Вы тут

Прэзідэнт: Час патрабуе надзейных людзей, упэўненых і адданых сваёй дзяржаве


Прэзідэнт назначыў новага памочніка, кіраўніка Апарату Саўміна і ўзгадніў аднаго намесніка міністра, кіраўнікоў райвыканкамаў і ВНУ


Леанід Мартынюк стаў памочнікам Прэзідэнта-інспектарам па Магілёўскай вобласці. Канстанцін Бурак назначаны кіраўніком апарату Савета міністраў, Андрэй Еўдачэнка — пастаянным прадстаўніком Беларусі ў Арганізацыі па забароне хімічнай зброі па сумяшчальніцтве, а Максім Ермаловіч — пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Міжнароднай марской арганізацыі па сумяшчальніцтву.

Старшынямі Бярозаўскага і Ляхавіцкага райвыканкамаў адпаведна ўзгоднены Сяргей Барташ і Мікалай Мароз. Прэзідэнт даў згоду на пасаду намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандру Гарошку. Таксама ўзгоднены кіраўнікі трох ВНУ. Наталля Карчэўская стане рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Наталля Лапцева — рэктарам Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, а Аляксандр Бахановіч узначаліць Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт.
Андрэй Сайко з вакансіі намесніка старшыні Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі пяройдзе на пасаду генеральнага дырэктара ААТ «Нафтан».

«Мы сёння нават не разглядаем пытанне прыватызацыі нафтапераапрацоўчых заводаў» 

«Прадпрыемства вельмі складанае, мадэрнізацыя заканчваецца. Вы адказваеце за гэта і па старой сваёй рабоце, паколькі працавалі фактычна ў міністэрстве і мелі дачыненне да мадэрнізацыі гэтага прадпрыемства. А зараз, будучы генеральным дырэктарам, тым больш», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка падчас прадстаўлення Андрэя Сайко.

Па яго меркаванні, вельмі добра, што маладыя кадры прыходзяць на вядучыя пасады і курс на амаладжэнне кіраўнічых кадраў узяты даўно.

«Камусьці вочы засланіла нейкая пялёнка, і яны гэтага не бачаць. Думаюць, што можна адразу са школы пайсці кіраваць прадпрыемствам. Ды не, трэба патаптацца добра па жыцці, як тыя, хто прысутнічае тут. Тады будзе карысць. А патаптацца па чыстых, утульных мінскіх вуліцах і думаць пра тое, што «заўтра я вазьму кіраўніцтва не толькі прадпрыемствам, але і краінай у свае рукі», —гэта па меншай меры небяспечная, памылковая думка», — дадаў ён , але сказаў, што амбіцыі — рэч нядрэнная.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз нагадаў, што «Нафтан» — прадпрыемства складанае, на якое часта глядзяць карупцыянеры.

«Прадпрыемства такое, на якое часта паглядаюць карупцыянеры, рознага чыну злодзеі і тыя, хто жадае прыватызаваць прадпрыемства і пажадана за бясцэнак. Іх вакол топчацца мора. Вы павінны ведаць маю прынцыповую пазіцыю: мы сёння нават не разглядаем пытанне прыватызацыі нафтапераапрацоўчых заводаў, як бы не было зараз складана на рынку», — падкрэсліў Прэзідэнт і нагадаў, што ў крызістыя часы заўсёды былі і падзенні, і ўзлёты.

«У гэты крызісны час мы павінны шукаць шляхі, што вывядуць нас на нармальны трэнд развіцця, — канстатаваў ён і нагадаў, што да падбору людзей падыходзілі ўважліва. — Час патрабуе не толькі добрых прафесіяналаў. Сёння час патрабуе надзейных людзей, упэўненых і адданых сваёй дзяржаве, каб нас не парвалі на кавалкі і не падзялілі. Асабліва на захадзе краіны бачна: некаторым ужо не кавалак Беларусі, а ўся Беларусь патрэбна, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — А мы навошта, дзе мы тады будзем? Гэта асаблівасць — мы ніколі не думалі, што нам, гаспадарнікам, прыйдзецца несці на сабе залішнюю ідэалагічную нагрузку. Аказалася, так, трэба ідэалогіяй займацца, трэба працаваць з людзьмі, трэба ім паказваць, што адбываецца, — канстатаваў кіраўнік краіны. Ён дадаў, што асабліва гэта тэма актуальная для Мінска:

«Жыццё ў сталіцы і ў глыбінцы адрозніваецца: у рэгіёнах людзі працуюць, вырабляюць хлеб. А хтосьці, хай іх меншасць, не разумее, што такое дзяржава і як мы рашуча будзем падтрымліваць гэту дзяржаву», — дадаў Прэзідэнт. Таксама ён расказаў, што ўчора назіраў за ўдзелам вайскоўцаў у мітынгу на Плошчы Незалежнасці:

«Але ж не мы звалі вайскоўцаў на Плошчу Незалежнасці. Яны сваіх пазвалі — афганцаў, Саюз афіцэраў, калег з Камітэту дзяржбяспекі, МУС. Людзі прыйшлі са сваімі перакананнямі, пад дзяржаўнай сімволікай, прыйшлі, паднялі гэтыя сцягі, выказалі сваё меркаванне. Яны ворагі, яны чужыя — вось іх (пратэстоўцаў – «Зв.») пазіцыя».

Таксама Прэзідэнт выказаўся наконт несанкцыянаваных акцый у Мінску:

«Мы змянілі тактыку. Правільна сказаў кіраўнік упраўлення па барацьбе з аргзлачынствам: мы ў спакойным рэжыме знойдзем кожнага. Сучасныя сродкі дазваляюць гэта рабіць, што мы і робім. І кожны адкажа за свае дзеянні. Я тут не пагражаю, мы ў гэтым напрамку працуем, і гэта дае пэўны эфект», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён заўважыў, што людзі сталі больш відушчымі і ўбачылі «хто ірвецца да ўлады, хто можа прыйсці да ўлады і што будзе з краінай»:

«Кажуць мінчане ў сродках масавай інфармацыі: не заснуць па вечарах, па начах, апасаюцца дзяцей вывесці на вуліцу і гэтак далей. Людзі ўбачылі, што могуць страціць і параўналі спакойны Мінск і Мінск, які віруе, хай толькі і па нядзелях», — выказаўся Прэзідэнт.

«Сказана, што краіну не аддамо — значыць не аддамо. І вырашаць будзе ў Беларусі, пакуль я Прэзідэнт, беларускі народ. Толькі людзі будуць вырашаць. Не Прэзідэнт у адзіночку, ні кіраўнік Адміністрацыі, вышэйшыя службовыя асобы, ні дэпутаты не будуць вырашаць у адзіночку, а прынясуць народу і скажуць — вырашыце дзесяць, дваццаць, трыццаць пытанняў. Як народ вырашыць, так і будзе», — заклікаў Аляксандр Лукашэнка. 

«Не трэба сумнявацца, што ўлады нешта «змудраць з Канстытуцыяй і зробяць новую праз падман». Калі народ захоча нешта іншае, чым той курс, па якім ішлі, — хай паспрабуюць. Бо глыбінная прычына ў чым (як нам украінцы, расіяне падказваюць): у Беларусі народ не напужаны. Гэта цытата: яны не жылі ў горшых умовах», — сказаў Аляксандр Лукашэнка

«Ёсць нямала студэнтаў, якія заблыталіся, выскачылі. Ёсць тыя, у каго мазгі на месца ўжо не паставіш»

Прэзідэнт у размове з рэктарамі назваў «не нашай палітыкай» рабіць выгляд, што ва ўніверсітэтах нічога не адбываецца. Па яго словах, ён ведае ўсе праблемы, але катастрофы там няма.

«Студэнты заўсёды былі людзьмі бурнымі і бурлівымі. І мне часта кажуць: «Што вы трываеце з гэтым студэнтамі? Ды павыганяць іх, і іншае». Але тут і асабістае. Я ўспамінаю сябе, калі быў студэнтам. Ведаеце, дэкану гістарычнага факультэта заўсёды было са мной непроста. Але я ніколі не ваяваў супраць улады, — падкрэсліў Прэзідэнт. — З дэканам я заўсёды ваяваў за сумленнасць». 

Ён нагадаў, што заступаўся за пакрыўджаных студэнтаў і быў камсамольскім актывістам, таму актыўная дзейнасць і добрая вучоба яго ратавала ў спрэчках.

Прэзідэнт адзначыў, што рэктарам прыйдзецца наводзіць парадак у іх ўніверсітэтах, таму калі яму прапанавалі на дзве пасады жанчын, сумняваўся, а потым вырашыў: «Жанчыны хутчэй з беспарадкамі разбяруцца, чым мужыкі. Вы ведаеце, што я «жаночы» Прэзідэнт. Мяне заўсёды жанчыны падтрымлівалі».

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гатовы па закліку прыехаць у любую вну і разам з рэктарам размаўляць са студэнтамі.

Ён звярнуўся праз рэктараў і да студэнтаў. «Тут не пытанне, што мы змагаемся з іншадумствам. Розныя павінны быць погляды, — сказаў Прэзідэнт. — Мы не супраць гэтага змагаемся, змагаемся супраць парушэння закона. Яны парушаюць закон. Нікога не ўгаворвайце. Прыйшлі, патлумачылі — такі парадак. Хочаце вучыцца — вучыцеся. Не
хочаце, сыходзьце».

Прэзідэнт адзначыў, што час няпросты і на Ўсебеларускім сходзе ён раскажа дэталі таго, што адбываецца і мае адбыцца.

«Трэба гэты час перажыць. Горш будзе, калі мы перажывем, як перажыла Украіна, а яшчэ жахлівей, як Карабах», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Ёсць нямала студэнтаў, якія заблыталіся, выскачылі. Ёсць тыя, у каго мазгі на месца ўжо не паставіш. Але іх адзінкі. За імі цягнуцца і іншыя: «Вось гэта ж не нязручна. Ён выйшаў, супраць улады выступіў, я за ім». Я гэта ўсё ў душы разумею, і супакойваў і сілавікоў, і чыноўнікаў — трэба вытрываць. Зразумеюць людзі» дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Каментарый у тэму:

Леанід Мартынюк, памочнік Прэзідэнта-інспектар па Магілёўскай вобласці: «Задачы, якія патаўленыя і будуць выконвацца не толькі мною, але і ўсёй камандай Адміністрацыі Прэзідэнта, — гэта падтрыманне і паскарэнне развіцця ўсяго сельскагаспадарчага і вытворчага комплексу. Магілёўская вобласць з’яўляецца ўнікальнай з боку сімбіёзу вёскі і прамысловасці. На сённяшні дзень мэты — загрузка ўсіх вытворчых магутнасцей і павелічэнне вытворчасці ў выніку, каб павялічваліся заробкі і паляпшаўся дабрабыт людзей».

Андрэй Сайко, генеральны дырэктар ААТ «Нафтан», расказаў, што будаўніча-мантажныя работы па мадэрнізацыі прадпрыемства будуць скончаны ў красавіку будучага года: «Я курыраваў некаторыя іншыя работы ў канцэрне. Але я ведаю пра праект, пра яго значнасць для прадпрыемства, ведаю, на якой стадыі ён знаходзіцца. Задачы, якія сёння Прэзідэнт агучыў, — гэта хутчэйшыя тэрміны завяршэння рэалізацыі будаўніцтва ўстаноўкі»

Наталля Лапцева, рэктар Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта: «Той факт, што студэнты Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта ў большай ступені сёння выказваюць актыўнасць, магчыма, звязана з тым, што студэнты вывучаюць розныя мовы, культуры, глядзяць на вопыт многіх дзяржаў. Разам з тым нам уяўляецца, што палітычная культура дапаможа, дапамагала і будзе дапамагаць прымаць заўсёды ўзважаныя рашэнні, вызначаць сваю пазіцыю, асноўваючыся на ведах гісторыі, вопыце. Развіццё палітычнай культуры стане адной з ключавых задач».

Будзе дапоўнена

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Мы ў жыццi шмат чаго робiм, што пагаршае наша здароўе — або адразу, або ў аддаленай перспектыве.

Грамадства

Рэктар Магілёўскага дзяржуніверсітэта Дзянiс Дук: У нас свае асаблiвасцi i шлях развiцця ў сусветнай гiсторыi

Рэктар Магілёўскага дзяржуніверсітэта Дзянiс Дук: У нас свае асаблiвасцi i шлях развiцця ў сусветнай гiсторыi

Тры гады таму Дзянiс Дук пераехаў у Магiлёў, каб узначалiць вядучую ВНУ вобласцi па падрыхтоўцы педагагiчных кадраў.

Эканоміка

Прадукты для эфектыўнай энергіі: аксіяльны ветрагенератар, анодныя зазямляльнікі, керамзітапенабетон, паліўныя брыкеты

Прадукты для эфектыўнай энергіі: аксіяльны ветрагенератар, анодныя зазямляльнікі, керамзітапенабетон, паліўныя брыкеты

Пераможцы шостага конкурсу «Лідар энергаэфектыўнасці — 2020» сёлета ўдзельнічалі ў спаборніцтвах анлайн і гэтак жа атрымлівалі віншаванні.