Вы тут

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2


Незалежны інстытут аўдытараў дарожнай бяспекі будзе створаны ў Беларусі. А ўсе дарогі краіны, пачынаючы з магістральных, разгледзяць па Міжнароднай праграме ацэнкі дарог (ІRAP). Гэта пэўная сістэма, якая вызначыць як найбольш бяспечныя для руху шляхі, так і дарогі, дзе над якасцю яшчэ трэба працаваць. У найбліжэйшае дзесяцігоддзе ў краіне з'явіцца таксама і рэспубліканская праграма развіцця электратранспарту, якая цяпер праходзіць разнастайныя ўзгадненні. Пра гэта, а таксама далейшае развіццё шляхоў і аўтамабіляў расказалі спецыялісты.


56 загінулых на мільён — паказчык бяспекі. Але можна менш

Стварэнне камфортных і бяспечных аўтадарог — прыярытэт работы дарожнай галіны краіны. У Беларусі рэалізуецца Канцэпцыя забеспячэння бяспекі дарожнага руху, і ў гэтым кірунку ўжо дасягнуты высокія паказчыкі. На дарогах загінула 56 чалавек на мільён жыхароў, хоць імкнуцца трэба, канешне, да нулявой смяротнасці, сцвярджаюць спецыялісты.

— У межах праекта рэканструкцыі дарогі М3 і мастоў мы, напрыклад, працуем з кансультантамі, якія будуць дапамагаць нам распрацоўваць стратэгію бяспекі дарожнага руху. У супрацоўніцтве з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця працягнецца рэканструкцыя і астатніх магістральных дарог на выездзе са сталіцы, — расказаў Сяргей ЛЯВОНЧЫК, начальнік упраўлення аўтамабільных дарог галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый.

Бяспеку на дарогах дапамагае павышаць і сістэма дапамогі кіроўцу — ADAS — сучасныя электронныя прылады, якімі цяпер аснашчаюцца ўсе аўтамабілі і аўтобусы. Частка такіх сістэм ужо мае статус абавязковых. У прыватнасці да АБС — антыблакіровачнай сістэмы тармазоў — з гэтага года дадалася як абавязковая і сістэма курсавой устойлівасці аўто. Для легкавога транспарту яна ўжо дзейнічала, а цяпер масава павінна з'явіцца і на грузавым, паведаміў Павел ШАБАНАЎ, галоўны канструктар па аўтамабільнай тэхніцы Мінскага аўтамабільнага завода холдынга «БелаўтаМАЗ»:

— Факультатыўная ў нас у краіне, аднак абавязковая ў Еўропе функцыя экстраннага тармажэння таксама павінна запрацаваць. На аўто ўстанаўліваецца камера — такі элемент штучнага зроку, — якая распазнае элементы дарожнага пакрыцця, што дазваляе аўто рухацца без удзелу кіроўцы, калі ўстаноўлены такі рэжым. А таксама бачыць аб'екты, што набліжаюцца да машыны: прадметы і людзей. Такім чынам нават няўважлівасць вадзіцеля не стане прычынай аварыі.

Меры бяспекі ў выкарыстанні тэхнікі, якая вырабляецца на Мінскім трактарным заводзе (МТЗ), мае спецыфічны характар. Яны датычацца ў асноўным перакульвання і пападання ў яе нейкіх прадметаў падчас работы і значна менш звязаны з хуткасцю, бо ў транспартным рэжыме яна не перавышае 40 км/г, а ў рабочым — 12 км/г. На прадпрыемстве, як сведчаць яго спецыялісты, ствараюць самы шырокі асартымент тэхнікі. Ёсць і камунальная для ўтрымання дарог — уборкі і абкошвання, і будаўнічая — для стварэння тых жа дарог і мастоў.

Транспарт на газе — актуальны кірунак развіцця найперш для Расіі. Аднак МАЗ як асноўны экспарцёр аўтатэхнікі краіне-суседцы мае сур'ёзныя распрацоўкі і пэўныя пастаўкі тэхнікі на газаматорным паліве — прычым як на сціснутым, так і на звадкаваным метане, і разлічвае, што айчынная тэхніка таксама зможа паўдзельнічаць у праграме, якая рэалізоўваецца ў Расіі і мае на мэце глабальную газіфікацыю большай часткі транспарту.

Прымяняецца звадкаваны газ і ў беларускіх трактарах, аднак праз аддаленасць ад месцаў запраўкі гэтая з'ява існуе пакуль толькі ў межах эксперыменту.

— Магутнасныя паказчыкі гэтай тэхнікі сёння ў залежнасці ад неабходных аб'ёмаў работ складаюць ад 30 конскіх сіл для мясцовых тэхналагічных дарог да 130—150 — для вялікіх магістраляў, — расказаў Аляксей ЛЮБЧЭЎСКІ, намеснік дырэктара філіяла ААТ «МТЗ» «Гандлёвага дома BELARUS». — Гэта хутчэй энергетычны сродак, які ў пэўны час і ў пэўным месцы можа даць неабходную колькасць энергіі: гідраўлічнай, механічнай ці электрычнай. Пры гэтым мы цесна супрацоўнічаем з дарожнымі службамі і прапануем базавыя шасі для навешвання на іх спецыяльнага абсталявання, якое не выпускаецца на МТЗ. А таксама гатовыя да стварэння тэхнікі па заказе, у тым ліку і ў межах імпартазамяшчэння.

Электракары: МАЗ-303, 12-тоннік і «Геаметрыя А»

Экалогія — таксама адзін з момантаў бяспекі. Трэба зніжаць выкіды СО2 у атмасферу ад аўто. У краіне ўжо дзейнічае экастандарт Еўра 5 для аўтатранспарту. Аднак не за гарамі і час, калі мы рушым да змяншэння выкідаў ажно да нуля, заўважыў галоўны канструктар МАЗа:

— Гэта тэхніка на электрапрывадзе, якая не мае сістэм, звязаных з рухавіком унутранага згарання. Такія віды транспарту будуць у найбліжэйшы час распаўсюджвацца і ў нас. Моду на гэта задалі краіны, дзе экасітуацыя была крытычная: Кітай і Індыя. Пасля пачатку дзяржаўнай праграмы развіцця транспарту і яго замены на экалагічны за дзесяць з лішнім гадоў там дасягнулі ашаламляльных вынікаў. Апошнія тры гады Кітай вырабляе па 90—100 тысяч адных толькі электробусаў. А ў буйных кітайскіх гарадах курсіруе па 10—15 тысяч электробусаў. Для параўнання, у Маскве цяпер 500 электробусаў. І тэндэнцыі да развіцця электратранспарту захоўваюцца.

У Беларусі «Белкамунмаш» ужо некалькі гадоў таксама вырабляе электробусы, якія сілкуюцца ад тралейбуснай сеткі і курсіруюць па маршрутах сталіцы. А МАЗ выпрабоўвае два створаныя летась прататыпы тэхнікі на электрапрывадзе. Гэта гарадскі 12-метровы электробус МАЗ-303 і развазны аўтамабіль да 12 тон.

— Гэта даволі новая рэч. І калі гаварыць пра бяспеку, нельга не сказаць, што існаванне электрапрывода мае на ўвазе наяўнасць высокага напружання (каля 600 вольт) на борце транспарту. Адпаведна, у серыйнай вытворчасці мы абавязаны прадставіць усебакова выпрабаваную тэхніку, бяспечную для пасажыраў, — удакладніў Павел Шабанаў.

На прадпрыемстве «Белджы» ў сваю чаргу тэсціруецца электракар «Джылі Геаметрыя А» (Geely Geometry A). Спецыялісты кажуць, што гэты седан ужо паказаў свае характарыстыкі. У залежнасці ад выкарыстоўваемага на машыне акумулятара аўто праходзіць свае заяўленыя 400 і 500 кіламетраў. Цяпер яго плануюць тэсціраваць у зімовых умовах, а таксама разглядаць, як забяспечыць яго эксплуатацыю ў Беларусі і сачыць за гатоўнасцю электрастанцый для абслугоўвання электракараў.

Акрамя таго, сёлета на прадпрыемстве «Белджы» асвоены поўны тэхналагічны цыкл вырабу аўто «Джылі Кулрэй» (Geely Coolray), які ўжо ўпадабаўся расійскаму і беларускаму спажыўцам. На вуліцах гэтай мадэлі будзе станавіцца ўсё больш, запэўніў Віталь БЫЛІЦКІ, галоўны тэхнолаг «Белджы»:

— Мы перадалі нашым дылерам доследную партыю дзвюх новых мадэляў. «Джылі Тугела» (Geely Tugella) — прэміяльны красовер, які сёння валодае максімальнымі опцыямі
работы па бяспецы і камфорту. А таксама больш бюджэтны варыянт: хэчбэк «Джылі ЖС» (Geely GS).

Над экалагічнай бяспекай працуюць і на МТЗ. Пры гэтым для тэхнікі, вырабляемай тут, прымяняюцца больш жорсткія стандарты, чым для звычайных аўто. Гэта тлумачыцца тым, што прадукцыя завода занята ў асноўным у сельскай гаспадарцы — на палях (а гэта прадукты харчавання), або яго тэхніка працуе ў мясцовасці, дзе яшчэ нічога не створана (а гэта прырода, і ўздзеянне на прыроду павінна быць мінімізавана).

— На нашых рухавіках мы актыўна выкарыстоўваем і электронныя сістэмы кіравання ўпырскваннем паліва, што рацыянальна і з боку эканомікі, і экалагічнай бяспекі. А таксама складаная сістэма каталітычных нейтралізатараў, каталізатараў, якія зводзяць да мінімальна магчымых сёння паказчыкаў выкіды СО2 і аксідаў азоту, — падзяліўся прадстаўнік МТЗ. — Што датычыцца альтэрнатыўных відаў паліва, у нашай тэхнікі таксама маецца спецыфіка. Мы робім электрыфікацыю трактароў з дапамогай не цягавых батарэй, а дызель-генератарных установак. Яны паказваюць, з аднаго боку, больш экалагічныя класы, а з іншага — больш эканамічнае прымяненне нашай тэхнікі.

Дарогі Міншчыны

Мясцовая сетка аўтадарог сталічнай вобласці — гэта каля 16 тысяч кіламетраў, над якімі працуюць 25 філіялаў. У гаспадарцы «Мінскаблдарбуда» таксама 35 кар'ераў. А праз недахоп фінансавання арганізацыі амаль палову работ прыходзіцца выконваць для пабочных заказчыкаў. Пры гэтым дарогі Міншчыны пакрысе мяняюць шчэбенева-гравійнае пакрыццё на асфальта- або цэментна-бетоннае. За дзевяць месяцаў сёлета так «пераапранулася» ужо 45,3 кіламетра дарог (летась за гэты ж час пакрыццё змянілі 27,7 кіламетра), падзяліўся Сяргей МАКАРЭВІЧ, намеснік галоўнага інжынера КУП «Мінскаблдарбуд»:

— Усе цеплакрыніцы і спажыўцы ў нас атрымалі пашпарты гатоўнасці да зімы. Нарыхтавана каля 60 % сумесяў галітавых адходаў. Пескаструменная, ачышчальная і снегаўборачная тэхніка гатовыя амаль на 100 %. Нарыхтавана 51,5 тысячы тон пясчана-салявой сумесі і 21,9 тысячы тон чыстага галіту.

Чакаецца, што ў найбліжэйшую пяцігодку фінансаванне сталічных дарог павялічаць на 15—20 %.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

«Верхавіна лета» прайшла, і ўжо мала хто памятае, што першая дэкада чэрвеня была халаднаватай і з замаразкамі.

Грамадства

Усё што трэба ведаць пра пляжны сезон

Усё што трэба ведаць пра пляжны сезон

У апошнія тыдні на краіну абрынулася небывалая спякота... 

Калейдаскоп

Чым апырскаць памідоры ад фітафторы, калі на іх ужо завязі і кветкі

Чым апырскаць памідоры ад фітафторы, калі на іх ужо завязі і кветкі

Як і любую іншую хваробу, фітафтароз лягчэй папярэдзіць, чым лячыць.

Культура

Беразіно: цэнтр на шляху «з вараг у грэкі»

Беразіно: цэнтр на шляху «з вараг у грэкі»

Радзімазнаўства. Адрасы пісьменства. Сумесны праект Мінаблвыканкама і «Звязды».