Вы тут

Казахстан і беларуская літаратура: імёны і факты



На хвалі часу, у плыні жыцця

Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»


Казахстан і беларуская літаратура: імёны і факты

Гэты артыкул меў іншую назву — «Беларуска-казахскія літаратурныя сувязі». Але з трошкі больш чым трох дзясяткаў названых у ім пісьменніцкіх прозвішчаў трошкі менш чым два дзясяткі належаць тым, хто з Беларусі трапіў у Казахстан з-за рэпрэсій. Многія з іх мелі дачыненне да «Маладняка». Прысвячаючы кастрычніцкую публікацыю праекта 100-годдзю літаб’яднання памяці ахвяр «чорнай ночы», даём артыкул менавіта пад гэтай рубрыкай.

Казахстан здаўна быў прытулкам для беларускіх літаратараў. Здаралася гэта па розных прычынах… Кагосьці ў далёкую ад Беларусі старонку лёс заносіў выпадкова. Хтосьці трапляў па прымусе. Асабліва ў гады сталінскага генацыду… Згадаем некаторыя імёны і факты.

Творчы лёс гэтага літаратурнага крытыка складваўся спачатку даволі ўдала… Мікола Аляхновіч нарадзіўся ў 1903 годзе ў Барысаве. Зусім маладым чалавекам, у 16 гадоў, трапіў на Грамадзянскую вайну. Спачатку змагаўся ў складзе партызанскага атрада на Барысаўшчыне, затым — у шэрагах стралковай дывізіі ў Чырвонай Арміі, на Заходнім фронце. У 1921–1924 гадах — студэнт медыцынскага факультэта Белдзяржуніверсітэта, але з трэцяга курса пакінуў вучобу. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў 3-й працоўнай школе, пасля — на агульнаадукацыйных курсах у Барысаве. У 1930 годзе закончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта. У час вучобы пачаў друкавацца на старонках розных газет і часопісаў. Адна з першых публікацый — рэцэнзія на кнігу Максіма Гарэцкага «Ціхія песні» — была надрукавана ў чацвёртым нумары часопіса «Маладняк» за 1926 год (хаця ёсць згадкі пра тое, што літаратурнай дзейнасцю барысаўскі хлопец пачаў займацца яшчэ ў 1918-м). У здвоеным сёмым-восьмым нумары гэтага ж выдання за той жа год  Аляхновіч друкуе рэцэнзію на кнігу «Уводзіны ў вывучэнне мастацтва і літаратуры». Следам, у дзявятым нумары, выходзіць яго рэцэнзія на кнігу Гарэцкага «На імперыялістычнай вайне». З 1930 года Мікола Аляхновіч — выкладчык Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута. У 1935-м атрымаў званне дацэнта. А ў лістападзе 1936-га — арыштаваны і праз паўтара года асуджаны на 12 гадоў. Патрапіў на Калыму. У 1945 годзе пераведзены ў Тайшэт Іркуцкай вобласці. З 1956-га — у высылцы ў Карагандзінскай вобласці. Рэабілітаваны ў 1957-м.

Мікола Аляхновіч пасяліўся ў Ленінградзе. Да літаратурнай дзейнасці не вярнуўся. Шкада. Шкада яшчэ і таму, што, магчыма, засталіся б хоць нейкія дакументальныя сведчанні пра жыццё беларускага літаратурнага крытыка ў Карагандзінскай вобласці, у Казахстане…

У Казахстане ў калгасе працавала беларуская паэтэса, перакладчыца, драматург Наталля Арсеннева, якая нарадзілася ў Баку ў 1903 годзе. Яе першы вершаваны зборнік «Пад сінім небам» пабачыў свет у 1927-м у Вільні. Кніга адразу засведчыла, што ў беларускую паэзію прыйшоў творца таленавіты і арыгінальны. Вядома, што заўважыў паэзію Наталлі Арсенневай і легендарны Максім Гарэцкі, да чыйго аўтарытэтнага меркавання прыслухоўваліся і пісьменнікі, і чытачы, — і напісаў пра свае ўражанні ў лістах да Яўхіма Карскага. Дарэчы, аўтар рамана «Віленскія камунары» яшчэ ў 1920 годзе спрыяў першым вершаваным публікацыям Арсенневай у друку Заходняй Беларусі. У 1921 годзе паэтэса паступіла ў Віленскі ўніверсітэт, але ў хуткім часе вымушана была спыніць вучобу, бо яе мужа — афіцэра польскага войска — адправілі на службу ў заходнюю частку Польшчы. У 1939 годзе Наталля Арсеннева апынулася ў Савецкай Беларусі. Працавала ў вілейскай абласной газеце «Сялянская праўда». На пачатку 1940-га яна, як жонка палоннага польскага афіцэра, была разам з двума сынамі выслана ў Казахстан… Вярнулася ў Беларусь у маі 1941 года. Паспрыяла гэтаму хадайніцтва Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Пад каток сталінскіх рэпрэсій трапіў і беларускі крытык, літаратуразнавец, этнограф Сцяпан Баркоўскі, народжаны ў 1905 годзе. Яшчэ ў 1927-м у Мінску выйшла яго кніга «Першае мая на Беларусі». З рэцэнзіямі, літаратурна-крытычнымі артыкуламі, нарысамі Баркоўскі выступаў у самых розных часопісах і газетах: «Чырвоны сцяг», «Асвета», «Маладняк», «Звязда», «Полымя», «Чырвоная змена», «Савецкая Беларусь»… Працаваў у Акадэміі навук БССР. Кватэра яго была своеасаблівым літаратурным салонам, у якім збіраліся такія маладыя пісьменнікі, як Васіль Сташэўскі, Васіль Шашалевіч, Васіль Каваль, Валеры Маракоў… 14 кастрычніка 1936 года Сцяпан Андрэевіч быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Працаваў у лагерах горна-металургічнага камбіната ў Краснаярскім краі, на Джыдзінскім вальфрамавым камбінаце (руднік Халтасон). З 1946 года наш зямляк — у Фрунзэ (сённяшні Бішкек), у аддзеле меліярацыі і арашэння Чуйскай даследчай станцыі лубяных культур. У 1950 годзе Сцяпан Баркоўскі быў накіраваны на асваенне цалінных земляў у Казахстан. Працаваў на будаўніцтве водагаспадарчых аб’ектаў у саўгасах Акмолінскай вобласці. Нагадаем: Акмолінск — павятовы горад. Заснаваны ў 1830 годзе як казачы фарпост… Падзей за наступныя дзесяцігоддзі ў гэтых мясцінах адбылося надзвычай шмат. 20 сакавіка 1961 года горад перайменавалі ў Цалінаград. У 1992-м — новае перайменаванне, у Акмалу. А 6 чэрвеня 1994 года была прынята пастанова Вярхоўнага Савета Казахстана аб пераносе сталіцы рэспублікі ў Акмалу. З 1998 года горад носіць назву Астана…

Яшчэ адзін прыклад унікальнага беларускага лёсу — жыццё ўраджэнца мястэчка Радунь Лідскага павета, паэта, гістарычнага пісьменніка, перакладчыка Пятра Бітэля. Да вайны ён паспеў закончыць Вышэйшыя настаўніцкія курсы пры Віленскім універсітэце. У пачатку Другой сусветнай, як гітлераўскія фашысты напалі на Польшчу, Пятро Бітэль быў прызваны ў войска і накіраваны на фронт. Яму пашчасціла — вярнуўся дахаты. У родных мясцінах усталявалася Савецкая ўлада. Працаваў настаўнікам, дырэктарам школы. Падчас фашысцкай акупацыі жыў у Валожыне, падтрымліваў сувязі з партызанамі. У чэрвені 1944 года быў вывезены ў Германію. Па дарозе ўдалося з цягніка ўцячы. Знайшоў прытулак у Польшчы. Дачакаўся вызвалення і быў мабілізаваны ў Савецкую Армію, дзе служыў да канца 1945 года. Пасля вярнуўся ў родныя мясціны, працаваў настаўнікам у Валожынскім раёне. У 1947 годзе Пятра Іванавіча звольнілі з працы. А жыць жа трэба было — і настаўнік становіцца праваслаўным святаром у Докшыцах. У 1950 годзе Бітэля арыштавалі. У 1951-м — завочна асудзілі на дзесяць гадоў пазбаўлення волі. Пачаліся пакутныя лагерныя шляхі… Спярша — Кемераўская вобласць, Омск. Затым — Джэзказган, работа на пагрузцы драўніны, на будоўлі, медным рудніку. У гэты час, як ні дзіўна, Пятро Бітэль пачынае займацца мастацкім перакладам. Запісы робіць на абгортачнай паперы з мяхоў, якія выкарыстоўвалі для перавозкі цэменту. У той час паэт пераклаў на беларускую мову паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» і «Конрад Валенрод». Рукапісы перакладаў Пятро Іванавіч здолеў перадаць у БССР. Максім Танк напісаў нават ліст лагернай адміністрацыі… У 1956 годзе вязень вярнуўся дахаты. Але канчаткова настаўніка, святара і перакладчыка рэабілітавалі толькі ў 1978 годзе. Першая кніга Пятра Бітэля — гістарычная паэма «Замкі і людзі» — была выдадзена ў 1968 годзе. У 1986-м яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў БССР…

Пройдуць гады — і з Карагандой будзе звязаны лёс рускага празаіка Беларусі Сяргея Зайцава (нарадзіўся ў 1954 годзе ў Свярдлоўску), аўтара рамана «Перамагаючы — азірніся». Будучы пісьменнік у 1971–1977 гадах вучыўся ў Карагандзінскім медыцынскім інстытуце. А яшчэ раней — у 1961–1971 гадах — у сярэдняй школе № 2 горада Прыазёрска.

Ужо ў 1980-я — на пачатку 1990-х вайсковы абавязак афіцэра Савецкай Арміі ў гэтых мясцінах выконваў яшчэ адзін наш зямляк — гарадзенец Станіслаў Суднік. У Прыазёрску ён арганізаваў беларускае вайсковае зямляцтва. Выдаваў газету «Рокаш». Выдаў у Казахстане кнігу вершаў на беларускай мове.

Свае карэктывы ў рух народаў, міграцыю насельніцтва на постсавецкай прасторы ўнесла Вялікая Айчынная вайна. Так, у эвакуацыю, уцякаючы ад фашысцкай навалы, выправіўся і беларускі паэт, празаік, аўтар славутага апавядання «Пяць лыжак заціркі» Змітрок Бядуля. Першы свой мастацкі абразок — «Пяюць начлежнікі…» — надрукаваў яшчэ ў 1910 годзе ў газеце «Наша ніва». Пры жыцці аўтара пабачыла свет каля 60 кніг Змітрака Бядулі (разам з перавыданнямі) — на беларускай, польскай і рускай мовах, некалькі — на ідыш. Пісьменнік быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга… Па дарозе ў эвакуацыю ў Змітрака Бядулі не вытрымала сэрца — і літаратар памёр. Здарылася гэта непадалёку ад Уральска 3 лістапада 1941 года. Пахаваны пісьменнік быў ва Уральску. Зусім нядаўна прах Змітрака Бядулі перавезлі ў Мінск.

Раней гэты горад, дзе сёння пражывае больш за 300 тысяч чалавек, быў вядомы як Яіцкі гарадок (ва ўсякім разе, так называлася паселішча да 1775 года). З ім звязаны лёс правадыра сялянскага паўстання Емяльяна Пугачова (1742–1775). Уральск у розныя часы прымаў І. А. Крылова, Г. Р. Дзяржавіна, А. С. Пушкіна, У. І. Даля, Т. Р. Шаўчэнку, Л. М. Талстога, У. Г. Караленку, В. П. Праўдухіна, татарскага народнага паэта Габдулу Тукая, пачынальнікаў сучаснай казахскай літаратуры Сакена Сейфуліна, Сабіта Муканава…

Ва Уральску ў 1941–1943 гадах жыў беларускі перакладчык Сямён Дорскі (1920–1992), які патрапіў сюды разам з Беларускім драматычным тэатрам імя Якуба Коласа. У тэатры працаваў брат Сямёна — беларускі драматург Іосіф Львовіч Дорскі (1911–1964), аўтар п’есы «Алазанская даліна». Сямён Дорскі пераклаў на беларускую мову творы П. Абрахамса, Д. Алонса, П. Джойса, І. К. Акуньі, Г. Прокапа і іншых англійскіх, нямецкіх, іспанскіх пісьменнікаў. У гэтым горадзе наш зямляк выкладаў у сярэдняй школе гісторыю. Затым закончыў Ленінградскае ваеннае вучылішча сувязі імя Ленсавета (1943), якое знаходзілася ў Казахстане ў эвакуацыі.

Са школьнай пары памятаю кнігу Рыгора Бярозкіна «Паэзія праўды», старонкі якой адкрылі мне творчыя біяграфіі Пімена Панчанкі, Петруся Броўкі, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка. Не ведаю, якім чынам гэты том літаратурнай крытыкі апынуўся ў нашай хатняй бібліятэцы, бо выдадзены ён быў ажно ў 1958 годзе. І я, школьнік, не мог, зразумела, тады нічога ведаць пра аўтара гэтага зборніка, пра яго надзвычай пакручасты лёс. Ужо шмат пазней даведаўся, што дарога Рыгора Бярозкіна (1918–1981) у літаратурную крытыку пачыналася з рэцэнзій, артыкулаў, прысвечаных творчасці Аркадзя Куляшова і Рахіль Баўмволь, з артыкула «Маякоўскі і Пушкін» у «Літаратуры і мастацтве», надрукаванага 16 лютага 1937-га…

У 1939–1941 гадах Рыгор Бярозкін працаваў загадчыкам аддзела крытыкі газеты «Літаратура і мастацтва». Шмат друкаваўся. У тым ліку — і ў іншых выданнях: газетах «Сталинская молодежь», «Звязда», «Советская Белоруссия», часопісах «Штэрн», «Полымя рэвалюцыі». А ў красавіку 1941 года Рыгора Бярозкіна арыштавалі з абвінавачваннем ва ўяўнай антысавецкай агітацыі і прыналежнасці да антысавецкай арганізацыі. Знаходзіўся пад следствам у Мінску. А 26 чэрвеня 1941 года, калі зняволеных вывелі з горада, Рыгор здолеў уцячы. Вярнуўся дадому, у Магілёў, і папрасіў ваенкамат накіраваць яго на фронт. Удзельнічаў у баях пад Сталінградам. Быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 2-й ступені, баявымі медалямі.

Пасля вайны служыў карэспандэнтам газеты «Советское слово», якая выдавалася Савецкай ваеннай адміністрацыяй у Германіі. 10 жніўня 1949 года Рыгора Бярозкіна арыштавалі другі раз. З тым жа абвінавачваннем, што і ў 1941 годзе. У чэрвені 1950-га ваеннага журналіста і беларускага літаратурнага крытыка асудзілі на 10 гадоў лагераў. Зняволенне Рыгор Бярозкін адбываў у Карагандзінскай вобласці, у Казахстане… Вызвалены быў у 1955-м. І напружана працаваў як літаратурны крытык і публіцыст. Выдаў 13 грунтоўных кніг, кожная з якіх чытаецца як арыгінальны мастацкі твор.

Караганда — месца лагернага прытулку яшчэ аднаго вязня сталінскага ГУЛАГу — Андрэя Мрыя, аўтара захапляльнай сатырычнай аповесці «Запіскі Самсона Самасуя» (упершыню была надрукавана ў часопісе «Узвышша» ў 1929 годзе).

У Беларусі добра ведаюць рускага паэта Іосіфа Васілеўскага (нарадзіўся ў 1911 годзе ў Данецку), аўтара многіх вершаваных кніг: «Мой спутник Солнце», «В добрый час», «Родное раздолье», «От зорьки до зорьки», «Новь»… А пачынаў паэт пісаць на беларускай мове: першы верш — «Парогі дзён» — надрукаваў у часопісе «Маладняк» у 1931 годзе. У пасляваенныя гады Васілеўскі працаваў акцёрам у казахстанскім горадзе Усць-Каменагорску. Заснавана паселішча ў 1720 годзе. Да 1932-га горад уваходзіў у склад Томскай губерні, Омскай вобласці, Алтайскай губерні, Сяміпалацінскай губерні, Алтайскай горнай акругі, Сяміпалацінскай акругі… Горад, пабрацімам якога, дарэчы, з’яўляецца беларускі Бабруйск, апісаны ў многіх мастацкіх творах: рамане Мікалая Чакмянёва «Сямірэчча», кнігах Мікалая Анава «Агні на Іртышы» і «Брат, які згубіўся», у вершах Паўла Васільева («Горад Серафіма Дагаева»), Міхаіла Чысцякова («Усць-камень»)…

У тым самым Усць-Каменагорску ў школе вучыўся будучы беларускі літаратуразнавец, крытык, публіцыст Мікола Калінковіч (1950–1990), які нарадзіўся ў вёсцы Цна Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. У Казахстан Мікола патрапіў разам з бацькамі, якія прыехалі асвойваць цалінныя землі. У 1958 годзе ўжо вярнуўся на радзіму — у вёску Цна. Мікола Калінковіч — аўтар кніг «Лунинец», «Не обрывается земная связь», «Имя мое — Свобода», «Палескія дні Аляксандра Блока», «Возвращение рассветной рани», «Не должен быть неизвестным солдат», выдадзеных у Мінску і Ашхабадзе, дзе некаторы час жыў пісьменнік. Дарэчы, адзін з творчых псеўданімаў беларускага літаратара — А. Каменагорскі.

У 1945–1948 гадах карэспандэнтам усесаюзнай газеты «Гудок» працаваў беларускі празаік, паэт Яўген Васілёнак (1917–1973), які нарадзіўся ў Оршы. У 1958–1966 гадах быў галоўным рэдактарам часопіса «Нёман». Аўтар пятнаццаці кніг, выдадзеных на беларускай і рускай мовах. Пераклаў на беларускую мову зборнік апавяданняў кітайскіх пісьменнікаў «Дзеці вялікага народа», раман «Абноўленая зямля» таджыкскага празаіка С. Улуг-Зода, творы рускіх, венгерскіх, туркменскіх, украінскіх пісьменнікаў.

Гомель — радзіма літаратуразнаўца-іспаніста і перакладчыка Давыда Ісаакавіча Выгодскага (1893–1943), які завяршыў свой жыццёвы шлях у Карагандзінскім выпраўленча-працоўным лагеры. Аўтар зборніка вершаў «Зямля» (1922). Пераклаў на рускую мову больш за дваццаць раманаў французскіх, іспанскіх, нямецкіх і лацінаамерыканскіх пісьменнікаў.

У Казахстане знайшоў свой апошні прытулак беларускі гісторык, археограф, публіцыст Дзмітрый Даўгяла (1868–1942), які нарадзіўся ў вёсцы Казьяны Віцебскай губерні (цяпер Шумілінскі раён). Выкладаў у духоўнай семінарыі і мужчынскай гімназіі ў Віцебску. Працаваў рэдактарам газеты «Полоцкие епархиальные ведомости», архіварыусам у Віцебскім цэнтральным архіве старажытных актавых кніг. Быў членам Віленскай камісіі для разгляду і выдання старажытных актаў. З 1921 года загадваў Магілёўскім архівам. З 1929 года — дырэктар бібліятэкі Беларускай акадэміі навук, з 1937 года — навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Беларускай Акадэміі навук. У 1937-м арыштаваны як «нямецкі шпіён». Пакаранне адбываў у высылцы ў Сярэдняй Азіі. Памёр у сяле Пахта-Арал у Казахстане. Аўтар кніг «Полацкая епархія да 1903 года» (Віцебск, 1903), «Лепель, павятовы горад Віцебскай губерні» (Віцебск, 1905), «Крыж прападобнай Еўфрасінні, княжны Полацкай» (Віцебск, 1895) і інш.

З Казахстанам завязаны лёс ураджэнца Гарадка, што на Віцебшчыне, празаіка Цодзіка Даўгапольскага (1879–1959), які пісаў на ідыш, беларускай і рускай мовах. Першая кніга нашага земляка пабачыла свет ў 1914 годзе ў Вільні — «Правінцыйныя фантазіі». Гэта быў зборнік драм. Камедыя для дзяцей «Пракляцці дзядулі» выйшла ў 1919 годзе ў Маскве. Першая частка рамана «Каля адчыненай брамы» — у 1928 годзе ў Мінску. Другая — у Харкаве ў 1931-м… У Беларусі Цодзік Даўгапольскі працаваў у рэдакцыі яўрэйскай газеты «Октобэр», у Дзяржаўным выдавецтве БССР. У 1937 годзе пісьменнік беспадстаўна асуджаны. Пакаранне адбываў у Казахстане. У 1943-м быў вызвалены. Жыў на Урале. Займаўся педагагічнай дзейнасцю.

У Алма-Аце ў 1943 годзе закончыў вучобу ва Усесаюзным дзяржаўным інстытуце кінематаграфіі беларускі празаік, драматург, фельетаніст Валянцін Зуб (1914–1980). Друкавацца ён пачаў яшчэ ў 1938-м. Вярнуўшыся пасля вайны ў Мінск, амаль трыццаць гадоў адпрацаваў у часопісе сатыры і гумару «Вожык». Напісаў і выдаў больш за трыццаць кніг. Аўтар многіх дзіцячых п’ес.

З Казахстанам звязаны лёс дзеяча беларускага нацыянальнага руху, мемуарыста Кастуся Рамановіча (1927–2005), які нарадзіўся ў вёсцы Лозкі гміны Шчорсы Навагрудскага ваяводства (цяпер Нягневіцкі сельсавет Навагрудскага раёна). У час Вялікай Айчыннай вайны далучыўся да дзейнасці Саюза беларускай моладзі. Пасля нямецкай акупацыі вучыўся ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы. У 1944 годзе арыштаваны і высланы ў Комі АССР. Вярнуўся ў Беларусь у 1946-м. І далучыўся да дзейнасці Саюза вызвалення Беларусі. Арыштаваны ў маі 1947-га. Асуджаны на дзесяць гадоў лагераў. Этапаваны ў Пячорскі лагер МДБ Комі АССР. З лістапада 1955-га у высылцы ў Цеміртау Карагандзінскай вобласці. Вярнуўся дадому ў 1957-м. Працаваў у калгасе. Атрымаў атэстат сталасці за вячэрнюю школу. З’ехаў ва Украіну. Закончыў Данецкі політэхнічны інстытут. У 1972 годзе вярнуўся ў Беларусь. Напісаў успаміны «За волю Беларусі. Успаміны пра сябе і сваіх сяброў», дзе расказаў і пра беларускага паэта Самсона Пярловіча (1923–2001), які нарадзіўся ў вёсцы Католышы Навагрудскага раёна: «Я разам з Пярловічам прайшоў праз пакуты на лесапавалах Усць-Вым, на будаўніцтве шахтаў у Карлагу, спаў разам з ім на голых нарах. І там, на голых нарах, Пярловіч складваў вершы без алоўка, якія мы вучылі на памяць для будучыні». Самсон Пярловіч адбываў высылку у Сарані (Карагандзінская вобласць). Аўтар кніг «Бяссмертнік» (1994), «Заяц на бярозе» (Навагрудак, 1995), «Чарадзейны агонь» (Навагрудак, 1998).

Падчас Вялікай Айчыннай вайны, у 1943–1944 гадах, у газеце «Казахстанская правда» працаваў карэспандэнтам беларускі празаік Мікола Лупсякоў (1919–1972), які пачаў друкавацца яшчэ ў 1935-м. Аўтар кніг «Першая атака», «Апавяданні», «Мост», «Разведчыкі», «Дружба», «Чырвоны бераг», «Дняпроўская чайка», «Паядынак», «У вераб’іную ноч»…

У Алма-Аце ў час Вялікай Айчыннай вайны жыў і працаваў класік беларускай дзіцячай літаратуры Янка Маўр (1883–1971). Між іншым, легендарныя «Палескія рабінзоны» перакладзены і на казахскую мову. Перакладчык — Т. Мізамбекаў. Аповесць выдадзена ў Алма-Аце ў 1981 годзе.

У Кустанайскім настаўніцкім інстытуце ў 1945–1950 гадах выкладаў беларускі літаратуразнаўца Фёдар Куляшоў (нарадзіўся ў 1913 годзе на Гомельшчыне, у вёсцы Вялікія Стралкі Рагачоўскага павета). Аўтар кніг «Жыццё і творчасць Льва Мікалаевіча Талстога», «Сатырычная паэзія М. А. Някрасава», «Міхась Лынькоў», «Эцюды аб прозе», «Іван Мележ», «Сучасная беларуская проза», «Подзвіг мастака», «Літаратурныя партрэты», «У дарозе»… Працуючы ў Казахстане, Фёдар Куляшоў шмат друкаваўся ў перыядычных выданнях. Згадаем назвы хаця б некаторых артыкулаў і рэцэнзій: «Каштоўная кніга пра Джамбула», «“Рускае пытанне” на кустанайскай сцэне», «Вершы Івана Найдзёнава» (артыкул пра рускага паэта, выкладчыка Кустанайскага настаўніцкага інстытута, аўтара паэмы пра славутага батыра Амангельды Іманава), «Казахскі народ у перадавой рускай літаратуры XIX стагоддзя»…

Паэт, перакладчык, крытык, літаратуразнавец Сцяпан Ліхадзіеўскі (1911–1979) нарадзіўся на Случчыне. Першая яго кніга — зборнік вершаў і паэм «Рокаты дальняй прыстані» — пабачыла свет у Мінску ў 1931 годзе. Пасля адзін за адным — яшчэ некалькі паэтычных зборнікаў: «Чырванеюць вішні», «Крывавыя знічкі на снезе», «Мы — маладая гвардыя». У 1933-м маладога пісьменніка беспадстаўна асудзілі на тры гады высылкі ў Казахстан. Чатыры гады Сцяпан Ліхадзіеўскі настаўнічаў у сярэдніх школах Келеска (цяпер Сары-Агачскі раён), дзе працягваў пісаць вершы.

У 1937 годзе была рэпрэсіравана беларуская паэтэса, перакладчыца, педагог Ядвіга Машынская-Гельтман (1886–1946), якая нарадзілася ў мястэчку Глуск на Бабруйшчыне. З 1937 года пісьменніца, якая стварала свае апавяданні, вершы на польскай мове, — у ГУЛАГу ў Казахстане. Працавала начным сторажам, настаўніцай, нянькай. З 1943-га — на пасяленні ў сяле Баравое, пасёлку Тайнча, дзе і памерла. З лагера, нягледзячы на ўсе цяжкасці, пісала мужныя лісты свайму сыну — будучаму беларускаму вучонаму-батаніку Віктару Гельтману. Дасылала яму свае лірычныя вершы.

У Акмолінскай вобласці асвойваў цаліну будучы беларускі пісьменнік Апанас Палітыка (нарадзіўся ў Крычаўскім раёне ў 1935 годзе), аўтар кніг гумару і сатыры «Маўчанне навыперадкі», «Свой хлопец», «Праверка». У Казахстане наш зямляк працаваў у 1954–1955 гадах. А ў ерментаўскай раённай газеце Цалінаградскай вобласці ў 1961–1962 гадах працаваў беларускі паэт, празаік, публіцыст Міхась Парахневіч (нарадзіўся на Міншчыне, у Старадарожскім раёне, у 1934 годзе). Першая кніга вершаў Парахневіча «Мы майструем самалёт» выйшла ў 1963 годзе.

Сяргей Вячаслававіч Скандракоў (1876–1953) нарадзіўся ў Мгліне (цяпер Чарнігаўская вобласць) — гэта непадалёку ад Беларусі. Але яго творчы і жыццёвы лёс звязаны з Беларуссю. Вучыўся ў Слуцкай і Мінскай гімназіях. Друкаваўся ў газеце «Минский листок». У час рэвалюцыі 1905– 1907 гадоў з’яўляўся членам Мінскага камітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, рэдактарам-выдаўцом газеты «Голос Белоруссии» (выйшаў усяго адзін нумар 1 студзеня 1906 года), у якой надрукаваў свой рэвалюцыйны твор «Казка пра голых і сабаліныя футры», вершы на беларускай мове Францішка Багушэвіча і Янкі Лучыны. Адзін з заснавальнікаў кніжнага таварыства «Мінчанін». У 1907–1910 гадах умінскіх газетах друкаваў свае палітычныя казкі. Быў арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» 6 ліпеня 1930 года. Пакаранне адбываў у Яраслаўлі, а пасля — у Мічурынску, Душанбэ, Алмаце, Карагандзе. У Карагандзе і памёр 2 жніўня 1956 года.

З Казахстанам звязаны лёс рускага паэта Беларусі Юрыя Фатнева. У Алма-Аце пабачылі свет яго вершаваныя кнігі «Любимое» (1962), «Общий вагон» (1964) і «Глаза не умеют молчать» (1966).

Пад Карагандой памерла Марыя Якаўлеўна Фрумкіна (1880–1943), якая нарадзілася ў Мінску. Дзеяч яўрэйскай адукацыі. Арганізатар рабочага камуністычнага руху, публіцыстка. У 1917 годзе ў Мінску рэдагавала газету на ідыш «Дэр векер». З 1921 года — у Маскве. Шмат пісала па пытаннях культуры, адукацыі, новага ладу жыцця. Разам з М. Літваковым была рэдактарам Збору твораў У. І. Леніна на ідыш (тт. 1–8, Масква, 1925–1928), выпусціла біяграфію Х. Лекерта (Масква, 1922). У 1928-м была сурэдактарам часопіса «Піянер». У 1937-м Марыю Фрумкіну адхілілі ад усіх пасад. У студзені 1938 года арыштавалі. У жніўні 1940 года асудзілі на восем гадоў заключэння. Памерла ў лагеры, размешчаным непадалёку ад Караганды.

Па партыйнай пуцёўцы накіравана была ў Казахстан, на «Балхашбуд», заходнебеларуская рэвалюцыянерка, публіцыстка Вера Харужая (1903–1942). Яшчэ ў 1932 годзе выйшла яе кніга «Лісты на волю» (пад псеўданімам Польская камсамолка). У 1937-м Вера Харужая патрапіла пад каток сталінскіх рэпрэсій. Рэвалюцыянерку абвінавацілі ў антысавецкай дзейнасці. У 1939 годзе вызвалілі. Вера Харужая вярнулася ў Беларусь. У час Вялікай Айчыннай вайны наша зямлячка была адным з кіраўнікоў Віцебскага антыфашысцкага падполля. Закатавана ў фашысцкім засценку. У 1960 годзе ёй пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У 1931 годзе беспадстаўна асудзілі яшчэ аднаго нашага пісьменніка — Сымона Хурсіка (1902–1972). Першая яго кніга — «Першы паўстанак» — пабачыла свет у 1925 годзе. Сымон Хурсік працаваў настаўнікам у школах Чувашскай і Марыйскай АССР, у Казахстане. У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у Чырвонай Арміі. Пасля вайны жыў у пасёлку Айдабул Какчэтаўскай вобласці, а з 1964 года — у Карагандзе.

Адказным сакратаром раённай газеты ў сяле Шаманаіха ў Казахстане напачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў беларускі празаік Алесь Якімовіч (1904–1979). Адтуль у 1942 годзе наш зямляк быў накіраваны на курсы малодшых лейтэнантаў у Андзіжан. Затым — на фронт.

У розныя гады ў Казахстане працавалі празаік Алег Ждан, паэт Славамір Адамовіч. Магчыма, можна згадваць і іншыя імёны. Не ўсе звесткі занатаваныя ў гісторыі... Варта зазірнуць у біяграфіі Уладзіміра Дудзіцкага, Рыгора Барадуліна, Леаніда Левановіча, Уладзіміра Гніламёдава, Івана Карэнды, Алеся Пісьмянкова, Вячаслава Рагойшы, Анатоля Бутэвіча, Міколы Калінковіча ды і шмат каго яшчэ — і вы знойдзеце там «казахстанскія старонкі»…

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.