Вы тут

Успамінаем Янку Нёманскага, які быў расстраляны 30 кастрычніка ў 1937 годзе


Як знік працяг рамана Янкі Нёманскага «Драпежнікі», прысвечанага лёсу рабочых шклозавода

Кожны год у канцы кастрычніка мы ўспамінаем сумную дату. У ноч з 29-га на 30-е ў 1937 годзе былі забітыя некалькі дзясяткаў беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, навукоўцаў... Сярод тых, хто загінуў у той жудасны час, ёсць адзін пісьменнік, сёлетні юбіляр, які ўвайшоў у гісторыю пад імем Янка Нёманскі. Давайце ўспомнім гэтага чалавека, а тым самым — усіх, хто быў забіты і не паспеў даспяваць свае песні.


Насамрэч яго звалі Іван Пятровіч, нарадзіўся ён 130 гадоў таму. Сям'я, якая жыла ў вёсцы Шчорсы Навагрудскага павета, была тыпова сялянская: беднасць і шмат дзяцей. У 1901 годзе маці Івана памерла ад сухотаў. Следам за ёй «от полного истощения», гэта значыць, ад голаду, памерлі пяцёра братоў і сёстраў, а таксама бабуля, дзядуля і дзядзька. Так што да 1906 года ў жывых засталіся толькі Іван, яго бацька і цётка. Бацька ажаніўся з удавою з двума дзецьмі, але і тыя хутка памерлі. Удавец з'ехаў у Расію на заробкі, і больш пра яго нічога не вядома. Івана выратавала тое, што ён паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Але калі атрымаў месца вясковага настаўніка, гэтым не задаволіўся. Далей ён паступае ў Петраградскі ўніверсітэт на гісторыка-філалагічны факультэт. Іван потым напіша ў біяграфіі: «Жыў я «в углу», гэта значыць, здымаў не асобны пакой, а куток. На жыццё зарабляў, працуючы грузчыкам у порце, на Калашнікаўскай набярэжнай. А яшчэ расчышчаў ад снегу і лёду трамвайныя шляхі.

Вучобу перарвалі вайна і рэвалюцыя. Давялося паваяваць і ў царскай арміі, і ў Чырвонай. У 1918 годзе Янка Нёманскі вяртаецца ў Петраград і пачынае працаваць у Беларускім нацыянальным камісарыяце — аддзеле Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцяў РСФСР. Тут здарыліся дзве вызначальныя падзеі. Пятровіч уступіў у партыю эсэраў і пасябраваў з бальшавіком Змітром Жылуновічам, ён жа — паэт Цішка Гартны, якому было наканавана ўзначаліць беларускую рэспубліку. Пятровіч стаў нават сурэдактарам газеты «Дзянніца», першай савецкай газеты, якая выходзіла на беларускай мове. Прычынай яго сімпатыі да эсэраў было тое, што яны рэзка выступалі супраць Брэсцкага міру, згодна з якім нямецкім акупантам аддавалася частка Беларусі.

За эсэрскае мінулае Янку Нёманскага пасля выключаць з камуністычнай партыі. А Цішка Гартны, з якім разам рэдагавалі газету «Дзянніца», стане ягоным правадніком у літаратуру. Нёманскі ўслед за сябрам уступіць у «Маладняк», тады ўвойдзе ў праўленне літаратурнага аб'яднання «Полымя».

А ў 1922 годзе ў часопісе «Полымя» з'явілася апавяданне «Над Кроманню» — дэбют пісьменніка Янкі Нёманскага. Пісаў пра радзіму — возера Кромань непадалёк ад Налібоцкай пушчы, дзе родныя Шчорсы.

«Цудоўнае гэта возера... Я ж пражыў тут змалку сярод гэтых сумных лясоў ды балот; тут навокал траха не на 20 вёрст няма ні аднае вёскі: усё лес ды лес, балоціна з правалінамі, дзе вада чорная як сажа і дзе ніхто не мераў дна».

Па вяртанні на Беларусь Іван Пятровіч працуе намеснікам старшыні Дзяржплана БССР, становіцца членам ЦВК БССР, акадэмікам Беларускай акадэміі навук. Між іншым, ён паспрыяў з'яўленню ў Мінску першага трамвая. Калі падчас партыйных чыстак яму давядзецца пісаць прашэнне на імя сакратара ЦК КП(б)Б Мікалая Гікалы, сярод уласных заслуг згадае: «Не случайно, что моя работа в Госплане часто бралась в штыки со стороны части старых специалистов, оказавшихся впоследствии вредителями, например: ...по вопросу мелиорации, где я требовал быстрейшего освоения мелиорированных площадей, по вопросам коммунального хозяйства (строительства трамвая в Минске, которое я один защищал в Госплане)»...

Пачыналася эпоха рэпрэсій. На сакавіцкім пленуме ЦК КП(б)Б 1937 года старшыня Саўнаркама Галадзед заявіў, што з 1 студзеня 1932 года да 1 студзеня 1937 года колькасць выключаных з партыі склала 42 працэнта ад агульнай колькасці, і даў зразумець, што «лічыць гэта перагібам». А першы сакратар ЦК КП(б)Б Гікала, наадварот, у запісцы на імя Яжова прапаноўваў выключаных з партыі высяляць з БССР.

Пройдзе трохі часу. Будзе арыштаваны і расстраляны Гікала, Галадзед скончыць жыццё самагубствам. Цішка Гартны арыштаваны, даведзены катаваннямі да вар'яцтва і становіцца самазабойцам. Усяго праз два тыдні, 26 красавіка 1937 года, арыштавалі Янку Нёманскага. Вось фрагмент пратакола вобыску, праведзенага пры арышце:

«Изъято:

4 тетради, разная переписка, блокнотов 11 штук, 10 книг под ред. Петровича, книга «Война с белополяками», журн. «Полымя» — 25 штук, «Красная новь» — 2 шт., 2 книги под редакцией Некрашевича, 1 книга под ред. Дунца, 1 книга под ред. Гартного и разн. книги — 7 шт., вся переписка и документы...»

Тады была канфіскаваная другая частка рамана Янкі Нёманскага «Драпежнікі», прысвечанага лёсу рабочых шклозавода. Літаратуразнаўцы дасюль гадаюць, дзе той рукапіс.

Вось урывак з успамінаў пісьменніка Васіля Хомчанкі аб знаходжанні ў мінскай турме НКУС: «...у той камеры сядзелі паэты, яны чыталі складзеныя там паэтычныя радкі. Па суседстве з нашай камерай — даведаліся па перастуку — пакутаваў Мікола Хведаровіч, у другой — Міхась Чарот, Юрка Лявонны. У маёй камеры знаходзіліся ажно тры літаратары: пісьменнік і акадэмік Янка Нёманскі, паэты Янка Туміловіч і Масей Сяднёў — студэнт пэдагагічнага інстытута, таленавіты хлопец».

З той камеры ацалела двое.

А 9 верасня 1937 года начальнік следчага аддзела УДБ НКУС БССР Волчак накіраваў сакратару КП(б)Б Волкаву ліст: «По поручению Народного Комиссара Внутренних дел БССР тов. Бермана направляю Вам замечания арестованных вредителей Бондаря и Петровича по вопросу о создании областей в БССР».

Праблема райанавання рэспублікі стаяла вельмі востра, Нёманскі займаўся ёю яшчэ да арышту. Магчыма, арыштаваных «спяцоў» прыцягнулі да гэтай справы па загадзе зверху. У такім выпадку ім маглі стварыць больш-менш прыдатныя для работы ўмовы. Магчыма, яны па сваёй ініцыятыве вырашылі даказаць савецкай уладзе сваю карыснасць.

Цікава, што Янка Нёманскі прапануе ўтварыць сярод іншых абласцей Бабруйскую.

Заканчваецца нататка «шкодніка Пятровіча» так:

«Эта наметка только первоначальная. При проработке нужно уточнить вопрос отнесения того или иного района к областям (напр. Толочинский, Рогачевский, Кормянский и др.), а также и целесообразность дальнейшего существования некоторых районов в нынешних их границах».

Іншымі словамі, аўтар намякае, што ён яшчэ спатрэбіцца для далейшай распрацоўкі.

Аднак гэтая хітрасць не дапамагла.

Янку Нёманскага расстралялі 30 кастрычніка 1937 года разам з Тодарам Кляшторным і Юліем Таўбіным. Жонка, Глафіра Дзмітрыеўна, якая працавала старшым эканамістам Наркамата лясной гаспадаркі, была арыштаваная 4.11.1937 г. у Мінску па адрасе вул. 11 Ліпеня, д. 18/7, кв. 2. Была асуджана на восем гадоў і трапіла ў Акмалінскі лагер для жонак ворагаў народа. Заставалася трое дзяцей. Старэйшы, Андрэй, які нарадзіўся ў 1922 годзе, студэнт тэхнікума, быў асуджаны на пяць гадоў. Хлопчык не дажыў да шаснаццаці, памёр у Паўночна-Уральскім лагеры. Глафіру Пятровіч вызвалілі 25.11.1945 г. Усю сям'ю пасля рэабілітавалі.

А вось сяброўства з эсэрамі партыя пісьменніку не даравала. У пратаколе № 84 засядання бюро ЦК КПБ ад 10.09.1957 г. гаворыцца:

«Решением Минского горкома КП(б)Б от 7 декабря 1935 года Петрович И. А. исключен из партии за скрытие при вступлении в ВКП(б) своего пребывания в эсеровской организации и как принятый в партию с нарушением устава ВКП(б).

Петрович Иван Андреевич исключен из партии в 1935 году правильно, как принятый в партию с нарушением устава ВКП(б). Отказать в посмертной реабилитации его в партийном отношении».

Возера Кромань, дзе прайшло дзяцінства пісьменніка.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Як знік працяг рамана Янкі Нёманскага «Драпежнікі», прысвечанага лёсу рабочых шклозавода

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Мы ў жыццi шмат чаго робiм, што пагаршае наша здароўе — або адразу, або ў аддаленай перспектыве.

Грамадства

Рэктар Магілёўскага дзяржуніверсітэта Дзянiс Дук: У нас свае асаблiвасцi i шлях развiцця ў сусветнай гiсторыi

Рэктар Магілёўскага дзяржуніверсітэта Дзянiс Дук: У нас свае асаблiвасцi i шлях развiцця ў сусветнай гiсторыi

Тры гады таму Дзянiс Дук пераехаў у Магiлёў, каб узначалiць вядучую ВНУ вобласцi па падрыхтоўцы педагагiчных кадраў.

Эканоміка

Прадукты для эфектыўнай энергіі: аксіяльны ветрагенератар, анодныя зазямляльнікі, керамзітапенабетон, паліўныя брыкеты

Прадукты для эфектыўнай энергіі: аксіяльны ветрагенератар, анодныя зазямляльнікі, керамзітапенабетон, паліўныя брыкеты

Пераможцы шостага конкурсу «Лідар энергаэфектыўнасці — 2020» сёлета ўдзельнічалі ў спаборніцтвах анлайн і гэтак жа атрымлівалі віншаванні.