Увод у эксплуатацыю БелАЭС не адмяняе здабычу энергіі з аднаўляльных крыніц. Гэтая тэма па-ранейшаму ў трэндзе. Бо недарагая і чыстая энергія — адна з мэт Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года. Як развіваюцца ў нашай краіне альтэрнатыўныя крыніцы энергіі (АКЭ), расказала начальнік упраўлення рэгулявання ўздзеяння на атмасфернае паветра, змены клімату і экспертызы Мінпрыроды Наталля ГУЛЬНІЦКАЯ (на фота).
— Чаму тэма атрымання энергіі з аднаўляльных крыніц, вобразна кажучы, не сыходзіць з першых старонак?
— Для гэтага ёсць некалькі прычын. Пачнём з міжнародных абавязацельстваў нашай краіны. Беларусь далучылася да Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату, Кіёцкага пратакола і Парыжскага пагаднення да яе. Мінпрыроды, з'яўляючыся органам, адказным за выкананне гэтых абавязацельстваў, падтрымлівае развіццё аднаўляльнай энергетыкі ў нашай краіне, бо яно спрыяе скарачэнню выкідаў парніковых газаў і забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра, а ў выпадках атрымання энергіі з біягазу і розных відаў біямасы адначасова вырашаюцца пытанні ўтылізацыі адходаў.
Гэта пацвярджаецца лічбамі. Спальванне вуглевадародных відаў паліва суправаджаецца значным паступленнем у атмасфернае паветра парніковых газаў. З 92 млн тон парніковых газаў, выкінутых у 2018 годзе, 57 млн тон, або каля 62 %, прыпадаюць на энергетычны сектар, то-бок спальванне паліва стацыянарнымі і мабільнымі крыніцамі.
У агульным аб'ёме выкіду забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра ад стацыянарных крыніц за 2019 год, які склаў 426,1 тыс. тон, выкіды ад спальвання паліва складаюць 85 тыс. тон, або 20 %.
Сонца і вецер — невычэрпныя прыродныя рэсурсы, а атрыманая з гэтых крыніц энергія — самая чыстая, бо ад яе няма ніякіх выкідаў у атмасфернае паветра: ні забруджвальных рэчываў, ні парніковых газаў. Такія віды энергіі прырода нам проста дорыць, за іх не трэба плаціць валютай, як у выпадку з вуглевадародным палівам.
— Аднак жа часта кажуць пра тое, што наш клімат не вельмі падыходзіць для здабычы энергіі з АКЭ.
— Гадавы прыход сонечнай радыяцыі на адзінку плошчы нашай краіны супастаўны з такім паказчыкам для Германіі, Польшчы і іншых краін Еўропы, дзе сонечная энергетыка развіваецца больш высокімі тэмпамі. А з улікам удасканалення тэхналогій развіццё ветраэнергетыкі ў Беларусі таксама эфектыўнае і эканамічна апраўданае.
— Наталля Барысаўна, якія віды аднаўляльных крыніц энергіі ў нашай краіне выкарыстоўваюцца больш за ўсё?
— У іх пераліку нічога не змянілася. Гэта драўнянае паліва, якое ў асноўным выкарыстоўваецца для вытворчасці цеплавой энергіі. Пашырэнне яго прымянення ў энергетычных мэтах павінна адбывацца за кошт комплекснага выкарыстання адходаў лесанарыхтоўкі і дрэваапрацоўкі. Найбольш эфектыўна можна выкарыстоўваць неліквідную драўніну, адходы лесанарыхтоўкі і дрэваапрацоўкі шляхам іх трансфармацыі ў шчэпкі ці пелеты.
Атрыманне энергіі пры спальванні розных відаў біямасы, напрыклад, адходаў дрэваапрацоўкі або раслінаводства, а таксама біягазу, што атрымліваецца з адходаў жывёлагадоўлі і раслінаводства, цукровай або спіртавой вытворчасці, камунальных адходаў, адходаў ачышчальных збудаванняў, дазваляе адначасова вырашыць пытанні ўтылізацыі арганічных адходаў. Відавочна, што наша краіна мае дастатковы патэнцыял для развіцця аднаўляльнай энергетыкі. Да таго ж эфектыўнае выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі — гэта абавязковы складнік «зялёнай» эканомікі, адзін з кірункаў устойлівага развіцця любой дзяржавы.
— Ці атрымліваюць праекты ў сферы развіцця выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі, што рэалізуюцца ў нашай краіне, міжнародную падтрымку ПРААН / ГЭФ?
— Так, падтрымка ёсць. Напрыклад, праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Ліквідацыя бар'ераў для развіцця ветраэнергетыкі ў Рэспубліцы Беларусь». Вынікам праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕС з'яўляецца стварэнне і функцыянаванне на базе Рэспубліканскага цэнтра дзяржаўнай экалагічнай экспертызы і павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Мінпрыроды сучаснай ветраэнергетычнай устаноўкі магутнасцю 2,5 МВт паблізу населенага пункта Грабнікі Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.
— Калі Мінпрыроды выдала першы сертыфікат аб пацвярджэнні паходжання энергіі і колькі іх ужо ёсць?
— З 2011 года да цяперашняга часу выдадзены 228 сертыфікатаў аб пацвярджэнні паходжання энергіі па 266 устаноўках па выкарыстанні АКЭ, уключаючы пускавыя комплексы і чэргі будаўніцтва ўстановак, агульнай вызначанай магутнасцю больш за 390 МВт. Сёння відавочна, што доля энергіі, якая здабываецца з АКЭ, у агульным аб'ёме выпрацоўкі электраэнергіі ў краіне застаецца па-ранейшаму нязначнай. Гэта пры тым, што ёсць патэнцыял для яе нарошчвання.
Аксана ЯНОЎСКАЯ
Прэв’ю: greenbelarus.info
Ледзяное покрыва яшчэ не акрэпла, а таму выходзіць на яго рызыкоўна і небяспечна.
Рыбам давядзецца вырашаць сур’ёзныя сямейныя праблемы.