Вы тут

«Дау». Дэканструкцыя


Узімку 2018 года інтэрнэт узарвала навіна пра тое, што рэжысёр Ілья Хржаноўскі нарэш- це скончыў маштабны праект пра жыццё савецкага фізіка Льва Ландау, над якім працаваў 10 гадоў. Гэты праект называецца «Дау», і праца над ім ішла так доўга, што перавысіла як першапачатковы бюджэт, так і першапачатковы сцэнарый, стаўшы нечым зусім іншым.


Праца над «Дау» вялася з красавіка 2008-га. У здымках паспелі паўдзельнічаць шмат знакамітасцей: ад дырыжора Тэадора Курэнтзіса (выканаўца ролі фізіка Льва Ландау) і тэатральнага рэжысёра Анатоля Васільева да сапраўдных навукоўцаў-фізікаў з сусветнымі імёнамі, у прыватнасці нобелеўскага лаўрэата Роберта Гроса. Таксама ў праекце ўдзельнічалі разнастайныя дзіўныя асобы накшталт Мікалая Воранава (спявак, аўтар і выканаўца песні «Белая страказа кахання»), Максіма Цесака Марцінкевіча і былога генерал-лейтэнанта КДБ Уладзіміра Ажыпа.

Каб дасягнуць максімальнай аўтэнтычнасці таго, што адбываецца перад камерай, Хржаноўскі вырашыў узнавіць на пляцоўцы сам дух СССР (дзеянне пачынаецца ў канцы 1930-х і заканчваецца ў канцы 1960-х), дамагчыся ад сучасных акцёраў пластыкі, прамовы і нават ладу мыслення савецкіх грамадзян эпохі росквіту сталінізму, яго скону і адлігі. Ён дамагаўся поўнай трансфармацыі сучаснага чалавека, ператварэння яго ў савецкага дворніка, буфетчыцу, інжынера, міліцыянера, стукача, супрацоўніка НКУС.

«Дау» пачынаўся як баёпік Льва Ландау. Ілья Хржаноўскі прачытаў мемуары жонкі акадэміка Коры («Акадэмік Ландау. Як мы жылі. Успаміны») і ўразіўся ліберальнасцю нораваў у сям’і савецкага навукоўца. Сцэнарый фільма быў замоўлены пісьменніку Уладзіміру Сарокіну. Грошы на здымкі выдзелілі французскі канал Arte, галандскі фонд Хуберта Балса, міністэрствы культуры Расіі і Украіны (вялікая частка здымак прайшла ў Харкаве, дзе і працаваў Ландау да вайны). Вельмі хутка праект перайшоў у фазу татальнага эксперымента: Хржаноўскі адмовіўся ад сцэнарыя і наогул ад ігравога кіно ў звыклым разуменні. Ён пачаў «гуляць» у  рэканструкцыю савецкіх 1930—1960-х у спецыяльна створаных для гэтага дэкарацыях нейкага інстытута, дзе акцёры і масоўка праводзілі месяцы, а часам нават гады, елі савецкую ежу, чысцілі зубы парашком, насілі нязручную савецкую вопратку і атрымлівалі сутачныя ў савецкіх рублях.

На тэрыторыі інстытута дзейнічаў пэўны звод правіл, якія Хржаноўскі спецыяльна прыдумаў для таго, каб акцёры ў сваёй ролі адчувалі сябе больш натуральна: забарона сучасных рэчаў, постсавецкай лексікі, заахвочванне раманаў паміж акцёрамі і масоўкай, п’янства і даносніцтва — у інстытуце, зразумела, быў свой першы аддзел. Акцёры не саромеліся нічога. Усе сцэны інтымнай блізкасці, сварак, боек у «Дау», як сцвярджаюць самі стваральнікі, рэальныя.

Здымкі скончыліся яшчэ ў 2011 годзе, калі ніхто ўжо не верыў, што зняты матэрыял будзе калі-небудзь паказаны публіцы. Потым ішоў вельмі доўгі мантаж, бо матэрыялу назбіралася больш за 700 гадзін і было складана зрабіць з гэтага нешта адэкватнае і лагічнае. Аднак у аўтараў атрымалася. Прэм’ера павінна была адбыцца ў Берліне ў 2018 годзе, але ўзніклі праблемы з гарадскімі ўладамі, і яе перанеслі ў парыжскі тэатр Шатле.

У лютым 2020 года два «Дау»-фільмы ўвайшлі ў праграму Берлінскага кінафестывалю: «Дау. Наташа» і «Дау. Дэгенерацыя». Фільм «Дау. Наташа» і аператар Юрген Юргес атрымалі «Сярэбранага мядзведзя» «За выбітнае мастацкае рашэнне». Аднак прэм’ера гэтых фільмаў выклікала сур’ёзную палеміку сярод гледачоў, якая да гэтага часу не сціхае.

З «Дау» звязана вялікая колькасць скандалаў, якія здараліся як да афіцыйнай прэм’еры, так і пасля. На праекце была неверагодная цякучка кадраў, таму ўсе звольненыя з «Дау» акцёры і  тэхперсанал актыўна дзяліліся перажытым у інтэрнэце, скардзячыся на псіхалагічны ціск, грубасць арганізатараў і парушэнне фінансавых дамоўленасцей. І калі да прэм’еры ўсе гэтыя непрыемныя моманты сяк-так згладзілі, то пасля пачаліся куды больш важкія і неадназначныя абвінавачванні. Напрыклад, канкрэтна Хржаноўскага абвінавацілі ў гвалце ў адносінах да сваіх акцёрак і ў амаральнасці ўсяго праекта наогул.

Многія былі абураны натуралістычнымі сцэнамі згвалтавання і катавання ў «Дау. Наташа», а таксама сцэнай забойства свінні ў «Дау. Дэгенерацыя», бо гэта супярэчыць этыцы і нагадвае гвалт дзеля гвалту. Нельга так проста ўзяць і паказаць сцэну са згвалтаваннем жанчыны рыльцам бутэлькі ў эпоху росквіту руху «me too». Тым больш калі рэжысёр яшчэ і сцвярджае, што ўсё было па-сапраўднаму і нават напалохала акцёрку. Гэта жорстка. Ці дапамагае такое адчуць жах таго часу? Так. Ці варта было дзеля гэтага падвяргаць акцёрку такому стрэсу? Ці этычна гэта? Не. Ці павінна мастацтва быць этычным? Тут адказ ужо не такі відавочны.

З 21 красавіка ва ўсім свеце запусцілася платформа DAU.com Ільі Хржаноўскага. Стваральнікі падумалі, што з-за пандэміі каранавіруса пракатны і фестывальны шлях для карцін будзе немагчымы, таму вырашылі, што «Дау» стане «першым кінапраектам пра ізаляцыю, знятым у ізаляцыі, для людзей, якія сядзяць у ізаляцыі». Яны зрабілі анлайн-кінатэатр, дзе кожны тыдзень з’яўляецца новы фільм праекта, а квіток на яго каштуе 3 $.

Зараз на сайце даступны 9 з 16 фільмаў і 6 серыялаў праекта, але іх выхад прыпынілі, калі аказалася, што фестывалі ўсё ж будуць працягваць сваю працу і надзея на пракат яшчэ ёсць.

Крытыкі ў ацэнках «Дау» падзяліліся: адны сцвярджаюць, што праект настолькі наватарскі і ўдалы, што любыя агрэхі маральнага плана яму можна дараваць, як даравалі спаленне каня Таркоўскаму, а іншыя, наадварот, адмаўляюцца прызнаваць праект як нешта вартае і лічаць, што Хржаноўскі злёгку «загуляўся ў Бога».

І калі першыя з задавальненнем працягнулі сачыць за «Дау» і глядзець фільмы ў анлайн-кінатэатры, то другія прынялі праект у штыкі і вырашылі, што аднаго фільма («Дау. Наташа») будзе дастаткова, каб скласці меркаванне аб цэлым праекце.

Аднак «Дау», несумненна, значна больш маштабны, чым траўматычная гісторыя адной савецкай буфетчыцы. Адна гісторыя з часоў шматгадовага рэжыму не дае зразумець усю сутнаць таго, што адбывалася. Гэта праект аб свабодзе волі / кахання / навукі ў рамках татальнай несвабоды і аб траўмах, як персанальных, так і калектыўных. Пра гэта кажуць не так часта, каб «Дау» проста праігнаравалі як нешта зразумелае і абрыдлае.

На сайце DAU.com можна знайсці кароткія біяграфіі кожнага персанажа і прасачыць уплыў некаторых асноўных падзей эпохі на іх характары. Напрыклад, тая ж Наташа. Мы глядзім на яе і бачым жудасную жанчыну, якая зневажае сваю малодшую калегу, спойвае яе, усяляк здзекваецца, а  ў  канцы дня рыдае ад злосці і бяссілля на працоўным месцы. Потым мы глядзім на яе біяграфію: нарадзілася ў 1907-м, а значыць, бачыла рэвалюцыю і першую сусветную; не замужам нарадзіла дзіця ў 1925-м, у  гэтым жа годзе пераехала ў Маскву, каб паступіць у тэатральнае; не паступіла, стала працаваць буфетчыцай у тэатры, пазбавілася амбіцый і ілюзій; у 1942 годзе ўладкавалася буфетчыцай у інстытут, а значыць, правяла ўсю вайну ў  Маскве. Дзеянне «Дау. Наташа» адбываецца ў 1952 годзе, а  Наташа ўсё яшчэ буфетчыца, усё яшчэ самотная і вельмі траўміраваная. Яе мары і амбіцыі даўно забытыя, асабістае жыццё не складваецца, а спроба яго паправіць абарочваецца гвалтам у  КДБ. Наташыны банальныя чалавечыя жаданні прывялі яе да згубы, што падштурхоўвае нас звярнуць увагу на яшчэ адну важную тэму праекта — барацьбу чалавека і рэжыму.

Усе фільмы «Дау» можна фармальна падзяліць на два тэматычныя блокі: тэма раскрыцця чалавечнасці герояў і тэма супрацьстаяння гэтых людзей і рэжыму. Да першага блока можна аднесці «Дау. Тры дні» і «Дау. Нора Мама» пра складаныя ўзаемаадносіны Льва Ландау і яго жонкі Норы, якія бясконца сварацца і не могуць зразумець, чаго адно ад аднаго хочуць. Сюды ж — «Дау. Мікіта Таня» і «Дау. Тэорыя струн» — гісторыя пра вучонага, які спрабуе растлумачыць сваю палігамію сабе і партнёркам, але застаецца незразумелым у  кансерватыўным савецкім грамадстве. Да другога блока можна аднесці берлінскія прэм’еры і фільмы «Дау. Каця Таня» пра няшчаснае каханне, якое скончылася з-за ўмяшання КДБ, «Дау. Смелыя людзі» пра работнікаў навуковага інстытута ў атмасферы бясконцых даносаў і недаверу.

Праект праводзіць велізарнае даследаванне на тэму таго, хто ж такі гэты савецкі чалавек і кім ён быць павінен. Бо ў  «Дау» амаль усе героі лішнія для рэжыму: іх жаданні занадта чалавечныя, яны дазваляюць сабе вольнасці, кахаюць каго хочуць, а не тых, каго варта было б, часам паводзяць сябе крыху маргінальна і памыляюцца. Сярод іх ёсць акадэмікі, рабочыя, інтэлігенты, хатнія гаспадыні, дзеці. Рэжым, які паказаны ў мастацкім сусвеце «Дау», ставіць палкі ў колы ўсім без выключэння, усіх спрабуе перарабіць на нейкі выдасканалены лад. Часам нават здаецца, што ён наогул не прадугледжаны для таго, каб у ім жылі людзі. Аднак у «Дау. Дэгенерацыя» становіцца зразумела, хто ж павінен засяляць такую камуністычную ўтопію: у гэтай частцы рэй вядуць нацыяналісты на чале з персанажам Максіма Цесака Марціновіча (які паводзіць сябе, як і сам гэты персанаж), і іх дзейнасць ухваляецца КДБ. Так «Дау» дае вычарпальнае меркаванне наконт савецкага камунізму.

 Гэты рэжым працуе выключна як машына для пакаранняў, і яму не патрэбны людзі (нават самыя адчайныя канфармісты) — яму патрэбны такія ж машыны для забойстваў, якія не пакутуюць ад уласнай чалавечнасці.

«Дау» — кінафеномен і магутнае даследаванне або дзіўны і трохі амаральны эксперымент рэжысёра з «комплексам Бога»? Навошта нам у 2020 годзе патрэбен такі праект?

«Дау» — гэта праект, які кропкава і  справядліва прэпаруе мінулую эпоху. Магчыма, не дакументальна, але інтуітыўна праўдзіва. Ён дэманструе, што за радаснай і цёплай карцінкай савецкіх фільмаў усе гэтыя гады хаваўся крывавы антычалавечы рэжым, па віне якога былі забіты і скалечаны сотні людзей. Для аўтараў праекта гэта зусім не той час, па якім хочацца настальгіраваць.

Антаніна БАБІНА

Кадры з фільмаў серыі «Дау»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі. 

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.