Вы тут

Прадаецца графская сядзіба


Тэма эфектыўнасці выкарыстання незапатрабаваных будынкаў і збудаванняў заўсёды будзе актуальная. Яна абмяркоўваецца на розных узроўнях прадстаўнічай і выканаўчай улады. І вельмі часта з выездам на месца — напрыклад, каб вывучыць назапашаны вопыт. На Віцебшчыне стараюцца максімальна спрасціць пошук аб'ектаў для інвестараў, звесці да мінімуму бюракратычныя працэдуры і траты часу.


Пра неабходнасць новых падыходаў да ўцягвання аб'ектаў нерухомасці ў гаспадарчы абарот гаварыў у мінулым месяцы ў Оршы кіраўнік беларускага ўрада Раман Галоўчанка. Між іншым, хутка споўніцца два гады з часу падпісання прэзідэнцкага ўказа (№ 506) аб развіцці Аршаншчыны. Многае там ужо зроблена, у тым ліку і ў справе навядзення парадку з нерухомасцю. Уся яна пастаўлена на ўлік, а гэта вялікі пласт работы, бо часам не хапала або адсутнічалі дакументы на некаторыя аб'екты. Непатрэбнае — тое, што, улічваючы дрэнны стан, дакладна не зацікавіць пакупнікоў — вырашана было зруйнаваць. А на тое, што даўно, ды беспаспяхова спрабуюць прадаць, значна знізілі цану...

У камітэце Віцебскаблмаёмасці, дарэчы, канстатуюць, што, па-ранейшаму, найбольшым попытам у пакупнікоў карыстаюцца аб'екты ў Аршанскім раёне, улічваючы прэферэнцыі для вядзення бізнесу. Вельмі запатрабаваныя будынкі, выстаўленыя на аўкцыён за адну базавую велічыню. У пачатку кастрычніка такім чынам купілі кацельню ў Аршанскім раёне ў вёсцы Браздзечына. Яе спрабавалі прадаць «з малатка» ўжо восьмы раз, і нарэшце ўдала. Пакупнік — прыватная арганізацыя з Оршы.

Па інфармацыі на час падрыхтоўкі артыкула, згаданы камітэт правёў сёлета ўжо сто ўдалых аўкцыёнаў. На іх была прададзена дзяржаўная маёмасць на суму 3,3 мільёна рублёў.

На юбілейных таргах рэалізавалі трохпавярховую сталовую ў райцэнтры Гарадок (на вуліцы Баграмяна). Агульная плошча лота — больш за 2,5 тысячы «квадратаў». Будынак, які не выкарыстоўваўся, безвынікова спрабавалі прадаць пяць разоў, пачынаючы з кастрычніка мінулага года. Першапачатковая цана — адна «базавая». Знайшлося два пакупнікі, і падчас таргоў на пяцьдзясят восьмым «кроку» продажу сталовая была прададзеная за 26,4 тысячы рублёў. Новы ўладар — фірма з Віцебска. У найбліжэйшы час у Гарадку яна адкрые гандлёвы аб'ект.

Дарэчы, нядаўна пра безгаспадарчую нерухомасць гаварылі на пасяджэнні прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў падчас абмеркавання надзённага пытання: як выконваецца заканадаўства ў дачыненні да жылля, што стаіць пустое?

Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў нагадаў, што актыўны ўдзел народных выбраннікаў ва ўцягванні ў гаспадарчы абарот нерухомасці — задача вельмі важная. У выніку населеныя пункты становяцца больш прыгожымі, арганізуюцца новыя вытворчасці, ствараюцца працоўныя месцы, бюджэт стабільна папаўняецца падаткамі. Камерцыйныя арганізацыі звычайна актыўна бяруць удзел у добраўпарадкаванні, фінансуюць розныя сацыяльныя праекты.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў не раз патрабаваў больш актыўна рэкламаваць аб'екты нерухомасці на продаж. Адпаведныя аб'явы прапанаваў размяшчаць каля трас, месцаў адпачынку, у мясцовых СМІ. Безумоўна, вялікі патэнцыял рэкламы ў інтэрнэт-прасторы. Інфармацыю можна знайсці на сайтах райвыканкамаў, а на рэсурсе Віцебскаблмаёмасці — вельмі зручную карту з указаннем пунктаў таго, дзе можна нешта купіць. Націскаеш і бачыш фота і ўсе неабходныя звесткі.

У прыватнасці, у прыгранічным з Еўрасаюзам Браслаўскім раёне сярод іншага можна купіць гісторыка-культурную каштоўнасць XVІІІ стагоддзя. Прадаецца былая графская сядзіба, размешчаная на беразе возера. І там — на зямельным участку плошчай 17,2 га — ёсць крыніца мінеральных водаў.

Усё больш будынкаў мясцовай уладзе ўдаецца перадаць дзелавым людзям пад рэалізацыю інвестыцыйных праектаў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Прэв’ю: gki.gov.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

«Сумныя» прадукты — прэч з халадзільніка!

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. Неабходна будзе сканцэнтраваць намаганні на рабоце.

Грамадства

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»