Вы тут

«Хто б ён нi быў — ён чалавек!»


З маленства я чуў расповеды бацькi i яго баявых таварышаў — партызанаў 277-га палка, якi базiраваўся на тэрыторыi Клiчаўскага раёна Магiлёўскай вобласцi ў знакамiтых Усакiнскiх лясах. Назаўсёды яны засталiся ў маiм сэрцы.


Акружэнне, палон, уцёкi...

Ветэран Вялiкай Айчыннай вайны, баец 277-га партызанскага палка М. Р. Сахрай.

Напярэдаднi Вялiкай Айчыннай вайны, у пачатку чэрвеня 1941 года майго бацьку Мацвея Рыгоравiча Сахрая (правiльна Моту Гiршавiча) прызвалi на ваенныя зборы, а 22 чэрвеня пачалася вайна. Бацька расказваў, што яшчэ да нападу нямецкiх войскаў на тэрыторыю СССР яны бачылi нямецкiя самалёты-разведчыкi, а пасля прыляцелi бамбардзiроўшчыкi i пачалi бамбiць. Бацькава часць тады знаходзiлася на палiгоне пад Мiнскам. Нехта пачаў страляць па самалёце з вiнтоўкi-трохлiнейкi. Адзiн самалёт задымiўся i пачаў падаць. Праз некалькi хвiлiн на машыне прыехалi афiцэр i некалькi салдат, спыталi, хто страляў. I чырвонаармейца, якi прызнаўся, што гэта ён збiў самалёт, расстралялi за тое, што ён не выкананаў загад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага — не паддавацца на правакацыi.

Вайна пылала на тэрыторыi СССР, Чырвоная Армiя адступала. Не хапала зброi, боепрыпасаў, ваеннай тэхнiкi i харчавання. У часцi, дзе служыў бацька, вiнтоўкi былi часоў Першай сусветнай вайны. Санiтарныя батальёны i шпiталi не былi падрыхтаваныя да прыёму такой вялiкай колькасцi параненых. Нямецкiя самалёты пастаянна кружылi ў паветры, бамбёжкi не спынялiся нi на хвiлiну. Самалёты са свастыкай, што лёталi нiзка, стралялi па людзях з кулямётаў.

Часць, у якой служыў бацька, трапiла ў акружэнне. У снежнi 1941 года ён разам з iншымi чырвонаармейцамi пасля шматгадзiннага бою, кантужаны, трапiў у палон.

Лагер ваеннапалонных знаходзiўся ў Магiлёве, на тэрыторыi, дзе зараз размяшчаецца завод «Строммашына». Некалькi разоў ён збягаў з лагера, але яго лавiлi, збiвалi, цкавалi сабакамi i вярталi ў засценкi.

Хата, у якой сям'я Сiлiных хавала Моцiка Сахрая пасля ўцёкаў з лагера ваеннапалонных. Вёска Закупленне.

У студзенi 1943 года група ваеннапалонных падрыхтавала чарговыя ўцёкi. Адзiн з палонных салдат быў слесарам, ён здолеў падабраць i падтачыць ключы ад брамкi задняга двара, куды выходзiлi нямецкiя афiцэры. Ноччу ў 30-градусны мароз iм удалося збегчы. Нiхто з групы не ўяўляў, куды iсцi. Зразумела было адно: любой цаной дабрацца да сваiх. Але лiнiя фронту была за сотнi кiламетраў. Яшчэ знаходзячыся ў лагеры, палонныя чулi, што ва Усакiнскiх лясах (а гэта кiламетры лясоў i непраходных балот) змагаюцца з ворагам партызаны.

Група вырашыла рухацца ў напрамку вёскi Усакiна Клiчаўскага раёна. Стаялi маразы з моцным пранiзлiвым ветрам. Вопратка знасiлася, парвалася, каб крыху сагрэцца, старалiся як мага больш iсцi. Вогнiшча нельга было разводзiць, каб не прыцягнуць увагу немцаў. Начамi заходзiлi ў невялiкiя вёскi, прасiлi паесцi, даць якую-небудзь вопратку. Паступова невялiкая група пачала радзець. Некаторых чырвонаармейцаў жыхары глухiх вёсак пакiдалi ў сябе, паiлi, кармiлi, лячылi. Бацьку нiхто не браў i надзеi, што яго прытуляць, не было. Хутка ён застаўся адзiн, iшоў i не ведаў куды, прымушаў сябе рухацца, каб не замерзнуць канчаткова. Бацька разумеў, што пагражае таму, хто яго схавае. Таму нават не прасiў дапамогi. З-за таго, што ён нарадзiўся ў яўрэйскiм мястэчку i вучыўся ў яўрэйскай школе, пры размове ў яго захоўваўся акцэнт. Ды i знешнасць немагчыма было схаваць. У вёсках паўсюль вiселi нямецкiя ўлёткi, у якiх гаварылася, што той, хто выдасць нямецкiм уладам яўрэя, атрымае прэмiю — пачак махоркi. Вяскоўцы баялiся, што за дапамогу яўрэю iх могуць знiшчыць, i не хацелi пускаць у хату. У лепшым выпадку давалi крыху хлеба i гаварылi: «Iдзi адсюль хутчэй!»

«Ён не армянiн...»

Сiл iсцi ў яго ўжо не было. Вопратка парвалася i вiсела лахманамi, брызентавыя боты развальвалiся, з дзiрак тырчэлi кавалкi ануч, наматаныя на голыя ступнi. Ног бацька ўжо не адчуваў, а рукi вiселi, як плецi. Страшэнна хацелася спаць. Паўсюль намяло гурбаў, i iсцi станавiлася ўсё цяжэй. Раптам ён заўважыў вёску. Без вады, ежы, хворы, з адмарожанымi канечнасцямi, бацька адчуваў: калi яго тут не прытуляць, далей iсцi ён проста не здолее...

(Праз гады, калi ў 1961 годзе, 15-гадовым падлеткам, з бацькам я пабываў упершыню ў гэтай вёсцы Закупленне, чуў ад месцiчаў працяг гiсторыi.)

На вулiцы бацьку заўважыў малады хлопец Iван i перадаў сваёй мацi, што на бярвёнах сядзiць худы, абарваны чалавек: «Просiцца ў хату, уцёк з лагера. Кажа, што армянiн, але я бачу, што па размове ён не армянiн, а жыд». Мацi тады адказала сыну: «Хто б ён нi быў, ён — чалавек! Вядзi ў хату!»

Так мой тата аказаўся ў сям'i Iвана Пятровiча Сiлiна. У гаспадынi Крысцiны, акрамя сына, былi яшчэ дзве малодшыя дачкi — Вольга i Настасся. Жанчына дала наказ дзецям: «Многа яму есцi не давайце. Ён даўно нiчога не еў i можа памерцi». Бацьку пакрысе адпойвалi малаком i хавалi на печы за фiранкай.

Боты з ног зняць не змаглi. Ногi апухлi, а скура быццам прырасла да халяў. Гаспадыня разам з Iванам маленькiмi кавалкамi зразала нажом брызент разам са скурай, залечвала раны на нагах. I яшчэ папярэдзiла: «Ты — глуханямы. Нiчога не чуеш, не ведаеш, гаварыць не можаш. Загаворыш — загiнеш i ты, i ўся наша сям'я. Зойдуць немцы — ляжы на печы i не шавялiся». Гэта беларуская жанчына, як толькi немцы цi палiцаi заходзiлi ў хату, клалася побач з бацькам на край печы, закрывала яго сваiм целам, ратуючы ад вернай гiбелi.

«Партызанскi лагер». Мемарыял «Усакiна», Клiчаўскi раён.

Паступова бацька стаў папраўляцца i адразу хацеў iсцi да партызанаў, але гаспадыня казала, што яму яшчэ трэба паздаравець. Вяскоўцы ведалi, што Сiлiны хаваюць яўрэя... Ведаў пра яго ў тым лiку i стараста Сямён Жалязнякоў. Апошнi нават папярэджваў усiх, каб маўчалi. Расказвалi, што ў тыя гады ён быў звязаны з партызанамi...

Пазней бацька патрапiў у партызанскi атрад № 277 пад камандаваннем Iгната Iзоха. Спачатку яго накiравалi ў гаспадарчы ўзвод, на баявыя заданнi не пускалi. Ставiлiся насцярожана. Увесь гэты час яго правяралi. Падазрэнне выклiкала тое, што яўрэй, якi знаходзiўся ў фашысцкiх засценках, змог-такi доўгi час застацца жывым.

Аднойчы па гаспадарчых справах бацька зайшоў да камандзiра атрада Iзоха. Той толькi пачаў галiцца i парэзаўся. Вiдаць, у яго не было навыкаў карыстання небяспечнай брытвай. Калi бацька ўбачыў гэта, не вытрымаў i прапанаваў пагалiць i пастрыгчы. Iзох запытаўся: «Ты што, цырульнiк?» i пасля станоўчага адказу бацькi пачаў распытваць, адкуль ён. Аказалася, што яшчэ да вайны Iгнат Зiноўевiч некалькi разоў заходзiў у цырульню ў Магiлёве, дзе працаваў бацька... Пасля гэтай размовы праверкi скончылiся, i бацьку сталi пасылаць у разведку i на баявыя заданнi...

Прыязджалi ўсёй вёскай

Мемарыял загiнулым партызанам ва Усакiнскiм лесе.

У дзяцiнстве ў нас дома я часта сустракаўся з былымi партызанамi злучэння № 277, чуў прозвiшчы i iмёны — Заяц, Вiкторчык, Пiменаў, Букаты, Львоўскi, Каконцаў i iншыя.

Знаходзячыся ў атрадзе, бацька нiколi не забываў тых, хто выратаваў яму жыццё. Пачуе, што на вёску iдуць карнiкi, ускоквае на каня — i да Iвана: папярэдзiць, каб той адводзiў людзей i скацiну ў лес. Вёску Закупленне немцы некалькi разоў падпальвалi, рабавалi, забiвалi людзей.

28 чэрвеня 1944 года быў вызвалены Магiлёў. Большасць байцоў 277-га партызанскага палка разам з байцамi Чырвонай Армii пайшлi на захад. А бацьку разам з некалькiмi партызанамi пакiнулi ў Магiлёве для навядзення парадку i аднаўлення гаспадаркi.

Скончылася вайна. Бацька працаваў у цырульнi магiлёўскага чыгуначнага вакзала. I вось аднойчы на яе парозе з'яўляецца... Iван Пятровiч Сiлiн. Бацька ад нечаканасцi нават застыў з брытвай ў руках. Абнялiся, як браты. У нас дома Iван Пятровiч дастаў з мяшка беларускi ручнiк: «Мацi, калi памiрала, зняла яго з iконы i сказала: «Знойдзеш Сахрая, аддай Моцiку гэты ручнiк, i няхай ён iм выцiраецца, каб Бог яго ахоўваў»...

Доўгi час наша сям'я падтрымлiвала шчыльныя зносiны з сям'ёй Сiлiных. Уся вёска адразу пасля вайны прыязджала да нас у Магiлёў. Час быў цяжкi, галодны. Не хапала хлеба, вопраткi. Краiна ўзнiмалася з руiн. Вёска жыла натуральнай гаспадаркай. Таму любую дапамогу з горада сяляне прымалi з удзячнасцю. Бацька i мацi дапамагалi iм, чым маглi, хоць самi жылi ў пастаяннай нястачы. Але як толькi на парозе з'яўлялiся жыхары вёскi, дастаткова iм было сказаць, што яны з Закуплення, бацькi прымалi iх як родных. У двухпакаёвай кватэры на вулiцы Ленiнскай у Магiлёве, дзе мы ў той час жылi, усiм для начлегу не заўсёды хапала месца. Але неяк уладкоўвалiся, клалiся, дзе давядзецца, — на рускай печы, на ляжанцы, на лаўках, на падлозе. Мацi як магла дапамагала, аддавала вопратку i мэблю. У той час у вёсках нават ложкаў не было, спалi на палацях. Праз гады да нас прыязджалi ўжо дзецi вяскоўцаў, якiя ведалi пра нашы адносiны з расповедаў сваiх бацькоў...

* * *

У 1990 годзе наша сям'я пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Iзраiль, дзе такiм людзям, як сям'я Сiлiных i жыхары вёскi Закупленне, якiя ратавалi яўрэяў у гады Вялiкай Айчыннай вайны, даюць званне «Праведнiкі народаў свету». У жнiўнi 2014 года я прыехаў з Iзраiля ў тую самую вёску Закупленне з надзеяй знайсцi хоць каго-небудзь, хто быў сведкам тых даўнiх падзей. Калi я пачаў распытваць мясцовых жыхароў, цi ведаюць яны гiсторыю пра тое, як вёска ратавала ў гады вайны яўрэя, што збег з лагера ваеннапалонных, мясцовы жыхар, якi нарадзiўся пасля вайны, расказаў мне ўсё, што ведаў пра майго бацьку. А калi я яму сказаў, што я сын таго Моцiка Сахрая, абдымкам i гасцiннасцi не было канца... У гэтай вёсцы i цяпер жывуць добрыя i спагадлiвыя людзi. Праз пакаленнi перадаецца гiсторыя ратавання i падзей тых гадоў. Сустракаўся я i з сынам старасты вёскi Сямёна Жалязнякова. Сустрэў нявестку Iвана Пятровiча Сiлiна, з якiм мы доўгi час сябравалi. I мяне прымалi як роднага i блiзкага чалавека. Гэтак жа, як тады, у 1943 годзе майго бацьку.

Мы, нашчадкi тых, хто перажыў цяжкiя гады вайны i са зброяй у руках абараняў Беларусь, не забудзем людзей з адкрытымі добрымі сэрцамі, якiя ў цяжкi час працягнулi руку дапамогi i, рызыкуючы сабой, збераглi чалавечыя жыццi.

Генадзь САХРАЙ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.