Вы тут

Андрэй Дударэнка: Справа не ў ролях — справа ў добрых фільмах


Творчы шлях чалавека пачынаецца задоўга да першай кнігі, карціны і музычнага твора. Першае адносна матэрыяльнае стварэнне — гэта ўжо пэўны вынік творчай працы. А першае зерне падае ў зямлю тады, калі чалавек адчувае патрэбу ў самавыяўленні праз мастацтва. Асабліва гэтае правіла спрацоўвае ў тэатры і кіно: першы пастаўлены спектакль ці фільм, дэбютная роля — вялікая справа.


10 кастрычніка свой 90-гадовы юбілей адзначае Андрэй Дударэнка — акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага. Андрэй Сцяпанавіч вучыўся ў Ленінградскім дзяржаўным інстытуце тэатра, музыкі і кіно на курсе Л. Ф. Макар’ева, пасля працаваў у тэатрах у розных частках Савецкага Саюза. У 1988 годзе ён прыехаў у Мінск. Cюды запрасіў Аляксандр Ткачонак, калега па фільме «Міхайла Ламаносаў». Праца ў Белару­ сі для Андрэя Дударэнкі — вяртанне да каранёў. Акцёр называе сябе «беларусам алтайскага разліву». Продкі яго працавалі ў пана Ваньковіча, а пасля сталыпінскіх рэформ перасяліліся ў Алтайскі край, шмат працавалі на ўрадлівай зямлі і хутка сталі заможнымі. Пасля 1917-га сям’я трапіла пад раскулачванне. Гэтага ўсяго Андрэй Сцяпанавіч не заспеў. Але дзяцінства яго супала з іншымі падзеямі: рэпрэсіі 1937-га калектывізацыя, Другая сусветная вайна і ўсе яе наступствы. «Была праца: днём — у калгасе, увечары — на сваім агародзе. А пачалася вайна — мы, дзеці, сталі дарослымі за адзін дзень. Я, можа, таму і да дзевяноста гадоў дажыў: дзяцінства не было. Чалавек фарміраваўся ў жорсткіх умовах, у працы. Можа, у гэтым і ёсць загадка чалавечага даўгалецця. У любым выпадку, у дзіцёнку трэба выха­ ваць такі характар, каб ён быў здольны супраціўляцца абставінам», — разважае акцёр.

 На мінскай сцэне Андрэй Дударэнка граў у пастаноўках па п’есах Шэкспіра, Меражкоўскага, Булгакава, Бергмана і іншых і дагэтуль задзейнічаны ў шасці спектаклях.

Акрамя шматлікіх роляў у тэатры, акцёр мае шы­ рокую фільмаграфію. Сам Андрэй Дударэнка згадвае фільмы «Мой сябар Іван Лапшын», «Халоднае лета пяцьдзясят трэцяга...», «Міхайла Ламаносаў», «До­ тык». Але на пытанне пра любімыя ролі адказ­ вае так: «Я не той акцёр, які “я бы марыў сыграць...” Я лічу так: што даюць, тое і бяры. І паспрабуй у гэтым зрабіць нешта цікавае. Справа не ў ролях — справа ў добрых фільмах, у тым, каб патрапіць у рэжысуру. У некаторых рэжысёраў — Юрыя Германа, Аляксанд­ ра Прошкіна, — запытваў: “Чаму мяне ставіце заўсёды на адмоўныя ролі? Я, здаецца, да бандыта не надта па­ добны”. А ім менавіта такі бандыт і быў патрэбны...» Але адна з роляў запомнілася сваёй незвычайнас­ цю. У фільме «Дотык» іграў не сам Андрэй Дударэн­ ка, а  яго партрэт. «Найбольш водгукаў чамусьці бачу пра гэты фільм і гэтую “ролю”», — распавядае акцёр. «Дотык» — адзін з першых постсавецкіх фільмаў жахаў, дзе партрэт бацькі, у якасці якога скарыстаны фотаздымак Андрэя Дударэнкі, даводзіць да самагубства дзяцей. Увасобіць такую жахлівую ролю толькі адным выразам твару — запамінальная праца.

«Біяграфія мая багатая не ўзлётамі нейкімі, а менавіта разнастайнасцю. Канешне, гэтая хвароба мастацтва сядзіць у чалавеку ўжо з дзяцінства. Нас у маці шэсць чалавек, я адзіны, хто “звіхнуўся” на тэатры і кіно», — адзначае Андрэй Дударэнка. Хаця ў яго творчай біяграфіі сапраўды хапае і эпізадычных невялікіх роляў, акцёр не лічыць гэта вельмі важным. Галоўнае, упэўнены ён, не што ты сыграў і наколькі стаў вядомым, а тое, што ты займаешся менавіта сваёй справай. Ва ўласным выбары Андрэй Дударэнка ніколі не сумняваўся.

 Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.