Вы тут

Перспектывы для партнёрства


Беларуска-расійская кааперацыя з акцэнтам на рэгіёны была ў цэнтры ўвагі і ў Палацы Незалежнасці, дзе напярэдадні Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з шэрагам расійскіх губернатараў. Для гасцей гэтыя сустрэчы сталі выдатнай магчымасцю дадаткова вызначыць сферы ўзаемавыгаднага інтарэсу.


Алег Кажамяка

Першай па храналогіі ў Палацы Незалежнасці прайшла сустрэча Прэзідэнта з губернатарам Прыморскага краю Алегам Кажамякам. Палітыкі знаёмыя даўно, за мінулае дзесяцігоддзе атрымалася рэалізаваць шмат важных праектаў. Летась падчас візіту Алега Кажамякі ў Мінск Кіраўнік дзяржавы ўзнагародзіў яго ордэнам Пашаны. Цяпер Аляксандр Лукашэнка выказаўся так:

— Мы часта ўспамінаем аб сваёй Айчыне «ад Брэста да Уладзівастока». Так што вы жывяце ў нашай Айчыне, і мы заўсёды будзем развіваць супрацоўніцтва.

На сустрэчы Кіраўнік дзяржавы паведаміў аб планах наведаць далёкаўсходні рэгіён Расіі. Адной з падстаў можа стаць удзел беларускіх будаўнікоў ва абзўзвядзенні касмадрома «Усходні».

— Я хацеў бы пабываць там, калі мы дамовімся. Паглядзець, як пачнуць працу нашы будаўнікі, і да Камчаткі наведаць гэты рэгіён. Хацелася б паглядзець, што на самой справе ўяўляе сабой гэты край. Таму, думаю, у наступным годзе мы з вамі ўбачымся ўжо ў вас, — дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь гатовая ўдзельнічаць у будаўніцтве касмадрома. Прэзідэнт падкрэсліў, што беларуская будаўнічая галіна канкурэнтная як па якасці аказваемых паслуг, так і па іх кошце:

— Нас там наўрад ці нават японцы абыйдуць або карэйцы.

Прэзідэнт заявіў, што беларускі бок гатовы зрабіць усё неабходнае для паглыблення супрацоўніцтва з Прыморскім краем:

— Хоць вы геаграфічна і няблізка знаходзіцеся, нямала паміж намі кіламетраў, мы не разглядаем Уладзівасток як далёкі і чужы горад. Калі вам патрэбна будзе дапамога, якую мы можам аказаць (вы ведаеце нашы магчымасці), мы заўсёды гатовыя далучыцца.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў добрыя асабістыя ўзаемаадносіны з Алегам Кажамякам, які, будучы губернатарам розных рэгіёнаў Расіі, заўсёды падтрымліваў кантакты з Беларуссю.

— Дзе б вы ні працавалі, мы заўсёды будзем рабіць тое, што трэба для вашага краю, — запэўніў Кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў таксама наладжаныя прамыя сувязі паміж Прыморскім краем Расіі і Магілёўскай вобласцю Беларусі.

Прэзідэнт прапанаваў нарасціць пастаўкі ў рэгіён айчыннай тэхнікі і тэхналогій, ажыццяўляючы пры гэтым гарантыйнае, сэрвіснае абслугоўванне. Беларускі бок гатовы прапанаваць выгадныя ўмовы і па фінансаванні. Акрамя таго, перспектыўнымі Кіраўнік дзяржавы лічыць пастаўкі ў Прымор’е гарадскога электратранспарту.

Падчас сустрэчы закраналася супрацоўніцтва ў аграпрамысловай сферы. Гаворка ішла аб магчымым экспарце беларускай малочнай, мяса-малочнай прадукцыі, дзіцячага харчавання, пастаўках насення і пасадачнага матэрыялу.

Далёкаўсходняя дэлегацыя, працуючы ў Беларусі некалькі дзён, наведала заводы, сельгаспрадпрыемствы Магілёўскай вобласці і Мінска. Распавядаючы Прэзідэнту пра гэта, расійскі госць падзяліўся планамі супрацоўніцтва:

— Мы вырашылі, каб у нас ва ўсіх буйных гарадах былі прадстаўлены беларускія тавары народнага спажывання праз гандлёвы дом «Беларусь». Ужо падабралі інвестараў, каму гэта выгадна.

Дарэчы, гэты праект падрабязна абмяркоўваўся падчас аграпрамысловай выставы «Белагра», якая праходзіла ў тыя дні ў Мінску.

Летась Беларусь і Прыморскі край нагандлявалі на 19,2 млн долараў. За студзень-ліпень гэтага года тавараабарот перавысіў 9 млн долараў, павялічыўшыся ў параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года на 17 працентаў. Алег Кажамяка бачыць патэнцыял для яшчэ большага развіцця гандлёва-эканамічных адносін:

— Для нас вельмі важна, каб мы перайшлі на ўзровень супрацоўніцтва, які дазваляў бы нашым жыхарам як мага больш бачыць на прылаўках беларускіх тавараў. Больш выкарыстоўваць перадавы вопыт машынабудаўнікоў, які ёсць у Беларусі: мы рэальна ўбачылі і новыя тэхналогіі, новую прадукцыю, якая адказвае апошнім сусветным распрацоўкам і стандартам. Стаўленне да тавараў з Беларусі ў жыхароў Прымор’я заўсёды добрае, з высокай ступенню даверу да якасці.

Пазней, размаўляючы з журналістамі, расійскі губернатар дадаў, што вопыт беларускіх будаўнікоў будзе запатрабаваны пры ўзвядзенні касмадрома «Усходні». Ён адзначыў, што ў нашай краіне захаваліся будаўнічыя арганізацыі дзяржаўнага ўзроўню:

— Гэта пэўны брэнд, таму іх прымяненне на будаўніцтве касмадрома «Усходні» па рашэнні прэзідэнтаў будзе добрым крокам наперад, які падцягне і нашых будаўнікоў на пэўны ўзровень высокіх тэхналогій.

Акрамя таго, плануецца пашырыць і прадстаўніцтва мінскага холдынгу «Амкадор» — аб гэтым таксама дамовіліся. Зацікавілася дэлегацыя з Далёкага Усходу мінскімі электробусамі і аўтобусамі новага пакалення: такіх у Прымор’і пакуль няма.

Новыя магчымасці пашыраюць узаемадзеянне

Літаральна праз некалькі дзён пасля гэтай сустрэчы гасцямі Палаца Незалежнасці былі кіраўнікі Ленінградскай і Іркуцкай абласцей. І зноў Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананасць, што менавіта міжрэгіянальныя сувязі цэментуюць узаемадзеянне Беларусі і Расіі ў цэлым:

— Я вельмі ўдзячны губернатарам за тое, што вы дапамаглі захаваць беларуска-расійскія стасункі… Нашы магчымасці вы добра ведаеце, мы вельмі зацікаўлены з вамі супрацоўнічаць.

Галоўнай навіной паводле сустрэчы Прэзідэнта з губернатарам Ленінградскай вобласці Аляксандрам Драздзенкам, несумненна, стала заява Кіраўніка дзяржавы аб гатоўнасці Мінска да партовага супрацоўніцтва. Ён звярнуў увагу на тое, што сёння ў Беларусі актыўна абмяркоўваецца тэма змены лагістыкі паставак тавараў на знешнія рынкі, робяцца практычныя крокі ў гэтым кірунку. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў:

Аляксандр Драздзенка

— Парты — гэта ж Ленінградская вобласць. Таму нам абавязкова трэба дамовіцца. А пытанне адно: гэта чыгуначныя тарыфы і перавалка ў партах.

Было адзначана, што гэтая тэма абмяркоўвалася на нядаўняй сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі ў Сочы:

— Я яму (Уладзіміру Пуціну. — Аўт.) сказаў, што мы можам з ленінградцамі скааперавацца і пабудаваць там свой прычал. Ён загарэўся гэтым пытаннем, і я яму нават прапанаваў фінансавае рашэнне. Усё, што мы зэканомім на атамнай станцыі, якая будуецца за кошт крэдыту Расійскай Федэрацыі, мы гатовыя ўкласці ў порт, у будаўніцтва тэрмінала там. Таму калі будзе жаданне ў вас, мы з вялікім задавальненнем зможам рэалізаваць гэты сумесны праект. Гэтае пытанне трэба абавязкова прасоўваць.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы таксама нагадаў, што беларусы і ленінградцы звязаныя гістарычна:

— Ленінградцы і Ленінградская вобласць вельмі шмат зрабілі для таго, каб падняць з руін наш Мінск. Таму вы сёння, як спадчыннік тых людзей, па-гаспадарску павінны зірнуць на горад і сказаць: мы яго трымаем у парадку ці дзесьці заўвагі нейкія? Вы метро нам дапамагалі рабіць, навукоўцы з вашага рэгіёну прыехалі ў Беларусь для таго, каб развіваць навуку. Куды ні кінь — усё звязана з Піцерам. Мы гэта памятаем. Я вельмі часта пра гэта кажу. І наогул, беларусы больш падобныя на людзей ленінградскіх з нашай паўночнай сталіцы. Таму ў нас такія добрыя пачуцці ў адносінах да вас.

Кіраўнік дзяржавы перакананы, што ў Ленінградскай вобласці магчымасці Беларусі для ўзаемадзеяння добра вядомыя:

— Мы вельмі зацікаўлены з вамі супрацоўнічаць. Калі ў нас не атрымліваецца з Масквой, я заўсёды кажу: У Піцеры жыве больш за пяць мільёнаў чалавек, а яшчэ вазьміце Ленінградскую вобласць з вялікай колькасцю людзей. Дастаткова для таго, каб закрыць увесь тавараабарот з Расійскай Федэрацыяй, калі мы наладзім добрае супрацоўніцтва.

Варыянты сумеснай працы Аляксандр Лукашэнка бачыць у розных сферах:

— Я вам удзячны за тое, што вы — ленінградцы і піцерцы — адклікаецеся на нашы просьбы. Мы з вамі супрацоўнічалі і будзем супрацоўнічаць… Мы гатовыя дабром адказаць. Мы гатовыя многае зрабіць для вашай вобласці.

Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што на некаторых кірунках партнёры канкурыруюць адзін з адным, але варыянты аб’яднання намаганняў заўсёды застаюцца:

— Ленінградская вобласць забяспечвае Піцер сельгаспрадукцыяй і іншым. Можа, не ў поўным аб’ёме, ну і дзякуй богу. Мы гатовыя гэты аб’ём дапоўніць, каб цалкам закрыць патрэбы Піцера. Ну і нашы магчымасці для Ленінградскай вобласці ў сферы сельгасмашынабудавання, ліфты, я ведаю, вельмі цікавяць вас. Мы гатовыя таксама дапамагчы ў развіцці сельскай гаспадаркі Ленінградскай вобласці.

Дарэчы, у Ленінградскай вобласці добра развіта рыбаводства. Таму спатрэбіцца самыя сучасныя кармы, якія ўжо пачала вырабляць Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя. Ды і супрацоўніцтва ў самой рыбаводчай галіне таксама мае перспектывы.

Губернатар Аляксандр Драздзенка адзначыў, што Ленінградская вобласць і Беларусь блізкія па духу. Як і ленінградцы, беларусы перажылі вельмі складаны перыяд падчас Вялікай Айчыннай вайны. Многія беларускія гарады былі сцёртыя з твару зямлі, як і большасць населеных пунктаў Ленінградскай вобласці:

— Мы гэта памятаем і ніколі не забудзем. Ускладаючы кветкі да манумента Перамогі, які сведчыць пра гераізм беларусаў, Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, я зведаў велізарныя брацкія пачуцці. Гэта сапраўды наша вялікая гісторыя, і мы яе свята шануем і захоўваем. І за гэта вам вялікі дзякуй!

Закранутую Кіраўніком дзяржавы яшчэ на перамовах з расійскім калегам тэму пераводу беларускага транзіта, пастаўкі беларускіх грузаў праз парты Фінскага заліва ў Ленінградскай вобласці губернатар назваў важнай для абодвух бакоў. Журналістам ён патлумачыў:

— У нас вельмі магутныя партовыя комплексы. Адзін з наймагутных — порт Усць-Луга, дзе ўжо перавальваецца больш за сто мільёнаў тон грузаў. Мы сёння гаварылі, што неабходна выбудаваць сучасную лагістыку. Зразумела, што патрэбныя прывабныя чыгуначныя тарыфы, стывідорныя паслугі, каб было выгадна беларускія грузы перагружаць праз нашы партовыя комплексы.

Па словах Аляксандра Драздзенкі, сумесную прапрацоўку адпаведнай схемы нядаўна абмеркавалі з міністрам транспарту Расіі і кіраўніком Расійскіх чыгунак. Ну і сумесны порт — праект рэальны, толькі варта вызначыцца ў дэталях:

— Вельмі важна разуменне: які гэта павінен быць порт. Можа быць, універсальны, можа быць, пад нейкія канкрэтныя грузы. Ад гэтага будзе залежаць кошт будаўніцтва.

Губернатар дадаў, што кошт можа вагацца ад 2,5 да 25 мільярдаў расійскіх рублёў у залежнасці ад праекта. У той жа час ва Усць-Лузе будуюцца тры новыя тэрміналы: для ўніверсальных грузаў, мінеральных угнаенняў і накатных, кантэйнерных грузаў. Таму Аляксандр Драздзенка прапанаваў беларускаму боку разгледзець уваходжанне ў ААТ па будаўніцтву гэтых тэрміналаў — гэта таксама дазволіць зрабіць таннейшым будучыя паслугі.

Аляксандр Драздзенка праінфармаваў Прэзідэнта Беларусі аб росце тавараабароту. Галоўнае, да чаго і імкнуцца абодва бакі, ён расце ўзаемна, на сустрэчных патоках:

— На 1 жніўня мы ўжо набылі сельгастэхнікі больш, чым за ўвесь 2019 год. Адна з прычын — тое, што мы датуем з бюджэту Ленінградскай вобласці нашым вытворцам набыццё беларускай тэхнікі на 35 працэнты. Такая ж датацыя прадастаўляецца на куплю расійскай тэхнікі. І больш ні для якіх краін мы такую форму не ўжываем.

Як адзначыў губернатар, у вобласці шмат беларускай тэхнікі, ленінградцы задаволеныя спалучэннем яе кошту і якасці, а таксама добрай сэрвіснай базай. Таму мяняць машыны на іншыя ўзоры немэтазгодна:

— Актыўна закупляем тэхніку для лясной гаспадаркі. У апошні час вельмі добрая тэхніка вырабляецца ў вас. Мы пачалі набываць цяжкую дарожную тэхніку. Толькі за кошт бюджэту Ленінградскай вобласці мы на 2021 год запланавалі куплю больш за 100 адзінак.

Не менш важным напрамкам Аляксандр Драздзенка лічыць супрацоўніцтва ў сферы аўтобуснага транспарту. У прыватнасці, у Ленінградскай вобласці плануецца закупка да паўтары тысяч камбінаваных аўтобусаў. Першую сотню аўтобусаў маюць намер набыць ужо ў першым квартале наступнага года. Традыцыйна Беларусь і Ленінградская вобласць супрацоўнічаюць у сферы сельскай гаспадаркі: да нас вязуць племянную жывёлу, у нас купляюць насенны матэрыял. У планах — пашырэнне супрацоўніцтва ў гэтай галіне.

Да месца прыйшлася і прапанова кармоў для рыбаводства. Спажывецкі рынак гэтай прадукцыі — 5,5 мільёна пецярбуржцаў і 1,9 мільёна жыхароў вобласці, так што галіна на ўздыме. Праблема, паводле слоў губернатара, толькі адна:

— Нам не хапае ўніверсальных кармоў. Якраз сёння ў Беларусі распрацаваны беларускімі кампаніямі ўніверсальныя кармы для вырошчвання рыбы. Мы маем намер заключыць кантракт і быць аднымі з першых, хто іх будзе купляць.

А яшчэ наступны год у Ленінградскай вобласці аб’яўлены годам чыстай вады. Вобласць плануе набываць устаноўкі ачысткі ў нас. Гэта распрацоўкі выключна беларускіх навукоўцаў. Больш за дзясятак такіх апаратаў ўжо працуюць у рэгіёне. Нараканняў няма.

Эканамічны імпульс

Падчас сустрэчы з губернатарам Іркуцкай вобласці Расійскай Федэрацыі Ігарам Кобзевым Прэзідэнт Беларусі заўважыў, што рэгіянальным супрацоўніцтвам створана база, абапіраючыся на якую сёння можна вырашыць задачы эканамічнай устойлівасці. У тым ліку і ў рамках Саюзнай дзяржавы:

Ігар Кобзеў

— У нас вельмі добра развітая прамысловасць — у Расіі і Беларусі. У нас выдатна развітая сельская гаспадарка. Можам людзей накарміць і апрануць, у адрозненне ад Савецкага Саюза, калі ў чэргах людзі стаялі галодныя. У нас дастаткова рэсурсаў. У нас добрая навукова-тэхнічная, практычная база. Чаго нам не хапае? Мы ў Сочы (з Прэзідэнтам Пуціным. — Аўт.) на гэтую тэму разважалі. Мы проста ў гэтым ключы ніколі не ставілі пытанне. Таму нам трэба сабрацца, намеціць агульныя планы і дзейнічаць у гэтым кірунку, забяспечваць усім неабходным нашых людзей.

Аб значнасці візіту ў Беларусь губернатара Іркуцкай вобласці Аляксандр Лукашэнка сказаў так:

— Усё-ткі Іркуцкая вобласць — гэта гігант у Расіі. Гэта апорная вобласць у Сібіры. У нас вельмі шмат планаў і вельмі шмат практычна вырашана пытанняў. Дзесьці нам проста трэба страсянуцца.

У прыватнасці, Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць актывізаваць працу па сумеснай вытворчасці ліфтаў у Іркуцкай вобласці. Тут таксама запатрабаваныя наша горна-шахтавае абсталяванне, кар’ерныя самазвалы, грузавыя аўтамабілі, грамадскі транспарт. Аляксандр Лукашэнка запэўніў госця, што з боку Мінска заўсёды будзе водгук на ініцыятывы ўзаемнакарыснага супрацоўніцтва ў любых сферах.

Ігар Кобзеў, кажучы аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, адзначыў, што Іркуцкая вобласць — асаблівы рэгіён, у тым ліку і для Беларусі. За мінулы год мы зрабілі прыкметны скачок ва ўзаемным гандлі, наблізіўшыся да сумы ў 300 мільёнаў долараў. А чатыры гады таму пачыналі толькі з 70 мільёнаў. Праўда, сёлета паказчыкі ў сілу аб’ектыўных прычын некалькі аселі. Цяпер самы час наганяць упушчанае. Расійскі губернатар паведаміў, што ўжо ў першы дзень візіту атрымаў некалькі цікавых прапаноў:

— Паглядзім, дзе можна ўзмацніцца, каб наша супрацоўніцтва развівалася. Актыўнасць ёсць з абодвух бакоў.

Пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам расійскі губернатар пагутарыў з журналістамі і распавёў, чым цікавая Беларусь для сібіракоў:

— Першы кірунак звязаны з развіццём сельскай гаспадаркі. Нам гэта цікава, мы бачым перспектывы добрага, доўгатэрміновага супрацоўніцтва. Другое — мы абавязкова паглядзім беларускія лесагадавальнікі. Іркуцкая вобласць зацікаўлена ў маштабным лесааднаўленні. Мы развіваем гэты кірунак не толькі як экалагічны, але і як нацыянальны. У нас двое ўнікальных прыродных помнікаў: сібірская тайга і возера Байкал. Трэці напрамак — камунальная тэхніка. Не здарма падчас візіту расійская дэлегацыя правяла перамовы ва ўрадзе, пабывала на МТЗ, МАЗе і шэрагу іншых прадпрыемстваў.

Пад знакам прагматызму і шчырай дружбы

А ў першы дзень працы форуму Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з губернатарамі Пскоўскай і Омскай абласцей. Рэгіёны розныя як па свайму патэнцыялу, так і геаграфічна: Омск знаходзіцца ад Мінска ў сем разоў далей, чым Пскоў. Але ўсе гэтыя дэталі адыходзяць на другі план, калі гаворка ідзе пра блізкія народы. Аляксандр Лукашэнка звярнуў на гэты момант асаблівую ўвагу, падкрэсліўшы, што Беларусь у супрацоўніцтве з расійскімі рэгіёнамі зыходзіць не толькі з прагматычных эканамічных інтарэсаў:

— Калі ў нас ёсць добрыя духоўныя адносіны, блізкасць нашых людзей, якія жывуць па той і гэты бок умоўнай мяжы, эканоміка прыйдзе. Эканоміка заўсёды будзе, калі людзі да гэтага імкнуцца душой і сэрцам.

Міхаіл Вядзернікаў

Спачатку ў Палац Незалежнасці прыехала дэлегацыя з Пскоўскай вобласці на чале з губернатарам Міхаілам Вядзернікавым. Прэзідэнт канстатаваў, што Беларусь гатовая супрацоўнічаць з вобласцю па ўсіх кірунках: ад паставак пасажырскай і грузавой тэхнікі, ліфтаў да сельскай гаспадаркі. Зрэшты, Аляксандр Лукашэнка не стаў марнаваць час на пералік тых магчымасцяў, якімі валодае Беларусь. Кіраўніцтва Пскоўскай вобласці выдатна ведае пра іх. Тым больш што напярэдадні госці ўжо паспелі пабываць у аграгарадку Мазалава на Віцебшчыне і прынялі ўдзел у абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2020».

— Вы нам блізкія яшчэ і таму, што мы добра ведаем вашыя землі: у нас Віцебшчына адзін у адзін такая, як ваша вобласць. Добра, што вы супрацоўнічаеце з Віцебскай вобласцю. Калі чагосьці не хапае, з нашага боку няма руху насустрач, вы нам скажыце, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, беларускі бок гатовы прапанаваць Пскоўскай вобласці шырокую лінейку аўтамабільнай тэхнікі і ліфтавае абсталяванне, прадукцыю аграпрамысловага комплексу, свае тэхналогіі ў галіне сельскай гаспадаркі. Словам, усё, што пажадаюць суседзі.

Падзякаваўшы Кіраўніку дзяржавы за гасцінны прыём, Міхаіл Вядзернікаў адзначыў:

— З Беларуссю ў нас даўнія добрыя сяброўскія і суседскія адносіны, але абсалютна відавочна, што ў цяперашніх умовах важна надаць новы імпульс развіццю нашай эканомікі.

У дэлегацыю Пскоўшчыны ўвайшлі каля 30 спецыялістаў па напрамках, у якіх мы ўжо паспяхова супрацоўнічаем або якія могуць быць перспектыўнымі, праінфармаваў расійскі губернатар:

— Беларусь з’яўляецца нашым ключавым знешнеэканамічным, знешнегандлёвым партнёрам. На долю гэтага партнёрства прыпадае 35працэнтаў тавараабароту. Выбудавана цеснае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва ў многіх сферах, у першую чаргу, машынабудаванне, транспарт, АПК. Нашы прадпрыемствы актыўна закупляюць беларускую тэхніку — сельскагаспадарчую, дарожную, пасажырскія аўтобусы, кацельнае абсталяванне.

Кіраўнік расійскага рэгіёна падкрэсліў, што цяперашні візіт асабліва актуальны, бо з‑за сусветнай эпідэміялагічнай сітуацыі сёлета тавараабарот знізіўся амаль на 20 працэнтаў. Але, мяркуючы па задумках, бакі здольныя хутка нагнаць упушчанае. У прыватнасці, пскавічы ўжо заказалі 17 нізкападлогавых аўтобусаў і прапрацоўваюць планы па новых закупках ў будучыні. Дарэчы, як працуе вытворчасць, паглядзелі ўжывую.

Па словах Міхаіла Вядзернікава, сярод кірункаў супрацоўніцтва — і набыццё сельскагаспадарчай тэхнікі, з узорамі якой дэлегацыя пазнаёмілася на «Дажынках» у Віцебскай вобласці:

— Вельмі цікавы вопыт. За аснову ўзятая нямецкая якасная тэхніка, але беларускімі канструктарамі і інжынерамі адаптаваная пад нашы прыродныя і кліматычныя ўмовы. Таму нашы аграрыі цяпер з вялікай цікавасцю вывучаюць яе тэхнічныя характарыстыкі.

Кіраўнік рэгіёну паведаміў журналістам, што самая буйная школа ў Пскове пабудаваная менавіта беларускімі будаўнічымі арганізацыямі. І будаўніцтва — яшчэ адно з асноўных напрамкаў супрацоўніцтва.

— Беларусы славяцца якасцю будаўніцтва. У нас вялікая колькасць аб’ектаў будуецца — поле для супрацоўніцтва ёсць. Гэты фактар павысіць і ўнутраную канкурэнцыю, нашы будаўнічыя кампаніі будуць знаходзіцца ў тонусе, — адзначыў Міхаіл Вядзернікаў.

Так, з беларускай канцэпцыяй сельскага жыцця дэлегацыя Пскоўшчыны пазнаёмілася падчас візіту ў Віцебскую вобласць. Уражанні — самыя спрыяльныя:

— Нам трэба планаваць працу такім чынам, каб жыццё на вёсцы будавалася менавіта па гэтым алгарытме.

Паводле слоў губернатара, утрымаць сельскага жыхара, асабліва маладога спецыяліста, можна толькі магчымасцю развівацца і добрымі бытавымі ўмовамі:

— У аграгарадку Мазалава мы якраз убачылі такую сінэргію, дзе ёсць дастойная заработная плата, сучасныя ўмовы для працы і забяспечаны камфортны побыт. Нядзіўна, што туды з усёй Віцебскай вобласці прыязджаюць спецыялісты.

Міхаіл Вядзернікаў нагадаў таксама, што паміж Пскоўскім дзяржаўным універсітэтам і трыма беларускімі ВНУ падпісаныя пагадненні аб супрацоўніцтве і стратэгічным партнёрстве. Асноўны цікавы напрамак — падрыхтоўка медыцынскіх кадраў:

— У нас, на жаль, сёння дэфіцыт амаль 50 працэнтаў, а ў вас вельмі добрая адукацыйная база. І мы з задавальненнем ў гэтым плане пасупрацоўнічалі б.

Патэнцыял для супрацоўніцтва

Размову з губернатарам Омскай вобласці Аляксандрам Бурковым Кіраўнік дзяржавы таксама пачаў з гістарычных паралеляў, адзначыўшы, што яму прыемна бачыць у гасцях яшчэ аднаго губернатара-сібірака (якраз тыдзень таму ў Палацы Незалежнасці пабывалі губернатары Прыморскага краю і Іркуцкай вобласці. — Аўт.):

Аляксандр Багамаз

— Наша стаўленне да сібіракоў вы добра ведаеце. Не толькі таму, што ў свой час туды з’ехала шмат беларусаў. І, думаю, вы з імі не маеце праблем. Беларусы заўсёды былі працавітымі, адказнымі людзьмі. Думаю, што такія яны і там, у Сібіры.

Прэзідэнт таксама распавёў аб асабістым стаўленні да рэгіёну, заявіўшы пра намер наведаць яго ў хуткім часе.

За мінулы год Беларусь і Омская вобласць нагандлявалі больш чым на 87 мільёнаў долараў. Сёлета па вядомых прычынах паказчыкі некалькі скараціліся. Зрэшты, нават калі б не гэта падзенне, тавараабарот паміж намі зусім не той, які можа і павінен быць, лічыць Аляксандр Лукашэнка. Омск — другі па колькасці насельніцтва горад у Сібіры і буйны прамысловы цэнтр. Значыць, патэнцыял супрацоўніцтва куды большы, чым здаецца. Прэзідэнт Беларусі пазначыў перспектыўную мэту:

— Думаю, да 100 мільёнаў (долараў. — Аўт.) нам трэба імкнуцца і дасягаць гэтага тавараабароту.

Адзначыў Аляксандр Лукашэнка і некаторае падабенства Беларусі і Омскай вобласці, у тым ліку з пункту гледжання няпростых кліматычных умоў. У нас, вядома, не гэтак суровы клімат, як у Сібіры, але маюцца свае асаблівасці, заўважыў Прэзідэнт:

— Мы жывём у зоне рызыкоўнага земляробства, тым не менш шмат чаму навучыліся ў сельскай гаспадарцы. Гатовыя з вамі падзяліцца ўсім.

Тым больш што Беларусь ужо мае паспяховы вопыт супрацоўніцтва ў АПК з усходнімі рэгіёнамі Расіі, у прыватнасці, з Сахалінам. Беларускі бок гатовы ствараць у Омскай вобласці зборачныя вытворчасці і сэрвісныя цэнтры па абслугоўванні тэхнікі.

— Калі ў вас будзе жаданне па нейкіх кірунках супрацоўнічаць з Беларуссю, мы заўсёды гатовыя, і вы аб гэтым павінны ведаць, — падсумаваў Прэзідэнт.

Перш чым перайсці да абмеркавання напрамкаў узаемадзеяння, Омскі губернатар павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з уступленнем на пасаду:

— Рускія і беларусы заўсёды былі блізкімі па духу народамі, аб’яднанымі адной гісторыяй і адным лёсам. І вы правільна сказалі, што сёння ў Омскай вобласці пражываюць вельмі шмат беларусаў: толькі афіцыйна больш за 6000 чалавек. І яшчэ некалькі дзясяткаў тысяч людзей з беларускімі каранямі. Што вельмі важна, яны захоўваюць беларускую ідэнтычнасць.

Што тычыцца гандлю, то ў Омскай вобласці рэалізуецца прадукцыя «Гомсельмаша», МТЗ, МАЗа, «Гомельагракамплекта», «Магілёўліфтмаша», «Атланта», «Гефеста». Аб’ём закупак расце: за восем месяцаў набылі 224 адзінкі сельгастэхнікі на агульную суму 600 мільёнаў рублёў.

— Паводле нашых прагнозаў, мы выйдзем на 800 мільёнаў рублёў да канца года. Мы субсідзіруем куплю беларускай тэхнікі: збожжаўборачнай — 20, корманарыхтоўчай — 30, сушылак і токавай гаспадаркі — 50 працэнтаў. Ваша тэхніка настолькі надзейная і простая ў эксплуатацыі і абслугоўванні, што яна прываблівае нашых аграрыяў, — падкрэсліў Аляксандр Буркоў.

У прамысловасці асабліва актуальна супрацоўніцтва ў сферы нафтахіміі. У завод па вытворчасці тэхнічнага вугляроду «Омск Карбон Магілёў» (ён размешчаны ў СЭЗ «Магілёў») укладзена больш за 100 мільёнаў долараў інвестыцый. Прадпрыемства ўжо забяспечыла 400 высокакваліфікаваных рабочых месцаў пры планаваных 700.

У сферы сельскай гаспадаркі значная роля належыць пастаўкам сельгастэхнікі, сказаў губернатар:

— Дамовіліся пра галоўнае: павялічыць лакалізацыю вытворчасці жняярак «Палессе», якія сёння збіраюцца на тэрыторыі Омскай вобласці. У далейшым трэба паглядзець, як пашырыць лінейку пастаўкі сельгастэхнікі на тэрыторыю нашага рэгіёну. Тэхніка не капрызная, лёгкая ў эксплуатацыі і рамонце. Попыт у аграрнага комплексу вельмі высокі.

Беларусь і Омскую вобласць падзяляюць 3500 кіламетраў, але прадукты сельгасперапрацоўкі прысутнічаюць на паліцах сібірскіх магазінаў — у тым ліку фірменных беларускіх. Толькі ў Омску іх адкрыта сем. Але, як гаворыцца, не хлебам адзіным: на сустрэчы дамовіліся аб узаемадзеянні ў сферы культуры. Губернатар прапанаваў праект Дзяржаўнага Омскага рускага народнага хору і Омскай філармоніі «Адкрыццё гісторыі Расіі», спектакль паводле творчасці Васіля Сурыкава. Прэзідэнт зацікавіўся і паабяцаў даць адпаведную пляцоўку.

Закранулі на сустрэчы і тэму спорту. Паводле слоў Аляксандра Буркова, адзіны за Уралам крыты велатрэк знаходзіцца ў Омску:

— Мы прапанавалі Кубак Садружнасці правесці паміж сібірскімі рэгіёнамі і Беларуссю. У вас вельмі моцная каманда па трэкавых відах веласіпеднага спорту, і для нашых спартсменаў важны сумесны спаборніцкі працэс. Яны будуць падцягвацца да вашага ўзроўню.

Таксама Аляксандр Буркоў выказаў надзею на тое, што ў фінале чэмпіянату КХЛ аматары хакея ўбачаць суперніцтва омскага «Авангарда» і мінскага «Дынама».

Добры рывок наперад

Сустрэча Прэзідэнта з губернатарам Бранскай вобласці Аляксандрам Багамазам стала фінальнай у чарадзе падобных сустрэч. Як вядома, кіраўнікі суб'ектаў Расійскай Федэрацыі пачалі з'язджацца ў Мінск яшчэ напярэдадні VII Форуму рэгіёнаў дзвюх краін. Форум, дарэчы, стаў рэкордным па суме заключаных кантрактаў. А Беларусь ужо заяўляе аб сваёй зацікаўленасці рухацца далей. І словы, што былі сказаны Аляксандрам Лукашэнкам госцю, з упэўненасцю можна адрасаваць кожнаму расійскаму губернатару:

— Мы гатовыя паглыбляцца і ісці далей, чым звычайны тавараабмен. Трэба ісці больш у тэхналогіі, навуку.

Бранск, Омск, Іркуцк, Ленінградская, Амурская вобласці… Шырокая як геаграфія партнёрства, так і яго напаўненне. Гандаль усё больш дапаўняецца арганізацыяй сумесных вытворчасцяў, якія ўжо рэалізуюцца, або задуманымі сур’ёзнымі інфраструктурнымі праектамі. Як, напрыклад, ідэі сумеснай працы ў партах Фінскага заліва ці ўдзелу беларускіх спецыялістаў ва ўзвядзенні касмадрома «Усходні» на Далёкім Усходзе. Кожны з губернатараў прыязджае з канкрэтнымі прапановамі, якія прадугледжваюць важкі эканамічны эфект.

Відавочна, што прагрэс у эканамічных паказчыках супрацоўніцтва намячаецца ў большасці рэгіёнаў, з кіраўнікамі якіх сустракаўся Аляксандр Лукашэнка. Расійскія рынкі паступова адкрываюцца пасля зацяжной, абумоўленай аб'ектыўнымі фактарамі, рэцэсіі. Гэты ўздым абяцае немалыя выгады як самой Расіі, так і Беларусі — аднаму з асноўных яе эканамічных партнёраў. І не выпадкова аб неабходнасці актывізаваць міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне, прамыя гаспадарчыя сувязі паміж тэрыторыямі і суб'ектамі гаспадарання гаварыў нядаўна ў Сочы Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Бачна, што і гэты стымул адыграў сваю ролю ў рэкорднай выніковасці Форуму рэгіёнаў, на што звярнуў увагу Кіраўнік беларускай дзяржавы:

— Усё ж такі кантракты больш чым на 750 мільёнаў долараў — гэта добры ўклад у эканоміку Беларусі. Гэта і для Расіі істотна. Тым больш, што трэба мець на ўвазе эфект ад гэтых кантрактаў: гэта праца людзей, заработная плата… І добра, што мы ў гэтых умовах — і каранавірусных, і іншых, абвастрэння міжнароднай абстаноўкі, вы бачыце, што па перыметры робіцца, — мы ўсё ж такі знайшлі шляхі не проста збліжэння, а ўзаемадзеяння, якое прыносіць адчувальны эканамічны эфект. Таму Форум рэгіёнаў і наогул гэтая форма працы дае свой станоўчы плён. Да гэтага мы больш чым на два мільярды долараў назаключалі кантрактаў на гэтых форумах. А цяпер — амаль палову ад шасці папярэдніх. Добры рывок наперад.

Што тычыцца непасрэдна двухбаковага ўзаемадзеяння з Браншчынай, то Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што магчымасці Беларусі там добра вядомыя. Сумесная праца ідзе па самых розных напрамках. Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў Расіі цяпер адчуваецца дэфіцыт рабочай сілы ў будаўніцтве. Беларусы традыцыйна гатовыя падставіць плячо:

— Ведаю, што вы рэалізуеце вельмі вялікія праграмы. Іх шмат, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі, дарожнага, жыллёвага будаўніцтва. Калі мы будзем вам карысныя, будзем вам удзячныя, калі вы нас запросіце, акрэсліце дзесьці квартал, і скажаце: гэта трэба спраектаваць і пабудаваць пад ключ. Мы вам гэта зробім, як і ў іншых галінах. Хацелася б, каб вы ўбачылі комплекснае будаўніцтва Беларусі пад ключ.

У якасці прыкладу высокага ўзроўню дарожнага будаўніцтва Аляксандр Лукашэнка прывёў мадэрнізаваныя трасы, якія злучаюць Мінск з абласнымі цэнтрамі. Спецыялісты гатовыя падключыцца і да ўзвядзення жылля. Арганізацыя сумесных вытворчасцяў таксама ў ліку прыярытэтаў. Напрыклад, для сумеснага выпуску будаўнічых матэрыялаў.

Кіраўнік Браншчыны прызнаўся, што рэгіён заўсёды браў з Беларусі прыклад:

— Мы — суседзі. У нас у Беларусі пражывае шмат сяброў, знаёмых, сваякоў. Мы заўсёды за вамі цягнуліся. Нас, вядома, вабіць чысціня і дагледжанасць, дарогі. Ды і наогул усё, што сёння робіцца ў Беларусі.

Добрымі, нават сяброўскімі, адносінамі Беларусь і Браншчына звязаныя ў самых розных сферах — ад культуры да эканомікі і навукі. Гэты расійскі рэгіён супрацоўнічае больш чым са 100 краінамі свету, аднак трэць тавараабароту прыпадае менавіта на нашу краіну. Ёсць і перспектывы. Лічбы — у пацвярджэнне. Аляксандр Багамаз прыводзіць наступны прыклад: у 2019 годзе рост тавараабароту ў адносінах да папярэдняга года склаў больш за 10 працэнтаў — 653 мільёны долараў.

— І ў гэтым годзе, якая б ні была сітуацыя (а сітуацыя цяжкая: не толькі ў Беларусі і ў Расіі — паўсюль у свеце), тым не менш за справаздачны перыяд тавараабарот вырас на 0,9 працэнта. Няхай трошкі, але ўсё роўна гэта плюс, — канстатаваў губернатар Браншчыны.

Асобна — аб кааперацыі прадпрыемстваў: «Брансксельмаша» (які, між іншым, стаў другім па аб'ёме вытворчасці кормаўборачных і збожжаўборачных камбайнаў пасля «Ростсельмаша») і «Гомсельмаша». «Амкадор-Бранск», тэхніка якога карыстаецца попытам па ўсёй Расіі, і яго галаўнога беларускага прадпрыемства. Ёсць у Бранска вялікая зацікаўленасць у пашырэнні вытворчасці дарожна-будаўнічай тэхнікі. Гэта, дарэчы, адзін з крокаў, які ў перспектыве дапаможа вывесці двухбаковы тавараабарот на заяўлены ўзровень у адзін мільярд долараў.

Сярод паднятых на сустрэчы тэм — развіццё сельскай гаспадаркі Браншчыны. Аляксандр Багамаз адзначыў, што рэгіён мае праблемы з пастаўкамі калійных угнаенняў. Паводле яго слоў, у Гомельскай вобласці, якая мяжуе з Бранскай, будуецца новае прадпрыемства па здабычы і вытворчасці калійных угнаенняў. Адпаведна, складваецца добрая лагістыка, якая дазволіць не толькі пастаўляць гэтую прадукцыю для патрэб рэгіёну, але і з яе пляцоўкі гандляваць угнаеннямі ва ўсёй цэнтральнай федэральнай акрузе Расіі. Дадзеную працу мяркуецца арганізаваць шляхам стварэння гандлёвага дома.

Размова, акрамя таго, ішла аб стварэнні сумеснай базы па ўкараненні сучасных тэхналогій у сельскай гаспадарцы, абмене вопытам, узаемадзеянні ў навуковай сферы.

Вось такімі насычанымі, змястоўнымі былі сустрэчы ў Мінску з расійскімі губернатарамі. Няма сумневу, гэтыя перамовы зробяць свой уклад у рэгіянальнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі.

Алег Багамазаў

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».