Вы тут

Гнёзды і птушкі, або Міні-энцыклапедыі малой радзімы


Адштурхоўваючыся ад назвы рамана «Птушкі і гнёзды» Янкі Брыля, крыху перайначыўшы яе, вырашыў даць развагам пра кнігу Алеся Карлюкевіча «Пухавіччына: літаратурнае гняздо Беларусі» («Адукацыя і выхаванне», Мінск, 2020) загаловак «Гнёзды і птушкі», блізкі папярэдняму. Бо сапраўды: у  кожнага з нас сваё гняздо.


Незабыўны Янка Сіпакоў казаў яшчэ больш дакладна: «усе мы з хат», маючы на ўвазе тое, што многія нарадзіліся ў вёсцы. Прынамсі, пісьменнікі. З яе, як тыя птушкі, і разляцеліся па свеце, сэрцам і душой, аднак, застаўшыся са сваімі вялікімі і малымі паселішчамі. Чытачам жа цікава не толькі тое, што напісана творцам. Ім хочацца болей ведаць і пра малую радзіму таго, чыя творчасць вабіць і захапляе. Вядомае выслоўе «каб лепш ведаць паэта, трэба пабываць на яго радзіме» праўдзівае і для празаікаў, драматургаў.

 Дзе ж, як ні ў краязнаўчых кнігах, найперш у літаратурна-краязнаўчых, можна пра гэта прачытаць? Апошнім часам узрасла цікавасць да падобнай літаратуры. Адпаведна, нямала аўтараў, зацікаўленых згаданай праблематыкай. У шэрагу тых, хто найбольш плённа працуе ў гэтым кірунку, і Алесь Карлюкевіч. На мастакоўскім рахунку — кнігі «Вяртанне да... Беларусі» (1994), «За Цітаўкаю — Слабада» (1997), «Далёкія і блізкія суродзічы» (1999), «І векавечны толькі край», «Літаратурная карта Пухаўшчыны», «Ігуменскі блакнот» (усе 2000), «Ад зямлі, якая нарадзіла ці натхняла» (2001), «Былое маё ажыло» (2002), «Зацітава Слабада» (2007), «Блонь» (2007, у суаўтарстве з  Браніславам Зубкоўскім), «Сцежкамі Ігуменшчыны» (2008), «І марам волю дам» (2011) ды іншыя.

Чаму адбылася замена Пухаўшчыны Пухавіччынай, Алесь Карлюкевіч тлумачыць так: «У 2003 годзе пабачыла свет гісторыка-дакументальная хроніка Пухавіцкага раёна “Памяць”. Навукоўцы, мовазнаўцы прыйшлі да высновы, што граматна, правільна пісаць менавіта так: “Пухавіччына”». А яго кніга «Пухавіччына: літаратурнае гняздо Беларусі» «вырасла» з шэрагу папярэдніх. Штосьці ўдакладнялася, пашыралася, з’яўляліся новыя імёны. Нязменным за­ ставалася галоўнае. Яно ж, як відаць са слова «Ад аўтара», такое: «Літаратурная гісторыя аднаго раёна — ці можа гэтая тэма быць прадметам асобнай, няхай нават і краязнаўчай, кнігі? Пытанне, якое я задаю сабе на працягу многіх га­ доў, застаецца для мяне ўсё ж такі яшчэ пытаннем. Па-першае, і таму, што нель­ га разглядаць гісторыю развіцця літара­ туры, мастацтва на прыкладзе пэўнага геаграфічнага ці адміністрацыйнага рэгіёна, адарвана ад усеагульнага працэ­ су. Па-другое, у большасці сваёй перса­ нажы, творчасць якіх стала здабыткам усёй Беларусі, толькі нарадзіліся альбо пэўны час жылі ў межах горада, раёна. Многія з іх пісалі ўжо ў Мінску, пісалі ў іншых гарадах і нават краінах. І разам з тым мае сумненні вагаюцца ў іншы бок...»

Акурат дзякуючы гэтым «ваганням» і нарадзілася кніга «Пухавіччына…». Яна напісана з упэўненасцю, «што мастацкая літаратура становіцца тады болей прыцягальнай, калі да знаёмства з ёй падыходзіш з уласнымі адкрыццямі і твора, аўтара як нечакага блізкага, роднага, у пэўнай ступені знаёмага. І гэтую задачу якраз і здольна вырашаць […] літаратурнае краязнаўства, веданне літара­ туры агульнанацыянальнай з вышыні сваёй роднай і блізкай старонкі».

У такім аб’ёме літаратурнага краязнаўства ў беларускай практыцы яшчэ не было. Кажу не пра разрозненыя публікацыі ў газетах, часопісах, калектыўных зборніках. Іх, цікава напісаных, карысных па змесце, нямала. Маю на ўвазе менавіта кнігу. Адметнасць «Пухавіччыны…» яшчэ і ў тым, што пад адной вокладкай у выданні змешчаны дзве міні-энцыклапедыі гэтага раёна: літаратурная і краязнаўчая. Падзел такі ўмоўны. У энцыклапедыях свае падыходы, сярод якіх асноўны — падача артыкулаў, у тым ліку і персаналій, у алфавітным парадку. Для таго, што робіць Алесь Карлюкевіч, больш падыходзіць параўнанне з «Православной энциклопедией» альбо тамамі «Русские писатели», што выдаюцца ў  Маскве. У  іх змяшчаюцца разгорнутыя артыкулы.

Такім чынам, карта літаратурнай Пухавіччыны перад намі. Калі ж знаёмішся з якой-небудзь картай, на што спачатку звяртаеш увагу? На тое, што ў ёй галоўнае. А на літаратурнай карце Пухавіччыны галоўны сам раённы цэнтр. Называецца ён, праўда, не Пухавічы. Пухавічы — гэта чыгуначная станцыя. Ды яшчэ ёсць аднайменная вёска ў раё­ не, былое мястэчка. Адміністрацыйны цэнтр Пухавіцкага раёна — Мар’іна Гор­ ка, што мае статус горада. Як у вядомай песні — «Городок не велик и не мал». Аднак ён слаўны сваімі літаратурнымі традыцыямі.

Пра іх Алесь Карлюкевіч расказ­ вае ў першым нарысе «Мар’іна Горка. Пасёлак Мар’іна». Спачатку згадвае пісьменніка Анатоля Вольнага, які на­ радзіўся на станцыі Пухавічы. А вось у біяграфіі драматурга Рыгора Кобе­ ца, аўтара кінасцэнарыя «Шукальнікі шчасця», па якім быў пастаўлены першы мастацкі фільм на беларускай мове «Двойчы народжаны», прапісалася таму, што працу над ім ён пачаў у Доме творчасці беларускіх пісьменнікаў, які перад вайной знаходзіўся паблізу Мар’інай Горкі.

Як вопытны даследчык, Алесь Карлюкевіч разумее, што любы, самы нечаканы, факт прагучыць яшчэ лепш, калі атрымае адпаведную афарбоўку. Інакш кажучы, будзе ўзноўлена тое, што стаіць за ім, папярэднічае яму. Для гэтага ён выкарыстоўвае доказы сведкаў. Часам прыводзяцца і вытрымкі з публікацый, якія падмацоўваюць гэта. Пры неабход­ насці — урыўкі з твораў тых, пра каго расказваецца. Прынамсі, унікальны фактычны матэрыял набыў яркую эма­ цыянальную афарбоўку ва ўспамінах Рыгора Кобеца пра тое, як ён працаваў над сцэнарыем.

Фактуру пачарпнуў у пухавіцкім яўрэйскім калгасе «Дэр Штэрн». Пра гэта Рыгор Якаўлевіч згадваў па-руску. У арыгінале яго аповед і пададзены, бо пры перакладзе атмасфера таго, як быў знойдзены прататып аднаго з галоўных персанажаў, Піні, страціць сваю непасрэднасць. Стаяў Рыгор Кобец з Анатолем Вольным і паэтам Станіславам Шушкевічам на чыгуначным паўстанку: «Неподалеку прохаживался пожилой человек, одетый по-заграничному. Вот подходит, пыхтя паром, новенький сверкающий паровоз “Серго Орджоникидзе”. Человек в заграничном залюбовался паровозом. Потом подходит ко мне и  спрашивает: “Я извиняюсь. Скажите, пожалуйста, сколько — приблизительно конечно, — сколько может стоить такой пароход?” […] То ли Вольный, то ли Шушкевич (теперь уже и не припомню) воскликнул: “Во, Гриша! Вот тебе и образ готов для твоего сценария. И на дальний Восток не надо ехать!” ». Так і з’явіўся ў фільме Піня. «[…] А потом уже, когда я поехал в Биробиджан, этот характер отшлифовался и окончательное завершение получил в исполнении артиста Зускина».

Сюжэт яшчэ той. Акурат для апавядання. Магчыма, цягам часу ў Алеся Мікалаевіча яно і напішацца. А пакуль эпізод гэты хораша аздобіў аўтарскія развагі пра сувязь Рыгора Кобеца з Пухавіччынай. Ёсць у кнізе і пра тое, што ў  1930 годзе на Пухавіччыне пабывала англійская пісьменніца Сесіл Чэстэртан.

Наколькі багатая літаратурная карта Пухавіцкага раёна, пераконваешся, знаёмячыся з наступнымі раздзеламі, названымі, як правіла, па тых населеных пунктах, дзе Алесь Карлюкевіч бываў неаднойчы і куды запрашае чытачоў: «Гарэлец і ваколіцы», «Шацк», «Блужа», «Талька і ваколіцы», «Суцін», «Рудзенск», «Вузляны», «Дудзічы»... Некаторыя назвы больш разгорнутыя: «На радзіму Міколы Касцяровіча», «Пухавічы і блізкія ваколіцы», «Ваколіцы Рудзенска», «Церабель: на радзіме Уладзіміра Ляпёшкіна». У  апошнім з раздзелаў, дарэчы, расказваецца пра паэта і педагога, які працаваў дырэктарам выдавецтва «Народная асвета» і чыя творчасць належным чынам яшчэ не ацэнена. Тым больш ухвальна, што аўтар кнігі не проста разглядае яе, а ўвязвае з канкрэтнымі рэаліямі.

Неаднойчы Алесь Карлюкевіч тактоўна нагадвае, што ў яго кнізе адбываецца менавіта падарожжа, няхай і завочнае. А калі збіраешся ў дарогу, абавязкова выбіраеш такі шлях, які хутчэй бы прывёў да выбранай мэты, адначасова ўлічваючы, наколькі ён можа быць багаты на ўражанні, адкрыцці. Раздзел «Блужа», у прыватнасці, пачынаецца так; «...А цяпер, каб не блукаць горшы­ мі сцежкамі, вернемся да Мар’інай Гор­ кі, праедзем праз увесь горад. Мінаю­ чы аўтавакзал і чыгуначную станцыю, пададзімся на Блужу. Можна ехаць і на электрацягніку ў бок Асіповіч, але ўсё ж лепей на аўтамабілі альбо нават пешшу». А гэта запрашэнне ў яго родную вёску («У Зацітавай Слабадзе»): «З Пад­ бярэжжа мы кіруемся да старажытнага мястэчка Пухавічы. Правей ідзе даро­ га Бабруйск — Мінск. Мы праязджаем кіламетры паўтара і на перакрыжаван­ ні зварочваем налева. Некалькі сотняў метраў — і выязджаем на старую да­ рогу, якая раней і вяла праз мястэчка з Гомеля, Бабруйска, Асіповіч на Мінск. Дабіраемся да моста праз Свіслач, і мы ўжо, лічы, у Пухавічах. Як толькі ўязджаем, паварочваем налева і праз мост, што пакладзены праз раку Цітаўку пры самым яе ўпаданні ў Свіслач, рушым у  Зацітаву Слабаду. Дарэчы, яна адна з  нямногіх вёсак Пухавіччыны, якая мае свой кніжны летапіс».

Чытаючы кнігу, неаднаразова ўпэўніваешся, што паняцце «вялікі», «малы» населены пункт адноснае, калі мець на ўвазе не колькасць насельніцтва, якое пражывае ў ім. Узяць, скажам, вёску Шэлегі. Невялікая, здавалася б, нічым не адметная, між тым у ёй нарадзіўся паэт Рыгор Папараць. Дарэчы, аб адкрыцці новых імёнаў. У раздзеле «Мар’іна Горка. Пасёлак Мар’іна» Алесь Карлюкевіч расказаў і пра паэтаў Аляксандра Парамона, Лілію Лясную, яна ж Яніна Крайнік, пра краязнаўца, публіцыста Анатоля Ярохіна і іншых. Наогул, гэта яго творчае крэда: паведаміць пра тое, хто і дзе нарадзіўся, што і калі пісаў, з кім падтрымліваў сувязі. Ідучы ад прыватнага, пераходзіць да агульнага, з асобных штрыхоў, эпізодаў вымалёўваючы захапляльную карціну развіцця літаратуры, будучы перакананым, што любое імя ў нейкай ступені ўплывае на станоўчае ўспрыманне яе ў цэлым.

Як прызнаецца Аляксандр Мікалаевіч, у яго «характар літаратурнага натхнення пухавіцкі». Таму пастаянна і  знаходзіцца ў полі прыцягнення таго, што ніколі не выкрасліць з сэрца. Звярну ўвагу і на яшчэ адзін важны момант. Калі чытаеш гэтую кнігу, напрошваецца параўнанне з «Займальным літаратуразнаўствам» Алега Лойкі. У Алеся Карлюкевіча займальнасць таксама не на апошнім месцы. Так і хочацца напісаць — «Займальнае літаратурнае краязнаўства».

Сёлета з’явілася і яшчэ адна кніга Алеся Мікалаевіча. Яна не толькі пра родную яму Пухавіччыну, але і пра той рэгіён, у які некалі ўваходзіў Пухавіцкі раён — «Ігуменскі павет». Выйшла ў серыі «Падарожжа па родным краі» выдавецтва «Беларусь». За няпоўныя два гады ў ёй пабачыла свет больш чым 10 кніг. Выхад іх быў прымеркаваны да Года малой радзімы. Дакладней, да двух гадоў — 2019 — 2020.

Хацелася б, каб выпуск гэтай гісторыка-краязнаўчай бібліятэкі прадоўжыўся, бо што ні раён у нашай краіне — абавязкова багаты на падзеі, даўнія і цяперашнія, на слаўных людзей, на яркія таленты. Няблага было б, каб гэтая ўнікальная бібліятэчка стала міжвыдавецкай. У тым жа серыйным афармленні.

Верыцца ў тое, што з’явяцца кнігі кшталту «Пухавіччына: літаратурнае гняздо Беларусі». Бо і Случчына, і Ка­ пыльшчына, і Уздзеншчына, і Нясвіжчына, і Століншчына, і Касцюкоўшчына маюць багатую гісторыю. Стае і  аўтараў родам з тых мясцін. Асмелюся нават прапанаваць і назву спецыяльнай серыі: «Літаратурнае гняздо Беларусі».

Такія думкі з’явіліся пасля прачытання кнігі Алеся Карлюкевіча. Усе мы разляцеліся са сваіх гнёздаў. Але добра, калі памятаеш не толькі свой кут, а і ведаеш пра «гнёзды» іншых. Яны раскіданы па ўсёй нашай Бацькаўшчыне, а разам узятыя складаюць адно вялікае гняздоўе, назва якому Беларусь.

Язэп ЛІТВІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».