Вы тут

Пачынаеш цаніць сваё, калі замежнае недаступна. Як жыве аграсядзіба «У Пятровіча» падчас пандэміі каранавіруса


Аграсядзіба знаходзіцца непадалёк ад Мінска, у вёсцы Серафімова, што на тэрыторыі Міханавіцкага сельсавета. Мне здавалася, што Пятровіч — чалавек такога сталага веку. Але сустрэў мужчына, якому на выгляд крыху больш за трыццаць.


— Мы працуем з 2005 года. Купілі тут дом для пражывання. Але палічылі, што ён занадта вялікі, таму вырашылі заняцца агратурызмам. Усё рабілі сваімі рукамі разам з сям'ёй У выніку ў нас уладкавана банкетная зала на 45 месцаў з магутнай акустычнай сістэмай, зонай для танцаў, святламузыкай. Абсталяваны дзіцячы пакой. Пакуль мамы і таты весяляцца, малыя глядзяць мульцікі, забаўляюцца пад наглядам дарослых, — кажа Максім Аўчынікаў.

Для аматараў фінскай лазні таксама створаны камфортныя ўмовы. Пасля парылкі яны могуць адпачыць, папіць гарбаты ці квасу, паслухаць музыку. Для тых, хто аддае перавагу адпачынку на свежым паветры, устаноўлены альтанкі, мангал для шашлыкоў. Тут жа —дзіцячыя пляцоўкі, абсталяваныя рознымі атракцыёнамі. А вось і невялікая сажалка з перакідным мастком, дзе можна пастаяць, атрымліваючы асалоду ад ціхага цурчання вады.

На тэрыторыі сядзібы растуць яблыні і чарэшні, якія наведвальнікі могуць зрываць і есці, чым ахвотна карыстаюцца. У планах — зрабіць вялікі басейн, вадаём з падагрэвам, дзе можна будзе купацца нават зімой, і яшчэ адну лазню з гасцявым домікам.

— Што змянілася ў вашай рабоце ў сувязі з пандэміяй каранавіруса, ці выраслі цэны на паслугі? — пацікавілася ў свайго суразмоўніка.

— Працуем, так бы мовіць, на дагаворнай аснове, ідзём насустрач пажаданням нашых гасцей. У будныя дні зніжаем кошт адпачынку. Ды і наогул, дамаўляемся з кліентамі наконт цэн на паслугі. Напрыклад, прапаноўваем розныя варыянты пры арганізацыі банкетаў, карпаратыўных мерапрыемстваў. Людзі могуць даставіць свае прадукты, а нашы кухары агаворваюць з імі меню. Некаторыя наогул прыносяць стравы, прыгатаваныя дома. У гэтым выпадку кошт паслугі будзе значна меншы. Хтосьці з заказчыкаў не жадае займацца дадатковымі клопатамі, і мы бяром усё на сябе.

Раней на сядзібе адпачывалі літоўцы, палякі, туркі, расіяне. Праўда, іх было не так шмат, у большасці «У Пятровіча» прымала беларусаў. Было, што і масквічы заязджалі проста, каб тут пераначаваць. Цяпер на аграсядзібе больш адпачываюць мінчане, а жыхары навакольных населеных пунктаў прыходзяць папарыцца ў лазні.

Падчас эпідэміі каранавіруса наведвальнікаў паменела, прызнаецца гаспадар. Ды і наогул, толькі на адных турыстах не заробіш. Таму ўпор робіцца на правядзенне карпаратываў. У той жа час вяселляў стала менш, а вось святкаванняў дзён нараджэння ды іншых мерапрыемстваў паболела.

Наогул, каранавірус паўплываў на ўнутраны турызм, прымусіў беларусаў звярнуць больш увагі на сваё, паколькі межы многіх краін былі закрытыя. Яны не змаглі выехаць у Турцыю, Егіпет, Індыю. Нават цяпер, калі некаторыя з краін знялі абмежаванні на ўезд, нашы суайчыннікі не надта гараць жаданнем пагрэцца на тамтэйшым сонейку — баяцца каранціну. Таму многія атрымалі магчымасць ацаніць мясцовы ўзровень сэрвісу, які год ад году паляпшаецца. Кожны гаспадар прыўносіць нешта новае ў арганізацыю адпачынку: ладзіць для сваіх кліентаў пешыя, конныя, лодачныя, велапрагулкі, катанне на конях і сабачых запрэжках, экскурсіі па знакамітых мясцінах, што дазваляе бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй краіны, продкаў. А дзе за мяжой можна пасядзець на беразе ціхай рачулкі з вудачкай, пазбіраць у лесе грыбы і ягады?

— Ці падтрымлівае дзяржава вас фінансава, матэрыяльна падчас пандэміі ? І якой бы дапамогі вам хацелася? — пацікавілася ў Максіма Пятровіча.

— Не перашкаджаюць працаваць — і тое добра, — усміхаецца ён. — Галоўнае, што не падымаюць адзіны падатак на наш від дзейнасці. Сёння мы ўносім адну базавую велічыню (27 рублёў) раз у год. Лічу, гэта амаль што бясплатна. Што тут яшчэ можна прасіць? Вядома, калі б мы арандавалі памяшканне, то, думаю, давялося б плаціць немалыя грошы. А так усё сваё. Акрамя таго, штогод плацім падатак на зямлю і нерухомасць.

Максім Аўчынікаў ні на кога не спадзяецца, разлічвае толькі на свае сілы і сілы сваёй сям'і. Сам выбірае і прывозіць будматэрыялы для пашырэння гаспадаркі, прадукты для кухні. Па меры паступлення грошай паціху стараецца будавацца.

Неяк спрабаваў узяць банкаўскі крэдыт на развіццё, але ад гэтай ідэі адмовіўся. «Вельмі шмат папер трэба прадставіць, патраціць шмат сіл і намаганняў, каб яго атрымаць», — кажа Максім Пятровіч.

— Прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу кажуць, што для самаакупнасці неабходна адкрываць некалькі пунктаў гандлю, кавярняў або салонаў. А як у агратурызме? Дзейнічае гэтае правіла?

— Я набыў участак у Гродзенскай вобласці. Маю намер пабудаваць яшчэ адну аграсядзібу. Але цяпер разважаю: ці варта — вельмі шмат клопату. Ды і кіраваць гаспадаркай павінен не старонні чалавек, а сям'я. Былі выпадкі, калі ўладальнікі аграсядзіб наймалі сваякоў. І нават яны ўмудраліся падманваць.

Бізнес павінен быць толькі сямейны, бо хто, як не сям'я — бацькі, дзеці, сёстры, браты — зацікаўлены, каб ён развіваўся і квітнеў, прыносіў прыбытак, лічыць Максім.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.