Вы тут

Галоўны прыбытак — якасць жыцця


Яшчэ зусім нядаўна толькі асцярожна намякалася, што ў Беларусі рыхтуецца да ажыццяўлення вялікі інвестпраект. І вось відавочны факт: у Мінску прыступаюць да рэалізацыі праекта ўзвядзення… горада.


На сустрэчы ў Прэзідэнта Беларусі

Менавіта так: горад у горадзе. Прычым разумны. З самай сучаснай інфраструктурай, у тым ліку сацыяльнай! Маштабную задуму коштам каля 4 млрд еўра ўвасобіць у жыццё бярэцца кампанія з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Emaar Propertіes. Са старшынёй яе савета дырэктараў Мухамедам Алі аль-Абарам напярэдадні сустракаўся Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка адзначыў важнасць і каштоўнасць для краіны такіх смелых і амбіцыйных планаў:

— Мы разумеем, што цяпер у свеце няпростыя часы. Выклік чалавецтву кінуты па многіх напрамках. За інвестара ў сувязі з гэтым ідзе вельмі вострая барацьба. І, вядома, ваша праца ў Беларусі, тыя інвестыцыі, якія вы плануеце ажыццявіць, нам вельмі дарэчы сёння.

Упершыню ідэя прагучала каля года таму таксама падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і эмірацкага бізнесмена. Хоць так назваць Мухамеда Алі аль-Абара, мабыць, будзе не зусім дакладна. Яго бізнес шматгранны і ахоплівае ледзь не ўсе кантыненты планеты. Сапраўдны чалавек свету, які да таго ж верны свайму слову. За што Кіраўнік дзяржавы шчыра падзякаваў яму:

— Мы дамовіліся аб нашай сумеснай працы. Тады быў задуманы шэраг праектаў, якія вы ўзялі ў прапрацоўку і гатовыя былі ажыццявіць у Беларусі. Пачынаючы ад сельскай гаспадаркі і заканчваючы будаўніцтвам буйных інфраструктурных аб’ектаў. Мы дамовіліся з вамі, што гэтай восенню, пасля прэзідэнцкіх выбараў, сустрэнемся і канчаткова расставім усе кропкі над «і».

Сярод іншых праектаў Прэзідэнт асабліва адзначыў намеры партнёраў у будаўнічай сферы:

— Я памятаю ваша абяцанне, што вы пабудуеце тут самыя прыгожыя збудаванні, якія будуць візітнай карткай Эміратаў у цэнтры Еўропы.

Дарэчы, аб эканамічным аспекце. Рашэнне (Мухамед Алі аль-Абар назваў яго адважным) Кіраўніка дзяржавы не закрываць прадпрыемствы ва ўмовах пандэміі даказала сваю эфектыўнасць. Кіраўнік Emaar Propertіes перадаў і словы прэзідэнта Сербіі, з якім нядаўна сустракаўся, што шкоду ад спынення эканомікі нават на месяц-паўтара немагчыма аднавіць.

Ва ўнісон словам, якія не раз і не два з пачатку пандэміі паўтараў Прэзідэнт пра тое, што вірус прыходзіць і сыходзіць, а есці заўсёды трэба, Мухамед Алі аль-Абар сказаў у гутарцы з журналістамі:

— Спадзяюся, эпідэмія не будзе доўжыцца даўжэй паўгода-года. А вось чалавечае жыццё павінна працягвацца. Усё, што робіцца ў краіне для людзей, бізнесу, — гэта на гады. Я вельмі цаню меры, якія прыняў ваш Прэзідэнт па барацьбе з вірусам і не закрыццю эканомікі, што магло негатыўна адбіцца на жыцці людзей.

Нацыянальны выставачны цэнтр — адзін з цэнтральных аб’ектаў маштабнага інвестыцыйнага праекта, які атрымаў назву «Паўночны бераг». Бізнесмен распавёў аб некаторых дэталях:

— Гэта інфраструктурны праект на суму больш 4 млрд еўра, каб зрабіць гэтую частку Мінска адной з самых перадавых і сучасных. Тэхналогіі кіруюць светам. Мы плануем пабудаваць разумны горад у горадзе, актыўна вядзем праектаванне.

Там з’явіцца і мноства сацыяльных аб’ектаў, сярод якіх — універсітэт і іншыя адукацыйныя ўстановы, спартыўныя збудаванні, аб’екты аховы здароўя. Перадавы сусветны вопыт атрымаюць і беларускія спецыялісты, задзейнічаныя ў будаўніцтве. А само месца стане своеасаблівай візітоўкай горада, якая будзе радаваць вока.

Мухамед Алі аль-Абар адзначыў, што назапашаныя за апошнія 25 гадоў вопыт і веды, якія яго кампанія набыла на самых буйных праектах, будуць ужытыя ў беларускай сталіцы:

— Гаворка не столькі пра будынкі, дарогі ці прыбытак. Урэшце рэшт, галоўнае дасягненне — гэта якасць чалавечага жыцця. Мы хочам, каб новы праект палепшыў умовы для сем’яў і дзяцей, дадаў прывабнасці для турыстаў і бізнесменаў. Чаканы прырост ВУП Мінска — 5–7 працэнтаў. Акрамя таго, праект дасць магчымасць стварыць больш за 70 тысяч працоўных месцаў.

Так, пандэмія і закрытыя межы ў многіх дзяржавах сёлета істотна скарацілі паток сусветных інвестыцый. Найбуйнейшыя кампаніі замарожвалі або зусім згортвалі праекты ў чаканні лепшых часоў. У гэтай сувязі прыход у Беларусь аднаго з самых уплывовых і буйнейшых сусветных інвестараў, бачыць якога ў сябе хацела б любая краіна, асабліва адметны. Між тым, Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка і старшыня савета дырэктараў кампаніі Emaar Propertіes Мухамед Алі аль-Абар заклалі памятную капсулу на месцы будаўніцтва Нацыянальнага выставачнага цэнтра — аднаго з галоўных аб’ектаў маштабнага інвестыцыйнага праекта «Паўночны бераг».

Бізнесмен Мухамед Алі аль-Абар па праве лічыцца адным з самых уплывовых у краінах Персідскага заліва і ў свеце. 14 гадоў ён узначальваў Сусветны гандлёвы цэнтр у Дубаі, з’яўляецца саўладальнікам буйных міжнародных кампаній у галіне інвестыцый, нерухомасці, гасцінічнага бізнесу і іншых. Яго бізнес прысутнічае больш чым у 50 краінах свету. А яшчэ ён, як і прынята на Усходзе, чалавек слова. Размова аб супрацоўніцтве ўжо гучала у ходзе сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у мінулым годзе. І вось госць прыехаў, каб пачаць увасабляць амбіцыйныя планы ў жыццё. А пра тое, што яны сур’ёзныя, кажа і факт, што Мухамед Алі аль-Абар будуе ў Мінску дом для сваёй сям’і. Паводле слоў Рамана Галоўчанкі, прыход такога знакамітага і знакавага інвестара ў краіну — значная падзея для Беларусі.

У сваю чаргу, старшыня савета дырэктараў кампаніі Emaar Propertіes Мухамед аль-Абар звяртае ўвагу, што многія медыя сёння сфакусаваныя на сітуацыі ўнутры Беларусі. І калі ў кагосьці ўзнікаюць нейкія асцярогі, то інвестар сусветнага ўзроўню заўсёды глядзіць на перспектыву:

— Як людзі, якія займаюцца доўгатэрміновымі праектамі, мы заўсёды глядзім менавіта на доўгатэрміновы перыяд. Для нас вельмі важна, каб праект, пра які ідзе гаворка, паляпшаў жыццё людзей і дзяржавы.

Бізнесмен мяркуе, што буйныя міжнародныя выставы з’яўляюцца эканамічным рухавіком краіны. Разважаючы пра будаўніцтва Нацыянальнага выставачнага цэнтра, ён выказаў надзею, што карысць ад гэтага аб’екта адчуе і малы бізнес. Чакаецца, што будуць праводзіцца не толькі выставы, але і канферэнцыі, а таксама спартыўныя, культурныя мерапрыемствы. Для ўзвядзення будынка прыменяць самыя перадавыя тэхналогіі. Інвестар гатовы прыступіць да работ у самы бліжэйшы час, а завяршыць будаўніцтва выставачнага комплексу разлічваюць за 14–15 месяцаў.

Памятныя капсулы закладзены ў падмурак тых будынкаў, якія павінны адыграць асаблівую ролю ў развіцці як сталіцы, так і ўсёй краіны. Не дзіўна, што ў цырымоніі закладкі капсулы ў сімвалічны першы камень Беларускага нацыянальнага выставачнага цэнтра прыняў удзел Прэм’ер-міністр краіны Раман Галоўчанка. Паводле ацэнкі кіраўніка Урада, у гісторыі Беларусі яшчэ не было такіх важных і буйных прамых замежных інвестыцый.

— Я не пераацаню, калі скажу, што за ўсю нашу гісторыю гэта самы значны інвестар, які вырашыў рэалізаваць праект, звязаны з прамымі інвестыцыямі ў эканоміку Беларусі.

Дарэчы, Раман Галоўчанка ў свой час пяць гадоў быў Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, а па сумяшчальніцтве ў Катары, Кувейце і Саудаўскай Аравіі. І не па чутках ведае пра кампанію Emaar Propertіes і яе кіраўніка.

— Гэта магутны сігнал і іншым патэнцыйным інвестарам, якія прыглядаюцца, аналізуюць сітуацыю. Бо не сакрэт, што перад тым, як адважыцца на любы праект, падрыхтаваныя каманды кансультантаў вывучаюць не толькі нарматыўна-прававую базу, інвестыцыйны клімат краіны, але і звяраюцца, ці ёсць ужо людзі, якія рызыкнулі сур’ёзна ўкласціся ў суверэнную эканоміку. Таму з пункту гледжання напрацоўкі партфеля паспяховых гісторый для Беларусі Emaar Propertіes — гэта вельмі важна. Нават безадносна самога праекта, які вельмі прывабны і карысны для нашай краіны.

Дызайн-праект Беларускага нацыянальнага выставачнага цэнтра

Па словах Рамана Галоўчанкі, беларуская сталіца даўно мае патрэбу ў выставачным комплексе сусветнага ўзроўню, дзе можна было б дэманстраваць усе дасягненні. І гэты аб’ект — толькі пачатак грандыёзнага праекта, які задуманы і прапанаваны Мухамедам Алі аль-Абарам і падтрыманы кіраўніцтвам краіны.

— Цяпер ідзе выпрацоўка ўмоў інвестыцыйнага дагавора, на падставе якога будзе працаваць Emaar Propertіes, але асаблівых, эксклюзіўных прывілеяў не прадугледжваецца. Гэта базавыя ўмовы для замежных інвестараў, якія ў Беларусі і так досыць прывабныя, — расказаў Прэм’ер-міністр.

Між іншым, кампанія выказала гатоўнасць узяць на сябе вялікую сацыяльную нагрузку — узвесці аб’екты, якія не прыносяць прыбытак, але вельмі важныя для комплекснасці забудовы. Гаворка ідзе аб сацыяльнай інфраструктуры — «Паўночны бераг» будзе забяспечаны школамі, дзіцячымі садамі, спартыўнымі аб’ектамі, цэнтрамі творчасці. Гэта не камерцыйныя аб’екты, але яны прынцыпова неабходныя для паспяховага развіцця чалавечага капіталу.

Тым часам першы камень закладзены на пляцоўцы ля мінскай кальцавой аўтадарогі, на ўсход ад Даўгінаўскага тракта. Трэба будзе забудаваць больш за 900 гектараў! На будаўніцтва Беларускага нацыянальнага выставачнага цэнтра інвестар адводзіць прыкладна 15 месяцаў, а затым паэтапна там з’явіцца Сусветны гандлёвы цэнтр — аналаг СГЦ у Дубаі, а таксама ўніверсітэт штучнага інтэлекту, спартыўныя комплексы, аб’екты аховы здароўя і адукацыі, цэнтры культуры і мастацтваў і, вядома ж, сучаснае камфортнае жыллё. «Разумны горад» — так характарызуюць праект яго стваральнікі, абяцаючы самыя інавацыйныя тэхналогіі ў будаўніцтве, энергазберажэнні, экалагічнасці гэтага раёна і асаблівы ўзровень пранікнення ІT у яго інфраструктуру.

Высока падзею ацэньвае і старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў:

— Для горада вельмі важна, што сюды гатовыя прыходзіць інвестары. І ўдвая прыемна, калі прыходзяць кампаніі з сусветным імем. Да нас прыйдуць новыя тэхналогіі, інавацыйныя матэрыялы, новыя падыходы да будаўніцтва. Гэта дазваляе гораду развівацца, дае штуршок для развіцця фінансавай актыўнасці, прыцягнення сюды бізнесу з розных краін і адкрывае для беларускай сталіцы новыя магчымасці, — лічыць Уладзімір Кухараў.

Дарэчы, кіраўнік гарадской улады зладзіў для замежнага інвестара невялікую экскурсію па Мінску. Разам з мэрам Мухамед Алі аль-Абар спусціўся на новую станцыю метро «Кавальская слабада», якая неўзабаве будзе адкрытая для пасажыраў. Госцю спадабалася афармленне станцыі каванымі свяцільнямі, адсылаючымі да яе назвы, а таксама высокая якасць аздобных матэрыялаў.

Наведаў Мухамед Алі аль-Абар і комплекс «Мінск Мір» — самы маштабны будаўнічы праект сталіцы. Прагуляўся па першым практычна завершаным квартале і быў прыемна здзіўлены, калі пачуў, што ён носіць назву «Эмірэйтс Люкс». Па словах госця, у архітэктуры комплекса сапраўды ёсць нешта агульнае з набярэжнымі Дубая. І галоўнае, што збліжае два гарады — дынаміка і сучаснасць.

— Якраз цяпер у Дубаі я будую дом для сваёй сям’і. І ў гэты момант мне асабліва важна быць датычным да будаўніцтва і ў вашай сталіцы. Я нарадзіўся ў Дубай, гэта мой родны горад. Кожны горад прыгожы па-свойму, але мне падабаецца і Дубай, і Мінск, — адзначыў Мухамед Алі аль-Абар.

Госць пабываў і на будаўнічай пляцоўцы Міжнароднага фінансавага цэнтра, у падмурак якога якраз забіваліся магутныя палі. Паводле яго слоў, будаўніцтва ў Мінску такіх аб’ектаў, як МФЦ і Беларускі нацыянальны выставачны цэнтр мае вялікае значэнне для эканомікі краіны.

— Чатырнаццаць гадоў я быў старшынёй Сусветнага гандлёвага цэнтра Дубаю і курыраваў кірунак знешнеэканамічнага развіцця і міжнародных эканамічных сувязяў. Галоўнае ў нацыянальных выставачных цэнтрах тое, што яны з’яўляюцца рухавікамі эканамічнага развіцця краіны. Малы бізнес пры дапамозе гэтых структур вырастае ў вялікі, ўмацоўваюцца эканамічныя сувязі з іншымі дзяржавамі, расце міжнародны гандаль і кааперацыя. Таму я спадзяюся, што Беларускі нацыянальны выставачны цэнтр стане цэнтральным пунктам эканамічнага росту вашай краіны. Там будуць праводзіцца не толькі выставы, але і канферэнцыі, бізнес-форумы. Тэндэнцыя новага часу ў тым, што ў такіх цэнтрах размяшчаюць тэатры, канцэртныя залы, кінатэатры, спартыўныя аб’екты і дзіцячыя клубы. Яны становяцца не толькі эканамічнымі, але і культурнымі аб’ектамі, пляцоўкамі крэатыву і творчасці, — адзначыў інвестар.

На пытанне аб меркаваных аб’ёмах інвестыцый Мухамед Алі аль-Абар адказаў:

— Праекты такога тыпу патрабуюць прыцягнення інвестыцый ад 10 млрд еўра і больш.

Але каласальныя сумы укладанняў, упэўнены інвестар, — гэта правільнае і ўзважанае рашэнне. У ААЭ Беларусь разглядаюць як адзін з самых перспектыўных рэгіёнаў для развіцця паспяховага супрацоўніцтва.

— Мы прысутнічаем у многіх краінах свету і таму можам ацаніць, наколькі вялікія перспектывы адкрываюцца ў Беларусі, — падкрэсліў Мухамед Алі аль-Абар.

Аляксей Фядосаў

Фота БЕЛТА і sb.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?