Вы тут

Шырокую вядомасць Васіль Талаш атрымаў толькі пасля выхаду аповесці Якуба Коласа "Дрыгва"


Аповесць «Дрыгва» Якуба Коласа гістарычная: у ёй закранаюцца падзеі польска-савецкай вайны 1919—1921 гг. на тэрыторыі Беларусі. Нягледзячы на тое, што пра «Дрыгву» шмат пісалі і даследавалі яе, аднак пэўныя акалічнасці, звязаныя з напісаннем твора, засталіся неасветленымі. Пачатак напісання аповесці можна адлічваць ад канца 1932 года. Прычым пісаў «Дрыгву» Якуб Колас, не будучы асабіста знаёмым з прататыпам галоўнага героя свайго твора Васілём Талашом.


Зацікавіла трансфармацыя героя

Пра тое, што паслужыла штуршком для напісання аповесці, распавядаў сам творца ў артыкуле «На шырокі прастор сацбудаўніцтва»: «Летам 1932 г. была наладжана экспедыцыя трох акадэмій навук — Усесаюзнай, Украінскай і Беларускай для шырокага навуковага вывучэння Палесся. Адзін з удзельнікаў экспедыцыі ў часе раз’ездаў напаткаў старога партызана, дзеда Талаша, дужа актыўнага ўдзельніка партызанскай вайны падчас белапольскай акупацыі Палесся. Расказ старога партызана аб яго баявой дзейнасці сумесна з Чырвонай Арміяй быў перададзены мне. Расказ гэты мяне дужа зацікавіў і я палажыў яго ў аснову сваёй аповесці “Дрыгва”».

Сшытак з тымі ўспамінамі зацікавіў кіраўніка экспедыцыі ад Беларускай акадэміі навук Васіля Шчарбакова. Ён перадаў іх калегу па акадэміі Якубу Коласу. У згаданым публіцыстычным матэрыяле беларускі класік акрэсліў пачатак працы над напісаннем твора: «Аповесць “Дрыгва” я пачаў пісаць у канцы 1932 года, а скончыў яе ў канцы 1933 г. Пісаць мне прыходзілася часта на хаду. Аповесць была б значна паўнейшай і болей акругленай, калі б ёй удзяліць болей увагі, сабраць жывы, цікавы і багаты матэрыял з партызанскага руху». Крытычнае стаўленне аўтара да сваёй творчасці паказвае яго сур’ёзны падыход да пісьменніцкай справы ўвогуле. У  даваенных лістах, многія з якіх адрасаваліся рускаму пісьменніку Сяргею Гарадзецкаму, Якуб Колас перыядычна пісаў пра творчыя поспехі па стварэнні «Дрыгвы». Напрыклад, у лісце ад 6 чэрвеня 1933 г. ён згадвае: «Немножко работаю над повестью “Дрыгва”. Работа понемножку продвигается. 15 июня иду в отпуск. Поеду в деревню и там отдохну и окончу свою работу». Відавочна, што пісьменнік меў пэўны тэрмін, бо ў лісце да Сяргея Гарадзецкага ад 20 кастрычніка 1933 г. пазначана: «Теперь я тороплюсь окончить свою повесть “Дрыгва”. Мне нужно дописать ее не позже 10 ноября. Пишу и вечерами. Днем хожу в Академию и тоже пишу, если подвернется свободное время». З гэтага вынікае, што Якуб Колас шмат аддаваў сіл і часу для заканчэння твора ў тэрмін, які хутчэй за ўсё вызначаўся Камітэтам па справах культурна-асветніцкай работы пры СНК БССР.

Пра завяршэнне працы 23 снежня 1933 г. Якуб Колас зноўку пісаў Сяргею Гарадзецкаму: «Я теперь, закончив повесть “Дрыгва” (она уже напечатана и скоро выйдет  — не готова обложка), пишу небольшую детскую поэму, которую хочу закончить к первому января 1934 г.». Можна меркаваць, што Канстанцін Міхайлавіч дапісаў аповесць менавіта ў лістападзе 1933 года, бо ў наступным месяцы, як вынікае з тэксту пісьма, «Дрыгва» ўжо была адпраўлена ў друк.

У 1934 годзе, пасля выхаду ў свет «Дрыгвы», Я. Колас прызнаўся чытачам газеты «Літаратура і мастацтва»: «Чым падкупляў мяне гэты расказ? Цікава была сама ідэалагічная эвалюцыя старога жыхара глухога Палесся, як ён з чалавека непісьменнага, адсталага фармаваўся ў свядомага старонніка савецкай улады і актыўнага барацьбіта за яе, а значыць і за свае класавыя інтарэсы. Вось гэтае фармаванне новага чалавека пад уплывам розных акалічнасцей, як навала белапольскай акупацыі, жорсткая расправа акупантаў з бядняцкім сялянствам, асабліва з тым, што спачувала бальшавікам, з аднаго боку, а з другога — уплыў бальшавізму, прадстаўнікоў Чырвонай Арміі і падпольных камуністычных арганізацый — я і палажыў у аснову сваёй аповесці “Дрыгва”». Добры знаўца жыцця беларускага сялянства, Я.  Колас многае пры апісанні падзей узяў і са сваіх асабістых успамінаў. Так, пісьменнік згадваў пра эпізод палявання ваўка на дзіка, які дзеля спатолення голаду нішчыў мурашнік: «Гэта расказ майго бацькі, пачуты яшчэ ў дзяцінстве».

Якую Колас і Васіль Талаш.

«Работа над аповесцю мяне захапіла сама па сабе, — пісаў Я. Колас. — Захапіла яна і таму, што я больш-менш добра ведаў Палессе, адлюстраванае ў маіх аповесцях “У палескай глушы”, “У глыбі Палесся…”». Уважліва чытаючы твор, можна заўважыць, што некаторыя мясціны з «палескіх аповесцей» згадваюцца і ў мастацкім палатне «Дрыгвы». Напрыклад, Целяшоў дуб і Яшукова гара з ваколіц Люсіна. Магчыма, гэта сведчыць пра тое, што Якуб Колас не меў магчымасці паехаць на месца падзей, таму ствараў вобразы і прыродныя краявіды твора па запісах экспедыцыі і праз уласнае ўяўленне пра Палессе і яго жыхароў.

Застаецца загадкай, чаму сваю аповесць пра старога партызана дзеда Талаша Якуб Колас назваў «Дрыгва», бо аналагічную назву ўжо мелі творы двух беларускіх пісьменнікаў — Францішка Аляхновіча і Ільі Гурскага. Драматычны эскіз у шасці абразках пад назвай «Дры­ гва» Францішка Аляхновіча асобным выданнем вый­ шаў у 1925 годзе ў Вільні. П’еса ў трох дзеях і чатырох абразках «Дрыгва» Ільі Гурскага выйшла ў 1928 годзе ў Мінску. Аповесць «Дрыгва» Якуба Коласа пабачыла свет толькі ў 1934 годзе і стала трэцім у беларускай літаратуры творам з такой назвай. Прычым самым знакамітым. У фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа знаходзіцца адно з першых выданняў аповесці з дарчым надпісам пісьменніка свайму стрыечнаму брату па мацярынскай лініі: «Юрку Лёсіку на памяць ад аўтара 8 ІІ 1934 г».

Пераклады на рускую і польскую мовы

Практычна адразу пасля выхаду аповесць сталі перакладаць на рускую мову, пра што сведчыць ліст Якуба Коласа да супрацоўніка Беларускага дзяржаўнага выдавецтва Канстанціна Зарэмбоўскага ад 26 студзеня 1934 г.: «Маю “Дрыгву” ўзяўся перакладаць на рускую мову М. Хаванскі. Першыя крокі работы па перакладзе выклікаюць у мяне трывогу за пераклад у цэлым». Аднак ужо ў лісце Якуба Коласа ад 26 сакавіка 1934 г. да Аляксандры Рабінінай, якая на той час з’яўлялася загадчыкам сектара нацыянальных літаратур Дзяржаўнага выдавецтва мастацкай літаратуры ў Маскве, апісваецца заканчэнне перакладу аповесці: «Я уже, пожалуй, надоел Вам своими письмами. Но все же хочу известить Вас, что первод “Дрыгвы” на русский язык окончен. Я его просмотрел, кое-что исправил. Думаю, что перевод можно признать неплохим, удовлетворительным. Я настаивал, чтобы Хованский (перводчик) написал Вам о том, что перевод окончен. Написал ли он, не знаю. Вероятно, завтра-послезавтра он его вышлет, и к первому апреля перевод поступит в редакцию».

Аповесць Якуба Коласа хутка стала папулярнай. Пра гэта можа сведчыць тое, што ўжо ў 1930- х гг. яна тройчы перавыдавалася: у 1935, 1936, 1937-м гадах. Пры падрыхтоўцы першага перавыдання 1935 года ў тэкст былі ўнесены невялікія праўкі. Падчас падрыхтоўкі для перавыдання кнігі ў 1936 г. аўтар яшчэ больш перапрацаваў аповесць: былі скарочаны некаторыя ўрыўкі, якія, у  прыватнасці, закраналі пытанні беларускага і польскага адраджэння, адносін да бальшавікоў. Менавіта ў такім выглядзе тэкст аповесці друкаваўся ва ўсіх наступных выданнях. У фондах музея ёсць чацвёртае выданне аповесці «Дрыгва» 1937 года з дарчым надпісам аўтара свайму блізкаму сваяку Ігнату Юр’евічу Міцкевічу: «Ігнасю на памяць аб Загібельцы, Падбярэжжы і Вусці. Я. Колас. 24.ХІ.1937 г.». Усе пералічаныя мясціны знаходзяцца на Пухаўшчыне. Іх пісьменнік вельмі любіў, адпачываў там улетку.

З нагоды выхаду 3-га выдання аповесці ў 1936 г. літаратуразнавец Іван Замоцін адзначаў: асаблівасцю коласаўскай кампазіцыі ў «Дрыгве» з’яўляюцца ўкропленыя ў некаторых месцах лірычныя адступленні, якія падаюцца праз малюнкі прыроды і паасобныя жанравыя сцэны. Што да недахопаў, І. Замоцін лічыў, што «не хапае больш шырокага ахопу гістарычных падзей і больш шырокай гістарычнай перспектывы». Тым не менш ідэйна-мастацкая каштоўнасць аповесці вызначалася як даволі высокая.

Цікава, што менавіта ў 1936 годзе «Дрыгва» была перакладзена на польскую мову і мела назву «Mokradla». Гэтае выданне выйшла ў Савецкай Беларусі, а вось пераклад аповесці на тэрыторыі сучаснай Польшчы адбыўся толькі ў 1951 годзе, прычым пад іншай назвай «Trzesawisko». На тытульным аркушы даваеннага перакладу было пазначана: «Wydawnictwo Państwowe Białorusi, Sektor Mniejszości Narodowych». Выйшла «Дрыгва» («Mokradla») па-польску ў мінскай друкарні імя Сталіна сярэднім на той час накладам — 2685 асобнікаў. Дарэчы, перакладчыцай аповесці Якуба Коласа на польскую мову з’яўляецца Ядвіга Машынская-Гельтман (1886—1946) — паэтка, рэвалюцыянерка, жанчына з няпростым і пакручастым лёсам, з моцным духам і непахіснымі перакананнямі.

Герой атрымліваў персанальную прэмію 

Галоўны герой твора «Дрыгва», дзед Рыгор Талаш, як вядома, быў насамрэч Васілём Талашом. Слава пра ўчынкі мясцовага партызана ў час польска-савецкай вайны разнеслася далёка за ваколіцы Петрыкаўшчыны, і ўжо ў 1927 годзе ён атрымлівае персанальную пенсію. Адпаведная пастанова была выдадзена камісіяй пры Народным камісарыяце сацыяльнага забеспячэння (НКЗС) ад 24 кастрычніка 1927 г.: «У зьмяненьне пастановы Міжведамсьцвеннай камісіі па назначэньню пэнсіі і дапамог пра НКСЗ ад ІІ/IV-27 г. №31, вызначыць гр. ТАЛАШУ В. пэрсанальную пэнсію ў суме 25 р. штомесячна, пачынаючы з І/XI-27 г. Пастанова канчаткова і абскарджваньню не падлягае». У наступным годзе Васіль Талаш узнагароджваецца ордэнам Чырвонага Сцяга. Яшчэ да напісання аповесці Васіль Талаш меў персанальную пенсію і ордэн. У заслугі яму прыпісвалася наступнае: «В 1920 году, во время нахождения бело-поляков в д. Новосёлки, Петриковского района, крестьянин ТАЛАШ перебрался через польский фронт к Красной Армии и организовал партизанский отряд в 300 человек. Будучи командиром партизанского отряда выбил поляков из деревни Новоселки, где убил одного поручика и  несколько солдат и забрал пулемет. После этого крестьянин ТАЛАШ со своим сыном, совместно с отрядом, производил налеты и разведки среди поляков, а по расформировании отряда перешел в Красную Армию и состоял разведчиком в 417 полку 47 дивизии до окончательного освобождения Мозырского округа от белополяков».

Шырокую вядомасць Васіль Талаш атрымаў у сярэдзіне 1930-х гадоў, адразу ж пасля з’яўлення на паліцах бібліятэк і кнігарняў аповесці «Дрыгва». Чытачы захапляліся мужнасцю і гераізмам галоўнага героя твора, высока цанілі ваяцкія здольнасці, актыўна цытавалі яго трапныя выразы… «Дзе і калі я сустрэўся з дзедам Талашом? Калі мне не здраджвае памяць, я ўпершыню сустрэўся з героем сваёй аповесці ў Мінску, у будынку Акадэміі навук… Гэта было ў 1934 годзе, пасля таго, калі аповесць была выдадзена, — успамінаў Я. Колас. — Дзед Талаш прачытаў яе і вырашыў убачыць мяне. Мы гаварылі з ім пра аповесць. Дзед крыху крытыкаваў мае пралікі. Так, напрыклад, у аповесці дзед названы Рыгорам. На самой жа справе яго завуць Васілём (Ісакавічам). Я пераблытаў і імёны яго сыноў. Ён таксама не быў згодзен са мной і ў тым, што ён збег ад трох канваіраў, польскіх салдат. Дзед упарта стаіць на тым, што іх было пяць...» Большую вядомасць далёка за межамі Савецкай Беларусі Васіль Талаш атрымаў пасля таго, як у 1937 годзе Якуб Колас напісаў драму ў чатырох дзеях паводле «Дрыгвы» і назваў яе «У пушчах Палесся», а кампазітар Анатоль Багатыроў у 1939 годзе стварыў оперу па аднайменнай п’есе.

Такім чынам, яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай вайны дзед Талаш (Васіль Ісакавіч Талаш) стаўся сімвалам змагання з варожымі сіламі. Ваяўнічы вобраз яшчэ больш умацаваўся падчас падзей Другой сусветнай вайны на тэрыторыі еўрапейскай часткі Савецкага Саюза. Аднак удзел дзеда Талаша ў ваенных дзеяннях падчас Вялікай Айчыннай вайны, сустрэча з Якубам Коласам у атэлі «Масква», а таксама агітацыйная дзейнасць у час вайны — гэта ўжо сюжэты іншых гісторый.

Аляксандр КРЫЖЭВІЧ, старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа

Друкуецца ў “ЛіМе”

Выбар рэдакцыі

У свеце

Чарназём з дастаўкай. Чаму ва Украіне зямлю выставілі на продаж?

Чарназём з дастаўкай. Чаму ва Украіне зямлю выставілі на продаж?

Набываць землі сельгаспрызначэння замежнікам па-ранейшаму не дазваляецца.

Культура

Які будзе каралеўскі палац у Старым замку?

Які будзе каралеўскі палац у Старым замку?

Гэта другая чарга рэстаўрацыі.

Грамадства

Вучоба анлайн і афлайн. Як лічбавыя тэхналогіі дапамагаюць спраўляцца з выклікамі часу?

Вучоба анлайн і афлайн. Як лічбавыя тэхналогіі дапамагаюць спраўляцца з выклікамі часу?

Пасля пандэміі каранавіруса адукацыя ўжо ніколі не будзе ранейшая.