Вы тут

Студэнцкі попыт на кошт арэнды жылля амаль не паўплываў


Так здарылася, што з прычыны пандэміі багатыя турысты ўжо не складалі ў жніўні-верасні канкурэнцыю нашым іншагароднім студэнтам і так званым «белым каўнерыкам», якія здымаюць жыллё ў буйным горадзе на зімовы час. Дык вось, сезон высокага попыту на арэнду кватэр у гэтым годзе аказаўся як ніколі кароткі і ўпершыню за апошнія пяць гадоў не прывёў да росту цэн, адзначаюць эксперты рынку жыллёвай нерухомасці Мінска.


Свабодных кватэр стала больш у разы

Гэты цяжкі год увойдзе ў гісторыю рынку арэнды кватэр як год з самым кароткім перыядам павышанага попыту. Толькі ў ліпені і жніўні частата запытаў аб пошуку здымнага жылля знаходзілася на ўзроўні, які можна назваць высокім. Ужо з сярэдзіны верасня попыт на арэнднае жыллё зноў упаў ніжэй за сярэдняе шматгадовае значэнне, апусціўшыся за месяц у параўнанні са жніўнем на 27 %. Як адзначаюць аналітыкі рынку, у мінулыя гады попыт заставаўся высокі з пачатку лета і аж да сярэдзіны восені — дзесьці да 20-х чыслаў кастрычніка.

Прапанова кватэр на фоне нізкай актыўнасці арандатараў чарговы раз вырасла. Іх агульная колькасць у базе ў верасні перавысіла жнівеньскі ўзровень на 8,5 %. Але мацней за ўсё змяніўся аб'ём прапановы кватэр на рынку доўгатэрміновай арэнды ў параўнанні са студзенем-лютым гэтага года. Менавіта дзесьці з пачатку года ў нашай краіне пачаў «прасядаць» рынак пасутачнай арэнды. За гэты час колькасць кватэр на «доўгатэрміноўцы» ўзрасла з трох тысяч амаль да шасці тысяч аб'ектаў. Спецыялісты лічаць, што лішак кватэр на доўгатэрміновай арэндзе будзе назірацца яшчэ даволі працяглы час, аж да поўнай перамогі чалавецтва над злым вірусам.

Бюджэтныя аднапакаёўкі — пачынаючы з 200 долараў

Вядома, апошнія падзеі паўплывалі на работу агенцтваў нерухомасці, але пры гэтым трэба разумець, што традыцыйны студэнцкі ажыятаж нікуды не дзеўся. Маладыя людзі і цяпер арганізуюцца ў «студэнцкія» камуналкі, дзе двухпакаёвую кватэру здымаюць па двое-трое чалавек. «У складчыну» студэнты здымаюць нават аднапакаёвыя кватэры.

Дык вось, самыя танныя малыя кватэры прапануюцца за 200–210 долараў плюс аплата камунальных паслуг. Дарэчы, трэба разумець, што па такім кошце прапануецца жыллё, якое трохі адрозніваецца ад стандартнага. Гэта будзе кватэра на нізкім першым паверсе, або месца ў загазаваным раёне. Адмоўнай характарыстыкай арэнднага жылля стане і не зусім зручнае яго размяшчэнне (пяць-шэсць прыпынкаў ад другой лініі метро), старая мэбля, няякасная сантэхніка і халодныя сцены. Калі першапачаткова вам прапануюць досыць танную кватэру, нягледзячы на яе якаснае начынне, варта адразу пацікавіцца, хто там прапісаны. Пры ўмове, што там ніхто не прапісаны, плаціць за камунальныя паслугі ў ацяпляльны сезон прыйдзецца значна больш (у два, тры разы).

Калі кватэра сапраўды маленечкая, а да таго ж у ёй адсутнічае мэбля, тады яна можа здавацца і за 190 долараў у месяц. Але гэта хутчэй выключэнне, чым правіла.

Існуюць у сталічных агенцтваў нерухомасці больш ліквідныя кватэры. Ніжні цэннік такога жылля пачынаецца з 220–230 долараў. А цалкам «нафаршыраваныя» бытавой тэхнікай і свежай мэбляй кватэры будуць каштаваць у месяц каля 240–260 долараў. Сярэдні цэннік аднапакаёвых кватэр роўны 244 доларам.

Двухпакаёвыя — не нашмат даражэйшыя

Афіцыйны сярэдні цэннік гэтых кватэр роўны 288 доларам. Мінімальная цана бюджэтнай «двушкі» пачынаецца з 210 долараў. Менавіта столькі каштуе арэнда двухпакаёвай «хрушчоўкі» з прахаднымі пакоямі. Знаходзіцца такая кватэра на крайніх паверхах старога пяціпавярховага дома. Большасць сярэдніх па якасці кватэр гэтага класа (з прымальнай мэбляй і пральнай машынай) падпадаюць у цэнавы дыяпазон ад 240 да 270 долараў, але...

Менавіта вялікая колькасць двухпакаёвых кватэр перайшла з класіфікацыі сутачных у ранг доўгатэрміновай арэнды. Гэтае жыллё не заўсёды з ідэальным рамонтам, але ў асноўным з прапіскай бліжэй да цэнтра горада. А ў цэнтры мегаполіса цэннік на здымнае жыллё ўжо значна вышэйшы. Так што ў апошні час невялікую і не вельмі дарагую кватэру студэнты могуць адшукаць і недалёка ад будынка свайго ўніверсітэта.

Цяпер на рынку дастаткова кватэр з элітным рамонтам і з павышаным цэннікам. А пры залішняй канкурэнцыі, як вядома, цэны нязменна зніжаюцца. Двухпакаёвыя кватэры па цане больш за 400 долараў ужо на працягу двух-трох месяцаў працягваюць з невялікім поспехам шукаць сваіх кліентаў.

Трохпакаёвыя — 300 плюс

Гэтыя шматпакаёвыя кватэры заўсёды мелі невялікі попыт. Кліентам на такое жыллё павінна быць дастаткова вялікая сям'я, бізнесмен сярэдняй рукі або статусны чыноўнік. Вялікая сям'я здымае кватэру, калі будуе новую. Такіх няшмат, але яны ёсць.

Падчас пандэміі ў Мінску значна скарацілася колькасць кавярняў, рэстаранаў і іншых арганізацый грамадскага харчавання. У апошні час са сталіцы едуць цэлымі сем'ямі людзі, якія разлічвалі «заваяваць» Мінск, а для гэтага старанна працавалі ў сферы абслугоўвання. Яны мелі дастаткова прыстойныя даходы. Цяпер іх стала менш.

Таму трохпакаёвыя кватэры прапануюцца па цане крыху больш чым за 300 долараў. У агульным каталогу арэндных кватэр я адшукаў усяго шэсць аб'ектаў па цане ад 270 да 300 долараў. Ды і то гэтыя варыянты былі занадта слабенькія, каб разлічваць на самавітага кліента.

Сярэдні цэннік гэтага жылля знаходзіцца ў дыяпазоне ад 330 да 360 долараў.

Што датычыцца варыянтаў VІР-узроўню, то там усё ў рэжыме чакання. Паколькі попыт на гэтыя кватэры фарміраваўся ў асноўным замежнымі кліентамі, то сёння яго фактычна няма.

Дагавор — і, пажадана, на некалькі гадоў

Сярод новых нюансаў у сферы арэнды — патрабаванні кватарантаў, каб у іх здымнай кватэры быў абавязкова нехта прапісаны (зарэгістраваны), а таксама каб з уласнікам кватэры быў заключаны афіцыйны дагавор у ЖЭСе. Гэтыя патрабаванні цалкам зразумелыя, бо ў кватэры, дзе ніхто не зарэгістраваны, «жыроўка» за ацяпленне зімой можа дасягаць шалёных лічбаў. Заключэнне дагавора (дзе агучаны памер аплаты) у час амаль мінімальных цэннікаў на арэнду дадае кватаранту ўпэўненасці, што ўжо заўтра тарыф арэнды гаспадар кватэры істотна не павялічыць.

Цяпер змянілася і стаўленне ўласнікаў жылля да сваіх патэнцыйных кватарантаў. Калі раней гаспадары даволі скрупулёзна выбіралі сабе пастаяльцаў, то сёння іх палітыка на гэты конт стала больш гнуткая. У большасці выпадкаў адсутнічае катэгарычнае табу на сем'і з малымі дзецьмі, кампанію з двух-трох студэнтаў, а таксама на аматараў кошак і сабак. Гаспадары зусім не супраць свойскіх жывёл, але пры наяўнасці ў кватэры дарагіх шпалер яны могуць запатрабаваць у кватарантаў пакінуць пэўную суму задатку на выпадак псавання маёмасці. Звычайна памер такога задатку складае цану месячнай арэнды жылля або палову ад такой стаўкі. У гэтым выпадку спецыялісты рынку арэнды раяць патэнцыйным кватарантам загадзя агаворваць падобныя нюансы з уласнікамі жылля, пажадана, фіксаваць такія дэталі ў дагаворы.

Зніжэнне магчымае і зімой

Больш за тое, цяпер спецыялісты адзначаюць, што менавіта гэтай зімой на рынку будзе назірацца павольная тэндэнцыя па далейшым патанненні сярэдніх па якасці кватэр, стаўкі па якіх раней былі вышэй, чым у бюджэтным сектары жылля. Гэта не імгненнае патанненне, а, хутчэй, карэкціроўка цэннікаў. Так, спачатку гаспадар утульнага жылля выстаўляе яго ў агульным каталогу па адной цане, але праз два-тры тыдні (калі кватэрай ніхто не цікавіцца) ўласнікі ўжо згаджаюцца на зніжку ў памеры 20—40 долараў ад першапачатковай цаны.

Будзьце пільныя

Танны і якасны аб'ект — толькі ў пастцы

Ужо вядомы ў банкаўскай сферы фішынг дабраўся і да аперацый з нерухомасцю. А першай пацярпелай аказалася дзяўчына, якая трапіла ў рукі ашуканцаў, жадаючы арандаваць жыллё.

Афіцыйны тэлеграм-канал Следчага камітэта апублікаваў інфармацыю аб тым, што пры пошуку кватэры ў арэнду дзяўчына папала на грошы. Па даных следства, увечары 6 кастрычніка 22-гадовая дзяўчына ўбачыла на адной з папулярных гандлёвых інтэрнэт-пляцовак аб'яву аб здачы кватэры ў арэнду і напісала яго аўтару пра сваё жаданне арандаваць азначанае жыллё. Ёй адразу паведамілі, што ахвотных вельмі шмат і калі яна хоча займець ключы, то неабходна ўнесці перадаплату як мага хутчэй. Пасля чаго «арэндадаўца» прапанаваў перайсці па спасылцы і перавесці грашовыя сродкі.

А вось паказаная спасылка апынулася фішынгавай старонкай, вонкава падобнай да старонкі гандлёвай пляцоўкі, дзе пацярпелая ўвяла рэквізіты сваёй банкаўскай карты нібыта для ўнясення перадаплаты за арэнду кватэры. Пасля ўводу даных з яе карт-рахунку неадкладна спісалася больш за 500 рублёў. Па даным факце заведзена крымінальная справа (крадзеж шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі).

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.