Вы тут

Штрыхі да творчага партрэта заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Вячаслава Грушова


Цудоўныя знешнія дадзеныя, выдатны акцёрскі тэмперамент, адметны тэмбр голасу, моцны энергетычны запал у спалучэнні з унутранай высакароднасцю вылучылі яго з першых гадоў працы на коласаўскай сцэне. Створаныя акцёрам вобразы — быццам яго дзеці. Спачатку гэта былі маладыя зухаватыя хлапчукі, якія ў барацьбе з мяшчанскімі пастулатамі сваіх бацькоў спрабавалі адстойваць юнацкія ідэалы. Да іх можна дадаць і рамантычных герояў з так званых «камедый плашча і шпагі». Здавалася б, менавіта такі акцёр павінен быў стаць запатрабаваным у тэатры, сарыентаваным на акадэмічную «мадэль», дзе вялікае месца павінна быць адведзена класічнай драматургіі. Але так не адбылося. На працягу доўгага часу (пасля вымушанага сыходу галоўнага рэжысёра Сямёна Казіміроўскага і да прыходу Барыса Эрына) сусветная класіка была рэдкім госцем на коласаўскай сцэне. А ў сучасныя п’есы тыпаж «рамантычнага героя» неяк не зусім упісваўся. Але артыст не губляў надзеі, што яго «зорны час» яшчэ прыйдзе.


Вячаслаў Грушоў.

Дзяцінства. Студэнцкае юнацтва

У дзяцінстве Вячаслаў Грушоў не меў жадання стаць артыстам, калі казаць дакладней, то нават не задумваўся. Яго больш цікавіў спорт. Тым больш што лыжнымі гонкамі з ім і сябрамі па секцыі нават займаўся сапраўдны алімпійскі чэмпіён. Але аднойчы хлопца запрасілі паўдзельнічаць у школьным тэатралізаваным прадстаўленні. Вячаслаў паказваў нешта накшталт пантамімы. І пасля гэтага выступлення адзін з настаўнікаў параіў паступаць у тэатральны інстытут. Юнак нават не ведаў, што такі існуе і там рыхтуюць артыстаў. Але вырашыў паспрабаваць. Паступіў, бо, відаць, уразіў прыёмную камісію юнацкай свабодай, разняволенасцю, можа, нейкай дзіцячай наіўнасцю, непасрэднасцю. Трапіў на курс вядомага беларускага рэжысёра і педагога Уладзіміра Маланкіна. Напачатку не вельмі разумеў, што такое акцёрская прафесія, у студэнцкія гады пераважала «гульня ў тэатр». Потым ужо, калі паехаў у Маскву, Ленінград на спектаклі (гэта былі МХАТ, Таганка, піцерскі Ленкам з яго славутай «Вестсайдскай гісторыяй»), то перагледзеў сваё стаўленне, успрыманне сцэнічнага мастацтва. Вячаслаў зразумеў, што гэтая прафесія не павярхоўная, а даволі складаная і датычыцца ўнутранага стану чалавека. А потым, калі прыйшоў працаваць у коласаўскі тэатр (у 1971 годзе) і акунуўся ў тую прафесійную атмасферу, створаную майстрамі, якія самі мелі вялікіх педагогаў, пачаў і свой розум пераключаць, каб упісацца ў гэты славуты калектыў.

Першыя ролі. Таўстаногаў

Дэбютам на коласаўскай сцэне стаў Ніглас у пастаноўцы «Свой востраў» па п’есе эстонскага драматурга Р. Каў­ гвера. Сярод першых буйных роляў — Сяргей у «Прахадным бале» Б. Рацэра і У.  Канстанцінава. Гэта быў малады закаханы юнак, які адстойваў перад бацькамі сваю незалежную пазіцыю, прынцыпы. Як прызнаецца сам акцёр, там было супадзенне з яго характарам, таму лёгка адчуваў сябе ў прапанаваных абставінах. Пазней былі Велімір у «Доктары філасофіі» Б. Нушыча, Пэдра («Раба свайго каханага» Лопэ дэ Вегі), дон Себасцьян у «Раўнівай да сябе самой» Цірса дэ Маліны, Густаў з «Дамы з камеліямі» А. Дзюма-сына. Увогуле, работы былі зроблены прафесійна, але хацелася чагосьці большага. Калі акцёрская праца (недахоп сур’ёзных, маштабных работ) не задавальняла, стала з’яўляцца цікавасць да рэжысуры. Паехаў у Вялікі драматычны тэатр у Пецяр­ бург (тады яшчэ Ленінград) да Георгія Таўстаногава. Гэта была не стажыроўка — творчая ініцыятыва спасцігнуць, зразумець рэжысёрскую прафесію. Прысутнасць на рэпетыцыях такога майстра паўплывала на творчае развіццё, назапашваўся прафесійны досвед.

«Другая» прафесія

Вельмі карыснымі былі і ўрокі, што атрымаў ад выдатнага рэжысёра Барыса Эрына. Гэта была тая школа, што дала разуменне, спасціжэнне прафесіі. А Грушоў сачыў за ім і прыкмячаў, што можна ўзяць карыснае для сябе. Ён нават запомніў некаторыя яго фразы. Напрыклад, гэтую: «Ніколі не рабі акцёру заўвагі — рабі прапановы». І Грушоў спрабаваў праз гэтых выдатных асоб зразумець рэжысёрскую прафесію. Тут важна бачыць больш за іншых і гэтым дзяліцца з акцёрамі. У  крайнім выпадку — імітацыя, крадзеж. Ты скраў тэкст у аўтара і выдаў за свой. А калі ў п’есе знайшоў сваё, акумуляваў знойдзенае праз акцёра, тады ідэя абавязкова ўзрушыць гледача. Першай пастаноўкай Грушова былі «Жарты» паводле вадэвіляў М.  Чарота і Л.  Родзевіча, потым «Кветкі-ягадкі» В.  Ткачова, у больш позні перыяд — «Варвара і яе блудны муж» Г.  Марчука, «Ветразі» паводле А. Грына, «Старамодная камедыя» А. Арбузава, «Пазычанае шчасце» Ф. Палачаніна. У апошнія сезоны — казкі «Агнявы Леў» А.  Кружнова і  «Кот у ботах» А. Замкоўскага паводле Ш. Пяро. Тут, асабліва калі размова ідзе пра сучасных аўтараў, Вячаслава Георгіевіча адрознівае скрупулёзная работа разам з драматургам над тэкстам, калі падчас працы адзін сцэнічны варыянт змяняецца другім, адаптуецца і пад рэжысёрскую задуму, і пад успрыманне спектакля гледачом. Некаторыя з іх падоўгу трымаюцца ў рэпертуары. Прыклад — «Пазычанае шчасце», што карыстаецца попытам у гледача ўжо на працягу 10 гадоў.

З прыходам Баркоўскага

Але ўсё ж такі галоўнае для Грушова — акцёрская праца. За амаль 50-гадовую творчую дзейнасць на коласаўскай сцэне ім створана больш чым 100 вобразаў. З прыходам у тэатр Віталя Баркоўскага наступіў новы, больш цікавы перыяд і для Грушова-акцёра. Сярод роляў, якія можна назваць этапнымі ў яго творчай біяграфіі, — Аляксандр Фінскі ў спектаклі «…Таму што люблю» па п’есе Алены Паповай «Дзень карабля». Давялося ўвасабляць крызіс сярэдняга ўзросту, калі чалавек крытычна пераглядае сваё жыццё. Пасля доўгіх гадоў эміграцыі ён вяртаецца на радзіму. Герой спектакля вінаваціць ранейшы час, які не дазволіў на поўную моц раскрыцца, бо не мог ён ліслівіць, крывадушнічаць. Але ўсім ходам дзеяння, усім раскрыццём характару героя гэта абвяргаецца. Уладарыць не час, а чалавек, здольны захаваць сябе ў  любых варунках альбо здабыць дабрабыт, свабоду, рэалізаваць творчую патэнцыю занадта дарагой цаной. Стратай кахання, простых чалавечых сувязей, душэўнай спустошанасцю. Асабліва ўдалася акцёру другая частка спектакля, калі герой, накшталт блуднага сына, вяртаецца пад родны дах. Незвычайныя, непадробныя пачуцці ахопліваюць яго на парозе. Праз некалькі хвілін для героя ўваскрэсне мінулае. Акцёр нібы нёс на сцэнічную пляцоўку ўвесь цяжар пражытых гадоў, у вачах — стомленасць, пакута і надзея.

Альбо доктар Зеет з «Пісьменных» Маціяса Чокэ (спектакль, дарэчы, атрымаў Гран-пры на фестывалі нямецкай драматургіі). Гэта чалавек, які падпарадкоўваецца складаным абставінам, калі матэрыяльныя каштоўнасці ў грамадстве аказваюцца вышэйшымі за духоўныя, і  гіне, «абкладзены» гэтымі абставінамі. Доктар Грушова — кранальны, разгублены, мяккі, прыстойны чалавек у свеце шоу-бізнесу. Ён з вялікай цяжкасцю імкнецца знайсці пункт апоры. І не можа гэтага зрабіць. Цікавая была спроба па­ глыбіцца ў аўтарскі матэрыял у спек­ таклі «І смех, і слёзы, і Любоў» паводле п’есы Уладзіміра Набокава «Падзея», дзе артыст сыграў Трашчэйкіна. У гэтай ра­ боце, як пазней і ў ролі Старадума з «Не­ даростка» Д. Фанвізіна, ён зноў вярнуўся ў  стыхію камедыйнага жанру. Галоўны герой набокаўскай п’есы — інтэлігент- пустабрэх, мастак, што працуе «на заказ» і ўпіваецца сваімі падробнымі шэдэўра­ мі. З уласцівай акцёру мяккай, далікат­ най манерай ігры Грушоў дакладна паказаў чалавека слабага, які страціў былыя ідэалы, існуе па інерцыі, які змірыўся са здрадамі жонкі і падмяняе сапраўднае жыццё нейкім тэатральным рытуалам.

Чэхаўскія вобразы

 Вячаслаў Грушоў стварыў цэлы шэраг чэхаўскіх вобразаў: Серабракоў у «Дзядзі Вані», Гаеў у «Вішнёвым садзе», Дорн у «Чайцы». Артыст крыху іранічна ставіц­ ца да сваіх герояў: як бы раскрывае іх зну­ тры. Яны жывуць чалавечымі распуснымі страсцямі і хаваюць іх за маскай добра­ прыстойнасці. Такі ж і Серабракоў. Ён гу­ бляе ўладу сярод сваіх і таму чапляецца, стараецца навязаць сябе. Гэта эгаізм, уз­ ведзены ў квадрат, гульня са сваімі хваро­ бамі. Урэшце ў фінале ён застаецца адзін, усімі забыты. У вобраз Гаева акцёр так­ сама дадае шмат іроніі, насмешкі. Героя нават параўноўвалі з цыркачкай-клаўне­ сай Шарлотай, толькі з той розніцай, што ў яго не было такога горкага стаўлення да жыцця і беспрытульнасці лёсу, але была дзіцячая непасрэднасць і здзіўленне. До­ ктар Дорн з чэхаўскай «Чайкі», якім яго падае Вячаслаў Грушоў, усведамляе сябе ценем і іранізуе як з сябе, так і з астатніх. У яго вострым позірку, велічнай постаці, дакладных жэстах адчуваецца значнасць асобы, моц розуму і спакойнае стаўленне да будзённасці. Яна для яго нібы не існуе.

Апошнія сезоны

У апошнія сезоны Вячаслаў Грушоў стварыў шэраг новых запамінальных во­ бразаў. Напрыклад, Палкоўнік з драма­ тычнай балады «Не пакідай мяне» А. Ду­ дарава. Артыст нібы даводзіць, што псі­ халогія чалавека ў ваенны час мяняецца, і чалавек у абставінах вайны паводзіць сябе інакш, чым у звычайным жыцці. Зразумець вайну звычайнай чалавечай логікай немагчыма — трэба самому прайсці праз гэтае пекла. І колькі б пра яе ні пісалі, колькі б фільмаў, спектакляў ні ставілі, гэта толькі мастацкі погляд на тыя абставіны, у якія трапляе чалавек. Палкоўнік згубіў сына на вайне. Снайпер пацэліў у фуражку, якую нельга было надзяваць. І той жа палкоўнік аддае загад — фактычна пасылае дзяўчат з разведгрупы на пагібель. Псіхалагічна гэта апраўдаць складана. А вось Пата Дулі з кухоннага трылера «Каралева прыгажосці з Лінэна» М. Мак-Донаха. Гэты герой зразумеў, што і ад яго многае залежыць, ці ўратуецца чалавек. І ён зрабіў такі ўчынак. Не дапамог, не здолеў адхіліць трагічную развязку, але ўсё ж такі хаця б паспрабаваў.

 Вядома ж, неаднойчы артысту даводзілася іграць і закончаных мярзотнікаў. Такім, напрыклад, з’яўляецца яго Лешч, турэмны лекар, з сямейнай драмы М. Горкага «Апошнія», жыццёвая мэта якога — нязменнае пашырэнне ўласнай жыццёвай прасторы. Ён фактычна паскарае скананне Якава Каламійцава. Артыст паступова раскрывае ўнутраную нікчэмнасць свайго героя.

Самыя розныя фарбы са сваёй акцёрскай палітры (здольнасць адаптавацца да прапанаваных абставін, дакладнасць сцэнічнага існавання, а калі неабходна, згодна з жанрам і рэжысёрскай задумай, то і гратэск) выкарыстоўвае акцёр пры стварэнні камедыйных вобразаў: Чубукова са спектакля «Смешныя людзі» паводле аднаактовых п’ес-жартаў А. Чэхава, Жываты Цвіёвіча з «Доктара філасофіі» Б. Нушыча, Іванова з «Экстрасэнсаў» Р. Горына, Яго з міні-серыяла для мужчыны і жанчыны «Асенні rock’n’roll» М. Хейфеца.

Нельга не адзначыць яшчэ адзін вялікі пласт дзейнасці Вячаслава Георгіевіча. На працягу амаль дваццаці гадоў ён быў рэжысёрам гарадскога фестывалю «Школьны тэатр», дапамагаў юным ар­ тыстам, даводзіў іх конкурсныя работы да прыстойнага, а іншым разам — даволі прафесійнага ўзроўню.

Юрый ІВАНОЎСКІ

Загаловак у газеце: Жыццёвая праўда — у сцэнічных вобразах

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Мужчынская прыгажосць: дар прыроды альбо пільны догляд за сабой?

Мужчынская прыгажосць: дар прыроды альбо пільны догляд за сабой?

Меркаванне, што мужчынам не патрэбна даглядаць за сабой, сёння гучыць архаічна.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. У панядзелак у нефармальнай абстаноўцы можна будзе вырашыць значныя праблемы. Перад вамі могуць адкрыцца новыя магчымасці. 

Здароўе

Аздаравіць сэрца можна ў любым узросце

Аздаравіць сэрца можна ў любым узросце

Вядома, што сярод прычын заўчаснай смерці сардэчна-сасудзістыя захворванні ўпэўнена займаюць першае месца.