Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


«Мяне ў прафесiю прывялi папярэднiкi...»

Часам тры невялiчкiя здымкi кажуць больш, чым тры тысячы слоў. Не верыце? Тады глядзiце.

На першым фота — мой дзядуля Казiмiр Купрыянавiч Какола, iнвалiд Вялiкай Айчыннай вайны.

Калi яна пачалася, юнаку было 17 i яго сям'я ва ўсiм дапамагала партызанам: у iх доме размяшчаўся штаб атрада iмя Дзяржынскага. Потым хлопца прызвалi на фронт: ваяваў у радах дзявятай асобнай штурмавой брыгады сапёраў 1-га Прыбалтыйскага фронту. Вясной 45-га, падчас штурму Кёнiгсберга, быў цяжка паранены i адпраўлены ў ваенны шпiталь. Там яму збiралiся ампутаваць руку, аднак вытрымка байца i дапамога ваенных лекараў зрабiлi цуд: руку ўдалося захаваць.

Найсвятлейшым у жыццi салдата стаў Дзень Перамогi, а 9 Мая — найбольшым святам. На ўсе часы...

Пасля вайны дзядуля працаваў бухгалтарам на цагельнi, вучыўся (завочна) у Гродзенскiм педiнстытуце, больш за 20 гадоў паспяхова настаўнiчаў у Зенявiцкай васьмiгодцы.

...Аб тым, як цяжка тады працавалася настаўнiкам, шмат расказвала i мая бабуля Марыя Андрэеўна. Будынак быў паўразбураны, без ацяплення, i выкладаць ёй даводзiлася ў двух класах па 30 чалавек, прычым — адначасова. Дзецi (у вопратцы) па шэсць чалавек сядзелi на лаўках за звычайнымi сталамi.

«...Там, дзе добры настаўнiк, там добра выхаваны i вучнi». З гэтым дэвiзам на працу ў дзядулеву школу прыйшла i мая мама Ала Мiхайлаўна Какола. Яна была пiянерважатай, выкладчыцай беларускай мовы i лiтаратуры, дырэктарам Зенявiцкай, а потым Бенiнскай сярэднiх школ, чалавекам, адданым сваёй прафесii.

...Я прыйшла ў школу, калi мне споўнiлася тры гады. Пакуль мама праводзiла ўрокi, я цiхенька сядзела за апошняй партай.

У свой клас, дзе вучылiся меншыя дзеткi, мяне запрашала i бабуля. А таму не дзiва, што, вярнуўшыся дамоў, я рассаджвала за сталом сваiх лялек i вучыла iх таму, што ўмела сама: заводзiла журнал, ставiла адзнакi. Ужо тады я цвёрда ведала, што таксама буду настаўнiцай.

Гэта мара збылася: скончыўшы Гродзенскi ўнiверсiтэт iмя Янкi Купалы, я працую ў Навагрудскай спецшколе-iнтэрнаце. Дзецi тут розныя, i ў нас, выхавацелях, яны бачаць не толькi педагогаў, але i старэйшых таварышаў, лiдараў, якiя ўмеюць натхнiць на добрыя справы, павесцi за сабой...

Мяне — у тым лiку ў прафесiю — прывялi папярэднiкi. Я вельмi ўдзячная iм, бо цяпер кожны мой працоўны дзень напоўнены галасамi дзяцей, iх звонкiм смехам,  жаданнем пазнаваць невядомае. I я ў гэтым магу дапамагчы.

Iна Петушкова, г. Навагрудак


Каб вучыць, трэба вучыцца

Немалая ўвага ў нашых школах надаецца прафарыентацыi: праводзяцца класныя гадзiны, сустрэчы, гутаркi. Робiцца гэта для таго, каб дапамагчы вучням сарыентавацца, не памылiцца ў выбары.

Яго, як вядома, дзецi робяць змалку: яшчэ ў пачатковых класах яны цiкавяцца, што трэба зрабiць для таго, каб працаваць урачом, кiроўцам, артыстам...

Вось i на апошняй класнай гадзiне адна з другакласнiц спытала, як стаць настаўнiцай? Я звыкла адказаў, што для гэтага трэба добра вучыцца ў школе, затым скончыць педагагiчны ўнiверсiтэт або каледж...

Адказаць-то адказаў, аднак потым стала неяк не па сабе, бо як нi круцi, а трохi схiбiў. Справа ў тым, што я ведаў i ведаю настаўнiкаў, якiя не маюць адпаведнай спецыяльнай адукацыi, але працуюць... Праўда, па рознаму: адны — яшчэ як, другiя...

З прыкрасцю ўспамiнаю мiжволi падслуханую неяк размову. Адбылася яна ў цягнiку, i вялi яе дзве жанчыны. Адна скардзiлася, што настаўнiца неаб'ектыўна, несправядлiва ацэньвае веды яе дачкi, ды i наогул у адносiнах з дзецьмi паводзiць сябе няправiльна. Другая жанчына — была цалкам згодная, бо яе дзiця вучылася ў тым жа класе...

Пад канец размовы гэтыя матулi прыйшлi да высновы, што настаўнiца, нягледзячы на вялiкi працоўны стаж, педагогам усё ж не з'яўляецца, бо не мае спецыяльнай адукацыi...

Я, вядома ж, не магу разважаць аб тым, хто ў гэтай гiсторыi мае больш рацыi — матулi альбо настаўнiца, але тое, што памiж iмi няма належнага кантакту, здаецца, вiдавочна.

А таму лiчу, што, мусiць, нядрэнна было б ва ўсiх установах адукацыi на бачных месцах размяшчаць iнфармацыю аб настаўнiках, якiя там працуюць: пра iх адукацыю, стаж, катэгорыю. Каб кожны з бацькоў мог ведаць, каму давярае навучанне свайго дзiцяцi.

Ну а педагогi без спецыяльнай адукацыi, па-мойму, павiнны паступiць вучыцца. Я ведаю калег, якiя рабiлi гэта ў 40, 50 i нават больш гадоў.

Анатоль Аскiрка, настаўнiк, г. Быхаў


«...Нельга адвыкнуць ад роднага неба»

...Гэты год быў надзвычай багаты на грыбы. Ходзiш па лесе, збiраеш iх, любуешся i мiжволi ўспамiнаеш вядомае:

За Любанем растуць баравiкi —

У негрыбную пору вестку чую,

Ну, як я з ёю ноч пераначую,

Калi цяпер пайшоў бы напрасткi

У бор знаёмы, пералесак нiцы,

У тое лета, дзе даўно не быў?!

Там столькi дзён маiх i светлых дзiў,

Нiбыта на мурашнiку iглiцы...

У гэтым, адным з самых вядомых вершаў нашага земляка Уладзiмiра Паўлава арганiчна з'ядналiся i гiсторыя, i роздум аб набалелым, i любоў да роднага краю: з вёскi Замошша гэтага простага хлапчука сцежка вывела на шырокую «Узлётную паласу» паэтычнай творчасцi, а ўжо адтуль i сам ён убачыў, i iншым паказаў свае «Далягляды», «Светаценi», «Слязу на вейцы», «Чысты чацвер» i многае, многае iншае...

Своеасаблiвым, можна сказаць, паўлаўскiм жанрам сталi яго паэтычныя «атожылкi» — мудрыя думкi, якiя нараджалiся ад пакут i хваляванняў:

Светлы свiтанак са скiбачкай хлеба,

З белай iскрынкай забытае солi.

...Нельга прывыкнуць да нiзкае столi,

Нельга адвыкнуць ад роднага неба.

Уладзiмiр Паўлаў — творца са сваiм, адметным голасам, з чуйным сэрцам. У свае 85, нягледзячы на хваробы, ён шчаслiвы i як чалавек, i як паэт: яго верш стаў гiмнам Любаншчыны, яго творы вывучаюцца ў школе, да яго творчасцi будуць звяртацца нашчадкi, бо...

За белым туманам сваiм пакланюся гадам.

Я хутка вярнуся, я зораў для вас налаўлю

I з поўных прыгоршчаў

на добрую памяць раздам.

Васiль Каткавец, Любанскi раён


У прадуктах галоўнае — смак, але...

Гэта з публiкацый «Звязды»: дзiця не зразумела беларускае «калi ласка» i кiнулася ў плач: маўляў, якая я вам каляска?.. Дарослыя людзi папрасiлi кавы з вяршкамi i пачулi: «З верхам жа налiта!» У краме з тэхнiкай прадаўцы не ведалi, што такое прас...

На памяцi гэтыя карцiнкi — як я зразумела, з гарадскога, сталiчнага жыцця. Да iх жа дадам вясковую.

Неяк у нашу краму зайшоў iмпазантны мужчына ў чорна-карычневай скураной куртцы, бегла агледзеў палiцы з таварам i досыць нядобрым словам (назавём яго так) назваў нашы фабрыкi па вытворчасцi прысмакаў: цукерак, шакаладу...

Мы ўсе, хто быў тады ў краме, вядома ж, здзiвiлiся, абурылiся, а я дык нават не ўтрымалася, спытала: «Чым жа яны вам не дагадзiлi?!»

Мужчына, як выглядала, з ахвотай уступiў у размову, сказаў: «Ды дзецям няма чаго выбраць. Мы ў Пiцеры жывём, на матацыклах вельмi шмат куды ездзiм. Дочкi пакуль дома застаюцца... Дык мы iм з кожнай вандроўкi стараемся нешта прывезцi: лялькi ў нацыянальных строях, сувенiры, мясцовыя прысмакi... А ў вас i купiць няма чаго». — «Няўжо нiчога не падабаецца?!» — не паверылi мы таму байкеру. «Ды наадварот, — запэўнiў ён. — Я сам, як мядзведзь да салодкага: не меншы аматар, чым мае двайняты. Так што ў Беларусi, можна сказаць, адарваўся: шмат што купляў, з асалодай еў...» — «Дык у чым тады справа? Што не падабаецца?» — не разумелi мы. — «А тое, што на ўсiх абгортках рускiя словы. Адкуль дзецям ведаць, што шакаладкi я не з суседняй крамы прынёс цi прывёз не з Самары? Скажаце, дробным шрыфтам напiсана? А чаму б не буйным? Каб здалёк вiдаць было!»

Вось тут мы ўжо не знайшлi, што сказаць, апроч таго, што ў прадукце галоўнае ўсё-такi смак, яго якасць, а не абгортка...

Але ж, як выглядае, i з абгорткай нам трэба нешта рабiць, бо выбiраеш у краме тавар i не разумееш: часам з абодвух бакоў аднолькавыя i «карцiнкi» i надпiсы — па-руску...

Больш за ўсё тады здзiўляюць словы «Купляйце беларускае!» альбо «Зроблена... (а то i «сделано») у Беларусi!» Значыць, ганарымся мы сваёй прадукцыяй, а вось мовы чамусьцi саромеемся...

Ганна Кагарка, Астравецкi раён


Быў бы сад... I яблыкi будуць

Фота: cvet-dom.ru

...Гэтае дрэўца Антось заўважыў гады тры таму. Заядлы паляўнiчы i грыбнiк, ён часцяком кiраваў да найблiжэйшага лесу, дзе ведаў, здавалася, кожнае дрэўца. Ды вось жа — позiрк наткнуўся на тоненькi стволiк з дзясяткам-другiм зялёных лiсточкаў. «Яблынька?» — не верачы сабе, здзiвiўся Антось i нават прыўстаў на калена — прыгледзеўся да кары: так i ёсць, яна, побач з вёскай, ды ўсё ж у лесе.

З той пары ён зачасцiў на паляну, каб праведаць, пацешыцца, што расце, але неяк...

У тую суботу ён iшоў да яблынькi з поўнай карзiнай баравiкоў i на... гук бензапiлы. З ёй на паляне шчыравалi двое мужчын у куртках работнiкаў лесу, трэцi — садзiўся ў кабiну трактара, заводзiў яго... Ехаў — у бок Антосевай яблынькi. «Стой! Стой!» — штосiлы закрычаў грыбнiк, панёсся следам i з палёгкай уздыхнуў: дрэўца было жывое — трактар не зачапiў яго, праехаў у некалькiх сантыметрах!..

Праз месяц, калi настала спрыяльная пара, Антось прыйшоў на паляну з рыдлёўкай, акуратна выкапаў дрэўца, паставiў у аб'ёмiсты пакет i панёс дадому. «Тут цябе нiхто не пакрыўдзiць», — паабяцаў яблынi, i яна, падобна, паверыла.

Вiктар САБАЛЕЎСКI, г. Узда

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.