Вы тут

І музей глядзіць на вонкавы свет...


Духоўныя скарбы, што стварылі нашы славутыя продкі, над чым і цяпер працуюць сучаснікі ў літаратуры і мастацтве, назапашваюцца, не гінуць. Яны могуць праляжаць незапатрабаванымі і сто гадоў, а потым хтосьці знойдзе — і пачнецца сапраўднае жыццё, перакананы дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў. Як у санеце Максіма Багдановіча «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…», так і тут, у культуры: для «зярнятак», якія ляжаць, трэба знайсці глебу, паліць, і калі людзі іх дагледзяць, яны прарастуць і пачнуць буяць! А мы згадаем, што гэтая «ніва» і ёсць наша духоўная спадчына. Галоўная ідэя і задача музея — данесці да кожнага павагу: да сябе, да ўсяго беларускага народа, упэўнены дырэктар музея, які выказаў свае думкі, спадзёвы і планы падчас гутаркі з карэспандэнтам «ЛіМа».


Міхаіл Рыбакоў. Фота Кастуся ДРОБАВА

— Міхаіл Леанідавіч, амаль два гады таму вы прыйшлі на пасаду дырэктара Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры з упэўненасцю, што ўстанова мусіць стаць пляцоўкай для розных культурніцкіх праектаў. Ці змянілася ваша бачанне таго, чым мусіць быць музей сёння?

— Як быў перакананы тады, так лічу і цяпер: музей — гэта не шафа. Ён павінен быць месцам, куды хочацца прыходзіць не толькі на нешта паглядзець, але і цэнтрам, дзе цікава жыць, атрымліваць новую інфармацыю і — далучацца! Мы зрабілі музейнае жыццё адкрытым. Мы зацікаўлены ў тым, каб як мага больш людзей ведала, што ў нас адбываецца, і самі прыходзілі, станавіліся ўдзельнікамі. Цяпер музей гісторыі беларускай літаратуры ўсё больш на слыху, мы прысутнічаем на тэлебачанні, радыё, у сацыяльных сетках, сталі папулярнай літаратурнай пляцоўкай, ці, як раней казалі, “салонам”, дзе можна сустрэцца з аднадумцамі.

— Штотыдзень у вас адбываюцца прэзентацыі кніг, фотаэкспазіцый, карцінных выставак. Жыццё вакол установы забруіла! Як удалося зрабіць яго такім насычаным?

— Змянілі падыход да працы і фармат імпрэз. Кожны праект імкнёмся скіраваць у перспектыву, каб ён жыў і развіваўся. Раней выстаўка адкрывалася, яе наведвалі на працягу некаторага часу, а потым яна закрывалася — і ўсё. Цяпер у нас выстаўка — гэта жыццё. Яна не «вісіць», а «працуе».

Напрыклад, на пачатку года прэзентавалі экспазіцыю, прысвечаную Бібліі Васіля Кораня. Падзея пачалася з таго, што правялі круглы стол па тэме. Навукоўцы, даследчыкі, музейшчыкі, бібліятэкары, тэолагі выступілі з дакладамі, прысвечанымі дзейнасці Васіля Кораня. Па тых матэрыялах мы ўжо выдалі кнігу. Яна цікавая і з навуковага, і з пазнавальнага бакоў. Тыя, хто выступаў падчас круглага стала, праводзілі экскурсіі па выстаўцы: кожны распавядаў нешта цікавае па сваім кірунку. Гэта была падзея, якой людзі жылі.

Адпаведны досвед скарысталі і пры арганізацыі наступных выставак. Так было з праектам, прысвечаным стагоддзю «Маладняка» — «На хвалі часу, у плыні жыцця». На адкрыцці выставак навукоўцы і даследчыкі чыталі лекцыі. Паслухаць іх можна было не толькі наведвальнікам — лекцыі праводзіліся і ў анлайн-рэжыме. Відэа з прэзентацый назапашваюцца на канале YouTube, і кожны можа зайсці, калі яму зручна, і атрымаць інфармацыю. Лекцыі «працуюць» самастойна: імі карыстаюцца і школьнікі, і студэнты, і замежнікі, пры напісанні работ пачалі даваць спасылкі на матэрыялы навукоўцы і даследчыкі.

Некаторыя ідэі нам падказваюць тыя, хто прыходзіць паслухаць экскурсіі. Так, не раз даводзілася чуць ад настаўнікаў: маўляў, раней у кожным класе былі партрэты вядомых пісьменнікаў, матэматыкаў, фізікаў, а цяпер такога ў школах няма. Мы загарэліся ідэяй зрабіць праект «Беларускія народныя пісьменнікі» — размясцілі выстаўку ў вокнах музея. І цяпер кожны, хто едзе міма, можа заўважыць: з другога паверха на іх глядзяць усе народныя пісьменнікі! Атрымалася, што не толькі ты можаш прыйсці ў музей, але і музей глядзіць на цябе, на вонкавы свет! Калі пабачылі, што гэта спрацоўвае, правялі акцыю «Чытаем народных пісьменнікаў»: штодзень зачытваўся і выкладаўся ў сеціва нейкі ўрывак з твора. Пасля пачалі гэтак жа прэзентаваць і часовыя выстаўкі: робім здымкі і паказваем іх у вокнах. Той, хто праходзіць міма, можа пабачыць не толькі афішу, але і пэўныя фрагменты з таго, што ёсць у музеі. Часам даводзілася назіраць, як людзі спыняюцца, глядзяць на вокны, а потым... заходзяць!

На працягу пэўнага часу на экспазіцыях музея мы рабілі запісы песень Рамана Арлова, прысвечаных нашым славутым асобам і мясцінам. У яго ўжо напрацоўка на цэлы мюзікл! Ён спяваў у Музеі беларускага кнігадрукавання ў Полацку песні з будучага музікла — прэм’ера адбылася пры падтрымцы нашага музея. На імпрэзе было прэзентавана тое духоўнае, з чаго складаецца літаратура: так, чалавек прасякнуўся веліччу мінулага, натхніўся, напісаў твор, выканаў яго — твор атрымаў жыццё! Назапасіліся творы — матэрыял для мюзікла! Так і ствараецца літаратура: у жывым часе, на працягу нават невялікага яго адрэзка.

Пасля доўгага рамонту пачаў працаваць наш філіял «Беларуская хатка». Як вядома, стагоддзе таму ў ёй збіраліся вядомыя асобы, дзеячы літаратуры і мастацтва. Мы вырашылі стварыць у парку вакол доміка сцяжынку пісьменнікаў, а ўздоўж яе паставілі «пісьменніцкія» лаўкі. Кожная з іх прысвечана аднаму з пісьменнікаў, якія калісьці былі ў гэтым месцы: Змітраку Бядулю, Максіму Багдановічу, Зосьцы Верас. Калі сядаеш на імянную лаўку, адразу ўзнікае пытанне: а хто такі, да прыкладу, Змітрок Бядуля? Хочацца знайсці пра яго нешта цікавае…

Нядаўна да нас, пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Польшчы, былі перададзены копіі нот Гедыміна Радкевіча — цяпер яны ў музеі. Гэта беларускі кампазітар з вядомага ліцвінскага роду, які падкрэсліваў: «Я — ліцвін!» Ён быў стацкім саветнікам у Расійскай імперыі, адной з найбагацейшых асоб Віленшчыны, пісаў музыку, якая, на думку некаторых піяністаў, была не горшая, а дзесьці можа і вышэйшая, чым Манюшкі і Агінскага! А мы пра гэта нічога не ведалі...

Акрамя таго, у нас прайшлі ўжо дзве канферэнцыі школьнікаў «Беларусь, ты збудаваная з беларускіх слоў!». Калі летась нам хапала для правядзення мерапрыемства і адной залы ледзь назбіралася выступоўцаў, то сёлета працавалі ўжо дзве залы з раніцы да вечара: выступоўцаў прыйшло шмат, іх даклады — пра пісьменнікаў, пра літаратурныя творы, пра сучасныя погляды на культуру, пра гістарычныя мясціны — былі на высокім узроўні.

Вучнёўскі форум музея звярнуў на сябе ўвагу такіх устаноў як: Камітэт па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта; Мінскі дзяржаўны турыстка-экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі; Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы і Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа — філіялы Дзяржаўнай навуковай установы “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры” Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі; Грамадскае аб’яднанне “Саюз пісьменнікаў Беларусі”; Фонд беларускай культуры ды іншых. Абмяркоўваем адкрыццё рубрыкі ў “Краязнаўчай газеце” для публікацыі лепшых дакладаў нашых удзельнікаў.

— Акрамя пералічаных, партнёрамі музея ў многіх праектах выступаюць Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, Выдавецкі дом «Звязда», Нацыянальны гістарычны музей ды іншыя ўстановы...

— Так, працуем з рознымі партнёрамі, а нядаўна атрымалі досвед незвычайнага супрацоўніцтва: заручыліся падтрымкай «БелгіпсЭКА» — арганізацыі, якая займаецца зборам і перапрацоўкай макулатуры. Высветлілася, што кнігі, якія трапляюць да іх, не перапрацоўваюць, а складаюць у шафы — мы рэгулярна ўсё праглядаем і выбіраем беларускія выданні. У кожным філіяле арганізавалі буккросінг. Калі нас наведваюць беларускія суайчыннікі з замежжа, з гэтых збораў мы ў падарунак ім фарміруем бібліятэчкі. Літаратуру ўжо атрымалі беларусы ў Польшчы, Літве, Латвіі, Іспаніі, Італіі, Расіі, цяпер рыхтуем падборкі ва Украіну і Іарданію.

— Сярод сябраў музея даволі шмат беларусаў замежжа. Да праектаў музея яны далучаюцца дзякуючы таму, што актывізавалася праца з наведвальнікам праз сеціва?

— Канал на Youtube у нас быў і раней, але амаль не працаваў. А падчас праекта «Чытаем класіку разам: Уладзімір Караткевіч: Каласы пад сярпом тваім» пры падтрымцы Міністэрства культуры і Белтэлерадыёкампаніі давялося яго актывізаваць: цягам двух тыдняў у музей прыходзілі школьнікі, студэнты, міністры, дыпламаты, артысты, дэпутаты і чыталі свой улюбёны ўрывак з твора. Гэта выклікала вялікую цікавасць: і ў краіне, і па-за яе межамі. Выкладвалі ў сеціва запісаныя на экспазіцыі відэа. Дарэчы, высветлілася, што і чыноўнікі, і артысты добра валодаюць мовай! Многія прыходзілі са сваімі кніжкамі. Гэта пацвярджае: наша пісьменства цікавае, ёсць пісьменнікі, якімі захапляюцца!..

Працаваць з наведвальнікам праз інтэрнет — новы від дзейнасці. Пандэмія вымусіла пайсці ў інтэрнэт, і гэта дадало нам віртуальнай аўдыторыі, бо далучыліся тыя, хто ніколі сюды не прыехаў бы: нашы суайчыннікі ў ЗША, Аўстраліі, Вялікабрытаніі ды іншых краін. Яны ж зацікавіліся музеем праз інтэрнэт, а нас гэта натхніла і надалей рабіць інтэрнэт-праекты: і лекцыі, і агляды, і ролікі!

— Гэта, у сваю чаргу, можа развіцца ў нешта больш маштабнае?

— Сапраўды! Сёлета мы здымалі дакументальны фільм, прысвечаны Васілю Быкаву. У філіяле Музей — дача Васіля Быкава, працуе Ірына Князева, а яна якраз жонка кінарэжысёра Мікалая Князева, які ў свой час здымаў фільм “Пайсці і не вярнуцца” па творах Быкава. Ірына Князева з мужам ездзілі да розных людзей, якія ведалі Быкава, бралі ў іх інтэрв’ю і здымалі. Рабілі ролікі пра Быкава-аўтааматара! Мала хто ведае, што пісьменнік шмат увагі надаваў сваім аўтамабілям. Цяпер усё гэта можна паглядзець на нашым канале. Акрамя Youtube, актыўна выкарыстоўваем сайт, на якім створаны старонкі ўсіх нашых філіялаў, а кожны філіял мае свае старонкі ў сацыяльных сетках. Змяшчаем на старонках музея інфармацыю пра жыццё ў нашых філіялах — людзі ўжо звыклі, што там рэгулярна распавядаецца і пра экспанаты, і пра падзеі.

Акрамя выставачнай дзейнасці, пачалі развіваць і сувязь са сродкамі масавай інфармацыі. Частымі гасцямі на нашых мерапрыемствах сталі радыё, тэлебачанне — гэта сведчыць аб цікавасці да нашых праектаў.

— На тое, каб пашырыць адкрытасць музейнай тэрыторыі, каб прыцягнуць да супрацы яшчэ больш людзей, і накіраваны праект супрацоўніцтва Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры са штотыднёвікам «ЛіМ»?

— Так, гэта наступны крок. Калі мы пабачылі, што назапасілася шмат цікавых звестак, што да нас павышаецца ўвага, вырашылі, як добрыя партнёры, зрабіць з «ЛіМам» доўгатэрміновы праект. Раз на месяц на працягу года плануем распавядаць пра кожны з нашых філіялаў — акрамя цэнтральнага музея, іх дзевяць. Будзе падрабязна асвятляцца работа ўстановы, яе знаходкі, падзеі, навіны, водгукі пра музей. Па выніках года, магчыма, выйдзем і на праект кнігі пра нашы літаратурныя музеі, бо кожная старонка аповедаў, кожны новы праек — гэта старт для наступнага.

Гутарыла Яна БУДОВІЧ

Друкуецца ў газеце “Літаратура і мастацтва”

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Распачынаецца сезон атракцыёнаў. Хто і як сочыць за іх станам?

Распачынаецца сезон атракцыёнаў. Хто і як сочыць за іх станам?

У Беларусі адпрацавала 65 % атракцыёнаў (160 штук), а многія працуюць і звыш 30 гадоў.

Эканоміка

Як выбраць кватэру на другасным рынку

Як выбраць кватэру на другасным рынку

За апошнія некалькі месяцаў рынак другаснага жылля прыкметна ажывіўся. 

Грамадства

Каб набываць тавар бяспечна, ці Як абараніць правы спажыўца

Каб набываць тавар бяспечна, ці Як абараніць правы спажыўца

У краіне на 11 % знізілася агульная колькасць зваротаў грамадзян, звязаных з парушэннем правоў спажыўцоў. 

Грамадства

У Беларусі даследуюць вакцыну супраць раку

У Беларусі даследуюць вакцыну супраць раку

Працягваецца навуковае даследаванне ДНК-вакцыны супраць раку ў рамках беларуска-амерыканскага праекта.