: грошы прыходзяць i сыходзяць, а да пенсii яшчэ 30 гадоў. Я падумаў i прыняў прапанову. На месцы я паглядзеў — ёсць высокiя надоi, прывагi, ураджаi. Другiя ў Беларусi пасля Гродзенскага раёна, а 32 помнiкi архiтэктуры на тэрыторыi раёна знаходзяцца ў занядбаным стане. Я, канешне, казаў першым асобам, што трэба звярнуць на гэта ўвагу. А ў адказ: яшчэ не час — трэба пабудаваць чатыры комплексы (два па адкорме буйной рагатай жывёлы, два — свiнаводчыя), перабудоўваць фермы. Праходзiць некалькi гадоў, i я станаўлюся першым сакратаром райкама партыi. Збiраю нараду кiраўнiкоў раёна i кажу: «Высокiя ўраджаi-надоi-прывагi былi, ёсць i будуць у Нясвiжскiм раёне. Нiкуды мы ад iх не сыдзем. Нас жыццё прымусiць так працаваць. А вось гiстарычны i культурны асяродак мы можам страцiць. Але памятайце адну рэч: наша малако, мяса, зерне з'ядуць i забудуць. А калi мы адновiм помнiкi — гэта будзе народнай спадчынай i людзi нам будуць удзячныя».

Зал успрыняў прапанову па-рознаму. Я, канешне, стаў iнiцыяваць на ўзроўнi рэспублiкi, i нешта ўжо было зроблена, але разумеў — пласты трэба падымаць праектамi. I прымеркаваў адзiн да 770-годдзя Нясвiжа ў 1993 годзе. Паехаў ва ўрад з прапановай прыняць пастанову аб стварэннi нацыянальнага музея-запаведнiка «Нясвiж» i развiццi гiстарычнага асяродка, галоўным пунктам прыцягнення якога стане палац. Мiхаiл Мяснiковiч займаў на той момант пасаду першага намеснiка прэм'ер-мiнiстра, кажу яму: «Будзе нам грош цана, калi мы не зрушым гэты праект», i ён узяўся. Але прыбыўшы на святкаванне 770-годдзя Нясвiжа (гэта было 3 лiпеня 1993 года), паведамляе: «Пастанова пакуль не падпiсана». Я ў адказ: «Мiхаiл Уладзiмiравiч, што гэта за свята без пастановы?!» I перад вамi рацыянальны па сваёй сутнасцi кiраўнiк раёна.

Я выходжу з гарачай прамовай перад 10-тысячнай аўдыторыяй i паведамляю: «Сёння свята, i ў мяне ёсць добрая навiна: урад краiны падтрымаў наша хадатайнiцва аб прыняццi пастановы па стварэннi нацыянальнага музея-запаведнiка «Нясвiж». Я меў рацыю. Нягледзячы на некаторыя праблемы з боку асобных членаў урада, мы дамаглiся падпiсання гэтай пастановы. У дакуменце былi закладзены вялiкiя iнвестыцыi, i мы пачалi рабiць праект-канцэпцыю, праектна-каштарысную дакументацыю.

А потым быў развал Савецкага Саюза, i сродкi спынiлiся. З 91-га да 94 года была, як мы кажам, затрымка па часе, не падмацаваная рэсурсамi. Хоць да гэтага мы пачысцiлi азёры, вывезлi 640 тысяч тон сапрапелю i павысiлi ўраджайнасць на палях за кошт гэтага да 65 цэнтнераў з гектара. Пасля чысткi азёр зноў iх напоўнiлi. Потым правялi рэканструкцыю парка.

У 1994 годзе пасля выбараў Прэзiдэнта Аляксандр Рыгоравiч наведвае Нясвiж. У палацы пытае: «А што ты будзеш рабiць далей?» Я пагадзiўся, што грошай у дзяржавы не хапае, але работу трэба працягваць. Да гэтага — у 1993 годзе — я з'ездзiў у штаб-кватэру ЮНЕСКА ў Парыж i прапанаваў унесцi палац у Нясвiжы ў спiс Сусветнай спадчыны. Прэзiдэнт падтрымаў — рэстаўрававаць неабходна. Такiм чынам пачалi распрацоўваць праектную дакументацыю, i ў 2001 годзе пачалiся першыя аднаўленчыя работы. На той момант я быў першым намеснiкам старшынi Мiнаблвыканакама i асабiста выязджаў на будоўлю, каб кантраляваць ход работ. А ў вераснi 2001-га я стаў вiцэ-прэм'ерам, з гэтага моманту пачалася маштабная дзейнасць. За пяць гадоў я сiстэмна займаўся рэстаўрацыяй палаца.

— Наколькi мне вядома, у вынiку на рэканструкцыю Нясвiжскага палаца пайшло 75 мiльёнаў долараў...

— Так. Гэта iнвестыцыi, якiя нi адзiн аб'ект такога значэння да гэтага часу ў краіне не атрымаў. У 2006 годзе палац унеслi ў спiс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Акрамя гэтага, мы дамаглiся таго, каб у 1997 годзе свята беларускага пiсьменства — чацвёртае па лiку пасля Полацка, Турава i Навагрудка — правялi ў Нясвiжы. Ажыццявiлi маштабныя работы ў горадзе перад святам працаўнiкоў вёскi «Дажынкi» ў 1998 годзе: аднавiлi ратушу, плошчу каля ратушы, гандлёвыя рады, прывялi ў нармальны стан усе помнiкi... У вынiку гэтыя тры мерапрыемствы зрабiлi горад такiм, якiм мы бачым яго сёння. Потым мае паслядоўнiкi працягнулi работу — у цяперашнi час адбываецца рэстаўрацыя Фарнага касцёла. Дарэчы, я мог бы стаць летапiсцам таго, як мы адраджалi Нясвiж. Упэўнены, што без ведання мiнулага няма цяперашняга i будучага. На жаль, маладое пакаленне ўспрымае, толькi калi нехта зробiць, але ўзяць на сябе мiсiю i адказнасць не iмкнецца.

Сям'я ў аснове дабрабыту

— Вялiкiх узнагарод, я ведаю, вы не атрымлiвалi, але мелi лепшае: высокiя пасады, якiя адкрывалi перспектывы для рэалiзацыi праектаў.

— Я — не кар'ерыст па жыццi, нiколi не iмкнуўся да вялiкай улады, але калi яна мне даставалася, выкарыстоўваў яе для справы па максiмуме. Да ўзнагарод таксама не iмкнуўся. Мне, вельмi маладому, уручылi ордэн «Знак Пашаны» за работу ў Нясвiжы. Пасля гэтага нiхто нiчым не ўзнагароджваў.

Я ганаровы грамадзянiн Нясвiжа, Жодзiна, Мiнскай вобласцi, ганаровы член Беларускага саюза архiтэктараў, Надзвычайны i Паўнамоцны Пасол (званне прысвойваецца пажыццёва). Дарэчы, я маю званне i ад Лiтвы: ганаровы работнiк лiтоўскай чыгункi i ганаровы работнiк марскога транспарту.

— Што ўяўляе ваша жыццё зараз, пасля выхаду ў адстаўку?

— Як старшыня апякунскага савета займаюся пытаннямi рэстаўрацыi храма Святога Аляксандра Неўскага, што на Вайсковых могiлках у Мiнску. Сёння для мяне таксама вельмi важная дзейнасць на чале Беларускай асацыяцыi гольфа i мiнi-гольфа, мы ўжо стварылi сетку мiнi-гольф палёў па ўсёй краiне.

Акрамя таго, тры гады таму я стаў членам Саюза пiсьменнiкаў Беларусi. Я так выхаваны — заўсёды знаходжуся ў нейкiх праектах, задачах, прычым сiстэмных. Я рэгулярна выступаю на старонках газет «Мiнская праўда», «Нясвiжскiя навiны», «Навiны Старадарожчыны», «Жодзiнскiя навiны», занесены ў Кнiгу гонару Старадарожскага раёна, дзе нарадзiўся.

— Што для вас сям'я?

— З Тамарай Цiмафееўнай мы разам ужо 48 гадоў. Мы выхавалi дваiх дзяцей: сына Вадзiма i дачку Вольгу. Маем шасцёра ўнукаў.

Звычайна на выходныя мы збiраемся вялiкай сям'ёй. Улiчваючы, што малодшае пакаленне недастаткова добра валодае беларускай мовай, за абедам мы размаўляем па-беларуску. Гаворка не без памылак, канешне, але галоўнае — iмкненне.

Сям'я для мяне — аснова ўсяго. Я заўсёды асаблiва адносiўся да сваёй сям'i, бо яна для мяне галоўнае: iшоў на работу i быў упэўнены, што дома ў мяне ўсё добра. Вяртаўся — таксама быў у гэтым упэўнены. I гэта важна. Ты можаш максiмальна выкладвацца на рабоце толькi тады, калi ўпэўнены, што дома цябе чакаюць.

Гутарыла Вольга АНУФРЫЕВА

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».