Вы тут

Пра восеньскія клопаты мясцовай улады


Пра восеньскія клопаты мясцовай улады карэспандэнт «МС» пагутарыў са старшынёй Маладзечанскага раённага Савета дэпутатаў Андрэем Паўкштам.


— Андрэй Анатолевіч, у краіне распачаўся ацяпляльны сезон — падзея чаканая і традыцыйная, тым не менш яго старт рэдка абыходзіцца без непрыемных сюрпрызаў. Што робіцца ў раёне, каб іх было менш?

— Падрыхтоўку да яго мы заўсёды вядзём сумесна з райвыканкамам. У зоне яго адказнасці — спецыяльная тэхніка, навясное абсталяванне, пляцоўкі для ўтылізацыі снегу, таксама стварэнне аварыйных брыгад, назапашванне ў дастатковым аб'ёме сумесяў для апрацоўкі вуліц і дарог. Увогуле ўсе арганізацыі і службы горада і раёна гатовыя да ацяпляльнага сезона. Пашпарты гатоўнасці атрымалі ўстановы сацыяльнага прызначэння, аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту.

У раённага Савета і яго дэпутатаў і сваё кола клопатаў і абавязкаў, і свая спецыфіка падрыхтоўкі да зімовага перыяду. У нашым раёне 13 сельсаветаў, там, дзе ёсць кацельныя, усе яны маюць адпаведны дазвол на падачу сваім насельнікам цеплавой энергіі. Адна з галоўных задач сельскіх Саветаў — забеспячэнне вясковых жыхароў, жыллё якіх не газіфікавана, палівам. Гэта пераважна дровы і брыкет. На асаблівым уліку шматдзетныя сем'і, адзінокія пажылыя і нярэдка сур'ёзна хворыя людзі. Сёлета больш чым 50 такім жыхарам мы ў рамках дабрачыннай акцыі завезлі па машыне дроў.

— На жаль, рэдкі ацяпляльны сезон абыходзіцца без вясковых пажараў. Як звесці да мінімуму гэту сумную статыстыку?

— Важная роля ў папярэджванні пажараў па-ранейшаму належыць аглядным камісіям сельсаветаў. Іх дзейнасць сёлета вясной і ў пачатку лета была прыпынена з-за пандэміі. Але апошнім часам і асабліва ў перыяд падрыхтоўкі да зімы камісіі зноў аднавілі сваю работу. І вельмі дарэчы. Бо ўдалося выявіць у асобных дамах істотныя недахопы ва ўтрыманні жылля, якія пры збегу непажаданых абставін могуць прывесці да трагедыі.

Члены камісій не ў сілах абысці кожны падворак на тэрыторыі іх сельсавета. Наведваем звычайна тых, хто выклікае наш пэўны інтарэс праз абыякавае стаўленне да выканання папярэдніх заўваг. Скажам, праігнараваны ранейшае патрабаванне рамонту печкі, іншыя слушныя рэкамендацыі спецыялістаў. Такіх, мякка кажучы, абыякавых да свайго жылля, здароўя і, нарэшце, жыцця, члены камісіі наведваюць нават па некалькі разоў штогод. Галоўнае — не дапусціць бяды.

— Зіму адзінокаму пажылому чалавеку перажыць у вёсцы часам вельмі складана. У цяжкую задачу ператвараецца спроба прынесці вядро вады з калодзежа, прапаліць печку, адкінуць снег ад ганка, схадзіць да аўталаўкі. Чым дапамагаеце такім вяскоўцам?

— У раёне ўжо не першы год існуе практыка арганізацыі сумеснага пражывання адзінокіх людзей саліднага ўзросту. Такі цэнтр працуе ў Сасновым Бары. У аграгарадку Гарадок ёсць бальніца сястрынскага догляду, дзе пад наглядам медыкаў старыя могуць перазімаваць у нармальных умовах.

Фота: glubinka.by

— А работа па добраўпарадкаванні таксама працягваецца?

— Яна ніколі не заканчваецца. Хацелася б, каб жыхары ўсіх сельсаветаў, а таксама размешчаныя на іх тэрыторыі арганізацыі і прадпрыемствы ўдзельнічалі ў добраўпарадкаванні сваіх населеных пунктаў. Гэта не толькі работа па азеляненні, пасадка дрэў або кустоў, афармленне кветнікаў. Вітаецца райсаветам, напрыклад, правядзенне суботнікаў, экалагічных акцый, скажам, па ліквідацыі стыхійных звалак смецця, уладкаванне дзіцячых пляцовак, рамонт агароджаў і іншыя мерапрыемствы па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні тэрыторый двароў. Зразумела, у зоне пастаяннай увагі сельсаветаў знаходзяцца мемарыяльныя комплексы, мясціны баявой і воінскай славы.

— Не новая праблема, але ад гэтага не менш актуальная — знос кінутых, пустых і старых дамоў. Як вы яе вырашаеце ў раёне, скажам, у рамках кампаніі па навядзенні парадку на зямлі?

— Сапраўды, пытанне не з прыемных. І што цікава, калі пачынаем разбірацца з кожным такім домам — кандыдатам на ліквідацыю, то даволі часта высвятляецца, што ў яго недзе ёсць уладальнік, які, на жаль, не праяўляе аніякай цікаўнасці да спадчыны. Імкнёмся адшукаць гаспадара, паўплываць на яго, каб нейкім чынам праявіў клопат пра дзедаўскую сядзібу. А калі не атрымліваецца знайсці ўладальніка, а набыць хату праз аўкцыён няма ахвотных, тады адзін шлях — знос з наступнай утылізацыяй адходаў. Між іншым, нятанная справа. Таму імкнёмся прымеркаваць знос старога дома да суботніка, пэўныя рэшткі аддаём людзям на дровы, а шыфер, рубероід вывозім на сметнік.

Сёлета ўжо знеслі 19 такіх нічыйных дамоў. На падыходзе яшчэ некалькі. Спачату чатыры з іх выставім на аўкцыён. Дзейнічаем абавязкова ў прававым полі, каб потым не ўзнікала да нас пытанняў.

— Ролю вашых памочнікаў — старастаў вёсак — цяжка пераацаніць. Хто яны?

— Большасць старастаў вёсак нашага раёна — людзі сталага ўзросту. І гэта нармальна. Каб адпавядаць статусу старасты, чалавек павінен валодаць вялікім жыццёвым досведам, ведаць людзей, зарэкамендаваць сябе ў працы, грамадскім жыцці, паважаць мясцовыя традыцыі і звычаі. Тады яму будуць давяраць і больш прыслухоўвацца, раіцца з ім. Як, напрыклад, стараста з вёскі Груздава Ніна Аляксандраўна Станевіч. Па выніках конкурсу Мінскага абласнога Саветаў дэпутатаў сярод сельскіх, пасялковых, гарадскіх (гарадоў раённага падпарадкавання) Саветаў дэпутатаў, органаў грамадскага тэрытарыяльнага самакіравання па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва ў свой час Ніна Аляксандраўна заняла 2-е месца ў вобласці і была ўзнагароджана дыпломам і грашовай прэміяй.

Са свайго боку мясцовая ўлада раёна таксама імкнецца падтрымліваць старастаў маральна і матэрыяльна. Мы не забываем пра іх і пры падвядзенні вынікаў года сярод найлепшых па прафесіі ў раёне: для іх ёсць спецыяльная намінацыя «Найлепшы стараста грамадскага тэрытарыяльнага самакіравання». Пераможцы ўзнагароджваюцца граматай і прэміяй. І як найлепшыя працаўнікі заносяцца на раённую дошку гонару.

Леанід ЛАХМАНЕНКА

Загаловак у газеце: Тэрыторыя адказнасці

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.