Вы тут

Лукашэнка: Царква — апора, адзін са стрыжняў дзяржавы


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніамінам і старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай.


«Мы заўсёды будзем прыхільнікамі міжканфесійнага міру»

Па словах Прэзідэнта, абмеркаваць праблемы ў дзяржаве з Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам планавалі падчас нядаўнага адкрыцця храма ў Мінскім раёне. Ён падкрэсліў, што для краіны шмат значыць канфесійны мір, які ўдалося сфарміраваць за чвэрць стагоддзя.

«Я ганаруся, што гэта адбылося ў гады, калі мне прыйшлося служыць нашай Айчыне. Я вельмі гэта цаню і гэта глыбока асабістае. Вы павінны разумець, што той міжканфесійны мір, які ў нас склаўся, мы нікому не аддамо і заўсёды будзем прыхільнікамі міжканфесійнага міру», — сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што праваслаўная царква з-за сваёй велізарнай значнасці ў краіне з’яўлялася заўсёды апорай міра. Пры гэтым у дзяржаве, па словах Аляксандра Лукашэнкі, вялікая колькасць іншых канфесій і абшчын (рымска-каталіцкая і грэка-каталіцкая царква, пратэстантскія рэлігійныя арганізацыі, стараабрадцы, іўдзейскія арганізацыі, мусульманскія, будысцкія і іншыя), але ўдалося захаваць раўнавагу і баланс.

«Пры ўсіх падзеях, што адбываліся і адбываюцца асабліва ў Мінску, нам удаецца гэты міжканфесійны мір захаваць. Канечне, не без памылак з боку ўладаў, не без памылак з боку нашых канфесій. Хачу, каб вы мяне разумелі і іншыя таксама: калі хоць адна арганізацыя ў Беларусі, будзь тое грамадская ці рэлігійная будзе мэтанакіравана на разбурэнне дзяржавы, вы мяне зразумейце, я як кіраўнік дзяржавы па Канстытуцыі абавязаны абараняць гэту дзяржаву, буду вымушаны рэагаваць, — заявіў Прэзідэнт. — Прыклад таму, настаяцель каталіцкай царквы, які сёння я не ведаю, дзе знаходзіцца. Але ездзіць у Польшчу і атрымліваць кансультацыі, як разбураць нашу краіну, нікому не будзе дазволена».

Аляксандр Лукашэнка дадаў: валодае інфармацыяй, што Веніяміна як кіраўніка Беларускай праваслаўная царквы годна прыняла рэлігійная супольнасць.

«Я яшчэ раз падкрэсліваю важную ролю праваслаўнай царквы і ваша прызначэнне, якое ўспрынята ў грамадстве вельмі станоўча», — канстатаваў Прэзідэнт.

Як ён адзначыў, улады супрацоўнічаюць не толькі з прадстаўнікамі праваслаўнай канфесіі.

«Пры маёй падтрымцы і мячэць пабудавана на пэўных умовах. І мусульмане ніколі нам не стваралі праблем. Ніколі. Я часта кажу, што мусульмане заўсёды 100 працэнтаў на ўсіх выбарах падтрымлівалі ўладу і мяне як Прэзідэнта. Мы ніколі не дазволім заяўляць, як прэзідэнт Францыі пачаў, пра свабоду слова і рэлігійныя пачуцці. Бачыце, у яго свабода слова. Ды не чапай ты прарока. Што дасць табе ў краіне крытыка мусульман?» — акцэнтаваў увагу Лукашэнка і прапанаваў выступіць пасрэднікам паміж Макронам і французскімі мусульманамі.

Па яго словах, ён мае добрыя адносіны з мусульманамі на працягу двух дзясяцігоддзяў і катэгарычна непрымальна ўмешвацца ў пачуцці вернікаў, асабліва мусульман.

«Мы ж ведаем, якія яны запальчывыя, рэактыўныя бываюць, калі іх абражаюць. Ці Макрон не ведае гэта? Ведае. Я гэты прыклад прывожу таму, што мы ніколі сабе не дазволім кідаць каменне ў нейкага верніка. Мая пазіцыя заўсёды была — кожны чалавек павінен знайсці сваю дарогу да храма. Хоча ў касцёл — ідзі маліся. Хочаш у нашу царкву — ідзі маліся. Хочаш у мячэць — калі ласка, ідзі туды. Калі перавагу нашы людзі аддаюць праваслаўю, з гэтым трэба лічыцца. Трэба ўсім абшчынам з гэтым лічыцца», — сказаў Алякандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць, што неабходна рыхтаваць сваіх каталіцкіх святароў

Па яго словах, пандэмія каранавіруса значна паўплывала і на царкву — прыходы крыху абяднелі.

«Менш людзей прыходзіць, спрабуюць людзі неяк сябе абараніць, але мы ніколі не зачынялі храмы і зачыняць не будзем. Таму што любая бяда — ідзі і маліся, каб Гасподзь дапамог. Так мы заўсёды казалі. Што значыць зачыніць храм у бяду — ды мы ў вайну храм не зачынялі, таму мы ніколі гэтага рабіць не будзем. Гэта справа кожнага чалавека», — дадаў Прэзідэнт.

Таму ён даручыў падтрымаць царкву і разгледзець гэтае пытанне ва ўрадзе. Яшчэ адна праблема, на яго думку, — недахоп святароў.

«З-за мяжы, з чужых нам краін праваслаўная царква не вязе святароў, як гэта адбываецца ў некаторых канфесіях. Я папе Рымскаму і мінуламу, і цяперашняму абазначыў гэту тэму. Слухайце, як мы можам прымаць сёння святароў (хай не крыўдзяцца на мяне) з Польшчы, калі польская дзяржава, чыста каталіцкая, заняла такую пазіцыю ў адносінах да Беларусі. Гэта ненармальна», — падкрэсліў кіраўнік краіны і заявіў, што даўно ставіў перад папам Рымскім пытанне пра неабходнасць рыхтаваць сваіх каталіцкіх святароў.

Яшчэ адна ідэя, якую чуў ад вернікаў Аляксандр Лукашэнка, — вярнуць праваслаўную адукацыю ў Жыровічы.

«Жыровічы, яны створаны па духу для падрыхтоўкі святароў. Трэба вывучыць разам з царквой гэту праблему і паглядзець. Таму што перанесці адукацыю зусім проста. Прыняў рашэнне — і перанёс. Але там павінна быць адпаведная база. Трэба паглядзець, што там зроблена і што яшчэ неабходна зрабіць, каб задаволіць патрэбы новага прытока святароў», — падкрэсліў Прэзідэнт і дадаў, што ён гатовы дапамагчы з гэтым.

Ён дадаў: ведае праблему, калі прыходы застаюцца без настаяцеляў, бо не могуць утрымліваць святара. Несці службу прыходзяць з іншых храмаў.

«Значыць мы павінны дапамагчы. Святар ніколі не быў абузай для дзяржавы. Ён заўсёды сваю ролю адыграе, калі ён сапраўдны, і адпрацуе. Нам трэба падумаць, калі сапраўды маленькая вёсачка, які сэнс нам трымаць святара. Хай у яго будзе прыход шырэй у межах сельсавета. Трэба паглядзець па гэтых структурах. І мы тут, уладыка, гатовы падключыцца, і дэфіцыт святароў за пяцігодку трэба ліквідаваць», — заклікаў Прэзідэнт.

«Я не супраць, каб папа Рымскі, не кажучы пра нашага патрыярха, і мусульманскія святары прыязджалі да нас»

Ён пракаментаваў чуткі пра візіт у Беларусь папы Рымскага.

«Папа Рымскі — кіраўнік дзяржавы і царквы. Таму запрашэнне, калі пойдзе з Беларусі, павінна быць запрашэннем кіраўніка дзяржавы і праваслаўнай царквы, з якой у каталікоў ёсць маса праблем. Ведаеце, я не хачу апынуцца між молатам і кавадлам і стварыць нейкія нязручнасці. Калі мы з гэтым папам Рымскім размаўлялі, ён гэта разумее», — падзяліўся Аляксандр Лукашэнка.

Ён назваў інсінуацыямі размовы, быццам папа Рымскі прыедзе інкогніта. Падстаўляць яго, калі дзяржава запрашае, а галоўная канфесія і патрыярх не згодны — на гэта ўлады не пойдуць.

«Мы раскольнікамі не былі і не будзем. Я не супраць, каб папа Рымскі, не кажучы пра нашага патрыярха, і мусульманскія святары прыязджалі да нас. Ніхто не супраць, але на гэта павінна быць агульная згода, — заявіў Лукашэнка. — Таму не трэба весці наконт гэтага незразумелыя размовы і ў палітычнай гульні разыгрываць гэтую карту. Гэта непрымальна».

«Царква — апора, адзін са стрыжняў дзяржавы»

Прэзідэнт назваў царкву, асабліва праваслаўную — асноўнай скрэпай нашай дзяржавы.

«Як можа быць царква аддзелена ад дзяржавы? Чытай па-за дзяржавай быць. Не можа яна быць. Гэта апора, адзін са стрыжняў дзяржавы, калі хочаце адзін з ідэалагічных стрыжняў. Пакуль мы не выпрацавалі з сваёй ідэалогіі нейкую цэласную нацыянальную ідэю (сёння больш патрыятызм выступае на першае месца), царква з’яўлялася і будзе з’яўляцца духоўнай, ідэалагічнай, калі хочаце, асновай нашай дзяржавы», — сказаў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт падзяліўся, што «не можа існаваць у прасторы, дзе няма іншага пункту гледжання», але катэгарычна супраць парушэння законаў.

«Пратэстоўцы кажуць, што яны мірныя, ходзяць, нічога не парушаюць. Ну як не парушаеце? Вы выходзіце на незаконныя, а сёння нават не нямірныя ўжо акцыі. Вы парушаеце грамадскі парадак, кідаецеся на міліцыю. Там букет парушэнняў, якія ж тут могуць быць патуранні, калі вы парушаеце закон? Калі хочаце падыскутаваць студэнты ў ВНУ, сабраліся падыскутавалі. Але ж я ведаю, адкуль ногі растуць», — выказаўся Прэзідэнт наконт пытання пра розныя меркаванні.


Праваслаўная царква ўносіць свае прапановы па змяненню Кастытуцыі

Як паведаміў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Мiнскі і Заслаўскі Веніямін, было прапанавана ўсім епархіям, сінадальным аддзелам выказаць свае заўвагі ў новую Канстытуцыю.

«Зараз гэтыя прапановы апрацоўваюцца ў і бліжэйшы час мы накіруем іх у адпаведныя заканадаўчыя структуры, каб там іх разгледзелі. У прыватнасці, яны тычацца пытанняў, звязаных з сям’ёй, захаваннем сямейных каштоўнасцяў, адукацыі, каб яна яднала ў сабе і выхаванне патрыятычных пачуццяў, маральнасці. Таксама прапануем унесці прапановы, што тычацца сферы культуры», — сказаў мітрапаліт.

Па словах мітрапаліта, святары павінны памятаць, што царква — месца сустрэчы вернікаў розных палітычных поглядаў і важна, каб словы святароў не аказвалі раздзяляльнага ўздзеяння.

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Методыка аказалася запатрабаванай у нашай краіне і за яе межамі.

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.