Вы тут

Сумесны сон: хто «за»?


Дзве мае блiзкiя сяброўкi нядаўна ўпершыню сталi матулямi. Святлана пры кожнай размове скардзiцца, што яе шасцiмесячная дачушка ну нiяк не хоча спаць: падрэмле хвiлiн пятнаццаць —  i ўсё на гэтым. Дзяўчынка згодная праводзiць час пераважна ў бацькоўскiм ложку, толькi яе мама, якая супраць сумеснага сну, цярплiва перакладвае малую ў яе ўтульны ложачак з надзеяй, што тая нарэшце яго палюбiць. Кацярына, якая нарадзiла свайго сыночка ўсяго некалькi тыдняў таму, прызнаецца, што маленькi Iльюша лепш спiць разам з бацькамi. На вялiкай канапе месца, маўляў, усiм хапае, навошта тады мучыць i сябе, i дзiця?!


bepanthen.komarovskiy.net

Праблема дзiцячага сну —  пытанне нумар адзiн у «мамчыных» чатах. Шчыра прызнацца, калi нарадзiўся Цёмiк, я сама была там частай госцяй. Чытала парады «бывалых» матуль, глядзела вiдэаўрокi кансультантаў па дзiцячым сне, нешта брала, як кажуць, на заметку i апрабоўвала на сваiм сыне. Толькi карысцi ад гэтага было мала: Арцёмка, як i раней, часта прачынаўся. Не паспею яго пакласцi, як зноў трэба пачынаць спачатку. А немаўлятка мала пагладзiць па галоўцы i сказаць яму пяшчотнае слоўка —  у такiм узросце падрыхтоўка да сну ператвараецца ў цэлы рытуал! У рэдкiх хвiлiнах цiшынi толькi i паспявала, што гарбаты папiць цi душ прыняць. Днём дык гэта паўбяды: жывём мы з бацькамi, таму з хатнiмi клопатамi было каму дапамагчы. А вось ноччу, шчыра скажу, забегалася.

Чаму не спiць? Можа, холадна? Горача? Хоча есцi? Трэба памяняць памперс? Зубы рэжуцца? Дзiця расце —  i прычын для неспакойнага сну становiцца ўсё больш. I калi за ноч даводзiлася ўставаць разоў гэтак восем-дзесяць, ужо ўсе сродкi былi добрыя. I дзясны мазала (у аптэках на выпадак прарэзвання зубоў усяго хапае), i да пустышкi прывучыла, i накрывала па-асаблiваму, як малы любiць (каб коўдра дакраналася да носiка). А падчас зусiм неспакойных начэй, калi ў нашым пакоi збiралiся ўсе, з кiм дзелiм жылплошчу, нават звярталася да бабулiных спосабаў —  варажыла.

Усё аказалася значна прасцей. У адзiн момант... проста забрала Цёмiка да сябе ў ложак. Не магу сказаць, што ён стаў спаць да самай ранiцы, але начныя пад'ёмы значна скарацiлiся: як i многiм немаўлятам, спаць з мамай малому было i спакайней, i цяплей.

Праўда, знайшоўся сярод добразычлiўцаў i той, хто сказаў: «Будзе сын з табой так спаць да армii». Маўляў, я, малая, без мамы нiдзе не заставалася начаваць. Сапраўды, было такое. Гуляем у бабулi, стрыечная сястра ўгаворвае, каб я паначавала. Я, вядома, пагаджаюся (нам жа так хороша разам!), але з наступленнем цемры ўсе дамоўленасцi абнуляюцца: я енчу на ўсю хату, каб мяне везлi да мамы. Не зусiм малая ўжо была, гадкоў шэсць-сем! I вязуць мяне дамоў альбо бацька на ровары мяне забiрае (дзякуй богу, што ад нашай хаты да бабулiнай —  усяго нейкiя тры кiламетры!).

Не памятаю, да якога ўзросту я спала з мамай, але дакладна ведаю, што асобны ложак i адразу ўласны пакой займела, калi мой старэйшы брат пайшоў у армiю. На шчасце, Цёмiк адасобiўся значна раней —  дзякуй каранавiрусу. Увесну ў бацькоўскую трохпакаёвую кватэру адначасова заселi на двухтыднёвы каранцiн i муж, i брат, таму Цёмiк вымушаны быў «перадыслакавацца» на сваё спальнае месца. I трэба сказаць, яму спадабалася. Цяпер нават проста паляжаць са мной рэдка пагаджаецца.

Адным словам, кожная канкрэтная сям'я вырашае сама, як ёй зручна. Некаторыя згодныя ўставаць па некалькi разоў за ноч, каб чарговы раз загушкаць сваё малое, iншыя выбiраюць больш-менш паўнавартасны сон. Як кажа вядомы дзiцячы ўрач Яўген Камароўскi, галоўнае, каб гэта задавальняла тату...

Веранiка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».