Вы тут

Хто адкажа за лёс Гелiядора?


Валанцёры не аддалi ката гаспадынi. Яна падала на iх у суд.

Гэта судовая справа насамрэч незвычайная, хаця выглядае банальнай. Фабула нескладаная. Ката, якога адлавiлi работнiкi спецгаспадаркi, валанцёры аддалi iншай асобе. Мiж тым былая гаспадыня пазнала свайго ката на сайце дабрачыннага таварыства. Перагаворы з валанцёрамi не прынеслi спрыяльных для яе вынiкаў. Каб вярнуць свайго выхаванца, жанчына звярнулася ў суд.


Суд аб выпатрабаваннi сваёй маёмасцi з чужога незаконнага валодання праходзiў з удзелам двух бакоў. З аднаго — былая гаспадыня Алена, з другога — прадстаўнiкi дабрачыннага таварыства «Выратуй жыццё». Менавiта яны — тры жанчыны-валанцёры — выступiлi адказчыкамi ў гэтай справе. Падчас працэсу iсцiца Алена расказала аб сваiм выхаванцы, а таксама паведамiла, пры якiх абставiнах ён знiк.

Па словах жанчыны, тры гады таму яна падабрала на вулiцы рыжага ката, якi атрымаў мянушку Тарнада. Паколькi кот не быў кастрыраваны, ён часта выходзiў гуляць на вулiцу, мог не прыходзiць некалькi дзён, але потым зноў вяртаўся. Так было да сакавiка гэтага года. Падчас чарговай прагулкi з сынам гаспадынi кот уцёк. Вядома, бiць трывогу нiхто не спяшаўся, бо такiя выпадкi былi i раней. Але тэрмiн знiкнення зацягнуўся, i гаспадыня занепакоiлася. Пачала шукаць яго на сайтах, а потым звярнулася ў пункт адлову безнаглядных жывёл пры спецаўтагаспадарцы.

— У дыспетчарскай мне сказалi, што ўсе каты, якiя адлоўлены, будуць знаходзiцца на сайце «Выратуй жыццё». Я зайшла на гэты сайт i сапраўды ўбачыла свайго ката. Я яго пазнала, як i кожны ўладальнiк жывёлы пазнае свайго выхаванца. Я зразумела, што гэта мой кот, — паведамiла на судзе Алена.

Праўда, цяпер кот зваўся Гелiядор. Па словах iсцiцы, быў аб'яўлены збор сродкаў на яго лячэнне. Алена ўвайшла ў перапiску з адмiнiстрацыяй сайта з просьбай вярнуць ёй ката. Але неўзабаве атрымала такую СМС: «Вы вiнаватыя ў тым, што згубiлi ката, вiнаватыя ў тым, што кот быў на мяжы жыцця i смерцi, i вы смееце яшчэ пiсаць усiм, хто дапамагае яго выратаваць? Можа, нам варта пiсаць заяву у мiлiцыю? Будзеце аплачваць лячэнне ката, якi ваш, паводле вашага меркавання? Гатовыя заплацiць 200 рублёў за тое, што вы нядбайны гаспадар?»

Аднак на судзе валанцёры заявiлi, што не ведаюць пра лёс ката, якога шукае Алена. I ўвогуле яна павiнна даказаць, што той рыжы кот, якi быў на сайце, менавiта яе выхаванец. Бо нiякiх жэтонаў на iм не было. Пры гэтым дзеяннi самiх валанцёраў выклiкалi пытаннi ў суддзi. Напрыклад, чаму яны адмовiлi жанчыне паглядзець на ката, якi трапiў у адлоў i якому шукаюць гаспадара? Чаму не здымаецца аб'ява, калi ката няма? I чаму праз некалькi дзён на сайце з'яўляецца збор сродкаў на лячэнне гэтага ката? На гэтыя пытаннi валанцёры чамусьцi не змаглi даць дакладны адказ. Патлумачылi няўзгодненай дзейнасцю членаў таварыства. Магчыма, здымак ката размясцiў дзяжурны валанцёр, якога зараз вызначыць складана.

У перапынку судовага пасяджэння я пацiкавiлася, хто працуе ў дабрачынным таварыстве i колькi адлоўленых жывёл яны аддалi новым гаспадарам. Па словах старшынi таварыства «Выратуй жыццё» Анастасii, валанцёры — гэта людзi, якiя дапамагаюць у свой вольны час, бясплатна. Яны супрацоўнiчаюць са спецаўтагаспадаркай, дзе ёсць пункт адлову безнаглядных жывёл. Як правiла, з аднаго адлову прывозяць 3-5 асобiн.

— Гэта не прытулак, i жывёл не могуць там трымаць, мы шукаем кампрамiс памiж магчымасцю дзяржаўнай установы i жыццём гэтых iстот. Часу на пошук новых гаспадароў адводзiцца зусiм мала — усяго пяць сутак. А ў тых, што прыносяць самi гаспадары, наогул няма шанцаў, — расказала Анастасiя.

Яна таксама прыгадала некалькi выпадкаў паспяховага вынiку iх дзейнасцi, калi жывёлам з адлову былi знойдзены новыя гаспадары. Праўда, дакладнай лiчбы назваць не змагла, такога ўлiку таварыства не вядзе.

Вядома, не магла не пацiкавiцца i сiтуацыяй, якая стала падставай для судовай справы. Няўжо нельга было аддаць ката гэтай жынчыне? У валанцёраў свае аргументы. Яны лiчаць, што гаспадыня нядбайная, кот амаль не быў дома, хiба толькi прыходзiў спаць. Маўляў, яна i сама сказала, што стала шукаць ката толькi праз два тыднi. Прытым яны не ўпэўнены, што гэта менавiта яе кот. Бо ў iх практыцы быў выпадак, калi ў ката аб'явiлiся некалькi гаспадароў ужо пасля таго, як яму знайшлi новы дом. Праўда, там да суда справа не дайшла, змаглi гэты працэс урэгуляваць. Яшчэ быў выпадак, калi дзяўчына прынесла ў пункт адлову кошку, якую быццам падабрала на вулiцы, а на самай справе гаспадары папрасiлi прыгледзець за ёй падчас ад'езду. Добра, што яны своечасова прыйшлi па яе.

— У многiх валанцёраў таварыства свая трагiчная гiсторыя, звязаная з жывёламi. Таму з'явiлася ўнутраная патрэба дапамагаць. Прыходзiць нямала людзей, у тым лiку студэнты, але далёка не ўсе могуць вытрымаць. Добра, калi яны затрымаюцца на некалькi дзён. Магчыма, валанцёрскi рух быў бы больш актыўны, калi б улады таксама не стаялi ўбаку ад праблемы безнаглядных жывёл. Вядома, зрабiць iн'екцыю прасцей за ўсё, але варта шукаць больш гуманныя шляхi, — лiчыць Анастасiя.

Валанцёры не ўтойваюць, што ўмовы ўтрымання жывёл у пункце адлову далёкiя ад нармальных. Таму яны найперш iмкнуцца размясцiць на сайце здымкi тых жывёл, якiя трапляюць сюды. Работнiкi спецгаспадаркi таксама не застаюцца ўбаку, тэлефануюць валанцёрам пасля чарговага адлову, каб тыя забiралi жывёл. Перадаюць iх проста ў мяшках. Такiм чынам трапiў да iх i рыжы кот, якi пазней атрымаў мянушку Гелiядор. Пад гэтым iмем ён з'явiўся на сайце, а потым i ў новай гаспадынi.

— На нашу думку, былая гаспадыня парушыла правiлы ўтрымання хатнiх жывёл, кот не зарэгiстраваны, хоць жыў у яе амаль чатыры гады. Таму лiчым, што iсцiцу саму трэба прыцягнуць да адказнасцi, — заявiлi на судзе прадстаўнiкi дабрачыннага таварыства.

Алена, у сваю чаргу, наракала на валанцёраў, якiя адмовiлi аддаць ёй ката. Незразумелым, на яе погляд, з'яўляецца i збор сродкаў на лячэнне ката, якога ў iх, вiдаць, ужо не было. Як стала вядома падчас судовага разбору, у ветэрынарную клiнiку звярталася новая гаспадыня Гелiядора.

Што датычыцца спрэчак наконт таго, «той гэта кот цi не», было праведзена даследаванне фотаздымкаў ката падчас яго знаходжання ў Алены i на сайце пасля адлову. Спецыялiсты кафедры анатомii жывёл Гродзенскага аграрнага ўнiверсiтэта пацвердзiлi, што гэта той самы кот у розныя перыяды яго жыцця. На гэтым можна было б i завяршыць наш артыкул пра незвычайную судовую справу. Бо вынiкам стала адмова суда ў iску да адказчыкаў — факт знаходжання ката ў валанцёраў не быў даказаны. Акрамя таго, у iсцiцы не ўзнiкла права ўласнасцi на жывёлу. Аб тым, што гэта за права, крыху пазней. А зараз — даволi сумны працяг.

Сапраўды, у адлоўленага з вулiцы ката знайшлася новая гаспадыня. Ёю стала студэнтка гродзенскай ВНУ, якая ўбачыла на сайце аб'яву пра ката Гелiядора i забрала яго да сябе. Яна адразу павезла ката ў клiнiку, дзе ў яго выявiлi шэраг захворванняў, у тым лiку цыстыт, а таксама абламаныя iклы. Урач сказаў, што гэта ад умоў утрымання, магчыма, жывёла знаходзiлася дзесьцi ў зачыненым памяшканнi. Было прызначана лячэнне, i кот быццам пайшоў на папраўку, але аднойчы раптоўна пачалiся сутаргi, i ён загiнуў. Пражыў у новай гаспадынi дзесьцi месяцы тры.

Дык хто насамрэч вiнаваты ў нешчаслiвым лёсе рыжага ката Гелiядора? Нядбайная гаспадыня, якая не звяртала асаблiвай увагi, дзе прападае яе выхаванец па некалькi дзён? А можа, валанцёры, якiя чамусьцi адмовiлi жанчыне, якая яго шукала? Цi служба адлова, дзе жывёлы ўтрымлiваюцца ў неспрыяльных умовах?

У першую чаргу суд даў прававую ацэнку гаспадынi ката. Як аказалася, ёю парушана заканадаўства аб утрыманнi хатнiх жывёл.

— Калi знаходзiш безнаглядную жывёлу, як было з гаспадыняй ката, трэба звярнуцца альбо ў мiлiцыю, альбо ў ЖЭС цi ў органы мясцовага самакiравання i паведамiць аб гэтым. I калi праз паўгода нiхто не заявiў аб праве ўласнасцi, такое права набывае новы гаспадар. Пры гэтым жывёлу неабходна зарэгiстраваць. Дадзеная працэдура не патрабуе ад уладальнiкаў нiякiх страт, трэба проста прыйсцi ў ЖЭС i там атрымаць жэтон. Пасля таго нiякiх праверак, ніякiх падаткаў на жывёлу не будзе, — патлумачыла суддзя Ксенiя Стасюкевiч. — Гэта не ўсе ведаюць, людзi бяруць безнагляднага ката цi сабаку i лiчаць, што робяць добрую справу, а такiя моманты не ўлiчваюць, i тады даказаць сваё права на жывёлу вельмi складана. Вось i ў дадзеным выпадку нельга сказаць, што Алена валодала катом законна. А суд можа вярнуць жывёлу, якая з'яўляецца асаблiвым вiдам маёмасцi, толькi таму, хто мае на яе законнае права.

Ёсць у суда заўвагi i да дзейнасцi валанцёраў, якiя ўзялi на сябе функцыю вызначыць, хто дбайны, а хто нядбайны гаспадар. Зноў жа, адсутнiчае кантроль за зборам сродкаў. Варта было б павярнуць гэтую дзейнасць у законнае рэчышча, бо ахвотных дапамагчы нямала. Разам з тым валанцёрская дзейнасць — амаль што адзiны шанц для такiх жывёл.

Гэты прэцэдэнт, лiчыць Ксенiя Стасюкевiч, дае падставу для ўдасканальвання заканадаўства. У краіне ёсць правiла ўтрымання жывел хатнiх i безнаглядных, зацверджаныя пастановай Савета Мiнiстраў, ёсць iншыя акты. На жаль, яны не зусiм гуманныя. Згодна з iснуючымi правiламi, жывёла без жэтона ў пункце адлова павiнна быць падвергнута эўтаназii на працягу сутак, з жэтонам — на працягу пяцi сутак. Дарэчы, Гродзенскiм гарвыканкамам прынята рашэнне ўраўняць у правах жывёл з жэтонамi i без — i першыя, i другiя маюць шанц да выратавання на пяць сутак. Але i гэта не выйсце. Праблему, лiчыць Ксенiя Стасюкевiч. трэба разглядаць больш пiльна, знаходзiць сродкi для ўтрымання гэтых жывел, ствараць умовы ў часовых прытулках i прапагандаваць iх стэрылiзацыю. Дарэчы, валанцёрскае таварыства звярталася да гарадскiх улад з прапановай стварыць прытулак пры таварыстве, але пытанне заглухла на стадыi звароту, бо не атрымала падтрымкi.

Кот Гелiядор не проста аказаўся ў ланцужку неспрыяльных падзей. Яго трагiчны лёс — не выпадковая з'ява, а, хутчэй, безадказнасць грамадства перад нашымi меншымi братамi. Здаецца, усе нядрэнныя людзi, усе iмкнулiся дапамагчы кату, а ў вынiку атрымалася даволi сумная гiсторыя. Прыгожы быў кот Гелiядор. I загiнуў. А мне гэты рыжы кот нагадаў суседскага ката Фiлю, таксама рыжага, якi таксама вельмi часта ходзiць гуляць на вулiцу. Яго флегматычны выгляд прымушае жыхароў пад'езда адчыняць яму дзверы. I наўрад цi каму прыйдзе ў галаву зрабiць гэтаму кату шкоду. Але гэта, напэўна, зусiм iншая гiсторыя.

Маргарыта УШКЕВIЧ

Фота з адкрытых крынiц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».