Вы тут

Над чым працуюць беларускія фармацэўты і мікрабіёлагі?


Айчынныя фармацэўтычныя прадпрыемствы вырабляюць самыя розныя лекавыя прэпараты, у тым ліку супрацьпухлінныя, для лячэння сардэчна-сасудзістай сістэмы і страўнікава-кішачнага тракта, а таксама для пацыентаў з не самымі распаўсюджанымі, але вельмі цяжкімі хваробамі — такімі, як рассеяны склероз. Пры гэтым вытворцы ўпэўнены, што беларускія аналагі нічым не горшыя за замежныя арыгіналы, тым больш што патрабаванні да іх якасці вельмі жорсткія.


Адным з вытворцаў высокатэхналагічных супрацьпухлінных прэпаратаў з'яўляецца Інстытут біяарганічнай хіміі НАН Беларусі. Тут асвоілі выпуск дарагіх прэпаратаў, якія патрабуюцца для беларускіх пацыентаў у невялікай колькасці — да 120 кілаграмаў у год. Пры гэтым кошт аднаго флакона замежнага прэпарату можа даходзіць да некалькіх соцень долараў.

— Мы стараемся выбіраць для выпуску дарагія лекавыя сродкі, каб забяспечыць імпартазамяшчэнне і разгрузіць бюджэт, — расказвае дырэктар Інстытута біяарганічнай хіміі Святлана Бабіцкая. — Усе гэтыя прэпараты выкарыстоўваюцца ў шпітальным сектары, і пацыенты іх атрымліваюць бясплатна, бо закупляе дзяржава.

Заканчваецца распрацоўка тэхналогіі вытворчасці і двух таргетных (малекулярна-накіраваных, якія «б'юць» па пэўных мішэнях) прэпаратаў для лячэння пячоначна-клетачнага і ныркава-клетачнага раку, а таксама хранічнага міелалейкозу.

А арыгінальны лекавы сродак гэтага вытворцы «Лейкавір» прызначаны для лячэння пацыентаў з рассеяным склерозам — ён спыняе разбурэнне запаленых участкаў галаўнога мозга. Гэты прэпарат, дарэчы, летась атрымаў залаты медаль на выстаўцы інавацый у Санкт-Пецярбургу.

Інстытут фізіка-арганічнай хіміі НАН Беларусі вырабляе лекавыя сродкі на аснове амінакіслот, якія добра засвойваюцца і не маюць істотных пабочных эфектаў. Адзін з іх — «Інакардзіл» — па антыішэмічным і кардыятропным дзеянні не саступае вядомаму «Прэдукталу». Прадпрыемства «Акадэмфарм» вядзе распрацоўку вытворчасці прэпаратаў супраць ВІЧ і гепатыту.

Калі ў 2010 годзе айчынныя прэпараты на беларускім рынку займалі 22 % у вартасным выражэнні, то з 2015 года гэтая лічба перавышае 50 %. Прычым цана беларускіх аналагаў у 1,5-2 разы ніжэй за імпартныя. У Беларусі 38 фармвытворцаў. Найбольш значныя — «Белмедпрэпараты», барысаўскі і нясвіжскі заводы медыцынскіх прэпаратаў, «Мінскінтэркапс», «Экзон» і «НПЦ Лоціас» — аб'яднаны ў фармацэўтычны холдынг. На яго рахунку — каля 80 % вытворчасці і такі ж унёсак у экспарт. Прадаюцца беларускія лекі ў 35 краін свету. Па якасці яны не саступаюць імпартным аналагам.

— Нашы вытворцы закупляюць субстанцыі на тых жа заводах у Індыі і Кітаі, што і сусветна вядомая «Байер». На 90 % нашы заводы перааснашчаны і працуюць на сучасным абсталяванні. Калі выязджаем на выстаўкі ў Расію і Украіну, першае, што змятаецца з паліц, — нашы лекі, — кажа дырэктар «НПЦ Лоціас» Уладзімір Гапановіч.

Беларускія навукоўцы займаюцца і распрацоўкай прэпаратаў супраць COVІD-19.

— Група біяінфарматыкаў прааналізавала базы даных і знайшла структуры, якія могуць стаць правобразам прэпарату, што будзе блакіраваць бялкі каранавіруса. Але каб прыступіць да яго сінтэзу, неабходна фінансаванне. Таму мяркуем, што выкананне гэтых работ пачнецца ў наступным годзе. Разлічваць на выхад такога прэпарату можна ў бліжэйшыя некалькі гадоў, — расказала Святлана Бабіцкая.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Супраць раку, гепатыту, рассеянага склерозу і COVІD-19

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».