Вы тут

Прыгажосць выратуе свет, або Чаму вучаць беларускія красуні?


Сучасны горад «падкідвае» шмат магчымасцяў для знаёмстваў і самаразвіцця. Вы можаце патрапіць на лекцыі да навукоўцаў, развучыць народныя танцы і песні альбо паўдзельнічаць у майстар-класах па рамёствах, больш даведацца пра знакамітых гістарычных асоб ці нават выпіць кубачак кавы з пісьменнікам. Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы — адно з такіх месцаў, дзе можна ўзбагачацца ведамі не толькі пра жыццё і творчасць класіка, але і наогул пра традыцыі і культуру нашага народа. Нядаўна тут прайшла вечарына, прысвечаная... беларускім красуням.


Зазірніце ў казку

Ян­ка Ку­па­ла і яго жон­ка.

Сучасныя пісьменніцы Алена Масла, Наталля Бучынская, Надзея Ясмінска, Аксана Спрынчан і артстудыя «Казка» паспрабавалі пераканаць гасцей Дома Купалы ў тым, што продкі пакінулі нам шыкоўную спадчыну ў казках, што перадаваліся з вуснаў у вусны, у якіх адлюстраваны менталітэт і мудрасць народа, яго асабістае светаўспрыманне. А які гэта цудоўны інструмент для выхавання дзяцей! Трэба толькі згадаць, якія шыкоўныя жаночыя вобразы захаваны ў фальклоры. Ці змаглі б вы адгадаць тыя складаныя загадкі, з якімі справілася гераіня казкі «Разумная дачка»? А гэта ўсяго толькі дзяўчынка-сямігодка. Якая добрая і пяшчотная Галя з «Залатой яблынькі»! А памятаеце, як у казцы «Мужык і жонка» героі памяняліся сваімі абавязкамі, і як гаспадар з ганьбай праваліў усе хатнія «жаночыя» справы? Таму адна з задум пісьменніц — выдаць кнігу, у якую ўвойдуць казкі, прысвечаныя менавіта беларускім красуням, тым больш што ўжо пабачыла свет выданне пра айчынных асілкаў.

— У свой час я шмат даследавала казку: і беларускую народную, і аўтарскую, сустракалася ў Нацыянальнай акадэміі навук са збіральнікамі фальклору і заўважыла, што беларусы — народ-філосаф, і нашы казкі аб гэтым сведчаць, — падзялілася пісьменніца Алена Масла і адзначыла, што героі беларускага фальклору памяркоўныя — яны гатовы выслухаць, прыняць і ацаніць пазіцыю іншага, праявіць цярпенне, разуменне. Асілкі ў беларускіх народных казках добрыя, спагадлівыя і мудрыя. Не раз у казках сустракаецца сюжэт пра тое, што герой, здарожаны, галодны, не падняў рукі на птушку (на зайца, на ваўка, на мядзведзя, на рака). Нашы продкі не пазбягалі складаных тэм. У казках гаворыцца і пра подласць, крывадушша, здраду, падман, зайздрасць, хітрасць. У некаторых сюжэтах бацькі выракаюцца сына-калекі, браты і сябры здраджваюць блізкаму чалавеку, але праз такія гісторыі народ перадаваў пасланне наступным пакаленням: любоў адолее здраду, дабро заўсёды перамагае...

Жанчыны і класік

Натуральна, у літаратурным музеі не маглі не згадаць пра творчасць Янкі Купалы. Пра красунь, апетых беларускім песняром, расказала загадчык аддзела культурна-адукацыйнай работы Вольга Пархімовіч.

— Шмат вершаў класік прысвяціў сваёй маці — Бянігне Іванаўне Луцэвіч, якая была вельмі прыгожая, ураўнаважаная і маўклівая. Дарэчы, па знешнім выглядзе і натуры Купала быў падобны да яе. А яшчэ гэтая жанчына цудоўна спявала, за што на вёсцы яе звалі «Бянігна-пявуння». У Багумілы (Боні), так называлі блізкія жанчыну, нарадзілася восем дзяцей. Яна дачакалася ўнукаў і праўнукаў, бо пражыла 85 гадоў. І ў сяле да яе сталі звяртацца пяшчотна «наша бабуня». Янка Купала вельмі любіў і шанаваў маці, апошнія амаль два дзясяткі гадоў яна жыла разам з сынам у яго доме, які стаяў на месцы нашага музея.

На жаль, амаль не захавалася здымкаў маці Купалы, у музеі ёсць толькі адна выява, павялічаная з фота ў яе пашпарце. Затое мастакі паспрабавалі ўявіць, як магла выглядаць Бянігна Іванаўна ў маладосці. І стварылі цудоўныя партрэты.

Жонку Купалы (пісьменнік і яго каханая абвянчаліся ў 1916 годзе ў Маскве, у касцёле Святых Пятра і Паўла) называлі па рознаму: Уладзіслава Францаўна, Купаліха, але тыя, хто яе добра ведаў, збольшага звалі яе цёткай Уладзяй. Яна была настаўніца па адукацыі, і ўсё жыццё працавала з самымі маленькімі дзеткамі. Для іх яна апрацоўвала, перакладала на беларускую мову казкі. Калі ў музей прыходзяць маленькія наведвальнікі, супрацоўнікі музея згадваюць з імі вядомую казку «Рэпка». Але цёця Уладзя ўвяла ў яе яшчэ аднаго новага незвычайнага персанажа, які, дарэчы, даў і новую назву казцы — «Пых».

Менавіта Уладзіслава Францаўна стала стваральнікам і першым дырэктарам Літаратурнага музея Янкі Купалы.

3 чэрвеня 1912 года Купала завяршыў работу над п'есай, у аснове якой — гісторыя пра 19-гадовую дзяўчыну, што выбрала сабе жаніха насуперак бацькоўскай волі. Усе героі п'есы мелі прататыпаў, у тым ліку і галоўны персанаж: Паўлінку Купала пісаў з Ядзі Аблачынскай — прыгажуні, што жыла ў суседняй вёсцы на Лагойшчыне.

Пачынаючы з 1944 года спектакль «Паўлінка» стаў візітнай карткай Нацыянальнага акадэмічнага тэатра Янкі Купалы. Колькі актрыс паспрабавалі сябе ў ролі няўрымслівай і гумарной прыгажуні! Так, Ала Доўгая выконвала ролю 19-гадовай дзяўчыны на працягу 18 гадоў, але рэкорд належыць Раісе Кашэльнікавай: гэтую ролю яна выконвала 26 гадоў.

Адной жа з першых актрыс, якая пазнаёміла публіку з гераіняй Купалы, стала Паўліна Мядзёлка. Дарэчы, гэтая жанчына змагла крануць сэрца паэта. У 1913 годзе ў Акопах класік пісаў паэму, дзе ў вобразе непакорлівай і свабодалюбівай гераіні паказаны народ. Рукапіс паэмы «Бандароўна» захоўваецца ў літаратурным музеі. На ім ёсць прысвячэнне «Паўліне Мядзёлцы», якое Купала старанна закрэсліваў.

Між іншым, у філіяле музея Янкі Купалы «Акопы» на Лагойшчыне сёлета з'явілася алея з бэзу сорту «Паўлінка». Дрэўцы былі пасаджаны на Дзень нараджэння класіка ў межах сумеснага праекта музея з Батанічным садам Нацыянальнай акадэміі навук.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».