Вы тут

Цягнік ляцеў у восеньскую ноч...


Не ўсё, што ты лічыш добрай справай, можа ў выніку менавіта дабром аказацца.


Колькі гадоў мінула, а не дае спакою, цвеліць памяць і сумленне адзін успамін. Асабліва гэтым часам, калі вечары становяцца цёмныя і самотныя, калі ківаюцца ў акне задраныя ўгару бязлістыя пальцы дрэў, а вецер стукае ў шыбу, бы злосны п'яніца, які па ночы збіўся з дарогі. Мы тады былі студэнтамі, нам было гадоў мо па дваццаць. Такімі вось цёмнымі восеньскімі вечарамі ў паўгалодных дзевяностых мы, не зважаючы на холад у інтэрнацкім пакоі, вельмі здорава бавілі час за танным малдаўскім віном, якое прадавалася закатаным у трохлітровыя слоікі, ды нарэзанымі скрылікамі яблыкаў, пакладзенымі на лусты «Нарачанскага» хлеба. Падобныя вячоркі ніколі не былі п'янымі, хутчэй, злёгку захмялелымі, калі плятуцца цікавыя размовы, вядуцца гарачыя разумныя спрэчкі, чытаюцца ўласнаручна напісаныя вершы, прыдумляюцца дасціпныя жарты. Тады (думаю, нам у гэтым вельмі пашанцавала) не было ні гаджэтаў, ні нават інтэрнэту. Карацей, падгледзець і пазычыць думкі, словы, дзеянні ў рэжыме анлайн проста не было дзе, таму кожны кіраваўся ўласнымі здольнасцямі, досведам, інтуіцыяй. Залатыя былі часы!

Дык вось аднойчы такім вечарам, калі не было чаго рабіць (да сесіі было яшчэ далёка), калі ўсё было перасмяяна і перагаворана, мы вырашылі пагуляць у фанты. Ну, памятаеце гэтую з дзяцінства вядомую забаўку — кожны аддае якуюсь сваю рэч, і «вядучы» з завязанымі вачыма загадвае, што таму ці іншаму «фанту», дакладней, яго ўладальніку, рабіць. Пад агульны рогат мы што толькі ў той вечар ні вытваралі на сваім восьмым паверсе. І ў дзверы людзям грукалі, і голасам каменданткі на ўвесь калідор крычалі «Усе на праверку!», і змесціва каструль на кухні вывучалі і змешвалі... Калі ж нарэшце ў шапцы засталося тры фанты, вядучы раптам выдаў: «Знайсці няшчаснага чалавека і зрабіць яго шчаслівым!» Уладальнікі задання, сярод якіх была і ваша пакорная слуга, спачатку сумеліся, а пасля камусьці прыйшла ў галаву «геніяльная» ідэя (мы ж на творчым факультэце як-ніяк вучыліся). Вырашылі пайсці на зусім недалёкі вакзал, знайсці якога бамжа — тады іх паўсюль хапала, і пачаставаць яго рэшткамі нашай вячэры. Хтосьці нават дзеля гэтай гуманітарнай місіі выцягнуў з запасаў бляшанку тушонкі, і мы натоўпам у палове дванаццатай ночы рушылі па Ульянаўскай на Прывакзальную плошчу.

Бяздомных там, у старым яшчэ будынку, як і ў пераходзе побач, сапраўды хапала. Але ўвагу нашу прыцягнула дзяўчына, на выгляд наша равесніца, якая сядзела на лаўцы і горка плакала. Апранута яна была небагата, але чыста — як і большасць з нас, але на нагах у яе — у канцы халоднага кастрычніка! — былі стаптаныя рваныя хатнія пантофлі. Вядома, мы падышлі, пачалі распытваць. Аказалася, яна сама родам з Нясвіжа, а вучыцца ў тэхнікуме ў Барысаве. Дабірацца з дому на вучобу далёка і нязручна. Да Гарадзеі даехала на аўтобусе, там села ў агульны вагон цягніка, які ішоў на Мінск. У вагоне было вельмі холадна, і яна, паставіўшы сумкі з бацькоўскімі гасцінцамі на падлозе, залезла на верхнюю паліцу і заснула. Прачнуўшыся пад Мінскам, не знайшла ні сумак з харчамі, ні ботаў, якія зняла і паставіла побач, ні нават сумачкі з грашыма і дакументамі, якую абачліва паклала каля галавы. Звычайная па тым часе справа, толькі зладзеі ў яе выпадку аказаліся больш «гуманныя» — пакінулі замест ботаў пантофлі, а так бы давялося зусім басанож ісці...

Мы сталі думаць, чым ёй дапамагчы. Прапаноўвалі заявіць у міліцыю, схадзіць на паштамт патэлефанаваць бацькам (размову б мы аплацілі), пераначаваць у кагосьці з нас у інтэрнацкім пакоі (з вахцёрам бы неяк дамовіліся). Але яна адмовілася: у міліцыю хадзіць без толку, бо не ведае нават, у якім месцы на чыгунцы яе абакралі, у бацькоў дома няма тэлефона, дый турбаваць іх сярод ночы не хочацца, нам яна таксама не хоча нязручнасці ствараць. Вось каб да Барысава білет купіць было за што — яшчэ апошняя электрычка будзе праз паўгадзіны. А там у інтэрнаце і абутак зменны ёсць, і сяброўкі дапамогуць — і накормяць, і грошай пазычаць...

Карацей, на той студэнцкі білет да Барысава скідваліся менавіта мы трое — тыя, каму выпала кагосьці ашчаслівіць. Дзяўчына (я не памятаю нават, ці спыталіся мы яе імя) вельмі нам дзякавала і абяцала абавязкова зайсці да нас у інтэрнат, калі будзе ў Мінску. «Вы такія класныя!» — гукнула нам на развітанне з тамбура электрычкі. З адчуваннем зробленай добрай справы і ўласнай «класнасці» мы, задаволеныя сабой і жыццём, ішлі па мокрай халоднай вуліцы. А запозненыя паўпустыя трамваі весела звінелі нам услед і ўрачыста-паважліва хісталіся над намі бязлістыя галіны старых клёнаў...

Праз колькі дзён, прыехаўшы на выхадныя дадому, я ўключыла тэлевізар. Ішла нейкая перадача, пасля — рэклама, пасля — паведамленне ад міліцыі. Калі хто памятае, тады гэта была частая з'ява — паказвалі фота або правапарушальнікаў, аб'яўленых у росшук, або зніклых без вестак. І раптам на чорна-белым экране я ўбачыла фота той нашай вакзальнай знаёмай. «Вышукваецца Наталля С, 1976 года нараджэння. Апошні раз яе бачылі на вакзале ў Мінску, мяркуецца, што ехала ў напрамку Барысава...»

Я запомніла тую аб'яву на ўсё жыццё. Нават амаль праз трыццаць гадоў, чым бы ні была забіта галава, якія б клопаты ні турбавалі, напрыканцы кастрычніка я заўсёды згадваю і металічны голас у тэлевізары, які вымаўляе яе імя і прозвішча, і яе «Вы класныя!» з тамбура халоднай электрычкі, якая павезла яе ў ноч і цемру. А яшчэ — уласнае пачуццё роспачы і непаразумення. Тады, у дваццаць гадоў, напэўна, упершыню прыйшло разуменне: не ўсё, што ты лічыш добрай справай, можа ў выніку менавіта дабром аказацца.

З таго часу я стала дзесьці і філосафам. Часам пачынаю разважаць, што было б, калі б мы з філантропскіх памкненняў не купілі той білет на электрычку... Але выснова прыходзіць у галаву толькі адна. Кожнае наша дзеянне або бяздзеянне цягне за сабой пэўныя наступствы. Для нас саміх. Для нашых блізкіх. Здараецца — для зусім чужых нам людзей. І нічога тут дзіўнага і страшнага няма, гэта проста жыццё. І ўсё было б зусім добра, калі б не памяць і сумленне.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: ont.by 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».