Вы тут

Лукашэнка: Нам вельмі важна захаваць усе дасягненні міжнароднага супрацоўніцтва


У Палацы Незалежнасці адбылася цырымонія ўручэння Прэзідэнту Беларусі даверчых грамат ад кіраўнікоў дыпламатычных місій сямі дзяржаў: Ватыкану, Венесуэлы, Ірану, Паўночнай Карэі, Сірыі, Турцыі і Японіі.


Даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнка ўручылі апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзіч, пасол Венесуэлы Франклін Рамірэс Араке, пасол Ірана Саід Яры, пасол КНДР Зу Зэн Бон, пасол Сірыі Махамад аль-Умрані, пасол Турцыі Мустафа Азджан, пасол Японіі Хірокі Такунага.

«Час дыктуе неабходнасць перайсці ад пустой рыторыкі і гучных палітычных дэкларацый да рэальных спраў»

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў удзельнікаў цырымоніі і адзначыў, што яны прыбылі ў Беларусь у гадавіну Вялікай Перамогі.

«75 гадоў таму народы Савецкага Саюза разам з заходнімі саюзнікамі знішчылі гітлераўскі нацызм і стварылі найважнейшы інструмент для раўнапраўнага міжнароднага ўзаемадзеяння – Арганізацыю Аб’яднаных Нацый, — сказаў ён. — За высокі статус дзяржавы — заснавальніцы ААН Беларусь заплаціла неймаверную цану. На франтах Вялікай Айчыннай вайны, у баях з карнікамі, у канцлагерах і гета загінуў кожны трэці беларус».

Захоўваючы памяць пра незлічоныя ахвяры ў той вайне і разумеючы, чым сёння пагражае вялікі ваенны канфлікт, Беларусь паслядоўна выступае за аднаўленне шырокага дыялогу аб міры і міжнароднай бяспецы, падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён дадаў, што пачатак дыпламатычнай місіі новых паслоў у Беларусі прыйшоўся на вельмі складаны і адказны перыяд: другая хваля пандэміі COVID-19, пагаршэнне сусветнай эканамічнай кан’юнктуры, абвастрэнне міжнародных канфліктаў, з’яўленне пагроз у інфармацыйнай прасторы.

«Менавіта таму зараз час дыктуе неабходнасць перайсці ад пустой рыторыкі і гучных палітычных дэкларацый да рэальных спраў, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Нам вельмі важна цвяроза ацаніць сітуацыю і захаваць усе дасягненні міжнароднага супрацоўніцтва».

Ён выказаў упэўненасць, што толькі ўзгодненыя дзеянні ўсіх дзяржаў планеты, праява гуманізму і салідарнасці, умацаванне атмасферы ўзаемнага даверу здольныя нейтралізаваць гэтыя пагрозы і стварыць трывалую аснову для вырашэння праблем.

«Беларусь — незалежная дзяржава з вялікім вытворчым, навуковым і чалавечым патэнцыялам, — заявіў ён. — вы гэта ўсе ведаеце. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, якія звязаныя з распаўсюджваннем каранавірусу, наша краіна застаецца адкрытай свету. Ніякія адлегласці і межы не могуць перашкодзіць развіццю даверлівых, узаемавыгадных адносін з нашымі партнёрамі».

Аляксандр Лукашэнка не сумняваецца, што кожны з замежных паслоў адкрые для сябе сваю Беларусь і ніколі не будзе расчараваны.

«Мы здольныя не дапусціць грамадзянскага расколу»

Прэзідэнт спыніўся на тым, што зараз наша краіна перажывае няпросты перыяд, «звязаны з абаронай свайго суверэнітэту, захаваннем стабільнасці ўнутранай абстаноўкі і паглыбленнем грамадскага дыялогу».

«Калейдаскоп падзей 20-га года стаў выпрабаваннем не толькі для дзеючай улады, але і для ўсяго беларускага грамадства, — сказаў ён. — Як кіраўнік дзяржавы адказна заяўляю, што мы здольныя эфектыўна супрацьстаяць знешнім выклікам і пагрозам, забяспечыць унутрыпалітычную стабільнасць, не дапусціць грамадзянскага расколу і самавольства асобных радыкальных элементаў».

Дзеянні ўлады адпавядаюць інтарэсам большасці грамадзян, «якія прагаласавалі за адзіную Беларусь і выступаюць за незалежную і ўстойлівую дзяржаву», дадаў Прэзідэнт. Ён не сумняваецца, што «беларусы валодаюць жаданнем, воляй і неабходным інструментарыем для аднаўлення стабільнасці ў грамадстве на падставе балансу інтарэсаў, захавання спакойнага і бяспечнага жыцця».

«Мы гатовыя да ўзаемадзеяння з усімі нашымі замежнымі партнёрамі, абмеркавання любых пытанняў супрацоўніцтва, уключаючы абмен меркаваннямі пра сітуацыю ў Беларусі. Але толькі пры ўмове ўліку інтарэсаў бакоў і неўмяшання ва ўнутраныя справы», — заўважыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы традыцыйна прысвяціў некалькі слоў супрацоўніцтву з кожнай з дзяржаў, якія прадстаўляюць новыя паслы ў Беларусі.

«Спадзяемся на канструктыўную ролю каталіцкай царквы ў кансалідацыі беларускага грамадства»

«Асаблівыя адносіны звязваюць Беларусі і Ватыкан, — сказаў ён. — На міжнароднай арэне мы разам паслядоўна прасоўваем такія важныя ініцыятывы, як барацьба з гандлем людзьмі, супрацьдзеянне гвалту ў адносінах да дзяцей, абарона традыцыйных сямейных каштоўнасцяў».

Важнае месца ў двухбаковым парадку дня займаюць пытанні міжканфесійнага міру, дадаў беларускі лідар і выказаў спадзяванне на «канструктыўную ролю каталіцкай царквы ў кансалідацыі беларускага грамадства».

«Пацвярджаю нашу зацікаўленасць у далейшым паглыбленні ўзаемадзеяння са Святым Прастолам», — заявіў ён.

«Важна, каб дамоўленасці з Анкарой не засталіся на паперы»

Турцыю Аляксандр Лукашэнка назваў важным саюзнікам Беларусі.

«Падчас майго візіту ў Анкару летась мы з Прэзідэнтам Эрдаганам намецілі шэраг крокаў, якія закліканыя ўмацаваць гандлёвыя і гуманітарныя сувязі, пашырыць кантакты паміж нашымі краінамі, — сказаў ён. — Мінск і Анкара адзіныя ў меркаванні, што плённы эканамічны дыялог — ключ да поспеху і прагрэсу. Таму важна, каб дасягнутыя намі дамоўленасці не засталіся на паперы, а ўжо ў бліжэйшы час былі ўвасобленыя ў жыццё».

«Мы вітаем прыпыненне шэрагу абмежаванняў у адносінах да Ірана з боку ААН»

Іран — адзін са значных эканамічных і палітычных партнёраў Беларусі на Блізкім Усходзе, адзначыў Прэзідэнт.

«У нас вялікі патэнцыял, які, без сумнення, раскрыты далёка не цалкам, — лічыць ён. — Мы вітаем прыпыненне шэрагу абмежаванняў у адносінах да Ірана з боку ААН. Спадзяемся на далейшыя канструктыўныя крокі, якія накіраваныя на стабілізацыю ваенна-палітычнай абстаноўкі на Блізкім Усходзе».

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў Ірану за падтрымку Беларусі на шматбаковых пляцоўках, паабяцаў адказваць узаемнасцю і выказаў гатоўнасць да працягу ўзаемадзеяння з гэтай краінай у міжнародных арганізацыях.

Аднаўленне эканомікі Сірыі будзе садзейнічаць актывізацыі двухбаковых стасункаў

«Трывалыя сувязі, якія характарызуюцца высокім узроўнем даверу і шчырым сяброўствам, усталяваныя паміж Мінскам і Дамаскам, — працягнуў беларускі лідар. — Беларусь актыўна падтрымлівае суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць і выступае за неўмяшанне ва ўнутраныя справы Сірыі».

Намаганні сірыйскага кіраўніцтва, якія накіраваныя на хуткае ўрэгуляванне ўнутрыпалітычнай сітуацыі, аднаўленне эканомікі і сацыяльнай сферы, будуць садзейнічаць актывізацыі ўзаемадзеяння паміж двума краінамі, выказаў упэўненасць Прэзідэнт.

«Будзем і надалей аказваць пасільную падтрымку Венесуэле»

«У Лацінскай Амерыцы ў нас напрацаваны значны вопыт двухбаковых адносін з Венесуэлай, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы будзем і надалей аказваць вашай краіне пасільную падтрымку. Вельмі спадзяюся, што новы пасол будзе ўсяк садзейнічаць актывізацыі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў гандлёвай і гуманітарнай сферах».

«Неапраўдана нізкі ўзровень адносін Беларусі і КНДР»

Неапраўдана нізкім назваў Прэзідэнт узровень адносін Беларусі і Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі.

«Нам трэба больш актыўна працаваць у гэтым кірунку, — лічыць ён. — Мы ўважліва сочым за развіццём абстаноўкі на Карэйскім паўвостраве і падтрымліваем усе намаганні, якія прымаюцца па забеспячэнні міра і вырашэнні супярэчнасцяў у рэгіёне ў цэлым».

Аляксандр Лукашэнка выказаў зацікаўленасць працягваць канструктыўныя кантакты з КНДР у міжнародных арганізацыях і папрасіў новага кіраўніка дыпмісіі звярнуць увагу на такія сферы супрацоўніцтва, як вытворчасць лекаў, прадуктаў харчавання, прафесійнае навучанне і павышэнне кваліфікацыі кадраў.

«З Японіяй ёсць значныя рэзервы ў гандлі, прамкааперацыі і інвестванні»

«Узаемадзеянне з Японіяй мае значныя рэзервы — у гандлі, прамысловай кааперацыі, інвестыцыйным супрацоўніцтве ў галіне навукі, тэхналогій, — сказаў кіраўнік дзяржавы паслу з гэтай краіны. — Мы вельмі высока цэнім навуковую і гуманітарную дапамогу ў ліквідацыі наступстваў Чарнобыля. Са свайго боку гатовыя і далей дапамагаць вашай краіне пасля аварыі на Фукусіме і працягнуць аздараўленне японскіх дзяцей у Беларусі».

Будучая летняя Алімпіяда і Паралімпійскія гульні ў Токіа ў 2021 годзе стануць не толькі яркім святам спартыўных дасягненняў, але і будуць садзейнічаць яднанню народаў, упэўены беларускі лідар.

«Беларусь умее цаніць шчырасць, давер і заўсёды адкрытая для любых канструктыўных ініцыятыў»

Дзяржавы, паслы якія сёння ўручылі Прэзідэнту Беларусі даверчыя граматы, знаходзяцца на розных кантынентах, але іх аб’ядноўвае імкненне зрабіць свет больш бяспечным, эканоміку — больш устойлівай, а жыццё простых людзей — лепш, сказаў напрыканцы афіцыйнай прамовы Аляксандр Лукашэнка.

«Беларусь умее цаніць шчырасць, давер і заўсёды адкрытая для любых канструктыўных ініцыятыў, — дадаў ён. — Упэўнены, што вы не проста будзеце добразычлівымі назіральнікамі за працэсамі, якія адбываюцца, а акажаце ўсякае садзейнічанне фарміраванню раўнапраўных, узаемавыгадных адносін з нашай Беларуссю. У вашых сілах наблізіць і ўзаемна ўзбагаціць нашы культуры, дапамагчы пашырэнню гуманітарнага супрацоўніцтва і міжасабовых кантактаў».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.