Вы тут

Чатыры асеннія кірмашы ўжо прайшлі ў Брэсце


Чатыры асеннія кірмашы прайшлі ўжо ў Брэсце. Тавараабарот толькі першых трох з іх склаў больш за мільён рублёў. У кірмашах у абласным цэнтры паўдзельнічала больш за паўтары тысячы прадаўцоў, пераважна фізічныя асобы. Такім чынам, восеньскі распродаж выгадны ўсім, як вытворцам, так і спажыўцам. І калі ў горадзе жыхары стараюцца набываць агародніну, садавіну, нават розныя экзатычныя ягады, то ў глыбінцы ёсць свая спецыфіка, у мястэчках нярэдка людзі на кірмаш едуць купіць збожжа для дапаможнай гаспадаркі.

Асеннія кірмашы ў рэгіёнах праходзяць як гандлёвыя фэсты і культурныя мерапрыемствы адначасова.


Выканаўчыя камітэты пастараліся зрабіць гэтыя фэсты яшчэ і культурнымі мерапрыемствамі. Людзі ж у асноўным прыходзяць на кірмашы з сем'ямі. У наведвальнікаў ёсць магчымасць адпачыць, а не толькі зрабіць пакупкі. Таму на пляцоўках паўсюль выступаюць самадзейныя калектывы, арганізоўваюцца конкурсы ды забаўлянкі, што спрыяе асабліваму настрою кірмашоў.

Напрыклад, у Брэсце тыдзень таму кірмаш стаў цэнтральным мерапрыемствам свята Маскоўскага раёна. Традыцыю сумяшчаць кірмаш са святам усталяваў дзевяць гадоў таму цяперашні кіраўнік горада, а тады кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна Аляксандр Рагачук. Па традыцыі гасцей павітаў дзеючы кіраўнік адміністрацыі Андрэй ФІЛАНОВІЧ, які адзначыў, што Маскоўскі раён сёння адзін з найбуйнейшых Беларусі. Тут вырастаюць новыя мікрараёны, узводзяцца сацыяльныя аб'екты, з году ў год расце колькасць насельніцтва. Андрэй Філановіч выразіў падзяку працаўнікам сельскагаспадарчай галіны за тое, што прывезлі на продаж гараджанам сваю разнастайную прадукцыю.

Затым адбылося ўзнагароджанне найлепшых у прафесіі супрацоўнікаў розных устаноў і прадпрыемстваў. Узнагароды атрымалі 17 заслужаных працаўнікоў раёна. Акрамя таго, на пляцоўцы вакол гандлёвага цэнтра «Экватар» была арганізаваная выстаўка аўтамабільнай тэхнікі. Аўтадылер Geely паказаў аўтааматарам свае навінкі, што нядаўна сышлі з канвеера. Ну а для фермераў і гаспадароў прарэкламавалі грузавыя фургоны. Гэта надзвычай актуальная тэхніка для тых, хто вырошчвае сваю прадукцыю і возіць яе на продаж.

Шумеў кірмаш каля «Экватара» нягледзячы на дробны дожджык зранку. Праўда, потым надвор'е выправілася, і людзі няспешна і з задавальненнем разглядалі і набывалі патрэбныя тавары. Вядома, хітом продажу стала бульба. Яе розныя сарты прывезлі з усіх канцоў вобласці. Прадаўцы нахвальвалі сваю Каралеву Ганну, Скарб, Рагнеду — бульбачку, якая прывабна выглядала ў мяхах-сетках. Аддавалі другі хлеб па 50—60 капеек за кілаграм. Прыкладна за столькі ж можна было набыць буракі і моркву. Капусты хапала розных відаў. Наша спрадвечная белакачанная прадавалася зусім не дорага, прыкладна па 45 капеек. Каляровую аддавалі па тры рублі. А вось дзіўную капусту пад назвай «Раманеска» не ўсім раней даводзілася сустракаць. Прадавец растлумачыў, што яна — вынік селекцыйных эксперыментаў па скрыжаванні цвятной капусты з капустай брокалі. Новы від мае сметанкова-арэхавы, без гарчынкі, смак, вельмі багаты на вітаміны і мікраэлементы, клятчатку і антыаксіданты. Да таго ж расліна складаная ў доглядзе. Таму Раманеска прапаноўвалі па пяць рублёў за кіло.

Гараджане актыўна куплялі журавіны. Іх у асноўным аддавалі па 4,8 рубля за літровы слоік. А вось па шампіньёны нават чарга выстраілася, бо яны, аказваецца, прадаваліся танней, чым у магазінах (па 3,3 рубля). Прадавалі яшчэ шмат чаго: і жывую рыбу, і мясную прадукцыю розных вытворцаў. Было шмат саджанцаў з гадавальнікаў і прыватных садоў.

А вось у Пружанскім раёне спачатку правялі кірмашы ў мястэчках — Ружанах, Шарашэве, там людзі змаглі набыць разнастайную прадукцыю, нязменным попытам карысталася збожжа. А ўжо потым кірмаш з размахам, з канцэртам прайшоў у райцэнтры. І тут таксама на пачэсным месцы стаялі грузавікі гаспадарак са збажыной. Напрыклад, ААТ «Мурава» выставіла самую нізкую цану — 45 капеек за пшаніцу і 40 капеек за трыцікале. Ну і як вынік, два грузавікі зерня раза-бралі літаральна за паўгадзіны. Але і тыя, хто пад'ехаў на кірмаш пазней, без корму для ўласнай гаспадаркі не засталіся. Сельгаспрадпрыемствы «Агра-Калядзічы», «Радзіма» і іншыя прапанавалі збожжа розных сартоў, праўда, на некалькі капеек даражэй.

Капусту тут прадавалі танней, чым у абласным цэнтры. Цэны на бульбу і моркву ад брэсцкіх амаль не адставалі.

Яшчэ на «Пружанскай восені» разгарнулі «Горад майстроў». Сувенірную і іншую прадукцыю прывезлі рамеснікі не толькі з Брэстчыны, але і з Гродна, Мінска, Віцебска. Можна было купіць арыгінальны посуд і шмат чаго іншага.

На гарадской сцэне ўшанавалі пераможцаў конкурсу сярод маладых сем'яў на найлепшы сельскі падворак. Лаўрэаты і прызёры атрымалі падарункі. Дамы культуры прадставілі багатую канцэртную праграму. Быў нават «смачны конкурс», на якім вясковыя ўстановы культуры дэманстравалі фірменныя стравы. Людзей віталі самадзейныя калектывы. Так што пакупнікі пайшлі дадому не толькі з пакупкамі, сувенірамі, але і са станоўчымі ўражаннямі.

Усе фарбы восені адлюстраваліся і на Драгічынскім кірмашы. Тут таксама карысталася павышаным попытам збожжа. Яго аддавалі нават крышачку танней, чым у Пружанах. А непаўторнае хараство фэсту надалі цэлыя рады гандляроў кветкавай прадукцыяй, тут можна было набыць хрызантэмы ды іншыя расліны для клумбаў. Людзі ахвотна куплялі мёд у пчаляроў, мясную прадукцыю ў гандлёвых павільёнах райспажыўсаюза.

У мінулую суботу ў Брэсце таксама прайшоў пашыраны кірмаш. І хоць зранку ішоў дождж, пакупнікоў сабралася нямала. Гараджане рабілі запасы на зіму каля гандлёвага цэнтра «Карона». Было шмат бульбы. Пакупнікі асабліва налягалі на журавіны, якія прывезлі з розных канцоў вобласці. Яно і зразумела, вітамінны напой у цяперашнюю пару пандэміі надта актуальны. Аўтар гэтых радкоў купіла журавіны з Пружаншчыны — буйныя, спелыя, сакавітыя.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Усе фарбы восені

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».