Вы тут

Аляксандр Марозаў: Мне лёсам наканавана быць у фiгурным катаннi


Сярод журналiстаў Аляксандр Марозаў вядомы як «энцыклапедыя» фiгурнага катання. Па каментарый, ацэнку, меркаванне — толькi да яго. У мiнулым спартсмен, сёння — трэнер, суддзя, рэжысёр-пастаноўшчык лядовых шоу, тэлевiзiйны каментатар. Уявiць беларускае фiгурнае катанне без яго немагчыма. Яны разам раслi, развiвалiся, пераадольвалi цяжкасцi, прадыктаваныя часам. Як не толькi рабiць сваю справу, але i жыць ёю, Аляксандр Марозаў расказаў «Звяздзе».


Фота Ганны Занкавіч.

— Аляксандр Iванавiч, вы часта каментуеце фiгурнае катанне. Але нiколi не расказваеце, чаму менавiта гэты спорт стаў справай вашага жыцця?

— Я здзiўлены, што мая памяць захоўвае падзеi 60-гадовай даўнасцi, а мне ў душы 30 гадоў. Гiсторыя майго прыходу ў фiгурнае катанне — сапраўдны сюжэт для лiтаратурнага твора. Мае бацькi пазнаёмiлiся падчас вучобы ў Ленiнградскiм тэхналагiчным iнстытуце. Тады фiгурнае катанне толькi пачынала развiвацца, i Ленiнград быў адным з яго цэнтраў. Мама i тата пазнаёмiлiся на катку, дзе ўпершыню ўбачылi прафесiйнага фiгурыста. I пасля яны вырашылi, што калi ў iх будзе дачка, яна стане фiгурысткай. Але нарадзiўся хлопчык i дзявацца не было куды. Калi мне было чатыры гады, мы пераехалi ў Мiнск. I ўжо тут бацька паставiў мяне на канькi. Ён фiзiк-оптык па адукацыi, працаваў на абаронным заводзе i актыўна цiкавiўся лiтаратурай па фiгурным катаннi. Тата быў маiм першым трэнерам паўтара года. Але потым ён зразумеў, што ведаў недастаткова для падрыхтоўкi спартсмена. I якраз у гэты час у Мiнск прыехала група выдатных расiйскiх трэнераў, якiя набiралi групу дзяцей.

— Наколькi вядома, тады ў Мiнску не было належных умоў для фiгурыстаў...

— Тады для любога вiду спорту ўмоў не было. У навагоднiя святы працаваў каток на Кастрычнiцкай плошчы, i ўсё. Але нашы трэнеры знайшлi пляцоўку недалёка ад цырка. Там на месцы былой электрастанцыi адкрылi Рэспублiканскi дом фiзкультуры з вялiзнымi спартыўнымi заламi замест цэхаў. Калi я ўпершыню туды трапiў, галава закружылася ад шчасця. А ў двары была зроблена пляцоўка для фiгурыстаў. Нiколi не забуду, як там залiвалi лёд. Зразумела, што спецыяльных машын не было. Бацькi сваiмi рукамi зрабiлi санi на вялiзных металiчных палазах, на якiх стаяла бочка з кiпенем. З яе выцякала вада. I гэтую бочку, як бурлакi на Волзе, перад кожнай трэнiроўкай цягалi на сабе бацькi. А фiгурысты штораз чысцiлi пляцоўку. I, што самае дзiўнае, якасць таго лёду была не горшая за якасць лёду, якi робяць зараз па сучасных тэхналогiях.

— У вас адразу з'явiўся iнтарэс да фiгурнага катання?

— З самага пачатку я заявiў бацькам, што фiгурнае катанне мне зусiм не патрэбна i я хачу гуляць у хакей. Але яны ўгаварылi мяне паспрабаваць. I паўтара года я валяў дурня на трэнiроўках. Мы гулялi ў снежкi, ныралi ў гурбы, кулялiся на гiмнастычных матах. Дзiўлюся цярпенню нашых трэнераў, якiя нас не выгналi. Але потым у мяне прачнуўся сапраўдны iнтарэс да фiгурнага катання. I калi я ўзяўся за розум, пачалiся першыя поспехi. Я папаў у першы састаў нацыянальнай зборнай па фiгурным катаннi. I сёння ганаруся, што я адзiны са зборнай працую трэнерам. Мы выступалi на ўсесаюзных спаборнiцтвах. Месцы займалi сцiплыя, я круцiўся ў раёне 10-га. I калi мой трэнер зразумеў, што вышэй я не падымуся, мяне перавялi ў парнае катанне. Тады гэты быў абсалютна невядомы вiд. Але мая кар'ера скончылася праз траўмы, несумяшчальныя са спортам. Я застаўся нерэалiзаваны, злы на сябе, на лёс. Асаблiва крыўдна было, што я толькi-толькi палюбiў фiгурнае катанне — i адразу прыйшлося з iм развiтацца.

— I вы вырашылi заняцца трэнерскай справай?

— Тут таксама не абышлося без прыгод. Бацькi пасля абароннага завода працавалi ў Iнстытуце фiзiкi i матэматыкi Акадэмii навук. I, натуральна, яны хацелi, каб я паступiў на фiзiчны факультэт i стаў вучоным-фiзiкам. Я выдатна ведаў фiзiку ў школе. Але аднойчы з аднакласнiкамi мы вырашылi пазмагацца ў футбольным матчы з хлопцамi з паралельнага класа. I не знайшлi лепшага моманту, чым кантрольная па фiзiцы. Настаўнiца за гэта на мяне вельмi пакрыўдзiлася i на выпускным экзамене паставiла «чатыры». I я зненавiдзеў фiзiку. I падаў дакументы ў «першую сустрэчную» ВНУ — тэхнiчны ўнiверсiтэт на будаўнiчы факультэт. Я выдатна яго скончыў, паступiў у аспiрантуру, але ўвесь час займаўся фiгурным катаннем. Прасiўся трэнерам у адзiную на той час школу фiгурнага катання. Але мяне не ўзялi праз адсутнасць адукацыi. Тады я звярнуўся ў домакiраўнiцтва i папрасiў залiць каток, каб трэнiраваць дзяцей. Мне пайшлi насустрач — i ўсю зiму я вучыў мясцовых дзяцей катацца на каньках. Па Мiнску пайшла пагалоска, i нарэшце мяне запрасiлi на работу ў школу фiгурнага катання. Аспiрантуру я пакiнуў амаль перад абаронай дысертацыi. Проста падарыў сваю навуковую работу сябру. А сам з галавой пагрузiўся ў работу ў дзiцяча-юнацкай школе «Спартак». Перыяд з 1978-га па 1985 год быў залаты для школы: адкрывалiся спецкласы, праводзiлiся спаборнiцтвы. А з пачаткам перабудовы пачаўся заняпад. На той час ужо было тры школы фiгурнага катання, i iх вырашылi аб'яднаць. Пэўную колькасць трэнераў скарацiлi, i я аказаўся ў iх лiку.

— Аляксандр Iванавiч, як вы апынулiся ў Расiйскiм iнстытуце тэатральнага мастацтва (ГIЦIС)?

— Яшчэ падчас работы трэнерам я адчуваў, што мне патрэбна спецыялiзаваная адукацыя. I якраз у ГIЦIСе па iнiцыятыве легендарнага трэнера Людмiлы Пахомавай адкрывалася аддзяленне фiгурнага катання на балетмайстарскiм факультэце. Туды было вельмi цяжка паступiць. Але я паспяхова здаў экзамены i быў залiчаны. Гэта з намi працавалi легендарныя трэнеры Iгар Бобрын, Алена Чайкоўская, выдатныя балерыны i балетмайстры. Там я вучыўся ў алiмпiйскага чэмпiёна Аляксандра Гаршкова, зараз ён узначальвае федэрацыю фiгурнага катання Расii. Мы ставiлi свае лядовыя спектаклi. Гэта быў неверагодны час i бясцэнны вопыт. I тут за некалькi месяцаў да абароны дыплома мяне звольнiлi са школы. Я аказаўся на вулiцы з дыпломам ГIЦIСа. I выкарыстоўваць веды не было дзе. Каб выжыць, прыйшлося працаваць грузчыкам.

— I якое выйсце знайшлi?

— У секцыю фрыстайла быў патрэбен трэнер, якi мог бы навучыць спартсменаў прыгожа катацца на лыжах з элементамi фiгурнага катання. Нiчога дзiўнага тут няма, тады ў фрыстайле iснавала дысцыплiна — лыжны балет. Гэта была вялiкая авантура, я нават не ўмеў катацца на лыжах. Але я рызыкнуў i не пашкадаваў. Атрымаў вялiкi вопыт, навучыўся катацца на лыжах. Шмат фiгурыстаў перайшло ў балет на лыжах. Пасля гэтую дысцыплiну выключылi з фрыстайла. I мне зноў прыйшлося шукаць сваё месца. Я адкрыў студыю эстраднага танца, працаваў акцёрам у дзiцячым тэатры, адкрываў магазiн спартыўнага адзення. Вядома, 90-я гады славяцца росквiтам бандытызму, з якiм таксама прыйшлося сутыкнуцца.

— Што паспрыяла вашаму вяртанню ў фiгурнае катанне?

— Увесь час я iмкнуўся вярнуцца на работу ў мiнскую школу фiгурнага катання, але мяне не бралi. I на маё шчасце, у Вiцебск са сваёй групай з Масквы прыехала працаваць выдатная трэнер Нiна Iванаўна Ручкiна. Яна запрасiла мяне ў якасцi трэнера-дублёра. Нiна Iванаўна — уладная, рашучая жанчына, яе часта параўноўваюць з вядомай Таццянай Тарасавай. Яна пачала развiваць фiгурнае катанне ў Вiцебску. Але мне было некамфортна пад яе таталiтарным кiраўнiцтвам, я быў «галодны» да творчасцi. Аднак дзякуючы Нiне Iванаўне я прайшоў вялiкую школу.

— Аляксандр Iванавiч, вы вядомы як чалавек, якi «падняў» фiгурнае катанне ў Гомелi. Там, нарэшце, змаглi праявiць свой творчы патэнцыял?

— У пачатку 2000-х пошукi прывялi мяне ў Гомель, дзе я, нарэшце, змог сябе рэалiзаваць. Там працаваў выдатны калектыў, якi мяне цёпла прыняў. Я ўдзячны гэтаму гораду за маю прафесiйную самарэалiзацыю. Мы адкрылi першы дзiцячы лядовы балет, актыўна ставiлi спектаклi. Нават ездзiлi з гастролямi. Былы старшыня Беларускага саюза канькабежцаў i дырэктар «Мiнск-Арэны» Мiкалай Ананьеў запрасiў нас выступiць са спектаклем «Алiса ў краiне цудаў». Мы далi пяць аншлагавых спектакляў на «Мiнск-Арэне». I калi ў канцы аб'яўлялi, што гэта выступаў дзiцячы калектыў з Гомеля, у сталiчнай публiкi быў шок.

— Чаму вы не ставiце такiя прадстаўленнi ў Мiнску — яны маглi б паспрыяць папулярызацыi фiгурнага катання?

— Год назад я вярнуўся з Гомеля ў Мiнск i пакуль шукаю, дзе можна прымянiць свае веды ў пастаноўцы лядовых спектакляў. Спадзяюся, знайду рашэнне. У Мiнску фiгурным катаннем займаецца каля тысячы дзяцей. Да вялiкага спорту дарастуць чалавек дзесяць. А што рабiць астатнiм? Шоу для iх — выдатны варыянт, тут яны могуць сябе рэалiзаваць. У гомельскай школе займалiся 150 дзяцей. Для тых, хто не выступаў на спаборнiцтвах, прадстаўленнi былi галоўнай падзеяй.

— Праўда, што дзякуючы вашай працы ў Гомелi наша краiна пачала прымаць мiжнародныя спаборнiцтвы па фiгурным катаннi?

— Гэта можа здацца нясцiплым, але так i ёсць. Беларусы лiчылi сябе нявопытнымi i баялiся выступаць з iнiцыятывай аб правядзеннi спаборнiцтваў. А я не пабаяўся i прапанаваў правесцi ў Гомелi мiжнародны старт «Залатая рысь». Мяне падтрымала абласное кiраўнiцтва. I ў 2006 годзе Гомель прыняў першы ў суверэннай гiсторыi Беларусi мiжнародны турнiр па фiгурным катаннi. Тады на «Залатую рысь» прыехалi спартсмены з трох краiн. На наступны год — ужо з васьмi. I ў 2008 годзе Мiжнародны саюз канькабежцаў даверыў Гомелю правядзенне этапу Гран-пры. Гэта была своеасаблiвая авантура, але мы справiлiся. Гледзячы на гомельскiя поспехi, падцягнуўся Мiнск. У Гомелі пачалася гiсторыя дзiцячых спаборнiцтваў «Зорачка». Мы сiстэматызавалi правядзенне турнiру ў некалькi этапаў i прывучылi спартсменаў i трэнераў да сiстэмных выступленняў. Так Гомель дапамог развiвацца ўсяму беларускаму фiгурнаму катанню. I сёння ў нас менш спартыўных дасягненняў, чым поспехаў у правядзеннi спаборнiцтваў.

— Вашы вучнi працягнулi вашу трэнерскую працу?

— Я ўдзячны Гомелю i за маiх вучанiц. Там я падрыхтаваў шэсць чэмпiёнак краiны. Яны выраслi i самi сталi трэнiраваць спартсменаў. Некаторыя з iх ужо сталi мамамi i я са спакойнай душой перадаў iм справы. На жаль, зараз у Гомелi застой. Пачаў развальвацца трэнiровачны каток, пагоршылася база, а грошай на рамонт няма. Спадзяюся, гэта хутка выправiцца.

— Як вы ставiцеся да тэндэнцыi запрашаць замежных спартсменаў для прадстаўлення Беларусi на мiжнародным узроўнi?

— Так, для падняцця вынiкаў можна запрашаць замежных спартсменаў i трэнераў. Але нельга забываць пра свае таленты. Легiянеры не павiнны перакрываць кiсларод айчынным спартсменам, яны павiнны быць прыкладам. У нас многа таленавiтых маладых спартсменаў i трэнераў i нельга душыць жаданне развiвацца. Iнакш яны сыдуць са спорту. Я станоўча стаўлюся да легiянераў, але ўсё павiнна быць у меру.

— Аляксандр Iванавiч, у чым сакрэт вашай вернасцi фiгурнаму катанню?

— Я проста люблю гэты спорт, гэта маё наканаванне. Вялiкi дзякуй маiм бацькам, якiя прывiлi мне гэту любоў i дапамагалi мне развiвацца. Мне лёсам суджана быць у фiгурным катаннi.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».