Вы тут

Плён намаганняў, план пошукаў


Дзве секцыі, але без пленарнага пасяджэння — XXXIV навуковая канферэнцыя «Каласавіны» сёлета прайшла ў не зусім звычайным фармаце, як гэтага і вымагае час. Даследчыкі прадставілі свае даклады, займеўшы шанс паразважаць з калегамі пра здабыткі, напрацоўкі і перспектывы далейшых пошукаў у навуцы пра літаратуру і пра Коласа. Як адзначылі арганізатары, зборнік з усімі заяўленымі дакладамі выйдзе ў звычайным фармаце. А пакуль — цікавосткі літаратуразнаўчай секцыі, якая гэтым разам мела назву «Коласазнаўства ў XXI ст.: вынікі і перспектывы».


Васіліна і Марыя Міцкевіч.

Вера ў «жыцце залатое»

З дакладам «Літаратурна-крытычная рэцэпцыя зборніка “Песні-жальбы” Якуба Коласа ва Украіне» выступіла Таццяна Вабішчэвіч, старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускай літаратуры XX і XXI стст. Інстытута літарататуразнаўства імя Янкі Купалы, кандыдат філалагічных навук. Сёлета споўнілася 110 гадоў з часу выхаду знакавай для беларускай літаратуры кнігі: дэбютны паэтычны зборнік Якуба Коласа пабачыў свет напрыканцы лета 1910 года ў Вільні. Як зазначыла Таццяна Вабішчэвіч, ён выклікаў актыўную чытацкую зацікаўленасць і стаў сапраўднай падзеяй у культурным жыцці тагачаснай Беларусі. На «Песні-жальбы» было апублікавана 6 рэцэнзій: гэта абсалютны рэкорд для беларускіх літаратурна-мастацкіх выданняў 1900—1910 гг. Акрамя прысвечаных непасрэдна кнізе водгукаў, зборнік асэнсоўваўся ў шэрагу аглядных публікацый, у тым ліку ва Украіне, Расіі, Польшчы, Чэхіі, ЗША. Найбольш уважліва «Песні-жальбы» былі разгледжаны менавіта ва Украіне. У розных фарматах — ад кароткай газетнай нататкі да разгорнутай часопіснай рэцэнзіі — на іх у хуткім часе адгукнуліся адразу чатыры аўтары. Яшчэ адзін украінскі водгук прыйшоў з Нью-Ёрка ад эмігранта-ўкраінца. «На жаль, беларускае літаратуразнаўства не можа пахваліцца такой самай аператыўнасцю і зацікаўленасцю ў дачыненні да ўкраінскіх рэцэнзійных публікацый на “Песні-жальбы”, якую ў  свой час праявіла да зборніка ўкраінская літаратурна-крытычная думка. Большасць украінскіх рэцэнзій, хаця і былі вядомыя паводле бібліяграфічных крыніц, да апошняга часу фактычна заставаліся не ўключанымі ў беларускі навуковы кантэкст, не цытаваліся і не аналізаваліся айчыннымі даследчыкамі», — заўважыла Таццяна Вабішчэвіч. Так, хтосьці з украінскіх рэцэнзентаў заўважаў, што ліра Якуба Коласа не можа быць настроена на вясёлы лад, але пры гэтым — непарушную веру паэта ў найлепшую будучыню Беларусі, «жыцце залатое»; нехта — «свежасць жыцця» ды «чары абнаўлення» ў  творах зборніка, а нехта і просценькую форму вершаў… У водгуку ж Васіля Шчурата, паэта, перакладчыка, літаратуразнаўцы, Якуб Колас паўстае як першаадкрывальнік закінутай ды забытай беларускай Атлантыды, які не толькі дакладны ў створаных малюнках, але і здольны здзівіць навізною і сважасцю ўспрымання.

Паралелі ды супадзенні

З дакладам выступае Таццяна Вабішчэвіч

«Артур Бартэльс — Якуб Колас: пераемнасць традыцый» — з такой тэмай выступіў Анатоль Трафімчык, вучоны сакратар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, кандыдат філалагічных навук. Навуковец ад­ шукаў кропкі судакранання беларуска-польскага паэта- песенніка, сатырыка, карыкатурыста, ілюстратара і ка­ медыёграфа з Якубам Коласам, і гэтаму дапамаглі най­ перш паэма «Дзяніскавічы» (вёска Дзяніскавічы, цяпер гэта Ганцавіцкі раён Брэсцкай вобласці, па меркаванні Анатоля Трафімчыка, — радзіма Артура Бартэльса) і па­ эмы паляўнічага цыкла, што сталі гістарычна-паэтыч­ най каштоўнасцю. У якасці агульнага ў творчасці двух розных аўтараў Анатоль Трафімчык выдзеліў канцэпт «роднага кута». Знайшлося агульнае і ў біяграфіях твор­ цаў: у маладосці Якуб Колас настаўнічаў у вёсцы Люсіна, што знаходзіцца па іншы бок Дзяніскаўскага лесу, дзе любіў паляваць Артур Бартэльс. «Абодва нарадзіліся на зямлі, якая належала Радзівілам, — заўважыў навуко­ вец. — Асяродак леснікоў быў знаёмы таксама абодвум. У літаратуразнаўчых дыскурсах цыкл паэм Бартэльса названы эпапеей, “Новая зямля” Коласа — энцыклапе­ дыяй. Гэтыя ацэнкі ўзніклі цалкам незалежна, тым не менш іх можна лічыць кангеніяльнымі супадзеннямі». Між тым Якуб Колас неаднойчы падкрэсліваў, што ўплыў на яго развіццё як творцы аказаў Янка Лучына (тут нельга абысці ўвагай яго «Паляўнічыя акварэлькі з Палесся»), які ў сваю чаргу рос на творчасці Артура Бартэльса.

Новая філасофія

Не ставячы пад сумнеў навуковую рацыю цэлых пакаленняў даследчыкаў-коласазнаўцаў і прызнаючы той факт, што стыль пісьменніка можна ў цэлым ахарактарызаваць як рэалістычны, свой погляд на творчасць класіка выказаў Анатоль Брусевіч, дацэнт кафедры польскай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, кандыдат філалагічных навук. У дакладзе «Мадэрнісцкія тэндэнцыі ў ранняй лірыцы Якуба Коласа» ён заўважыў, што ў  паэзіі будучага Песняра, як, зрэшты, у творах многіх яго сучаснікаў, прасочваюцца водгаласы вербальнай традыцыі, заснаванай яшчэ Адамам Міцкевічам. Такое спадкаемства ды імкненне да творчай свабоды  — натуральная прычына для засваення беларускімі пісьменнікамі новых мастацкіх, эстэтычных і філасофскіх тэндэнцый, народжаных на зломе стагоддзяў, у эпоху мадэрну. «Як слушна заўважыў Уладзімір Конан, дзякуючы Якубу Коласу і іншым класікам беларускай літаратуры быў створаны своеасаблівы айчынны варыянт філасофіі жыцця і філасофіі культуры, то-бок такі тып філасофіі, які сфарміраваўся як апазіцыя да пазітывісцкага прагматызму і грунтаваўся на мастацкай традыцыі рамантызму, сімвалізму і акмеізму. Найбольш яскрава і паслядоўна гэта знайшло ўвасабленне ў “Новай зямлі” і “Казках жыцця”», — лічыць Анатоль Брусевіч. Так, на нерэалістычную аснову гэтых твораў звярталі ўвагу многія даследчыкі, сярод якіх — Пятро Васючэнка і Валерый Максімовіч. Анатоль Брусевіч падкрэсліў: акрамя ярка выяўленых сімвалісцкіх тэндэнцый, якія грунтуюцца на хрысціянскім светаўспрыманні, у ранняй лірыцы паэта прысутнічаюць і іншыя рысы, характэрныя для нерэалістычных кірункаў; і найперш заўважны ўплыў імпрэсіянізму, які праяўляецца ў пей­ зажнай лірыцы паэта. Некаторыя радкі з ранняй паэзіі Якуба Коласа пераклікаюцца з  творчасцю найлепшых майстроў слова. Даследчык звяртае ўвагу, у прыватнасці, на паралелі ў творчасці Якуба Коласа і прадстаўніка французскага сімвалізму і імпрэсіянізму Поля Верлена з яго паэтычным зборнікам «Рамансы без слоў».

Літаратура і музей

Некаторыя выступленні выдатна леглі пад асабліва традыцыйную назву сёлетняй канферэнцыі. Нібы па­ цвярджаючы тэорыю, што музей — жывы арганізм, які не засяроджваецца на мінулым, пра вынікі ка­ залі няшмат, разважалі больш пра перспектыўныя кірункі. Так, Аляксандр Крыжэвіч, старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, распавёў пра прысутнасць пісьменніка на румынскіх землях падчас Першай сусветнай вайны. Многія старонкі гэтага перыяду жыцця класіка застаюцца невядомымі, а некаторыя архівы, якія маглі б дапамагчы, неахвотна адчыняюць свае дзверы. На перспектывы супрацоўніцтва паміж музеямі, у тым ліку за мяжой, звярнуў увагу Іван Дубовік, вядучы навуковы супрацоўнік музея Якуба Коласа, правёўшы паралелі паміж «Новай зямлёй» Якуба Коласа і «Забіць перасмешніка» Харпер Лі. Васіліна Міцкевіч, галоўны захавальнік фондаў коласаўскага музея, расказала пра невядомыя дарчыя надпісы пісьменніка. Напэўна, гэты кірунак музейнай справы таксама шматабяцальны. Вылучалася сярод іншых выступленне дацэнта кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдата філалагічных навук Юліі Назаранкі: пад назвай «Канцэпт, прэцэдэнтная лексема, культурэма: змест і ўвасабленне паняццяў (на матэрыяле творчай спадчыны Якуба Коласа)» — цалкам навукова аб­ грунтаваны мовазнаўчы аналіз, хоць на слых успры­ маць такога кшталту маналогі, насычаныя спецыяль­ нымі тэрмінамі і практычнымі напрацоўкамі, даволі складана.

Між тым тэматычны абсяг гісторыка-краязнаўчай секцыі «Захаванне, музеефікацыя і ўстойлівае развіц­ цё помнікаў драўлянага дойлідства», якая размяс­ цілася ў сценах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі, таксама быў дастаткова шырокі: ад праблем захавання драўляных помнікаў і кансервацыі драўляных канструкцый да рэстаўрацыі архітэктурнай спадчыны. Звярнулі ўвагу і на заканадаўчы аспект: з дакладам наконт прававых асноў аховы і выкарыстання гісторыка-культурнай спадчыны выступіла Наталля Хвір, начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Ёсць падставы спадзявацца, што абмеркаванні дадуць свой плён.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.