Вы тут

​Баба Каця, дачка Прыпяці


Нядаўна палескай вёсцы Пагост, што ў Жыткавіцкім раёне, споўнілася 500 гадоў! Ёсць у Беларусі паселішчы і старэйшыя ўзростам, але не пра кожнае з іх здымаюць кіно і пішуць кнігі ды не ў кожнае прыязджаюць госці за тысячы міль…

Сусветна вядомай гэта беларуская вёска стала дзякуючы Кацярыне Панчэні — як яе з любоўю называюць паміж сабой сяльчане, «наша баба Каця». Ці шмат хто яшчэ памятае больш за 100 народных абрадавых песень? Ведае, як адбываліся вясковыя святы паводле сцэнарыяў далёкіх продкаў — яшчэ з дахрысціянскага перыяду? Баба Каця зберагла ў памяці такую каштоўную этнаграфічную спадчыну ўсходняга Палесся і дала ёй новае жыццё.

Пачатак быў пакладзены ў 1980 годзе, калі ў Пагосце нарадзіўся фальклорна-этнаграфічны калектыў «Мiжрэчча». А створаны ён быў пры актыўным удзеле народнай пявунні і знаўцы старажытных, аутэнтычных традыцый Кацярыны Аляксееўны Панчэні. Гурт «Міжрэчча» аб’ядноўвае найперш жанчын, у рэпертуары — каля 200 народных песень і больш за 10 абрадаў. Веданне традыцый, гэтак жа, як і любоў да народнай песні, да бабы Каці перайшлі ад бацькоў, ад сям’і.

— Вырасла я і ўсё жыццё пражыла ў Пагосце, а вёскі нашай назва мае аснову ад слова «госць». Палешукі — людзі ад душы шчырыя ды гасцінныя, — расказвае Кацярына Аляксееўна. — Я добра памятаю, як кожны год перад святам Юр’я мае бабуля і бацькі разам з суседзямі выпякалі каравай, упрыгожвалі кветкамі і стужкамі і неслі ў поле. Мае бацька і браты былі добрымі гарманістамі, а мама прыгожа спявала. Маленькім дзяўчом я бегала за імі на вясковыя пасядзелкі, хоць мне і забаранялі. А калі падрасла, то сама стала ўдзельнічаць, прычым не толькі ў абрадзе на Юр’я, але і ў вясельных, калядных, зажынках і дажынках.

У савецкі час многія народныя традыцыі аказаліся забытымі. Але калі Кацярына Панчэня ўладкавалася на працу ў вясковы клуб і стварыла фальклорны жаночы калектыў «Міжрэчча», яна памкнулася адрадзіць і зноў праводзіць ранейшыя вясковыя святы. Бадай, тады яна не толькі на ўласную памяць магла палажыцца: мясцовыя старажылы таксама шмат успаміналі, як іх бабулі і дзядулі «карагодзілі» ўсёй вёскай.

Першае правядзенне абраду «Юраўскі карагод» было вельмі адказным — нібы экзамен здавала перад аднавяскоўцамі. Кацярына Аляксееўна таксама і адмысловая рукадзельніца, усе касцюмы для таго святкавання яна вышывала сама… Потым ужо і іншыя абрады з’явіліся ў скарбонцы яе фальклорнага калектыву: калядныя, жніўныя, восеньскія. І поспех прыйшоў: «Куды мы нi ездзiлi, усюды першыя месцы займалi».

Дзякуючы аўтэнтычнаму і вельмі прыгожаму абраду «Юраўскi карагод» вёска Пагост стала сусветна вядомай. Гэты абрад першым у Беларусі ў 2005 годзе атрымаў статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці рэспубліканскага значэння, а ў 2019 годзе быў уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА! Прыязджалі ў госці на свята з Чэхіі, Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, нават з Японіі і Кітая. Але Кацярына Панчэня асабліва ганарыцца, што добрыя словы былі сказаныя ў іх адрас знакамітым беларускім фалькларыстам і музыкантам, лідарам этна-гурта «Троіца» Іванам Кірчуком.

Неспадзявана для сябе баба Каця стала галоўнай гераіняй дакументальнага фільма «Дачка Прыпяці».

  • Дакументальны фільм «Дачка Прыпяці» (рэжысёр І. Бышнёў) быў узнагароджаны ганаровым прызам на XXII Міжнародным кінафестывалі «Залаты Віцязь»(Расія).

Сапраўды, усё яе жыццё мінула ля вады: вёска Пагост раскінулася пры ўпадзенні Сцвігі ў Прыпяць. Калісьці тут берагі наўсцяж былі абстаўленыя лодкамі і дубовымі чоўнамі. На святы моладзь ладзіла гулянні па рацэ: усе садзіліся на лодкі — хлопцы веславалі, а дзяўчаты спявалі. І як жанчыны ўмелі змалку ткаць і прасці, так і мужчыны змалку ўмелі плесці сеткі ды рыбачыць. А як іначай, калі жывеш на рацэ! Кожную вясну рэкі выходзілі з берагоў, разлівы да самых хат. Баба Каця расказвае, што ў такі час рыбу можна было лавіць проста каля парога або ў агародзе...

Сумаваць без працы баба Каця, якой сёння ўжо больш за 80 гадоў, сабе не дазваляе: вярнула ў дом свой ткацкі станок і тчэ ручнікі. У яе хаце ўся падлога заслана саматканымі дарожкамі. Рукадзелле тут паўсюль: фіранкі, абрусы, пакрывалы, накрыўкі на падушкі — навокал вышываныя найпрыгажэйшымі ўзорамі рэчы.

Алена ВАСІЛЬЕВА

Фота: Альфрэд МІКУС

Друкуецца ў часопісе “Алеся”

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.