Вы тут

Як зараджаўся партызанскi рух? Дакументы сведчаць


У межах сумеснага праекта Нацыянальнага архiва Рэспублiкi Беларусь i Нацыянальнай бiблiятэкi падрыхтавана электроннае дакументальнае выданне «Зводкi i спецпаведамленнi кiруючых органаў партызанскага руху ў Беларусi: 1942 год». У яго ўвайшлi лiчбавыя копii дакументаў, якiя сведчаць пра зараджэнне партызанскага руху на тэрыторыi Беларусi. Большасць дакументаў друкуецца ўпершыню.


Пытанняў становiцца больш

Электроннае выданне працягвае серыю «Партызанскi архiў». Раней ужо друкавалiся дакументы 1944 года. Асаблiвая каштоўнасць новага зборнiка ў тым, што змешчаныя ў iм дакументы адлюстроўваюць найбольш складаны перыяд — у 1942 годзе сувязi са штабамi былi наладжаны слаба, радыёстанцый у партызанаў было мала, дакументацыя, што вялася народнымi мсцiўцамi, асядала ў атрадах i падчас карных аперацый немцаў знiкала цi спецыяльна знiшчалася.

Наогул матэрыялаў, якiя датычацца зараджэння партызанскага руху, уведзена ў навуковае абарачэнне не так многа, як за 1943— 1944 гады. Але дзякуючы рабоце архiвiстаў велiзарны масiў раней не публiкаваных дакументаў — аператыўных, iнфармацыйных, разведвальных зводак, спецпаведамленняў i iншых — становiцца даступны шырокаму колу грамадства. Да таго ж аблiчбоўванне дазваляе лепш захоўваць першакрынiцу, абмяжоўваючы да яе доступ.

— Мы назiраем устойлiвую тэндэнцыю росту iнтарэсу да гэтай тэмы, значна павялiчылася колькасць наведванняў чытальнай залы, заказаў спраў, звязаных з партызанскiм рухам, — заўважыў загадчык адзела публiкацый Нацыянальнага архiва Рэспублiкi Беларусь, кандыдат гiстарычных навук Святаслаў Кулiнок. Спрыяе росту такой цiкавасцi i тое, што ў краiне адзначаны «Гады малой радзiмы», у архiў iдуць даследчыкi, якiх цiкавiць партызанскi рух у той мясцовасцi, дзе яны нарадзiлiся. Зборнiкi дакументаў, што рыхтуюцца архiвiстамi, змяшчаюць багата iнфармацыi па гiсторыi раёнаў, вёсак. Аблiчбоўванне i папулярызацыя дакументальнай спадчыны спрыяюць распаўсюджванню ведаў, бо дакументы — бясспрэчны доказ таго, наколькi масавы i эфектыўны быў партызанскi рух.

Наогул, публiкацыйнай дзейнасцю архiвы актыўна пачалi займацца з 90-х гадоў. З тых часоў выдадзена звыш сотнi зборнiкаў дакументаў, з'явiлiся таксама аналiтычныя выданнi, даведнiкi. Пашырэнне доступу да дакументаў спрыяе развiццю гiстарычнай навукi. Адкрываюцца новыя старонкi гiсторыi, ад агульнага даследчыкi пераходзяць да больш канкрэтных пытанняў. Сучасныя тэхналогii дазваляюць варыятыўна падыходзiць да публiкацый (адбiраць дакументы з улiкам храналогii, рэгiёна цi па брыгадах), шукаць раней невядомыя тэмы цi глядзець на iх пад iншым вуглом.

Кiраўнiк навукова-даследчыцкай групы ваеннай гiсторыi Беларусi «Рубон» Дзмiтрый Кiенка звярнуў увагу на тое, што дзякуючы электронным выданням можна больш даведвацца пра ваенныя падзеi, якiя адбывалiся на тэрыторыi нашай краіны. Даследчык цiкавiцца гiсторыяй савецкай авiяцыi, адсочвае лёсы не толькi лётчыкаў Чырвонай Армii, але i ворагаў, бо кожны збiты нямецкi самалёт — гэта чыясьцi перамога з савецкага боку. Так, у зборнiку з партызанскiмi дакументамi за 1944 год яму ўдалося знайсцi больш за дзясятак паведамленняў аб падзеннi нямецкiх самалётаў з канкрэтнай прывязкай да пэўнай мясцовасцi, яшчэ ў больш чым 20 справаздачах партызаны паведамлялi аб тым, што брыгадамi была збiта варожая авiяцыя.

Бясспрэчна, новае электроннае дакументальнае выданне будзе цiкавае не толькi гiсторыкам, але i музейшчыкам, настаўнiкам, краязнаўцам, усiм нераўнадушным да гiсторыi партызанскага руху i наогул да Другой сусветнай вайны.

Навiгацыя

Электроннае выданне максiмальна наблiжана па сваiм складзе да класiчных дакументальных зборнiкаў. У яго ўвайшлi лiчбавыя копii аператыўных зводак Паўночна-Заходняй групы пры ЦК КП(б)Б i СНК БССР, iнфармацыйных зводак ЦК КП(б)Б, аператыўных i разведвальных зводак Беларускага штаба партызанскага руху, а таксама спецпаведамленняў i разведданых аператыўна-чэкiсцкай групы наркамата ўнутраных спраў БССР за чэрвень—снежань 1942 года. Дакументы размешчаны па храналагiчным прынцыпе i адлюстроўваюць асноўныя кiрункi (баявую, дыверсiйную i разведвальную) партызанскай барацьбы на акупаванай тэрыторыi Беларусi. Таксама электроннае выданне ўтрымлiвае бiяграфiчныя звесткi пра найбольш вядомых партызанскiх камандзiраў, чые прозвiшчы сустракаюцца ў зводках, даецца геаграфiчны паказальнiк з прывязкай да канкрэтных дакументаў, дзе згадваецца пэўны населены пункт.

Ёсць у выдання i iлюстрацыйны аддзел — размешчаны архiўныя фатаграфii i малюнкi. Разгорнутая гiстарычная прадмова пазнаёмiць з падзеямi, якiя папярэднiчалi стварэнню Беларускага штаба партызанскага руху.

Склад дакументаў дастаткова разнастайны. «Гэтымi дакументамi мы хацелi паказаць тры кiруючыя цэнтры: непасрэдна Штаб беларускага партызанскага руху (да яго стварэння — Паўночна-Заходняя група), зводкi ЦК i развiццё партызанскага руху па партыйнай лiнii, а трэцi цэнтр — па лiнii органаў дзяржбяспекi, — заўважыў на прэзентацыi выдання Святаслаў Кулiнок. — Асаблiвасцю зводак Паўночна-Заходняй групы з'яўляецца тое, што яны носяць яскрава выражаны рэгiянальны характар, датычацца ў першую чаргу тэрыторыi Вiцебшчыны i паўночнай Мiншчыны. Шмат матэрыялаў, звязаных з тэрыторыяй Беларусi, якая мяжуе з РСФСР».

Элект­рон­ны збор­нiк утрым­лi­вае ар­хiў­ныя фа­та­гра­фii.

Цэнтралiзацыя

«Лета 1942 года. Чырвоная Армiя панесла цяжкае паражэнне пад Харкавам, быў фактычна адкрыты шлях да Волгi i на Паўночны Каўказ, — супрацоўнiк Iнстытута гiсторыi НАН Беларусi Анатоль Крыварот расказвае, чым быў складаны 1942 год i чаму кiраўнiцтва СССР надавала сапраўды вялiкае значэнне партызанскаму руху. — У маi 1942 года ўпершыню ў загадзе Вярхоўнага галоўнакамандаючага прагучала думка, што партызанскi рух — важны фактар у гэтай вайне. Гэта перыяд узбуйнення партызанскiх фармiраванняў. Iнфармацыю з месцаў Паўночна-Заходняя група, якая знаходзiлася недалёка ад мяжы, а потым i Беларускi штаб партызанскага руху атрымлiвалi па цiкавым канале — у той перыяд радыёсувязь была вельмi слабая, звесткi прыносiлi сувязныя. Важнасць зборнiка ў тым, што ён дае магчымасць даследчыкам паглядзець, як крок за крокам партызанскi рух на тэрыторыi Беларусi станавiўся магутнай сiлай. Яшчэ гэта перыяд, калi пачалi масава закiдвацца спецгрупы».

З актыўным супрацiўленнем (партызанскiм рухам i падпольнай барацьбой) захопнiкi ў Беларусi сутыкнулiся з першых дзён вайны. Але вялiкiх маштабаў барацьба дасягнула са стварэннем Беларускага штаба партызанскага руху. Ужо на сёмы дзень вайны 29 чэрвеня 1942 года была выдадзена сакрэтная дырэктыва Савета народных камiсараў i ЦК ВКП(б), у якой гаварылася, што ў занятых ворагам раёнах трэба ствараць партызанскiя атрады i дыверсiйныя групы.

Першыя партызанскiя атрады былi разрозненыя, не атрымлiвалi канкрэтных указанняў.

У сакавiку 1942 года была створана Паўночна-Заходняя група ЦК КП(б), якая вяла работу ў паласе Калiнiнскага фронту, знаходзячыся паблiзу гранiц БССР. Сюды прыбывалi партызанскiя сувязныя з каштоўнымi звесткамi, сцякалася вялiкая колькасць баявой i разведвальнай iнфармацыi, паступалi даныя аб дзейнасцi падпольных органаў, арганiзацый, партызанскiх атрадаў i груп.

Толькi за жнiвень ад партызанаў паступiла iнфармацыя больш чым аб 30 гарнiзонах, размешчаных у Бягомльскiм, Лепельскiм, Ушацкiм,  Халопенiцкiм раёнах.

Важную ролю ў станаўленнi i развiццi партызанскага руху i яго ваенна-аператыўнага кiраўнiцтва ў рэспублiцы адыграў Інстытут упаўнаважаных ЦК КП(б)Б. Як правiла, партыйныя работнiкi накiроўвалiся на акупаваную тэрыторыю ў якасцi ўпаўнаважаных ЦК па абласцях i раёнах.

Да стварэння БШПР адзiнага плана баявых дзеянняў патызанаў у маштабах рэспублiкi не было. А менавiта з яго узнiкненнем звязана рэзкае павелiчэнне колькасцi атрадаў i эфектыўнасцi дзейнасцi партызанаў.

Штаб распрацоўваў i ажыццяўляў планы па развiццi партызанскай барацьбы, арганiзоўваў цэнтралiзаванае кiраўнiцтва партызанскiмi фармiраваннямi i iх узаемадзеянне з часцямi Чырвонай Армii i органамi НКУС, планаваў, арганiзоўваў i кантраляваў выкананне баявых заданняў. Вырашаў праблемы з забеспячэннем партызанаў зброяй, сродкамi сувязi, медыкаментамi i iншым, рыхтаваў кадры для партызанскай барацьбы ў тыле ворага. Iнфармацыя аналiзавалася, распаўсюджваўся баявы вопыт партызанскай барацьбы.

Атрыманыя ад партызанаў разведданыя перадавалiся камандаванню франтоў, а найбольш важныя — у Генеральны штаб Чырвонай Армii.

Восенню 1942 года ЦШПР распрацаваў i зацвердзiў прыкладную схему зводкi, якую разаслаў ва ўсе рэспублiканскiя i абласныя штабы партызанскага руху. Гэтым дакументам зводкi дзялiлiся на аператыўныя i разведвальныя. Даныя, якiя адносяцца да аператыўнай дзейнасцi партызанскiх атрадаў (праведзеныя аперацыi, дыверсii, крушэннi цягнiкоў, падрывы мастоў), сталi падавацца асобна.

Першая разведвальная зводка БШПР была падрыхтавана 16 кастрычнiка 1942 года.

Нiшто не заставалася без увагi партызанаў. Яны дасылалi даныя аб гарнiзонах i перамяшчэннi войскаў працiўнiка, пра тое, якой прамысловасцю захопнiкi займаюцца на акупаваных тэрыторыях, як ахоўваюць камунiкацыi, дзе працуюць школы дыверсантаў. Данясеннi аб баявой дзейнасцi i разведвальнай рабоце мелi вялiкае ваенна-аператыўнае значэнне: ад гэтага залежала эфектыўнасць дзеянняў партызанаў у тыле i воiнаў Чырвонай Армii на фронце.

Па плане

Восенню 1942 года БШПР быў падрыхтаваны «План развiцця партызанскага руху i дзеянняў партызанскiх атрадаў». Перад партызанамi ставiлiся канкрэтныя задачы: далейшае развiццё руху, асаблiва ў заходнiх абласцях, пранiкненне ў гарады i ўзмацненне дыверсiй у прамысловасцi, насаджэнне дыверсiйна-разведвальнай агентуры ў гарадах, знiшчэнне нямецкiх афiцэраў i чыноўнiкаў, узмацненне дыверсiй на чыгунках, знiшчэнне эшалонаў, чыгуначных мастоў, пашырэнне сеткi радыёсувязi з асноўнымi раёнамi Беларусi, узмацненне палiтычнай барацьбы сярод насельнiцтва i ў атрадах, стварэнне i распаўсюджванне друкаванай прапагандысцкай прадукцыi.

Партызанскiя злучэннi сталi атрымлiваць iндывiдуальныя «даручэннi», наладзiлi бесперапыннае назiранне за шасэйнымi i чыгуначнымi дарогамi. За кожнай брыгадай i асобным атрадам замацоўвалiся раёны дыслакацыi i баявых дзеянняў, а таксама ўчасткi чыгуначных i шасэйных камунiкацый для правядзення аперацый па зрыве перавозак ворага.

Зводкi сведчаць пра тое, з чым сутыкнуўся вораг на тэрыторыi нашай рэспублiкi. Так, у электронным зборнiку размешчаны дакумент за 14 кастрычнiка 1942  года — звесткi аб рабоце ў тыле працiўнiка дыверсiйна-разведвальнай групы Новiкава (яна была накiравана ў тыл працiўнiка ў жнiўнi 1942-га). Байцы даюць справаздачу пра тое, што iм удалося замiнiраваць чыгунку, узарваць цягнiк i вагоны з боепрыпасамi, рух цягнiкоў на лiнii Вiцебск—Полацк быў спынены на некалькi сутак. Адзначаецца, што ворагу даводзiцца быць больш асцярожным: «Калi ў жнiўнi ў сярэднiм праз кожныя дзве гадзiны праходзiла тры эшалоны, то за перыяд з 1 да 10 верасня за гэты ж час адзначана праходжанне ўсяго аднаго эшалона. У начны час чыгунка наогул не функцыянуе. Рух воiнскiх эшалонаў у сувязi з больш частымi крушэннямi-дыверсiямi немцы пачалi праводзiць камбiнавана, спачатку прапускаюць адзiн-два эшалоны з малакаштоўным грузам (торф, вугаль), а затым — воiнскiя эшалоны з жывой сiлай i ваеннымi матэрыяламi».

На асобных участках чыгункi Вiцебск—Полацк немцы змянiлi таксама сiстэму аховы i патрулявання чыгуначнай дарогi. Мясцовае насельнiцтва да аховы чыгункi не дапускаецца... Патруляванне паўсюдна праводзiцца групамi немцаў па 6—9 чалавек.

Падыходы да чыгуначных шляхоў замiнiраваны, найбольш важныя масты ахоўваюцца спецыяльнымi групамi немцаў, узброеных кулямётамi, мiнамётамi, а часам i пушкай... А ў вёсках i пасёлках, размешчаных паблiзу чыгункi, расклеены аб'явы, якiя папярэджваюць насельнiцтва, што пры крушэннi цягнiка паблiзу населенага пункта насельнiцтва будзе расстраляна, а населены пункт спалены.

Маштабы ўражваюць

Вынiкам актыўнай баявой дзейнасцi стала стварэнне партызанскiх зон. Ушацка—Лепельская iснавала ўжо восенню 1942 года i iшла ад Полацка на поўначы да Лепеля на поўднi. Гэта тэрыторыя плошчай звыш за 3200 км2, на якой пражывала больш за 80 тысяч жыхароў. Да канца 1942 года на тэрыторыi Беларусi iснавала ўжо шэсць партызанскiх зон i краёў.

Партызаны сачылi за размяшчэннем i перасоўваннем нямецкiх войскаў, будаўнiцтвам абарончых збудаванняў, размяшчэннем аэрадромаў, паведамлялi пра зверствы акупантаў, чыгуначныя i аўтамабiльныя перавозкi, падрыхтоўку i правядзенне карных аперацый, iнфраструктуру i размяшчэнне важных аб'ектаў у гарадах Беларусi, адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльны лад, падаткаабкладанне i iншыя дзеяннi акупантаў.

У кастрычнiку 1942 года партызанамi быў выяўлены буйны карны атрад, якi з канца верасня дзейнiчаў ў Сенненскiм, Вiцебскiм i Бешанковiцкiм раёнах сiлай да 1500 чалавек, што ачышчаў лес ад партызанаў i рабаваў насельнiцтва.

Разведзводка за 1 снежня 1942 года паведамляе пра карны атрад у Магiлёўскай вобласцi, пра размяшчэнне нямецкiх гарнiзонаў, работу чыгуначных дарог i аўтамагiстраляў. Адзначаецца, колькi праходзiла эшалонаў на Магiлёў—Оршу i што вагоны загружаны танкамi, аўтамашынамi, мiнамётамi, жывой сiлай працiўнiка.

Нiколi яшчэ ў гiсторыi партызаны ў такiм маштабе не выкарыстоўвалiся для вядзення разведвальнай дзейнасцi, як у гады Вялiкай Айчыннай вайны.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».