Вы тут

«Ядзерная» кар'ера. Як рыхтуюць будучых атамшчыкаў


Мінскі энергететычны каледж штогод будзе рыхтаваць па спецыяльнасці «Электрычныя станцыі» па 30 студэнтаў-бюджэтнікаў, а ў БНТУ сёлета з'явілася новая спецыяльнасць «Праектаванне і эксплуатацыя АЭС». Усяго ж з 2013 па 2020 год у краіне выпушчана ўжо больш за 950 спецыялістаў, больш за 30 % з іх працуюць на пляцоўцы будаўніцтва станцыі. Чаму настолькі важная высокая кваліфікацыя персаналу для работы на атамнай станцыі, дзе і як рыхтуюць спецыялістаў і што чакае іх пасля вучобы? Адказы на гэтыя пытанні падчас круглага стала ў БелТА далі эксперты.


Фота БелТА.

Паводле вопыту МАГАТЭ

Кадравы патэнцыял, неабходны для паспяховага развіцця атамнай галіны, у Беларусі ўжо сфармаваны — на такім меркаванні сышліся ўсе ўдзельнікі круглага стала. Аднак краіна працягне падрыхтоўку новых спецыялістаў, каб стварыць прафесійны рэзерв для ядзернай энергетыкі.

Рашэнне аб падрыхтоўцы ўласнага персаналу для ядзернай прамысловасці было прынята яшчэ ў 2007-м, да зацвярджэння ідэі будаўніцтва Беларускай АЭС. Мінэнерга сумесна з НАН Беларусі ацанілі, якія спецыялісты для гэтага спатрэбяцца. Пры гэтым эксперты разумелі, што «закрыць» усе пазіцыі маладымі спецыялістамі не атрымаецца. Абавязкова спатрэбіцца каля 70 ключавых тэхнічных спецыялістаў з практычным вопытам работы на АЭС, нагадала Лілія ДУЛІНЕЦ, намеснік дырэктара Дэпартамента па ядзернай энергетыцы Міністэрства энергетыкі.

Такім чынам яшчэ ў 2008-м была распрацавана спецыяльная Дзяржаўная праграма падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі на 2008—2020 гады. Падчас навучання спецыялістаў у Беларусі абапіраюцца на міжнародны вопыт у сферы падрыхтоўкі персаналу, а таксама на веды, якія закумуляваны ў Міжнародным агенцтве па атамнай энергіі (МАГАТЭ).

— Пры рэалізацыі сваёй ядзерна-энергетычнай праграмы Беларусь выкарыстоўвае метадалагічны падыход «Вехі», які спецыяльна распрацаваны МАГАТЭ для краін, дзе будуецца першы рэактар. Гэта метадалогія прадугледжвае стварэнне адпаведнай інфраструктуры ядзернай энергетыкі, якая павінна быць развіта па 19 кірунках. І адзін з іх — падрыхтоўка персаналу. Гэты аспект чырвонай ніткай праходзіць праз усе кірункі работы на АЭС, дзе патрабуюцца спецыялісты адпаведнай кваліфікацыі. Менавіта таму пытанням падрыхтоўкі персаналу надаецца самая пільная ўвага, — падкрэсліла Лілія Дулінец.

Для АЭС і энергасістэмы

З 950 спецыялістаў, якіх падрыхтавалі ў Беларусі па пяці асноўных спецыяльнасцях, трэцяя частка трапіла на пляцоўку будаўніцтва АЭС, яшчэ адна — у арганізацыі, звязаныя з ядзернай энергетыкай і крыніцамі іанізуючага выпраменьвання. Астатнія — у сумежныя з ядзернай энергетыкай галіны. Цяпер профільную адукацыю, звязаную з работай у ядзернай галіне, атрымліваюць каля 500 студэнтаў.

Толькі сёлета на АЭС прыйшлі 32 спецыялісты са ста выпускнікоў. Перадавік у гэтым кірунку — БНТУ. Цяпер патрэбы станцыі ў кадрах задаволены цалкам, як і ўсёй энергасістэмы краіны, — расказаў Мікалай МАРУДА, кансультант упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі.

У межах плануемай ледзьве не на стагоддзе работы АЭС актуальнымі застаюцца пытанні перыядычнай ацэнкі бяспекі ядзерных энергаблокаў, вывад з эксплуатацыі, абыходжанне з адпрацаваным палівам і іншыя. Таму патрэба ў навучанні спецыялістаў і папаўненні інфраструктуры ядзернай энергетыкі існуе і надалей.

Згодна з праграмай на 2021—2025 гады, 30 навучэнцаў будуць атрымліваць сярэднюю спецыяльную адукацыю ў Мінскім энергететычным каледжы па спецыяльнасці «Электрычныя станцыі». Гэта дазволіць у будучым мець рэзерв спецыялістаў да 500 чалавек. Гаворка ідзе ўжо пра выпускі 2025—2030 гадоў, удакладніў Мікалай Маруда.

За час дзеяння Дзяржпраграмы БНТУ выпусціў 187 інжынераў-энергетыкаў па спецыяльнасці «паратурбінныя ўстаноўкі АЭС», з якіх амаль сто размеркаваны на работу на атамную станцыю. Тут жа працуюць і выпускнікі іншых кафедр універсітэта.

— У рамках Дзяржпраграмы мы пашырылі лабараторную базу, закупілі сучаснае абсталяванне. За дастойную работу МАГАТЭ падарыла ўніверсітэту адмысловы трэнажор для вучобы, — падзяліўся Мікалай КАРНІЦКІ, загадчык кафедры «Цеплавыя электрычныя станцыі» энергетычнага факультэта БНТУ. — Мы і самі вучыліся, і студэнтаў вучылі, падрыхтавалі звыш 15 дапаможнікаў пад грыфам Мінадукацыі, неаднаразова павышалі кваліфікацыю ў розных ядзерных цэнтрах. Нашы студэнты праходзяць практыку на дзеючых АЭС, набываюць адпаведны вопыт.

Час дыктуе новыя ўмовы, і ў рамках існуючай спецыяльнасці прафесіяналам стала «цесна». Таму сёлета ва ўніверсітэце з'явілася спецыяльнасць «Праектаванне і эксплуатацыя АЭС». «Неўзабаве станцыя запрацуе, і мы павінны быць гатовыя яе эксплуатаваць», — патлумачыў Мікалай Карніцкі.

З 2016 года ў рамках Дзяржпраграмы працуе вучэбна-трэніровачны цэнтр АЭС. Яго работу высока ацанілі эксперты з МАГАТЭ і будуць раіць падобную практыку іншым краінам, падкрэсліў Аляксандр ЕРЫН, намеснік начальніка вучэбна-трэніровачнага цэнтра БелАЭС:

— Мы распрацавалі ўсе неабходныя патрабаванні да вучэбна-трэніровачных сцэнарыяў, вучэбнай дакументацыі і тэхнічных сродкаў навучання. У прыватнасці поўнамаштабны трэнажор, на якім эфектыўна вучаць персанал блочнага пульта кіравання і іншыя лакальныя трэнажоры.

Штогод у цэнтры праходзяць практыку да сотні студэнтаў.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.