Вы тут

АДНА НАЗВА?


Прагульваючыся неяк у час абедзеннага перапынку па сталічным праспекце Незалежнасці (былым Францыска Скарыны), паміж вуліцай Камсамольскай і ГУМам, зноў затрымаў позірк на шыльдзе, якую дагэтуль бачыў не раз. І зноў зрабілася ніякавата: пітная ўстанова, хай сабе, можа, і элітная — «У Франциска» (праспект Незалежнасці, 19). Зразумела, што ў часы шкалярства мала хто з вялікіх грэбаваў агульнымі студэнцкімі застоллямі, але ж павага і сусветнае прызнанне аднаго з буйнешых дзеячаў беларускай нацыянальнай культуры наўрад ці абумоўленыя ягонымі пітнымі здольнасцямі. Можна смела зазначыць: імя Францыска Скарыны — вядомае ва ўсім свеце і карыстаецца павагай людзей зусім за іншае…

Ва ўмовах рынкавых адносінаў гучнасць ды прывабнасць шыльдаў, шыльдачак і рэкламных слоганаў, безумоўна, мае значны ўплыў на павелічэнне прыбытку. Але ніякія, нават вельмі значныя, падаткі не здольныя зрабіцца падставай для нацыянальнага гонару, ідэалагічнай асновай грамадства. Вялікія грошы — гэта, можа, і «вялікая амерыканская мара», ды з такімі марамі абсалютнай большасці беларусаў жыць неяк нязвычна. Тады чаму не назваць якую-небудзь «піўнуху» на вуліцы Максіма Багдановіча «Макс авеню» альбо парк імя Янкі Купалы — «Янкі сквер»?

Цешыць, што з мінскіх вуліц паціху знікаюць такія шыльды, як «Баня «У Петруся» (вуліца Петруся Броўкі,12/1), «Бар «Кафедра» (вуліца Багдана Хмяльніцкага, 8) або «Чкалов кафе» (вуліца Варанянскага, 19). Але працуюць кафэ «Агінскі» (вуліца Варанянскага, 12), «Стравинский бар» (праспект Незалежнасці, 25 Б) і іншыя…

У нейкай ступені гэта, зразумела, гіпербала, ды хто гарантуе, што побач са станцыяй метрапалітэна «Пушкінская» не з’явіцца павільён «Пушкинское яйцо» (згадаем «Яйца молодецкие»), на праспекце Жука-ва — які-небудзь «Beetl’s Avenue Bar», а паблізу вуліцы Раманаўская Слабада, дзе ўсталяваны помнік Міцкевічу, — начное кафэ «Адам і Ева»? Як тады будуць гучаць імёны людзей, якія кожны ў свій час «рабілі гісторыю» беларускага народа, — Францішак Жлуктач, Пятрусь-лазнік, Адам Евін? Думаю, што гэтыя пытанні не рытарычныя. І адпаведныя дзяржаўныя органы павінны пільна адсочваць выпадкі, калі імёны знакамітых асоб Беларусі выкарыстоўваюцца ў назвах устаноў, якія тых імёнаў зусім не вартыя…

Можа, я чагосьці не разумею ў сучасным свеце, але пакуль у нас працуюць саўны «Партизан» (Мінскі раён, вёска Дзінаравічы, 1 А) ці «Троицкая» (вуліца Старавіленская, 10), кафэ «ПабЕда» (праспект Газеты «Правда», 40), «Еданада» (вуліца Ціміразева, 46), «Кабанчик» (вуліца Кашавога, 13 А), «Колобки» (вуліца Фрунзе, 2 А), «Сытый ёжик» (вуліца Гарадзецкая, 38 А), «10 рота» (вуліца Сямёнава, 20), кальян-бар «Арбуз» (праспект Пераможцаў, 89) або ламбард «Перспектива» (вуліца Кіжаватава, 7А), мне і, мяркую, многім іншым неабыякавым беларусам будзе ніякавата. І сорамна…

Сяргей ЛАПЦЁНАК.

г. Мінск

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.