Прэзідэнт Беларусі заслухаў даклад прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі аб сітуацыі ў эканоміцы.
«Скажу шчыра, вельмі хацелася б, каб у гэтым годзе на злосць, як у народзе кажуць, нашым ворагам і непрыяцелям эканоміка ў нас спрацавала па меншай меры не горш, чым у краін, што нас атачаюць», — пачаў размову кіраўнік дзяржавы.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, галоўнае — рэальны продаж вырабленых тавараў, а не проста статыстычныя лічбы. «Вядома, калі б мы вытрымалі тыя свае мэты, якія мы паставілі, дасягнуўшы іх, і па ВУП захавалі ўзровень мінулага года... Але, як вы кажаце, не ў тупую, што мы там трактароў і аўтамабіляў створым столькі, што няма куды дзяваць іх. Галоўнае тавар прадаць», — падкрэсліў ён.
Прэзідэнт папрасіў даць прагноз на 2021 год. Абмеркаванне гэтага дакумента яшчэ адбудзецца ў шырокім коле, а на Усебеларускім сходзе разгледзяць, па яго словах, «контуры пяцігодкі».
Цікавіла Аляксандру Лукашэнку і сітуацыя на прадпрыемствах. «Тут жа нам ці то палякі, ці то французы спрабавалі раскачаць абстаноўку: „Забастоўка, забастоўка!“ Ультыматумы высоўвалі. Я ў тэме. Малайцы працоўны клас наш і наша тэхнічная інтэлігенцыя, проста малайцы! Яны зразумелі, што могуць страціць, ды і людзі ўжо не тыя, што былі нават месяц таму. Убачылі тых, хто да ўлады хацеў прыйсці. Гэта таксама карысна. Гэта добры ўрок з апошніх падзей», — рэзюмаваў Прэзідэнт.
Раман Галоўчанка: У цэлым эканоміка Беларусі адчувае сябе лепш, чым эканоміка рэгіёну ў цэлым
Па словах Рамана Галоўчанкі, стабільны ўнёсак у ВУП робіць сельская гаспадарка, будаўніцтва, інфармацыя і сувязь, фінансавы сектар, навука. Складаныя справы ў транспартнай галіне, спорце, ахове здароўя.
Увогуле вынікі работы эканомікі за дзевяць месяцаў Раман Галоўчанка назваў нядрэннымі, нягледзячы на няпростыя ўмовы аднаўлення сусветнай эканомікі ад ковіду. «У цэлым эканоміка Беларусі адчувае сябе, я б сказаў, лепш, чым эканоміка рэгіёну ў цэлым, у тым ліку і дзякуючы тым вывераным і кропкавым мерам па падтрымцы эканамічнага росту, якія прымаюцца ў краіне»
Прэм’ер-міністр таксама прадставіў Прэзідэнту бачанне ўрада адносна вынікаў года. «Канечне, на фоне падзення эканомік нашых суседзяў, дзе на чатыры працэнты, дзе на пяць, а дзе і на дзевяць, трымаць тэмпы ў 100 працэнтаў складана, але выканальна пры пэўным збегу абставін», — сказаў ён.
Такімі абставінамі Галоўчанка назваў адсутнасць поўнага лакдаўна, узмацненне жорсткасці каранцінных мер у асноўных гандлёва-эканамічных партнёраў Беларусі.
Па яго словах, эканоміка краіны выбралася з прасядання ў другім квартале і ўстойліва рушыць да задачы па выхадзе на 100% ВУП да ўзроўню 2019 года. Сярод рэзерваў, якія вынайшаў для росту ўрад, — разгрузка складоў на паўмільярда рублёў.
«Сальда знешнеэканамічнай дзейнасці дадатнае — $ 1,2 млрд, у асноўным сфарміравана за кошт паслуг. Што атрымаецца па выніках года не хачу загадваць, але ёсць рэзервы, каб выйсці на абазначаны рубеж», — дадаў прэм’ер. Аднак пакуль, па ацэнцы ўрада, недастаткова актыўна развіваецца сектар паслуг у ахове здароўя, спорце, турызме.
Што тычыцца выхаду па выніку года на прагнозныя паказчыкі інфляцыі ў 5 %, то прэм’ер-міністр прапанаваў лічыць у існуючых умовах любую адназначную лічбу (гэта значыць да 10 %) нядрэнным вынікам. «Я б не стаў выпячваць пяць ці шэсць працэнтаў. На самой справе, любая адназначная лічба ў гэтых умовах — гэта нядрэнны вынік. Ёсць фактары, на якія цяжка ўплываць, — сказаў Раман Галоўчанка. — Мы ўважліва глядзім, што адбываецца на рынку, і тыя меры, якія магчыма прыняць, прымаем. Займацца напрамую рэгуляваннем цэн — гэта няправільна». Пры гэтым заўважыў, што ёсць пазіцыі, якія кантралююцца і рэгулююцца дзяржавай.
Пракаментаваў прэм’ер-міністр сітуацыю з забастоўкамі на прадпрыемствах. Па яго словах, «напал адбываецца толькі ў пэўных інфармацыйных рэсурсах». «Я толькі магу пацвердзіць, што ўсе прадпрыемствы, буйныя, сярэднія, працуюць у штатным рэжыме. Выконваюць свае задачы», — рэзюмаваў ён.
Марыя ДАДАЛКА
Думаць пра тое, чым харчуецца ваша дзіця ў школе, гэтак жа важна, як і пра тое, якім прадметам яго там вучаць.
Адной з найбольш даступных і захапляльных моў дыпламатыі з'яўляецца спорт.
Міжнародны дзень тэатра добра было б адзначыць у глядзельнай зале.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.