Вы тут

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры распачала работу часовая літаратурна-дакументальная экспазіцыя


У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры распачала работу часовая літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Творчасць як жыццё...», прымеркаваная да юбілеяў знакамітых беларускіх драматургаў: 100-годдзя з дня нараджэння Андрэя Макаёнка, 90-годдзя з дня нараджэння Алеся Петрашкевіча і 70-годдзя Аляксея Дударава.


— Канцэпцыя праекта ў тым, што мы вырашылі аб'яднаць трох вельмі розных творцаў, якія працавалі ў адным жанры. Экспазіцыя прысвечана перыяду 60—90-х гадоў ХХ стагоддзя, — расказвае куратар выстаўкі Святлана Кажамяка. — П'есы Андрэя Макаёнка і Аляксея Дударава і зараз ставяцца ў тэатрах, але мы толькі крыху закранаем сучаснасць. Больш засяродзіліся на экскурсе ў мінулае і на тым, як развівалася беларуская драматургія згаданага перыяду. Алесь Петрашкевіч быў вельмі добры архівіст, таму ён меў багатыя зборы дакументаў. І яго архівы далі нам магчымасць зазірнуць на «творчую кухню» драматурга. Мы атрымалі ў спадчыну ад сваякоў пісьменніка архіў, у якім па дваццаць варыянтаў кожнай п'есы. Бо, як вядома, кожны тэатр перапрацоўвае твор пад сябе. На п'есах мы бачым адзнакі, дзе і калі яна ставілася. А вось Аляксей Дудараў кажа, што нічога не захоўвае...

Кожны з прадстаўленых пісьменнікаў — значная асоба ў нацыянальнай літаратуры. Народны пісьменнік Беларусі Андрэй Макаёнак (1920—1982 гг.) узбагаціў беларускую драматургію новымі жанрамі, такімі, як трагікамедыя, сатырычная камедыя, камедыя-рэпартаж, сентыментальны фельетон і іншымі. У 1946 годзе ён напісаў сваю першую аднаактовую п'есу «Добра, калі добра канчаецца». Вядомы таксама як аўтар кінааповесці «Твой хлеб» (1956), сцэнарыст фільмаў «Шчасце трэба берагчы» (1958), «Кандрат Крапіва» (1961), «Рагаты бастыён» (1975)... Апошні закончаны твор Андрэя Макаёнка — трагікамедыя «Дыхайце эканомна» (апублікаваная ў 1983), якая ўяўляе сабой п'есу-прытчу, дзе аўтар асэнсоўвае праблему захавання Зямлі ад тэрмаядзернай катастрофы.

Алесь Петрашкевіч (1930—2012 гг.) распрацоўваў тэму гістарычнага мінулага Беларусі як непасрэдна ў сваіх п'есах, так і ў якасці кіраўніка цэнтра па выданні гісторыка-дакументальных хронік «Памяць». Вядомы яшчэ і як загадчык аддзела культуры ЦК КПБ. Пасля працаваў у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя» поплеч з Петрусём Броўкам.

Аляксей Дудараў (нарадзіўся ў 1950 г.) рэалізуе сябе ў жанры гістарычнай драмы. Яго творы вызначаюцца вастрынёй маральнай праблематыкі, псіхалагізмам, аналітычнасцю. Таксама пісаў казкі для дзяцей, апавяданні. Ствараў п'есы для тэатра і кіно. Так, па яго сцэнарыях зняты фільмы «Суседзі» (1979), «Белыя росы» (1984).

Побач з прадметамі з фондаў музея на экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, «Гасцёўні Уладзіслава Галубка», сямейных архіваў Алы Андрэеўны Макаёнак, Таццяны Аляксееўны Петрашкевіч і мастака-пастаноўшчыка Дзмітрыя Максімавіча Мохава (эскізы да спектакляў Андрэя Макаёнка і Аляксея Дударава), якія раскрываюць найлепшыя здабыткі нацыянальнай літаратуры ў жанры драматургіі.

Экспазіцыю ўсе ахвотныя змогуць наведаць да 20 студзеня 2021 года.

Алена ДРАПКО

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Загаловак у газеце: Экскурс у драматургію

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».