Вы тут

Сяргей Панізнік як энцыклапедыя жыцця і літаратуры


Адкрыцці і шчырыя прызнанні ў размове паэта з Сяргеем Чыгрынам.

Светлага і шчырага чалавека, таленавітага і мудрага літаратара Сяргея Панізніка ведаю даўно. Нават і не памятаю, калі і дзе з ім пазнаёміўся. Але добра запомніў той дзень, калі ўпершыню трымаў у руках яго падарунак — цудоўны зборнік гістарычнай літаратуры «Бацькаўшчына» (Мінск. Юнацтва, 2000), які ўклаў Сяргей Сцяпанавіч. Гэты зборнік ён даслаў мне ў Слонім. Прытым нічога не кажучы і не папярэдзіўшы. А прысвячалася выданне беларускай духоўнай літаратуры. Па творах гэтага зборніка можна прасачыць, як на працягу стагоддзяў наша Роднае Слова набывала ўзнёсласць, адухоўленасць, умацоўвалася Боскімі Верай, Надзеяй і Любоўю.

Сяргей Чыгрын


Кніга налічвала 382 старонкі. Укладальнік сабраў у яе лепшыя духоўныя творы нашай літаратуры і ўключыў мой верш «Касцёл Святога Андрэя ў Слоніме». Такі салідны альманах, так шмат у ім вялікіх аўтараў, і сярод іх — я. Прыемна было.

Потым шмат разоў я сустракаўся з Сяргеем Панізнікам на розных імпрэзах, да сённяшніх дзён атрымліваю ад яго кнігі з аўтографамі, мы перапісваемся, гутарым, разважаем. Ён дапамагаў мне ў пошуках звестак пра беларусаў Латвіі, Чэхіі, Украіны. І цяпер, калі ўзнікаюць пытанні, звязаныя з гісторыяй нашай культуры і яе асобамі, я звяртаюся да Сяргея Сцяпанавіча.

Сяргей Панізнік — энцыклапедыя жыцця і літаратуры. Такіх у Беларусі цяпер мала. А жылі ж нядаўна і Генадзь Кісялёў, і Генадзь Каханоўскі, і Алег Лойка, і Янка Саламевіч, і Арсень Ліс, і Сцяпан Александровіч… І ўсіх іх я ведаў, з усімі любіў гутарыць, разважаць, слухаць іх парады. Тое ж цяпер гавару пра Сяргея Панізніка — няўрымслівага чалавека, з якім гутарыць можна бясконца, што я ў апошні час і раблю. Сёе-тое з нашай гутаркі я занатаваў.

— Сяргей Сцяпанавіч, як так сталася, што вы скончылі Магілёўскае медвучылішча і паступілі не ў медыцынскую акадэмію, а ў Львоўскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча на факультэт журналістыкі?

— Каб з новай патрэбай жыць

І шчыраму сэрцу парадзіць

Самога сябе адкрыць

Веку, Радзіме, праўдзе.

А сталася так, што паводле народнага звычаю маім хросным бацькам стаў фельчар Лявонпальскай бальніцы Леў Іванавіч Кураш. Яго першым напаткаў мой родны бацька Сцяпан, калі вёз мяне ў царкву правесці хрышчэнне сына. Гэта было ў 1942-м, а ў 1959-м, калі я заканчваў Лявонпальскую дзесяцігодку, уся акруга прыдзвінская ведала, што Леў Кураш — знакаміты лекар, які толькі чуйнай душой і слухаўкай вызначае дыягназ. І я, выпускнік школы, які ўжо друкаваў вершы ў раённай газеце, вырашыў быць фельчарам, бо мой хросны бацька — прыклад служэння людзям.

Пазней я сам, будучы ўжо фельчарам, пісаў пра Льва Іванавіча Кураша (1894–1973), перасылаў яго здымкі ў райгазету. Невялікі раздзел пра майго хроснага бацьку прысутнічаў і ў створаным мною ў 1999 годзе Музеі «Радзімазнаўства».

Пасля Лявонпаля — мястэчка графа Лапацінскага, пасля Мёраў, Дзісны, Дрысы і Друі на Дзвіне-Рубоне Магілёў на Дняпры стаў для маіх юнацкіх гадоў пазнавальным экватарам. Адкрыццё Падніколля, а ў закінутых мурах — алтароў, хрыбетнікаў былых бажніц, начаванне ў манаскіх келлях побач з будынкам тэатра, куды часцяком пры безграшоўі прыходзілася прабірацца на другое аддзяленне спектакля…

А медвучылішча, дзе ў даўнія часы вучылі на павітух, стала ў некаторым сэнсе «мёдвучылішчам». Бо навучалі не толькі фельчарскім абавязкам і пакутным рэцэптурным дозам на лаціне. Я звыкся выступаць на сцэне, маляваць, фатаграфаваць…

Яшчэ адным хросным бацькам, толькі ў лірыцы, стаў для мяне старшыня літаб’яднання пры газеце «Магілёўская праўда», Аляксей Васільевіч Пысін. Былы франтавы сувязіст акрамя заняткаў з пачынальнікамі-вершатворцамі арганізоўваў у горадзе цікавыя сустрэчы са славутымі пісьменнікамі. О, як трымцеў юнак, атрымаўшы першыя дарчыя надпісы на зборніках Максіма Лужаніна, Янкі Брыля, Янкі Скрыгана, Васіля Матэвушава… Справядліва адзначыў Аляксей Пысін (20.03.1920–27.08.1981): «Усё, што пройдзена, усё, што прапета, — у вітку застанецца зямным». І ў памяці ўдзячных нашчадкаў.

У студыі Беларускага тэлебачання Аляксей Пысін з рэдактарам Іосіфам Скурко, 1980-я гады.

— Калі я вучыўся ў Магілёўскім культасветвучылішчы, Аляксей Пысін і мае вершы друкаваў у «Магілёўскай праўдзе». Найвыдатнейшы быў чалавек, паэт, настаўнік творчай моладзі. Часта яго прыгадваю. Але давайце вернемся да медвучылішча…

Пасля вучобы ў медвучылішчы (1959–1962) і нядоўгай працы фельчарам у Княжыцах пад Магілёвам я летам 1962 года быў прызваны  служыць — зноў жа фельчарам — у 310-ы артполк 120-й гвардзейскай дывізіі. Полк стаяў на ўскрайку Мінска. І там часта наладжваліся сустрэчы з цікавымі людзьмі. Да прыкладу, у сакавіку 1963 года артылерысты былі на прадстаўленні Лідзіяй Арабей яе кнігі «Мера времени».

Кожны тыдзень я пасылаў заметкі ў рэдакцыю дывізійнай газеты. Аднаго разу рэдактар, маёр Грыншпун, пры сустрэчы заіскрыў мяне навіною, што ёсць вучылішча, куды прымаюць воінаў для набыцця журналістскай адукацыі. «Дзе?» — «У Львове…». Пасля Рыгі і Вільні для мне Львоў прагучаў назвай неадкрытай планеты.

«Любуж». Малюнак навучэнца фельчарскага аддзялення Магілёўскай вучэльні, 15 мая 1960 года.

— І вы паехалі ў Львоў?..

— І ў верасні 1963 года я атрымаў дазвол ехаць у Львоў для падрыхтоўкі да ўступных экзаменаў. У Львоўскім вышэйшым ваенна-палітычным вучылішчы Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту я правучыўся да жніўня 1967 года і атрымаў накіраванне для афіцэрскай службы зноў жа ў 120-ю гвардзейскую Рагачоўскую дывізію. Але галоўным дыпломам, з якім туды адправіўся, я лічу творчы — зборнік «Кастры Купалля», які пераслаў у Львоў яго рэдактар Рыгор Барадулін.

— І чаму навучыла вас ваеннае вучылішча ў Львове? Чым яно запомнілася? Ці не лепш было б вучыцца ў БДУ?

— Было такое: прыкмеціў у Львоўскім музеі вязьмо слуцкіх паясоў з меткай: Me fecit Slucie («Мяне стварыў Слуцак»). Уразіла! Бо і мяне стварыў горад, дзе «…і ў галінкі ўрастае бяссмерце, // і ў карэньчыках Памяць жыве». Гэта радкі з верша 1963 года — «З Шаўчэнкам каля вярбы ў Стрыйскім парку». А праз плённыя гады львоўскіх узбагачэнняў мой верш «Песня Украіне», напісаны ў 1966 годзе, заканчваўся такімі радкамі:

Не жыў бы ў сэрцы сум па Беларусі —

Я Украіну б роднай называў.

Так, я напоўніцу насычаўся незвычайнай творчай атмасферай Львова — Альбова (такое найменне знайшоў у тэкстах гістарычных беларускіх балад). Спрыялі гэтаму сардэчныя адносіны львавян да курсанта-беларуса. І вось я запрошаны на нараду маладых пісьменнікаў Львоўшчыны (Драгобыч, 1964 год). Знаёмствы з Міхайлам Шалатам, Яраславай Паўлычка, Міколам Пятрэнкам, Аксанай Сенатовіч і Уладзімірам Лучуком, Іванам Гнацюком, Раманам Лубкіўскім, Рыгорам Нудзьгой, выкладчыкамі ўніверсітэта Іванам Дзенісюком і Міколам Ільніцкім (усіх не пералічыць) прынеслі мне неверагодныя ўзбагачэнні. З’явіліся і першыя пераклады маіх вершаў на ўкраінскую мову. А ў вучылішчы ўглядаліся ў мае вершаваныя радкі курсанты-паэты Анатоль Таран і Антон Міхайлеўскі.

Курсанты мелі магчымасць наведваць многія творчыя мерапрыемствы.  Запомніліся выступленні Васіля Аксёнава і яго маці, Яўгеніі Гінзбург.  У верасні 1965 года ў Доме афіцэраў слухаў гутаркі Грыгорыя Глазава, Уладзіміра Кастрова, Станіслава Куняева, Андрэя Вазнясенскага. Прачытаў свае вершы на той сустрэчы і Алесь Ставер, у тым ліку і прысвячэнне Андрэю Вазнясенсаму. У розных канцэртных залах выступалі Эдзіта П’еха, Святаслаў Рыхтэр, ансамбль «Галічына», Марыя Пархоменка (родам яна з Магілёва)… «Пакутавалі» курсанты ад мяне, культарганізатара.

На семінары творчай моладзі Львоўшчыны прысутнічалі: Мікола Пятрэнка, Аксана Сенатовіч, Уладзімір Лучук, Іван Гнацюк, Раман Кудлык. Драгобыч, 1967 год.

У Львове вучылася наша вялікая паэтка Цётка?

— Дарэчы, неяк начальству вучылішча я напісаў заяву на дазвол вывучаць творчасць паэтэсы-рэвалюцыянеркі Цёткі. Паперка на звальненне перад адбоем вяртала мяне ў казарму да скарынкі з цукрам. А дзе я здабываў звесткі? У Львоўскай навуковай бібліятэцы АН Украіны імя Васіля Стэфаніка, у аддзеле рукапісаў — найперш. Існаваў так званы Беларускі аддзел у Львоўскім музеі Украінскага мастацтва.

Праз імя Цёткі можна выявіць адзнакі беларускай прысутнасці ў свеце. Нездарма Пімен Панчанка так выказаўся пра дыфузію культур: «Мы для братніх народаў бяздонныя верныя донары». Ну, а калі «мяне стварыў Львоў», то ён і натхніў на вось такія радкі:

На акварэльнай любаце

бузок у Стрыйскім парку цвіў.

А ў Алаізіным куце

свяцілася: «Мэ фэцыт Львіў».

Дык якія ж знаходкі тады парадавалі вас «у Алаізіным куце»?

 Эпімах-Шыпілу, што яна ў Львове з украінцамі-русінамі і ўніятамі заводзіць знаёмствы: «Шмат нам спрыяюць, памогуць у чом сіла». І найбольшае спрыянне паэтка атрымала ад свайго ратаўніка і апекуна Іларыёна Сямёнавіча Свянціцкага (1876–1916). Ён падпісваўся і як Свяціцкі, каб згадаць свае беларускія карані. Гэта ён дапамог выдаць у Жоўкве (цяпер Несцераў) чатыры кніжачкі «Гаўрылы з Полацка». Яго жонка Анісся Мацвееўна паказала мне тыя зборнікі Цёткі, а яшчэ даверыла перафатаграфаваць скарбы былога Беларускага аддзела пры Царкоўным, а пазней Нацыянальным музеі ўкраінскага мастацтва. Мы падлічвалі гады яго ўзмужнення. У 1904 годзе Ян Луцкевіч сустрэўся ў Львове з мітрапалітам грэка-каталіцкай царквы Андрэем Шэптыцкім і натхніў яго на стварэнне беларускага музея з набытых Іларыёнам Свянціцкім скарбаў: сто асобнікаў кніг з дваццаці даўніх беларускіх друкарняў у Вільні, Еўі, Заблудаве, Магілёве, Супраслі… Былі набытыя дваццаць тры слуцкія паясы, дванаццаць  выданняў Францыска Скарыны і іншыя каштоўнасці беларускай нацыянальнай старадаўняй культуры.

— Гэта сапраўды цікавыя факты, Сяргей Сцяпанавіч…

— Але вернемся да Алойзы. Каб дапамагчы мне вывучаць дакументы Пашкевічанкі, адна супрацоўніца архіва згадзілася перакласці з нямецкай мовы некаторыя дакументы слухачкі філасофскага факультэта Львоўскага ўніверсітэта ў 1905–1906 гадах. У дэканацкай карце на 1907–1908 навучальныя гады было пазначана абавязковае: «Прысутнасць на лекцыях “Паэзія эліністычная”, “Чытанне і вытлумачэнне гістарычных твораў”, “Сучасная польская літаратура”…» А ў каталогу на 1909 год — вось такія тэмы: лекцыі па італьянскім мастацтве, грэчаскай гатычнай архітэктуры, гісторыі ўкраінскай літаратуры і філасофіі, агульнай біялогіі.

— Што вывучала Цётка?

— Алойза Пашкевіч вывучала ва ўніверсітэце параўнальную граматыку славянскіх моў, гісторыю еўрапейскай драмы, гісторыю чэшскага пісьменства. Для атрымання навуковага звання трэба было прадставіць даследаванні па беларускай батлейцы. Знойдзены былі і такія звесткі: у 1908–1909 гадах Пашкевіч вучылася на гуманітарным факультэце Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. І, пакуль у 1911 годзе не выйшла замуж за Сцяпонаса Кайрыса, паспела наведаць Італію, Германію, Фінляндыю, Швецыю. Апошнія выезды са Львова-Лемберга ў 1911 годзе здзейснены ў Вену і на лячэнне ў Закапанэ. А прысутнасць Алаізы Пашкевіч у Львове навідавоку: на вуліцы Грушэўскага ўсталяваны барэльеф у яе гонар. Я падымаўся па прыступках былога будынка ўніверсітэта. Абышоў усе дамы, дзе яна мела прытулак падчас львоўскага побыту.

Дзякуючы Пашкевічанцы і Свянціцкаму-Свяціцкаму Львоў стаў родным і мне. Развітваючыся пасля вучобы ў ВВПВ, я гаварыў Уладзіміру Лучуку, што ў Львове я адчуў духоўную прысутнасць змагаркі Цёткі, а ва ўкраінцах — пачуццё ўзнёслай любові да суседзяў-беларусаў. Дарэчы, не так даўно адгукнуўся сын Уладзіміра Лучука і Аксаны Сенатовіч — Іван, народжаны ў 1965 годзе. Ён — доктар філалагічных навук, навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Украіны. Гучыць на паўсвету як паэт, перакладчык, паліндрамніст. Стварыў творчыя партрэты Ларысы Геніюш, Дануты Бічэль, Уладзіміра Караткевіча, Ніла Гілевіча, Васіля Зуёнка, Янкі Сіпакова, Пімена Панчанкі, Янкі Брыля…

— А што Вы скажаце пра такі часопіс, як «Сыгналы»?..

— Не магу прамінуць такія львоўскія творчыя нетры, як выданне гэтага часопіса. «Сыгналы» (Sygnaly) — польскі незалежны ілюстраваны грамадска-літаратурны штомесячнік, які выходзіў у 1933–1939 гадах. Былі спецвыпускі, прысвечаныя ўкраінскай і яўрэйскай літаратурам. Беларускі, 37-ы нумар выйшаў 15 жніўня1939 года. Прычыніліся да яго выхаду Севярын Сасноўскі і Станіслаў Грынкевіч. Ежы Путрамэнт пераклаў верш Язэпа Пушчы… Пра гэты штомесячнік можна пісаць навуковае даследаванне. У яго архівах я знайшоў дзясяткі фотаздымкаў беларускіх пісьменнікаў, перасланых у Львоў з Вільні: ад Арсенневай да Чарота. Польская цэнзура забараніла гэтае выданне, і рэдактар Караль Курылёк перадаў яго архіў у «Асалінэум». Некаторыя часцінкі «Асалінэума» засталіся ў навуковай бібліятэцы імя Стэфаніка.

Пытаецеся, ці не лепш было б паступіць у БДУ? Не буду цягнуць з адказам. Згадаю толькі, як у львоўскім архіве перадалі мне пачытаць «Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі» Вацлава Ластоўскага. Я некалькі паперак на звальненне патраціў на тое, каб у бібліятэцы наглытацца водарам нашага нацыянальнага багацця. Чытаў і фатаграфаваў. Мне, беларусу, і ў спецфонды дазвалялі пранікаць з фотаапаратам. А калі вярнуўся ў горад, дзе ўзвышаюцца арэлі БДУ, ці не праз дзясятак гадоў адчуў, што выпускнікі яго могуць пазнаёміцца са спадчынай, да канца не раструшчанай, тых творцаў-нацдэмаў, якіх расстралялі або замучылі ў казематах.

Для мяне і Ластоўскі, і Цётка зусім не з тымчасовых. Яны побач з надзённымі Будзіцелямі нацыянальнага духу. Уваскрасае гераічны дух, калі гадуе нацыю Будзіцель.

Старонка беларускага нумара часопіса Sygnaly.

— Вы аднолькава жаданы госць у Празе, Рызе, Вільні, Львове. У вас там шмат было сяброў?

— Праз межы і стагоддзі жывое слова кліча,

І свеціцца ў лагодзе сяброўскае аблічча.

Нямала! Сіла, моц, рой лагодных людзей, з якімі хоць гаць гаці, хоць рэкі прудзі. Пра жаданага госця хораша выказаўся апантаны творца, мой сутворца Міхась Скобла ў прадмове да зборніка вершаў на беларускай мове і ў перакладах на англійскую і французскую мовы «На ўсе вякі…» (2011 год). А перакладчыкамі маіх вершаў былі масквічка Ніна Дзябольская (і ў яе я быў жаданым госцем), мінчанка Алена Таболіч, паэтка з горада Калумбус у амерыканскім штаце Агаё Дагмар Топінка Уолкат, з ёю я вучыўся у горадзе Злата Прага («Летна школа», 1988 год).

Чытачы гэтага зборніка праз вершы і іх перастварэнні прытуляцца да імёнаў Веры Рыч, Андрыса Веяна, Алеся Марачкіна, Янкі Юхнаўца, Зьміцера Санька, Ніны Мацяш, Сяргея Новіка-Пеюна, кампазітараў Міхаіла Клейнера з Чыкага, Зміцера Яўтуховіча з Нью-Ёрка, Алега Чыркуна з Мінска. Мае сутворцы — з багатых мацерыкоў планеты. З той нагоды, што мае вершы перакладзены на французскую мову, адна з ілюстрацый была згадкай пра «француза». Такую мянушку займеў мой родны дзядзька Аляксандр, які  з Заходняй Беларусі ў 1929 годзе трапіў у шахты каля Валасьена. Падчас Другой сусветнай вайны ён удзельнічаў у руху Супраціўлення. З мая 1942 года — валанцёр Польскіх узброеных сіл у Францыі, капрал № 1630. 18 мая 1947 года Аляксандр Панізнік ад імя генерала А. Завадскага быў узнагароджаны сімвалічным значком Грунвальда (1410–1945) пад нумарам 166449. У той жа год мой дзядзька вярнуўся на радзіму.

Той Валансьен не Парыж, але і прагу да Прагі поўнасцю насыціць успамінамі немагчыма. У 1969–1973 гадах я служыў афіцэрам-журналістам у Цэнтральнай групе савецкіх воінаў у гарадку Міловіцэ пад Прагай. Асмеліўся пазваніць Забэйду-Суміцкаму, Вацлаву Жыдліцкаму. А Міласлаў Зіма адвёў мяне ў Слованску кніговну — Клеменцінум. Беларускі аддзел там змяшчаў 9000 адзінак з сігнатурай «К» (Крывія). У 1930-х гадах Чэхія прытуліла сотні маладых беларусаў, якія вучыліся ў Празе. Прадстаўнікі старэйшага пакалення выдавалі часопісы. Іх творчая дзейнасць ярка паказана ў рамане Віктара Вальтара «Роджаныя пад Сатурнам».

У лютым 1996 года ў Славянскай бібліятэцы праходзіў Скарынаўскі семінар на тэму «Беларусы ў Празе». Прамаўлялі Вацлаў Жыдліцкі, Францішка Сокалава, Міласлаў Зіма, Георгій Галенчанка, Ганна Сурмач, Вітаўт Кіпель… Апошні і папрасіў мяне дапамагчы агледзець архівы Беларускага аддзела. Паспрыяла знаёмая дырэктарка бібліятэкі і павяла спадара Вітаўта ў падвальныя сховы, бо, паскардзілася, ніхто не прыходзіць даследаваць беларускія скарбы.

— А што беларускае захоўваецца ў архівах Чэхіі?

— Шмат што. Напрыклад, мо хто заахвоціцца вывучаць архіў Адальфа Чэрнага, чэшскага пісьменніка, вучонага-славіста? Ён двойчы пабываў на Дзісненшчыне. Выдаў зборнік «Беларускія песні з Дзісненскага павета Віленскай губерні» (Кракаў, 1895 год). Ствараў у 1900–1911 гадах артыкулы на беларускую тэму для часопіса «Час». Пераклаў вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі.

Багатыя архівы засталіся і пасля Міласлава Зімы, доктара славянскай філалогіі, перакладчыка. Мама яго была беларускай, і ён загараўся беларускімі тэмамі. У 1990 годзе напісаў артыкул «Францішак Скарына і яго імя». Вось і я пакляўся на Бібліі Скарыны быць верным і чэсным перад сваёй Бацькаўшчынай — «і асабліва з тае прычыны, што мяне літасьцівы Бог з гэтае мовы на сьвет пусьціў».

Пякучая памяць Прагі — гэта Альшаны. Там можна пабыць на могілках слаўных беларусаў: Яўгена Ляцкага, Пётры Крачэўскага, Тамаша Грыба, Міхала Забэйды-Суміцкага… У 1925 годзе Прагу наведаў Янка Купала. Чэхі і славакі прытулялі яго і ў 1927-м, і ў 1935-м гадах.

— Вы часта бывалі ў Чэхіі, так?

Я выступаў у Празе, у Клеменцінуме, у жніўні 1995 года на міжнароднай канферэнцыі «Руская, украінская і беларуская эміграцыя ў Чэхаславакіі між дзвюма сусветнымі войнамі» з дакладам (па-руску) «Патаемная літара “К” (Беларускі аддзел у Славянскай бібліятэцы)».

А летам 1997 года, дзякуючы Міхасю Скоблу і Валянціну Дубатоўку, я ў паўнюткім аўтамабілі адправіўся ў шыкоўную дарогу: з Горадні праз Варшаву, Прагу, наведалі Браціславу, Модру, Лодзь, Гайнаўку, Беласток… Варшаву згадаю толькі некалькімі радкамі з песні «Пад Аршавай», запісанай ад Альжбеты Панізнік у 1968 годзе:

Пад Аршавай ёсць такое места:

Там кіпеў крывавы бой.

Бой крывавы — пір багатый.

Не забудзем цалы век.

Вот прышоў туды з лапатай

Ненавісны чалавек…

А «ненавісным чалавека» быў Сувораў, войскі якога закідалі забітымі палякамі і іх дзецьмі прадмесце Варшавы — Прагу.

А ў чэшскай Празе мы наведалі добра знаёмую мне Славянскую бібліятэку, Альшанскія могілкі. У Браціславе ўжо ў другі раз я дастукаўся да Людмілы Іванаўны Краскоўскай. Яе не стала 26 чэрвеня 1999 года. Ды варта прыгадаць, што яна ў Дзвінскай беларускай гімназіі, якую ўзначальваў яе бацька Іван Краскоўскі, дапамагала мастаку Пятру Мірановічу маляваць дэкарацыі для тэатральных пастановак.

— Ці сустракаліся вы, Сяргей Сцяпанавіч, з Міхасём Забэйдам-Суміцкім?

Крыжом не затулена пражскае сонца —

На келіхі-вежы паважна глядзіць.

А золатам промніка ў срэбнае донца

Пастукае памяць — імя загудзіць.

У 1970-х гадах быў напісаны мною верш «На ўсе вякі» (Гашма), дзе выляталі салаўі са слоў Забэйды і выяўлялася Радзіма з-пад крыла ашчадных і цярплівых яго сноў. Я радаваўся, згадваючы славутага спевака, што «яшчэ адна вясна яго знайшла!» Але 6 студзеня 1978 года змаркоціўся, калі атрымаў ад Міхала Іванавіча ліст з такімі словамі: «Моцна хварэю і не ведаю, ці яшчэ адна вясна мяне знойдзе». Знайшла! І знайшоўся гэты верш у перакладзе на англійскую мову Алены Таболіч. Потым змешчаны ён быў у зборніку вершаў на беларускай мове і ў перакладах на англійскую і французскую мовы, тым самым, «На ўсе вякі…». Пазней з верша ўзнікла песня «Салаўіная страла», ад кампазітара Алега Чыркуна, і ў 2006 годзе была змешчана ў спеўніку «Дабравест» (Песні на словы Сяргея Панізніка). Я па-дабравестаўску цяпер гукаю так:

На ўсе вякі Зямлі —

Радзіме песень жыць!

І будзем, будзем нашу памяць варушыць,

Забэйдавымі салаўямі даражыць,

Запевамі вясны з палёў Забэйды.

Пра Забэйду мне яшчэ ў Мінску цікава распавёў наведвальнік Прагі, пісьменнік Язэп Семяжон. Прайшоў некаторы час, і, калі на канцэрце ў філармоніі выступаў акампаніятарам піяніст Альфрэд Голечэк з Прагі, я асмеліўся ў перапынку запытацца ў яго пра Забэйду. Чэх з радасцю адказаў, што ён часта выступае са спеваком на канцэртах і даў яго адрас. Восенню 1966 года я напісаў далікатны ліст паважанаму прафесару і праз некаторы час атрымаў адказ ад паўсюль знанага ў Празе жыхара.

Перапіска з дзядзькам Міхалам доўжылася некалькі гадоў. Вось 13 лютага 1974 года атрымаў з Прагі ліст. Прывяду толькі адну цытату: «Твой верш “І застануся песняй” мне вельмі спадабаўся. Спадабаўся ён і Янку Шпаку, які сказаў: “Малайчына Панізнік”. Узяў твой адрас. Будзе табе пісаць». З Янкам Шпаком — навукоўцам, перакладчыкам — я трымаю сувязь да гэтага часу.

У 1990 годзе пры Нацыянальным культурна-асветным цэнтры імя Францыска Скарыны, дзякуючы старанням Адама Мальдзіса, услед за Аб’яднаннем сяброў польскай культуры было створана Аб’яднанне сяброў чэшскай і славацкай культур імя Забэйды-Суміцкага. Яго спадкаемцамі ў Празе выказалі жаданне быць Вацлаў Жыдліцкі, Міласлаў Зіма, Надзея Кастэцкая. Адным з першым мерапрыемстваў Аб’яднання быў вечар, прысвечаны Забэйду, у БДУ. Яго праводзіла доктар Ірына Шаблоўская, выступалі Ганна Сурмач, Іван Шпак, Надзея Батурыцкая, Янка Саламевіч. Пазней мне пры Доме дружбы даверылі выконваць абавязкі старшыні таварыства «Беларусь — Чэхія».

І яшчэ адно вяртанне Забэйды-Суміцкага. У Львове я пачаў супрацоўнічаць з рэдакцыяй газеты «Голас Радзімы». І вось аднаго разу перадаў для публікацыі матэрыял, атрыманы з рук дзядзькі Міхася ў Празе. Гэта была манаграфія Міколы Шчаглова «Беларускі салавей. (Міхась Забэйда-Суміцкі)». Даследаванне апублікавалі ў нумарах 5–10 за 1994 год. Быў змешчаны мой уступны артыкул «Яшчэ адно вяртанне Забэйды-Суміцкага», а ў тэкстах Мікалая Мікалаевіча Шчаглова-Куліковіча — паэта, этнографа, кампазітара, педагога, дырыжора, аўтара опер, сімфоній, вакальных твораў — чытач знайшоў цікавыя дадаткі: вершы Алеся Салаўя, Янкі Сіпакова, Сяргея Грахоўскага, Максіма Танка, Віктара Шведа, Рыгора Барадуліна… Сам жа Шчаглоў закончыў сваё даследаванне словамі: «Беларусь ніколі не забудзе свайго салаўя».

Міхась Іванавіч Забэйда-Суміцкі ў сваёй кватэры ў Празе, 3 жніўня 1972 года.

З кім з нашых літаратараў вы добра сябравалі і з кім сябруеце сёння?

— Ёсць! Сябраваў і сябрую! Іх шмат. Але прыгадаю некалькі асоб. Першы з кагорты — Рыгор Барадулін, Народны паэт Беларусі, а яшчэ і кавалер Ордэна Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі. Гэтая ўзнагарода за асаблівыя заслугі перад суседняй дзяржавай была дарагой і сімвалічнай для Рыгора. Згадаем, што яго дзедам быў Андрэй Галвіньш, механік млыноў, які трапіў у Полацак з Рыгі.

А для мяне Рыгор, сын Івана, быў абярэгам, самым шчырым настаўнікам, апекуном. Ён падтрымаў пачатак майго творчага жыцця выданнем першага паэтычнага зборніка. Яго вушацкі словазбор насычаў расінамі непаўторнага маўлення продкаў. Вершы-прысвячэнні ўздымалі настрой, натхнялі. На магнітафон я запісаў Рыгоравы вершы і народныя песні з вуснаў яго мамы, Акуліны Андрэеўны. У нататках чытаю, і аж казыча слых вось такі дарчы надпіс Рыгора: «Родны Сяргей Іванёнак! Мама цябе любіла, бо ты наш, свой! Хай табе шчасьціць! Рыгор. 20.ХІ.09». І вось зноў пераглядаю старонкі з багатай тэчкі Рыгора (таксама Іванёнка, значыць — з радні Івана). Вось перапіска з яго дачушкай Ілонай… Верш «Да белага дня!» (Памяці Акуліны Барадулінай) заканчваецца такімі радкамі:

Журботы перавясла сцісне горла…

Дзе мамачка Рыгора?

Ёй «…надаелі вялікіі сьнягі,

лютыі марозы надаелі…»

Бо не толькі бабуля Акуліна праходзіла праз церні да зорак. Дарэчы, Per aspera ad astra — дэвіз ордэна Трох Зорак, які займеў Рыгор Барадулін ад роднаснай Латвіі. А ўсіх зорак над яго чалом і не злічыць.

Генадзь Бураўкін, Пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН на 19-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі і Канады. Кліўленд, 9 верасня1990 года.

А Генадзь Бураўкін вясной 1979 года ратаваў мяне, пазбаўленага партбілета, ад пераследу, прызначыўшы рэдактарам літаратурна-драматычных праграм. Генадзь Мікалаевіч быў чулай душы чалавекам. Як і Барадулін, ён спрыяў мне ў творчых пошуках. Сустракаўся з ім як лаўрэатам дзяржаўнай прэміі на ХІV Скарынінскім свяце ў Полацку. А як з Пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры ААН — на 19-й Сустрэчы беларусаў у ЗША. Пра лірычную перапіску з ім сведчыць мой артыкул «У кожным позірку — Памяць!».

На пачатку 1967 года Рыгор Барадулін пераслаў мне ў Львоў для бадзёрасці такі жарт: «Вершы твае з “ЛіМа” Валодзя Караткевіч чытае напамяць». У тым жа 1967 годзе ва Уруччы быў напісаны верш, які пачынаўся радкамі: «Зацугляю здзіклага каня, // каб узвіўся на лясной дарозе…», а заканчваўся так:

Курганамі, па слядах падкоў

праляту, і шлях мой — некароткі

выглядзець праз млужніцу вякоў:

хамутоў не зналі коні продкаў,

не цярпелі коннікі акоў.

Падкасіліся мае ногі, калі аднаго разу пры сустрэчы з Уладзімірам Караткевічам я пачуў ад яго не звычайнае прывітанне, а з узмахам рукі вясёлы вокліч: «Хамутоў не зналі коні продкаў!» І так паўтаралася некалькі разоў. Вось і падумаў: а як жа мне ўлагодзіць  прыязнага чалавека? У тым жа 1967 годзе напісаўся верш «Кругі застыглага рэха». Пазначыў прысвячэнне: «Уладзіміру Караткевічу». А сагравала стрэмкі душы сустрэча з ім яшчэ ў 1963 годзе: гэта ён запрасіў мяне з кіяўлянінам Рыгорам Піўтараком наведаць купалаўскую Вязынку. Але чароўнае Купалле ўслаўлялася ў вершы не толькі полымем агнёў, але і рэхам, ачунялым на сонцы, ад прачытаных тэкстаў напатканага мной незвычайнага Творцы:

На прыберагу вогнішчы палілі.

Узнёсла людзі размаўлялі з рэхам

затокаў выгінастае ракі

і парасніку па-над жоўтай стромай.

Але ад воклічаў, неасцярожных рухаў

з абрыву заструменіў жаўтапесак

цяжкім надавам на ўсплескі вогнішч.

І доўга шчэ курчавілі дымы,

з-пад жвіру завільжалага цурчэў

глыбінны жар на рыхлыя бугры.

І людзі, адыходзячы ў маўчанне,

адзначылі застыглым рэхам круг,

дзе толькі што спявалі свае песні.

Каб некалі шукальнікі ў раскопках

убачылі пад знятымі пластамі

адмеціны ад полымя агнёў,

узнялі несатлелае вуголле…

І выпусцілі з прысыпу жарствы

засмужаныя выгукі ўзлескаў,

вясновы пах чаромхавай кары

і рэха, ачунялае на сонцы.

Верш «Кругі застыглага рэха» быў надрукаваны ў маім зборніку «Палявая пошта», 1972 год. Я гэтую кніжачку падарыў Уладзіміру…

Друкуецца ў «Маладосці»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння — 80 гадоў з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны

Сёння — 80 гадоў з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны

У Беларусі Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны — памятная дата.