Вы тут

У свеце зарэгістравана 1750 банкаў генетычных рэсурсаў раслін


У свеце зарэгістравана 1750 банкаў генетычных рэсурсаў раслін, у іх ліку і беларускі банк. Яго стваральнікі вылучаны на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі 2020 года.


Калі гутарка заходзіць аб прыродных багаццях Беларусі, то пра генетычныя рэсурсы звычайна ўспамінаюць рэдка. А дарма. У сучасным свеце генетычныя рэсурсы раслін — аснова харчовай, біярэсурснай, экалагічнай бяспекі краіны. Яны — крыніца прадуктаў харчавання для чалавека, кармоў для жывёл, тэхнічнай і лекавай сыравіны і г. д.

У гэтай сувязі вылучэнне на суісканне Дзяржаўнай прэміі Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі 2020 года работы «Стварэнне і выкарыстанне фонду генетычных рэсурсаў раслін Беларусі — асновы харчовай і біялагічнай бяспекі» з'яўляецца вельмі своечасовым. Сярод яго стваральнікаў — навукоўцы Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве, вядучай арганізацыі па выкананні дзяржаўнай праграмы «Генафонд раслін». У Жодзіне, дзе знаходзіцца штаб-кватэра цэнтра і які ўзначальвае доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі Фёдар Прывалаў, захоўваецца каля 43 тысяч калекцыйных узораў 47 культур. Гэта ўзоры збожжавых, зернебабовых, кармавых, крупяных, алейных, тэхнічных, агароднінных, а таксама лекавых і востра-духмяных. Яны — крыніца гермаплазмы, неабходнай для стварэння новых высокапрадукцыйных, высакаякасных сартоў.

Інавацыйнае развіццё раслінаводства краіны шмат у чым залежыць ад дзейнасці цэнтра. А яго вынікі ўражваюць. Усяго некалькі лічбаў: зарэгістраваны 424 сарты, якія не саступаюць лепшым замежным аналагам — ураджайнасць збожжавых больш за 100 цэнтнераў з гектара. Наладжана вытворчасць арыгінальнага і элітнага насення 36 відаў сельскагаспадарчых раслін. Толькі пад ураджай 2020 года насенняводчымі гаспадаркамі рэалізавана 335 тон яравых збожжавых, 110 тон зернебабовых (лубін, гарох), 73,7 тоны грэчкі і 24,7 тоны проса. Новых сартоў азімых збожжавых пастаўлена 540 тон, азімага рапсу — 134 тоны.

Традыцыйна ў зоне ўвагі навукоўцаў-аграрыяў знаходзіцца бульба. Гэта і зразумела, бо яна — другі хлеб. Два новыя сарты — Талер і Дукат — зарэгістраваныя сёлета. Яны, як і іх папулярныя папярэднікі Дзіна, Журавінка, Падарунак, Блакіт, Волат, Гармонія і шэраг іншых, з'явіліся дзякуючы калекцыі насення НПЦ НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве. Пад яго дахам больш за сорак гадоў таму быў створаны гадавальнік калекцыі сартоў сусветнага генафонду бульбы. Тут знаходзяцца сарты з 34 краін свету: Германіі, Галандыі, Польшчы, Расіі, Украіны, Англіі, ЗША. А нядаўна з Усерасійскага інстытута раслін імя Вавілава вярнуліся некалі страчаныя ў нас сарты беларускай селекцыі — да вялікай радасці айчынных селекцыянераў.

Свой уклад у стварэнне генафонду таксама ўнеслі супрацоўнікі Інстытута пладаводства, Інстытута лесу НАН Беларусі, Цэнтральнага батанічнага сада. Дзякуючы сумесным даследаванням вучоных-аграрыяў, сёння земляробы краіны маюць ледзь не 400 сартоў сельгаскультур айчыннай селекцыі. Толькі сарты збожжавых айчыннай селекцыі займаюць у краіне каля 80 % плошчаў для пасеву, а азімага жыта, аўса, кармавога ячменю, рапсу — больш за 90 %.

Леанід Тугарын

Загаловак у газеце: Аб'ект нацыянальнага здабытку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як абараніцца ад махляроў у сферы сучасных тэхналогій

Як абараніцца ад махляроў у сферы сучасных тэхналогій

Фішынг, вішынг — два кіты кіберзлачыннасці

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.