Вы тут

Болей чым 1100 прапаноў былі агучаны на дыялогавых пляцоўках Магілёўшчыны


Яны тычыліся арганізацыйнай рэформы і праблем развіцця краіны. Іх падсумавалі для абмеркавання іх на Усебеларускім народным сходзе з удзелам Прэзідэнта.


Амаль дзве гадзіны спатрэбілася кіраўнікам дыскусійных платформ, каб абагульніць усе тыя пытанні, якія былі агучаны на дыялогавых пляцоўках Магілёўскай вобласці з 13 па 23 кастрычніка. Паступіла болей чым 1100 прапаноў па пытаннях арганізацыйнай рэформы і іншых актуальных праблемах развіцця краіны і рэгіёнаў.

«Людзі ўносілі рознага роду прапановы па пенсійным заканадаўстве, развіцці прадпрыемстваў, разняволенні дзелавой ініцыятывы, падняцці прэстыжу моладзі, па некаторых змяненнях у Канстытуцыю, Законе аб мясцовым кіраванні і самакіраванні Рэспублікі Беларусь — усе тыя жыццёвыя пытанні, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння», — адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц.

Магілёўская вобласць актыўна ўдзельнічала ў абмеркаванні і па выніках іх прыняла агульную рэзалюцыю, каб перадаць гэтыя пытанні і шляхі іх вырашэння для наступнай сістэматызацыі і прыняцця рашэння на Усебеларускім народным сходзе. «Не ўсім у гэтым свеце падабаецца мір і згода ў Беларусі, імкненне праводзіць нейтральную і незалежную дзяржаўную палітыку. Наступствы гэтага мы бачым сёння. Нам хацелі навязаць сцэнар „каляровай“ рэвалюцыі, які б затармазіў наша развіццё на шмат гадоў, але беларусы такі шлях, на шчасце, не прынялі. Разам з тым мы бачым змены ў грамадстве і жаданне грамадзян удзельнічаць у вызначэнні будучыні краіны. У гэтым і ёсць эвалюцыйны шлях развіцця. Але працэс павінен ісці цывілізавана, з улікам меркаванняў усіх сацыяльных груп, з улікам праблем, якія хвалююць», — заявіў кіраўнік вобласці.

Рэктар МДУ імя А. Куляшова Дзяніс Дук, кіраўнік платформы, дзе абмяркоўваліся пытанні канстытуцыйнага рэфармавання і партыйнага будаўніцтва, вылучыў тры асноўныя напрамкі прапаноў.

«Па-першае, гэта ўдасканаленне выбарчай сістэмы, пераход да змяшанага тыпу, па-другое, мараторый на смяротнае пакаранне і ўвядзенне такога інстытута, як упаўнаважаны па правах чалавека, па-трэцяе, механізм прызначэння службовых асоб, у тым ліку судовай сістэмы», — адзначыў Дук. Ён агучыў, што ёсць неабходнасць у рэалізацыі і шэрагу іншых вельмі важных ініцыятыў. Напрыклад, па лібералізацыі заканадаўства ў плане змяншэння ролі кантралюючых органаў у бізнес-асяроддзі, рэальным сектары эканомікі, грамадскай сферы.

На дыскусійнай пляцоўцы былі разгледжаны і абмеркаваны з удзелам экспертаў розныя пытанні эканамічнага блока, пачынаючы ад падрыхтоўкі кадраў для рэальнага сектара эканомікі і ўніверсітэцкай навукі да падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу на розных этапах і развіцця буйных прадпрыемстваў.

Усе гэтыя кірункі патрабуюць удасканалення прававых дакументаў у частцы тэхнічных нарматываў, якія існуюць у нашай краіне і якія ў асобных выпадках запавольваюць рэалізацыю буйных і дробных інвестыцыйных праектаў, адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Раман Страхар. Патрэбна лібералізацыя заканадаўства ў пытаннях падтрымкі малога і сярэдняга  прадпрымальніцтва. «І самае важнае — гэта неабходнасць разняволення дзелавой  ініцыятывы», — падкрэсліў Страхар.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».