Вы тут

У выдавецтве «Галiяфы» выйшла новая кнiга М. Маргулiса


Мiхаiл МАРГУЛIС — амерыканец, чыё iмя вядомае ў Беларусi. Неаднойчы наведваўся ў Мiнск. Аўтар многiх публiкацый, звязаных з палiтычнымi, грамадскiмi падзеямi ў краiне, у тым лiку i асобнай кнiгi, прысвечанай Беларусi. Сустракаўся з нашым Прэзiдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. У ЗША выпускаў часопiс, якi распавядаў пра нашу краiну.


I вось у Беларусi ў выдавецтве «Галiяфы» выйшла новая кнiга М. Маргулiса — «Адзiн на адзiн з жыццём: з успамiнаў». Каб як мага больш лаканiчна ахарактарызаваць змест; давесцi, аб чым расказвае кнiга, прэзентацыя якой павiнна адбыцца ў Мiнску ў канцы лiстапада (зразумела, з удзелам самога аўтара), працытую адзiн абзац з прадмовы: «Усё можна вярнуць у гэтым жыццi: славу, грошы i нават каханне. Не вернецца нiколi толькi час. Час не вяртаецца. Учарашнi дзень сышоў, заўтра можа не прыйсцi, у нас ёсць толькi — Сёння. Таму толькi сёння можна зрабiць добрую справу для людзей i для Бога». Пра тых людзей, каго любiў i любiць, хто яму цiкавы, каго ён рашуча падтрымлiваў; пра тыя iдэi, якiя ён iмкнуўся i iмкнецца данесцi да грамадства; пра напамiн усiм, што ёсць Вера i Бог, — старонкi надзвычай цiкавых нататак кнiгавыдаўца, грамадскага дзеяча, аўтара многiх праектаў духоўнай дыпламатыi, чалавека, якi сваiм жыццём даказвае, што няма лепшай долi, чым рабiць добрыя справы.

У кнiзе «Адзiн на адзiн з жыццём...» чытача чакаюць сустрэчы з рускiм празаiкам Вiктарам Някрасавым, аўтарам легендарнай аповесцi «У акопах Сталiнграда», Яўгенам Еўтушэнкам, мастаком Мiхаiлам Шамякiным, амерыканскiм мастаком Сяргеем Галербахам, паэтам Навумам Каржавiным, рэдактарам эмiгранцкага «Континента» Уладзiмiрам Максiмавым, акцёрам Сяргеем Юрскiм, паэтам Андрэем Вазнясенскiм, палiтыкамi Мiхаiлам Гарбачовым, Русланам Хасбулатавым, патрыярхам Алексiем II, публiцыстам Юрыем Шчакацiхiным, казахскiм лiтаратарам Бахытам Кенжэевым... Падрабязна расказвае М. Маргулiс пра стварэнне ў Фларыдзе Сусветнага духоўнага цэнтра.

Адкрыццём для мяне стала ў кнiзе «Адзiн на адзiн з жыццём...» знаёмства з перакладчыцай твораў Мiхаiла Булгакава, Iсаака Бабеля, Мiхаiла Зошчанкi, Аляксея Рэмiзава, Юрыя Тынянава на англiйскую мову Мiрай Гiнзбург (эсэ «Перакладчыца карыфеяў»), якая нарадзiлася ў Бабруйску. Раман «Майстар i Маргарыта» яна пераўвасобiла на англiйскую ў 1967 годзе. Чытаем у Маргулiса: « — Як жа вам удалося захаваць усе нюансы рускай мовы, — цiкаўлюся я, — вы ж у адрыве ад яе?

Яна памаўчала, сказала:

— Не ведаю... Яна жыве ўва мне. Калi чалавек, якога вы любiце, жыве ў вас, вы будзеце яго адчуваць, iм жыць. Так i мова.

Высветлiлася, што яна лiставалася з Карнеем Iванавiчам Чукоўскiм. Яны напiсалi адно аднаму каля шасцiдзесяцi лiстоў...»

Эсэiстычная, у чымсьцi дзённiкавая кнiга Мiхаiла Маргулiса, чалавека, якога хвалявалi i хвалююць памкненнi да ўсталявання мiру, сапраўдных дэмакратычных, гуманiстычных каштоўнасцяў ва ўсiм свеце, чытаецца лёгка, але разам з тым патрабуе разваг, асэнсавання. Спадзяёмся, што з апошнiм беларускаму чытачу дапаможа разабрацца i тая прэзентацыя выдання, якая запланавана ў Мiнску.

Мiкола Берлеж

Загаловак у газеце: У кнiзе i явах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».