Вы тут

Прэзідэнт прызначыў новага міністра ўнутраных спраў Беларусі


Ім стаў Іван Кубракоў, які да гэтага ўзначальваў сталічную міліцыю. 

Кажучы пра падставы для гэтага рашэння, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў ведамстве з’явілася дастаткова кандыдатур на кіраўнічыя пасады.


«Раней вельмі вялікая праблема была ў мяне на высокія пасады, нават не на генеральскія… Ну проста цяжка было знайсці. Падраслі маладыя хлопцы, сапраўдныя патрыёты», — сказаў ён.

На выбар кандыдатуры паўплывала і тое, што, па словах кіраўніка дзяржавы, зараз у Мінску досыць складаная сітуацыя, а Кубракоў з аднаго боку ёю добра валодае, з другога — не будзе перашкаджаць новаму начальніку ГУУС Мінгарвыканкама, бо сам толькі што быў на яго месцы.

«Задума ў мяне такая была — стварыць сплаў вопыту, адданасці, патрыятызму, таленту. І я вельмі спадзяюся, што ў вас гэтая работа атрымаецца, — звярнуўся ён да новага міністра. — Тым больш, што мне двух аксакалаў — і Караева, і Вакульчыка — прыйшлося адправіць на заходні кірунак, каб яны там арганізавалі вялізную работу ў гэтых абласцях».

Як паведамлялася, сёння Прэзідэнт прызначыў Юрыя Караева сваім памочнікам па Гродзенскай вобласці, а Валерыя Вакульчыка — па Брэсцкай. Памочнікам Прэзідэнта па Мінску сёння таксама прызначаны Аляксандр Барсукоў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што мэта такой ратацыі — навядзенне парадку ў названых абласцях і Мінску.

«Мяркую, што парадак у Мінску мы навядзем, гэта не пытанне. Не тая сітуацыя. Хоць мы не ведаем, што яны яшчэ нам з Польшчы падкінуць. Але, бачыш, бог ёсць на свеце. Яны хацелі ў нас рэвалюцыю наладзіць, нават не рэвалюцыю, а мяцеж, а атрымалі самі, — заўважыў Прэзідэнт. — Сітуацыя не простая, і яна проста так не вылезе. Там не адмарозкі падняліся. Там падняліся жанчыны, і зразумела, за што падняліся. Там падняліся сяляне, і яны ведаюць, за што. Там працоўныя падняліся — ведаюць за што. Там дзяржслужачыя».

На думку кіраўніка дзяржавы, тэма забароны абортаў і абмежавання ў вырошчванні пушных звяроў сталі толькі спускавым кручком для пратэстаў у Польшчы, а сапраўдная прычына — фальсіфікацыя вынікаў апошніх выбараў.

«Дуда перамог у Польшчы праз фальсіфікацыю выбараў, — сказаў ён. — Там нават працэнта перавагі не было. Сфальсіфікаваў, і адтуль усё пачалося. І яны хацелі стрэлкі перавесці на нас. А палякі не дурныя. Ну і куча праблем эканамічных, і сацыяльная праблема галоўная. Багатыя, багатыя… Так, там ёсць купка багатых, але колькі там бедных! І разрыў паміж беднатой і багатымі вялізны. Гэта самае небяспечнае для любой дзяржавы».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што і для Літвы падобнае ўмяшанне ва ўнутраныя справы Беларусі прывяло да перамогі там апазіцыі на парламенцкіх выбарах.

«А што ва Украіне адбылося? Наш сябар Валодзя Зяленскі — знішчальная параза адбылася на выбарах у мясцовае самакіраванне, — працягнуў ён. — Таму не трэба ў суседа кідаць камяні. Не трэба ў наш агарод лезці. Разбярыцеся ў сябе. Трэба заўсёды быць праўдзівым, надзейным для суседа. Адданым сваёй краіне і шчырым».

Кубракоў: Работа, якая вялася да гэтага, працягнецца

«Прэзідэнтам была пастаўленая задача па забеспячэнні бяспекі нашых грамадзян, з улікам аператыўнай абстаноўкі, якая складваецца, — пракаментаваў журналістам рашэнне кіраўніка дзяржавы новапрызначаны міністр унутраных спраў. Па яго словах, асноўная ўвага была звернутая на парадак у Мінску. Таксама была пастаўленая задача па ўмацаванні кадравага патэнцыялу Міністэрства ўнутраных спраў.

На пытанне прадстаўнікоў СМІ, ці варта чакаць кардынальных змен у рабоце ведамства, Іван Кубракоў адказаў, што «работа, якая вялася да гэтага, працягнецца».

«Будзе створаны калектыў, бо вельмі шмат супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў прызначаныя на іншыя пасады, зышлі на павышэнне. Таму будзем ствараць каманду і будзем сумесна працаваць», — дадаў ён.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.