Вы тут

Дарагі таварыш Плесняровіч!


Дарагі таварыш Плесняровіч!

«Калі я ў Мінску браў удзел у святкаванні 90-годдзя выбітнага беларускага паэта Янкі Купалы, — пісаў Ежы Плесняровіч у ліпені 1973 года, — мог шмат разоў пераканацца, як у розных асяродках, не толькі пісьменніцкіх ці журналісцкіх, цэніцца польская літаратура. Беларускія чытачы добра ведаюць нашых класікаў, асабліва мастацкую прозу, але разам з тым выказваюць вартую захаплення абазнанасць у справах нашай сучаснай творчасці. Несумненна, гэта звязана з тамтэйшымі перакладчыкамі польскай літаратуры, якія развіваюць сваю дзейнасць з асаблівым замілаваннем нашай кнігай, з добрым веданнем мовы братняга народа, але найперш — са шчырым энтузіязмам і поўнай аддачай. Сярод вялікай колькасці беларускіх знаўцаў і распаўсюджвальнікаў нашай паэзіі і прозы на першым месцы стаяць імёны Максіма Танка і Янкі Брыля (J. Pleśniarowicz. Nasi przyjaciele : Widnokrąg ,1973. nr 27).

Асаблівая прыязнасць лучыла Ежы Плесняровіча з выдатным беларускім паэтам Максімам Танкам. У архіве Плесняровіча захавалася дванаццаць лістоў і паштовак да Танка: адзін з 1969 года, дзевяць з 1976-га  і два з 1977-га.

Ежы Плесняровіч шмат гадоў з’яўляўся перакладчыкам вершаў Максіма Танка і рэдактарам польскага тома яго паэзіі, апублікаванага Народным выдавецтвам у Варшаве ў 1977 годзе. Большая частка карэспандэнцыі датычыцца гэтага выдавецкага праекта, а таксама звязаных з ім візітаў Ежы Плесняровіча ў Мінск.

Дзявятага лютага 1976 года Максім Танк пісаў з Мінска:

Шаноўны, Дарагі Ежы!

Горача дзякую Вам за гэты сардэчны ліст і за нечакана добрую вестку пра запланаванае выданне маіх вершаў у Народным Выдавецтве. Ды яшчэ ў такім галавакружным тэмпе! Ды яшчэ ў Рэдакцыі Класічнай Літаратуры! Відаць, яны там памыліліся. Бо класік — як пісаў я ў адным сваім вершы — гэта чалавек, які ўжо нічога не адчувае, бо зроблены з бронзы. А я, хвала Богу, яшчэ — не з бронзы, а з таго, «што мне баліць».

Максім Танк спаслаўся тут на вядомае ў Польшчы выказванне Стэфана Чарнецкага, вялікага гетмана Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў: «Я не з солі, не з зямлі, а з таго, што мне баліць, вырас».

Ежы Плесняровіч вельмі сур’ёзна тады хварэў (яго выезды ў Мінск па гэтай прычыне адкладваліся). Памёр заўчасна 8 студзеня 1978 года ва ўзросце 58 гадоў. Занепакоенасць яго здароўем увесь час праяўлялася ў лістах Максіма Танка. Ужо пасля смерці жэшуўскага перакладчыка прыйшоў з Мінска апошні ліст шматгадовай, багатай карэспандэнцыі:

Дарагі і Любімы Ежы!

Пасылаю Табе і Тваёй Сям’і найсардэчнейшыя Навагоднія пажаданні. Спадзяюся, што Новы год дапаможа нам з Табой спаткацца, і я змагу яшчэ раз падзякаваць Табе за зборнік маіх вершаў, які з’явіўся толькі Тваімі стараннямі. Пераклады — цудоўныя. За гэта я бязмежна ўдзячны ўсім маім польскім братам. З сардэчным прывітаннем.

Твой Максім.
Мінск, снежань, 1977 г.

Rozstrzelani…
Rozstrzelani…
Rozstrzelani…
Więcej ofiar niż tablic pamięci
Na ulicach Twoich, Warszawo.
Więcej niż liści w parkowych alejach,
Więcej niż gwiazd w żałobnym lustrze Wisły.
O, Matko Polko!
(…)
Czy jeszcze nad brukiem wstaną
Twoich dzieci
męczeńskie
cienie?
Pozwól mi od tej świeczki
Zapalić światło.
Może i ja zobaczę
Tych, których miałem tu spotkać.

Калі праз гады вялікі беларускі паэт успамінаў свайго сябра-нябожчыка — перакладчыка яго паэзіі, — працытаваў і гэты верш, і гэты пераклад, напісаўшы, што, калі зноў апынецца ў Польшчы ў Памінальны Дзень, «нанова звернецца да Маці Полькі, каб запаліць святло ад яе свечкі, каб убачыць Тых, каго павінен тут спаткаць...» (ліст Максіма Танка да Ежы Плесняровіча ад 5 кастрычніка 1986 г.).

Ежы Плесняровіч

 

Першыя лісты Максіма Танка да Ежы Плесняровіча, як бачым, напісаны па-беларуску. Паэт просіць яго за гэта прабачыць. Зрэшты, почырк Максіма Танка добра чытаецца, таму пакідаем тут толькі сканы яго лістоў, каб чытач, маючы жаданне пазнаёміцца з імі, займеў для гэтага стваральную, пазітыўную неабходнасць.

Пастскрыптум гэтай паштоўкі, напісанай 27 лістапада 1976 года: «Дарагі Ежы. У вершы, пра які мы з табой гаварылі, nie słońce — a krążek (“не сонца — а кружок”), у арыгінале: “не сонца — а крыга”, што азначае “не сонца, а кавалак лёду”».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».