Вы тут

Погляд на мастацтва ў кантэксце часу


Працяг размовы з рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаілам Баразной

Заканчэнне. Пачатак у №9.


— Ці складваецца ўдала лёс выпускнікоў? Знаходзяць сябе ў прафесіі, у творчасці?

— У жыцці шмат розных абставінаў: сямейных, бытавых, выпадковых. Але ў цэлым выпускнікі займаюцца тым, чым яны павінны займацца па адукацыі. Здараецца графік становіцца жывапісцам, жывапісец — графікам. Але тое, што яны абраныя прафесіяй — адназначна ў пераважнай большасці. І дзе б не знаходзіліся, гэта людзі, якія займаюцца мастацтвам. Многія дасягаюць вельмі сур’ёзных вынікаў. Сацыяльныя сеткі дэманструюць, што нашы выпускнікі заяўляюць пра сябе і далёка за межамі Беларусі. Узяць Ігара Салаўёва, які ў нас працуе штатным педагогам, і сёлета заваяваў тры вышэйшыя намінацыі на конкурсе дызайну ў Германіі, у Эсэне. Ён — выпускнік Акадэміі, які атрымаў вышэйшае прызнанне дызайнерскай творчасці, дасягнуў значных вышынь у прамысловым дызайне. Ёсць студэнты, хто атрымліваў узнагароды конкурсу інавацыйнага дызайну «Pushka». Ці, напрыклад, Фёдар Шурмелаў, графік, летась стаў пераможцам конкурсу «Дэбют» краін СНД. Або Канстанцін Касцючэнка, які раней, у 2016 годзе, таксама стаў уладальнікам прэміі «Дэбют». Мы сочым і за кар’ерай выпускнікоў іншых факультэтаў. Кірыл Дэцэвіч, напрыклад, быў адным з нашых лепшых студэнтаў тэатральнага факультэта. Сёння ў тэатры імя Пушкіна ў Маскве ён стаў прыкметным акцёрам, а таксама ўдзельнікам многіх кінапраектаў. Хтосьці з аператараў працуе ў Галівудзе. Нашы мультыплікатары — на Саюзмультфільме ў Расіі. Мы рады гэтым поспехам, фіксуем іх для сябе, запісваем у гісторыю Акадэміі. Ведаем кожны ўстаноўлены помнік, які зрабілі нашы выпускнікі. Напрыклад, дыпломная праца Аляксандра Сакалова (скончыў Акадэмію ў 2014 годзе) адлітая ў бронзе каля кардыялагічнага цэнтра ў Мінску. Нацыянальны конкурс кнігі — таксама месца, дзе нашы мастакі, іх дыпломныя працы праяўляюць сябе. І нашы кінематаграфісты, тэлевізійшчыкі дасягнулі многага. Неяк я вырашыў паглядзець, чаго мы за 10 гадоў дасягнулі. Нават сам здзівіўся: многае зроблена! І будынкі МЗС, і клінікі, дзіцячыя садкі, культавыя збудаванні. Усюды ёсць нашы працы і цікавасць да іх. Мазаічная школа адчувае сябе вельмі добра. У нас дзве выставачныя залы. Ёсць студэнцкі цэнтр сучаснага мастацтва. Мы стварылі, я лічу, унікальныя праекты, якія былі паказаны двойчы ў Мастацкай акадэміі Дрэздэна, у Літоўскай акадэміі, у Вене праектаў пяць. А цяпер будзе функцыянаваць тэатральная зала. Мы зможам паказаць гледачу шмат цікавых работ, бо да пачатку рамонта ва ўсіх нашых спектакляў, якія ішлі адкрыта, заўсёды быў аншлаг. На іх квіткі нельга было купіць. Таму, я думаю, што новыя тэхнічныя магчымасці дазволяць паказаць грамадскасці цікавыя тэатральныя навінкі.

— Дарэчы, на беларускай мове многія студэнты размаўляюць?

— Трэцяя частка.

— А выкладчыкі?

— Іх таксама нямала. Па-першае, я вяду Савет Акадэміі на беларускай мове. Справаводства на тры чвэрці ў нас беларускамоўнае. Я заўсёды размаўляю на роднай мове з задавальненнем. Між іншым, з шасці маіх кніг, якія выдадзены, чатыры — на беларускай. Адзінае, што інтэрнацынальнасць студэнтаў мае нюанс. Вось, напрыклад, у нас кітаец, амерыканец, які беларускую мову не вывучае. А еўрапейцам яна цікавая. Хачу сказаць, што менш беларускай мовы не стала. Прынамсі, калі я вучыўся, у перапісцы не было гэтай мовы. А цяпер, як ужо адзначаў, справаводства ў асноўным на беларускай.

— Сёння існуе дэфіцыт на добрых рэжысёраў, акцёраў, мастакоў. Вядома, учарашні выпускнік — гэта яшчэ далёка не майстар, які адбыўся. Але ж маладыя людзі прайшлі добрую прафесійную школу, яны падрыхтаваныя, хочуць рэалізаваць сябе, поўныя здаровых амбіцый… Ці, можа, усё выглядае па-іншаму?

— Калі вярнуцца ў гісторыю, паглядзець крытыку перыяду імпрэсіяністаў і пазней, пра недастатковую прафпадрыхтоўку на пачатку мінулага стагоддзя казалі больш, чым цяпер. Гэта натуральны працэс, калі школа пастаянна звяртаецца да папярэдніх традыцый, як да больш важкіх, больш значных, прафесійных. Але мы рэдка ацэньваем тое, што адбываецца ў наватарскім стылі. Яго таксама неабходна ўлічваць. Напрыклад, мяняецца архітэктура, значыць, павінна мяняцца і форма скульптуры, манументальнага мастацтва. Яны не могуць ізалявана існаваць. Змяняецца кніжны дызайн, паліграфія, пашыраюцца яе магчымасці. З’явіўся інтэрнэт, і лагічным было чакаць, што зменіцца кніжная і камп’ютарная графіка. Рэчы не могуць быць застылымі ў стылі рэнесансу, барока або сацыялістычнага рэалізму. З часам мяняюцца ўмовы… Шкляныя памяшканні патрабуюць іншага жывапісу ў іх. Экслібрыс мяняецца на іншыя формы. Цяпер ён сам становіцца станковай формай ці формай экслібрыснай графікі і з’яўляецца чымсьці ўжо самастойным, а не формай вырабу знакаў. Выпускніку архітэктурнага факультэта мы не прад’яўляем патрабаванні, каб ён змог адразу ж не толькі спраектаваць, але і пабудаваць мост праз Місісіпі ці Хуанхэ. Ён павінен сам дайсці да таго моманту, калі становіцца генеральным канструктарам. Таксама і з маладым мастаком, з маладым рэжысёрам. Развіццё — галоўны элемент усяго выхаваўчага працэсу. Што сказаць аб прафесійнай падрыхтоўцы маладых людзей? Тут няма адзінага рэцэпта. Нават у рамках адной прафесіі курс на курс не падобны. Так адбываецца і ў сістэме прафесійнай падрыхтоўкі. Яшчэ мы заўважылі, часам самастойная падрыхтоўка не горш падрыхтоўкі навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Ёсць тэндэнцыя: хто не вучыўся ў мастацкім вучылішчы, могуць паказаць добры вынік. Нават па такіх складаных спецыяльнасцях як кампазіцыя ў выяўленчым мастацтве.

— Методыка выкладання таксама мяняецца?

— У аснове дасягненняў у творчай прафесіі ляжыць усё ж такі акадэмічны базавы падмурак. Яго лёгка страціць і адначасова страціць свой твар. Ужо лепш мець імідж празмерна кансерватыўнай навучальнай установы. У нас ёсць гэтая кансерватыўнасць у добрым сэнсе. І конкурс паступлення ў Акадэмію не прымушае нас пасыпаць галаву попелам, саромецца нашай працы. Актыўны ў нас і працэс укаранення маладых педагогаў у выкладанне. Ёсць тыя, хто не бачыць сябе па-за акадэмічнай манерай — такіх нямала. Але мы Акадэмію не ператвараем у манастыр. Не абмяжоўваем студэнтаў ад сучасных ведаў у свеце сучаснага мастацтва. На базе Акадэміі рэгулярна праводзім выставы не толькі нашых студэнтаў, педагогаў, але і выставы замежных аўтараў. На лекцыях па гісторыі мастацтваў у нас чытаюць пра найноўшыя плыні ў выяўленчым мастацтве, у дызайне. Лічым, што нашы студэнты павінны быць «узброеныя» сучаснымі ведамі. Педагогі таксама інтэграваныя ў мастацкае жыццё сучасных, канцэптуальных формаў творчасці. Але базавай асновай навучання застаецца акадэмічная традыцыя. Хачу з гонарам сказаць, што мы ніколі не былі рамесным вучылішчам. Мы — Акадэмія! А акадэмічны дух выдатны яшчэ і навуковай дыскусіяй аб шляхах развіцця мастацтва. Мы абмяркоўваем са студэнтамі многія праблемы. Таму ў нас заўсёды лунае дух філасофскага асэнсавання. І пытанні светапогляду нашага сучасніка для нас — не пустыя словы.

— Мяркую, да наватарства ў педагогіцы вы ставіцеся станоўча. Але прынцыпы акадэмізму адстойваеце з усёй прынцыповасцю…

— Лічу, што пытанне «А што інавацыйнага вы бачыце ў мастацтве?» няправільнае. Мастацтва, як творчая дзейнасць, інавацыйная па сваёй сутнасці. Няма сэнсу ў паўтарэнні чагосьці. Яно пастаянна ў абнаўленні. І лічу, што інавацыйнасць не можа прыходзіць толькі, напрыклад, у замене фарбаў алейных на больш экалагічныя — акрылавыя. Пэндзлі, якімі мы працавалі студэнтамі ў сямідзесятыя гады, ужо замянілі на іншыя. Інавацыі павінны прыйсці ў выглядзе новых матэрыялаў, новых палотнаў, падрамніку, мальбертаў. Тое, што мастак выкарыстоўвае камп’ютар, таксама норма. Але сама сутнасць прафесіі — акадэмічныя навыкі. Як гэта можа стаць інавацыйным? Я за традыцыі, якім ужо не адно стагоддзе. Бо, на мой погляд, чалавек сам мала змяніўся. Іншая толькі форма яго адзення, можа быць нейкія манеры… А па сутнасці стаўленне да дабра і зла ў многіх тыя ж самыя.

— Вядома, моладзь заўсёды кудысьці «заносіць». І тут важна захаваць тое, чаго няма ў многіх краінах з, вялікімі, здавалася б, традыцыямі. Напрыклад, у шэрагу еўрапейскіх краін сёння не ведаюць, што такое класічны рэалізм у жывапісе. Як захаваць школу? Ёсць трывога аб тым, што з ёй будзе ў будучыні?

— Трывога ёсць. Але гэта не катастрофа, якая адбываецца ў адукацыі. Так, мы не разбэшчаны колькасцю класічных твораў мастацтва XVIII–XIX стагоддзяў, што прадстаўлены ў музейных калекцыях, выставачных залах, грамадскіх будынках, як гэта ёсць у заходніх краінах, дзе можна знайсці працу выбітнага майстра ў невялікім раённым музеі. Існуе аб’ектыўная рэальнасць, калі ў 1945 годзе Беларусь была выпаленай зямлёй, пазбаўленай вялізнага пласта матэрыяльных, культурных каштоўнасцяў. Гэта і архітэктура, і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, у тым ліку крыж Еўфрасінні Полацкай. Цікавасць моладзі да фігуратыўнага метаду абумоўленая тым, што існуе недахоп артэфактаў, помнікаў такога мастацтва ў нашым асяроддзі. Імкненне стварыць камфортнае для сябе эстэтычнае асяроддзе стымулюе цікавіцца тым, чым ужо не цікавяцца на Захадзе: ні імпрэсіянізмам, ні сімвалізмам, ні экспрэсіянізмам, ні плынямі неа-прымітывізму. Сюррэалізм у беларускім мастацтве адкрылі ў 70–80‑я гады мінулага стагоддзя, калі ў Еўропе ён ужо скончыўся. Пра яго там сталі забываць, а ў нас ён толькі з’явіўся. Думаю, мы яшчэ вельмі доўга будзем цікавіцца не проста формай, але і чалавекам, яго пачуццямі, эмоцыямі — гэта якраз сфера фігуратыўнага мастацтва. Наш чалавек вельмі змяняецца, гэта цікава. І нават не абавязкова маляваць самога чалавека, дастаткова адлюстраваць яго асяроддзе і гэта многае пра яго раскажа, як, напрыклад, нацюрморт народнага мастака Беларусі Мая Данцыга аб Вялікай Айчыннай вайне. Там няма чалавека, але ёсць прадметы, якія кажуць пра яго светапогляд. Я бачу цікавасць да новых сінтэтычных формаў, але не бачу набліжэння той мяжы, калі цікавасць да фігуратыўнага мастацтва — натурнага, рэалістычнага — згасне канчаткова. Неабходна ўлічваць яшчэ і рынкавую сітуацыю. Аўтар — гэта чалавек, якому неабходна падтрымліваць свае жыццёвыя і сямейныя рэсурсы. Рынак не заўсёды нас задавальняе. Дзесьці мы спрабуем пад яго падладжвацца, дзесьці хочам змяніць. Мы сталі больш інфармацыйна насычанымі і пачынаем ўплываць на фарміраванне пакупніка, мяняць яго густы, адносіны, інфармаваць яго. Таму сітуацыю не бачу жаласнай, наадварот, яна вельмі цікавая.

— Чаму ў нас лічыцца, што сучаснае мастацтва — гэта абавязкова авангард, абстракцыя? Няма тут скажэння, падмены паняццяў? Бо рэалістычнае выяўленчае мастацтва таксама сучаснае. І, можа, варта браць пад увагу больш працяглы часовы адрэзак, калі разглядаеш творчасць мастакоў-сучаснікаў?

— Я супраць таго, каб лічыць сучасным мастацтва, створанае толькі ў бягучым годзе. Яно павінна адлюстроўваць пэўны перыяд часу: пяць, дзесяць, пятнаццаць, дваццаць гадоў. І зыходзячы з вопыту выстаў, калі паказваюцца працы, напрыклад, XVII стагоддзя, то даволі часта такія артэфакты актуалізуюцца. Сучаснае мастацтва — гэта працэс бясконцай дыскусіі. Працы, створаныя ў апошнія тры дні, могуць быць нецікавымі. А калі нецікавыя, значыць, не зусім сучасныя. Можа быць, цікавасць пазней з’явіцца, а можа быць ніколі. Сучаснае — значыць цікавае сучасніку.

Добра мець справу з прафесіяналам. Нават у размове. Тады яе сутнасць атрымліваецца больш прадметнай, а ісціна бачыцца без усялякай залішняй двухсэнсоўнасці. Мы гаварылі пра мастацтва з Міхаілам Баразной — чалавекам, як прынята казаць у такіх выпадках, вельмі вядомым у пэўных колах. Вядомасць гэтая мае дачыненне, перш за ўсё, да сферы культуры. Міхаіл Баразна вельмі паважаемы як спецыяліст у галіне мастацтвазнаўчай крытыкі. І нездарма, бо вялікі знаўца ў гэтай справе. Адсюль і аўтарытэт. А яшчэ — сам рэалізуе сябе ў творчасці. Сур’ёзна займаецца, і не без поспехаў, графікай з элементамі фотаінсталяцыі. Адным словам, мастацтва — а менавіта пра яго была наша размова, — гэта жыццё Міхаіла Баразны, дзе яно акрэслена ў дастатковай меры глыбока.

— Вам, як спецыялісту, добра вядомая гісторыя развіцця беларускага жывапісу. Ці можна даваць ацэнку сучаснаму стану гэтага віду выяўленчага мастацтва ў параўнанні? Калі так, то якім яно вам падаецца?

— Вельмі складана параўноўваць. Хоць ёсць, напэўна, нейкія падобныя рэчы. Дапусцім, беларускі мастак Аляшкевіч, які жыў у ХІХ стагоддзі, атрымаў адукацыю ў Францыі, быў прафесарам Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Вядома, ён быў звязаны з родным краем. Але няпроста ацаніць яго ўплыў. Казаць пра яго ў тым часе даволі складана. Хоць і цяпер ёсць маладаследаваныя працы беларускіх аўтараў, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі. А наогул творы, якія ўваходзяць у гісторыю беларускага мастацтва, выхоўваюць гонар за тое, што Смуглевіч з Беларусі, што крыж Лазара Богшы зроблены тут. Не кожная краіна можа сказаць: тут Шагал працаваў, жыў і працаваў Малевіч. Беларусы заўсёды знаходзіліся ў кантэксце сусветнай мастацкай практыкі.

— Якія тэндэнцыі ў нацыянальным выяўленчым мастацтве найбольш відавочныя ў апошняе дзесяцігоддзе?

— Адна з такіх рысаў — дзённік вандроўніка. Калі для многіх еўрапейцаў не так цікавыя піраміды, то нашы мастакі адчуваюць захапленне ад іх. Я бачу ў тым добры знак. Мы не «зацёртыя», мы ўспрымаем свет адкрытымі вачыма. Падаючая Пізанская вежа для многіх — аб’ект турыстычнага наведвання, а наш мастак адчувае пры гэтым каласальны прыліў пачуццяў. Вялікі пласт выказванняў вандроўніка ў мастацтве відавочны, выразны.

— Па-вашаму, беларускія мастакі ў большай ступені цяпер знаходзяцца ў працэсе пошуку. А калі абстрагавацца ад кагорты падарожнікаў, калі глыбей зірнуць, што характэрна для апошняга дзесяцігоддзя?

— Прыкметна паважлівае стаўленне да тэхнікі выканання. Чаго б гэта не тычылася — відэаінсталяцыі, перформансу, жывапісу або графікі — беларускія мастакі да выканальніцкага майстэрства адносяцца асабліва. У мастацтве цяпер менш прысутнічае літаратурны складнік. Нашы графікі дасягнулі ў сярэдзіне 80‑х гадоў прыкметных поспехаў у ілюстраванні паэзіі, прозы, фальклору. Але гэта ўсё апора на літаратуру. Шмат у чым паўплывала на беларускага мастака не падзенне Берлінскай сцяны, а Чарнобыль. Бо пасля красавіка 1986 года афіцыйнае мастацтва само па сабе знікла, яно стала бессэнсоўным, бескарысным. Кожная сям’я на сабе адчула ўплыў Чарнобыля, змяніўся светапогляд. Мастак стаў больш засяроджаным на праблемах ўнутранага свету.

— У якой меры ў галоўнай мастацкай навучальнай установе краіны, акцэнт робіцца на захаванне беларускай мастацкай школы?

— Гэта галоўны акцэнт. Зыходзячы з таго, што адбываецца ў суседніх мастацкіх школах, у балтыйскіх краінах, мы робім усё, каб захаваць своеасаблівасць нацыянальнай мастацкай школы і даць студэнтам не толькі ўніверсальныя навыкі, веды ў мастацтве, але і паказаць традыцыі. Хоць эксперыментальнага ў адукацыі ўжо шмат, веды ў галіне гісторыі мастацтваў у студэнтаў шырокія, апошнія дасягненні ім знаёмыя. Мы імкнемся зрабіць так, каб не выклікаць у студэнта агрэсіўнага стаўлення да нейкага віду творчай практыкі. Але ўсведамляем, што лёгка растварыцца ў навакольным свеце сучаснага мастацтва. Ёсць у нас шмат у чым лідзіруючыя пазіцыі: упэўнены, кафедра графікі ў нашай Акадэміі — адна з самых лепшых у Еўропе. Гаворым пра гэта з пазіцыі гонару за нацыянальнае мастацтва, жадаем, каб гэтая традыцыя жыла і развівалася. Тое ж тычыцца і манументальнага мастацтва.

— Якія ўсё ж выкладчыцкія падыходы культывуюцца ў Акадэміі мастацтваў? Тут рыхтуюць чалавека з пэўнай прафесіяй ці арыентуюцца на творчую асобу?

— Гэтыя пытанні можна сумясціць і атрымаецца правільны адказ. Бо мы маем справу з чалавекам, які ўжо думае. У Акадэміі працуюць з асобай. Тут сакрэт просты: калі бачыш, што чалавек неардынарны, адораны — не нашкодзь.

— Што асабіста вы лічыце галоўным у сваёй творчасці як графік?

— Для мяне галоўнае думаць і ствараць. Каб гэта жаданне не спынялася. Канцэптуалізм моцна ўплывае. Я да сваіх прац стаўлюся эмацыйна. Тое, чым хочацца падзяліцца — самае галоўнае. Шмат у чым я нават «усёедны». У мяне няма такога, што калі я чорны квадрат намаляваў, значыць я ў жыцці буду рабіць толькі чорныя квадраты. Мяне можа нейкая абстрактная рэч, тая ж тэкстура натхніць. Гэта можа быць архітэктурны матыў, пейзаж, партрэт. Галоўнае, каб адпавядала эмацыйнаму стану. Напэўна, у сваёй творчасці я ў меншай ступені жадаю камусьці спадабацца.

— У сваіх творах вы імкнецеся да таго, каб выхаваць эстэтычны густ гледача?

— Напэўна, так. Агрэсіўнай накіраванасці ў маёй творчасці няма і не будзе. На сённяшні дзень у маім творчым лёсе няма эпатажу. Я заўсёды ставіўся з павагай да навакольнага свету, з любоўю, з беражлівасцю да прыроды, людзей. Мне цікавей пазнаваць свет, а не разбураць, ірваць на кавалкі.

— У чым ваша філасофія як мастака?

— Філасофія ў маім разуменні — гэта праява мудрасці. А мудрасць — якасць узросту. Філасофія — гэта вельмі складаны комплекс ведаў. Таму я б спрасціў пытанне, напрыклад: у чым маё разважанне? І я пра тое казаў. Да міру я стаўлюся як да рэчы стваральнай, і сам хацеў бы ў ім быць у такой ролі. Назваць сябе філосафам я не рызыкну. Бо крыху ведаю, што гэта за прафесія. Не хочацца быць дылетантам — у гэтым мая філасофія.

— А давяраеце ў творчасці ўласнай інтуіцыі?

— Так, інтуіцыя — гэта сціснуты ў часе вопыт. Ён дазваляе мне давяраць інтуіцыі. Не ва ўсіх, але ў большасці выпадкаў. Пакуль мая інтуіцыя нічога дрэннага мне не падказала...

— Якую ацэнку выстаўляеце, як правіла, сваім працам?

— Гэта частка майго жыцця, чатка сутнасці, ад якой не магу адмовіцца. Ні ад творчасці, ні ад сваіх работ.

— Якім вам бачыцца заўтрашні дзень у беларускім выяўленчым мастацтве?

— Яркім. Я не ідэаліст, але мне ён бачыцца годным. Бо патэнцыял вельмі істотны. Дасягненні школы дазваляюць казаць аб тым, што нашы мастакі могуць знайсці адэкватную пластычную мову, якая зразумелая не толькі ім самім, але і грамадзянам іншых дзяржаў, іншым мастакам. Наша мастацтва знаходзіцца ў стане ўступлення ў актыўны дыялог. У новага пакалення ўжо няма моўнага бар’ера. Выяўленчае мастацтва да таго ж працягвае ўдасканальваць сваю ўніверсальную мову. Таму я бачу будучыню упэўненай, яркай. Вядома не без цяжкасцяў. Я кажу пра тое моладзі, у якой ёсць прага тварыць. Хоць само мастацтва — гэта не такая ўжо гладкая дарога. Гэта цяжкі шлях. Але без веры ў будучыню немагчыма нешта ствараць.

Веніямін Міхееў

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

«Сумныя» прадукты — прэч з халадзільніка!

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. Неабходна будзе сканцэнтраваць намаганні на рабоце.

Грамадства

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»