Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Яны сталі першымі...

Пасведчанні народных майстроў уручаны днямі жыхаркам вёскі Плябанаўцы Марыі Уладзіславаўне Кажанеўскай і Алене Адольфаўне Барцэвіч. Яны першымі ў Бераставіцкім раёне ўдастоены такога ганаровага звання.

Народная майстрыца Марыя Уладзіславаўна Кажанеўская.

Апроч іншых, звычных спраў, усё сваё дарослае жыццё гэтыя жанчыны мелі адну, бадай, самую любімую: яны ткалі. І такім чынам сталі актыўнымі ўдзельніцамі аматарскай творчасці пры мясцовым сельскім клубе. Уласнымі ўмелымі рукамі стварылі цэлую калекцыю дываноў для мясцовага Дома рамёстваў, выстаўлялі свае творы падчас раённых і абласных мерапрыемстваў. Летась, напрыклад, іх дываны і посцілкі два месяцы экспанаваліся ў выставачнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, дзе атрымалі прызнанне за аўтэнтычнасць, адметнасць і прыгажосць арнаментаў. У Марыі Уладзіславаўны і Алены Адольфаўны да сёння захоўваецца звыш 60 узораў пераборнага і закладнога ткацтва, распаўсюджанага на тэрыторыі прынёманскага рэгіёна…

Пасведчанні народных майстрых і памятныя сувеніры ткачыхам уручылі дырэктар Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Юлія Атрушкевіч і былы метадыст па этнаграфіі і фальклоры, энтузіяст і пачынальнік справы па вылучэнні майстрых на званне народных Леанід Панасевіч.

Для вельмі сціплых вясковых жанчын, жыццё якіх прайшло ў цяжкай працы, а ўменне ткаць не лічылася чымсьці адметным, падобнае прызнанне і ўвага сталі сапраўднай падзеяй. Абедзве майстрыхі вельмі рады, што іх вырабы, якія гадоў колькі назад многія лічылі «днём учарашнім», сталі патрэбныя.

Дырэктар Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Юлія Атрушкевіч, народны майстар Алена Адольфаўна Барцэвіч і былы метадыст па этнаграфіі і фальклору Леанід Панасевіч.

І сапраўды апошнім часам у нашым грамадстве назіраецца цікавасць да гісторыі і культуры свайго народа, душа якога жыве ў мове, у традыцыйных беларускіх рамёствах і промыслах. Такім чынам старадаўнія беларускія арнаменты пранікаюць у гарадское асяроддзе, іх элементы прысутнічаюць у афармленні лагатыпаў, прамысловай упакоўкі, рэкламы, кніжных выданняў, адзення, прадметаў побыту, інтэр'ераў, аб'ектаў гарадской архітэктуры.

...У вырабах плябанаўскіх ткачых таксама жыве душа, адметныя рысы малой радзімы — штосьці надзвычай каштоўнае, што, магчыма, цяжка выказаць словамі, але можна адчуць сэрцам...

Святлана Ганчарова, фота аўтара


З павагай да традыцый? З павагай да людзей

«У прадуктах галоўнае — смак, яго якасць, але...»

Шмат у чым пагаджуся з Ганнай Кагаркай (гл. «Звязда» за 28 кастрычніка): упакоўка ў таварах, прадуктах, не самае галоўнае. І ўсё ж з ёю, як з адзеннем у чалавека: па ім сустракаюць. А калі так, то нашы, айчынныя прадукты можна лёгка прыняць за расійскія, бо амаль усе надпісы на іх і сапраўды зроблены па-руску.

Чаму так адбываецца, размова, відаць, асобная і доўгая. Тут і зараз мне хацелася б сказаць аб тым, што прыемна здзівіла. Неяк у сваім халадзільніку я ўбачыла не заўсёднае молоко питьевое, а раптам... малако — пітное... Ну і далей — «Масавая доля тлушчу...», «Склад...». На ўпакоўцы, карацей, усё па-нашаму, па-беларуску.

Не стрымалася, адразу ж папыталася ў дачкі (мне трохі за 70 і сама я з-за каранавіруса ў крамы пакуль не хаджу), дзе яна брала такі дзіўны прадукт? І заадно папрасіла купіць яшчэ, калі, вядома ж, трапіцца...

Дробязь, а прыемна: клопатам сям'і і ледзь не назаўтра ў маім халадзільніку ад тых самых вытворцаў (ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат») з'явіліся масла салодкавяршковае несалёнае, кефір і тварог класічны.

Я доўга разглядала іх упакоўку. І як жа прыемна, што гэтыя добрыя прадукты не сделаны, а менавіта зроблены ў Беларусі! Зроблены мала таго, што з адборнага малака, дык яшчэ і «з павагай да традыцый» (там так і напісана), за якой, як мне падаецца, яшчэ і шчырая павага да вяскоўцаў, якія тое малако здабываюць, павага да сябе, да спажыўцоў і, вядома ж, да нашай роднай мовы.

Любоў Кісялёва, г. Мінск.


«Я печ на рай не памяняю»

...У нас з суседам дамы тыпавыя, гэта значыць, пабудаваныя па адным праекце і, на жаль, аднолькава халодныя, сырыя. Ён сказаў, што ў рамонт сваіх грошай укладваць не будзе, бо гэта, маўляў, не мае сэнсу, а я вось наадварот — усё ўпіраюся, нешта раблю. І, нягледзячы на гэта, перад пачаткам сезона па-ранейшаму заказваю дровы.

Сёлета з імі неяк не склалася: у лясніцтве паабяцалі, паставілі ў чаргу. Я чакаў. Амаль два месяцы прайшло, а воз, як той казаў, ні з месца: усё недзе там, у лесе стаіць. І ў далёкім, відаць.

Таму я з фотаапаратам схадзіў у блізкі, у той, што пачынаецца адразу ж за маім участкам. Трохі паздымаў там, завітаў у лясніцтва. Сказаў, што дроў мог бы нарыхтаваць і сам вось з гэтых, напрыклад, старых, напалову абламаных вольхаў, асін, з вывернутай ветрам яліны... На шчасце, мне не адмовілі, падрыхтавалі адпаведныя паперы.

Пасля гэтага я стаў дома рыхтаваць бензапілу, а заадно яшчэ і тлумачыць сваёй унучцы, што гэта — шведка... Прафесійная... «А ты таксама прафесіянал?» — спытала дзіця.

Усяго на нейкае імгненне ўявіў, колькі ж дроў давялося парэзаць (прычым, пачынаючы яшчэ з двухручнай пілы, па-народнаму — «Дружбы-2», і згадзіўся: «Што ёсць, тое ёсць: прафесіянал... Ды яшчэ і які...» 

Але ж без тэхнікі цяжка прыйшлося б.

Як заўжды мотаблок выручае — наш, айчынны, зроблены як міні-трактар. Зручна ім кіраваць! Не паверыце, нават паміж дрэў у лесе. Праўда, поўны прычэп дроў трактарок, відаць, не «здужаў» бы, калі б не колы ад «масквіча» на тры парадкі большыя...

І вось — дровы нарэшце дома. І застаецца толькі папацець, пакуль пасячэш, пакуль спарадкуеш: паносіш ды складзеш на прасушку.

Зрэшты, у працэсе нарыхтоўкі гэта ўжо справа лёгкая, пасля якой застанецца хіба што прынесці дроў у хату, прапаліць у печы і адвесці душу: пагрэць паясніцу... Як там у Коласа? «Я печ на рай не памяняю».

Аляксандр Матошка, Расонскі раён.


«Хто за што, а мы — за кніжкі і… венікі»

«Я ў вёсцы ўсё сваё жыццё жыву, — кажа пра сябе Аляксандр Карпавіч Сайка, — і ніколькі аб тым не шкадую. Горад — гэта не маё. Мне зямля па душы, лес, поле... Я свой Ліпск толькі аднойчы пакідаў, калі служыў у войску ў вядомых Пячах пад Барысавам...

Што цікава, жонка Аляксандра Карпавіча таксама з'язджала з вёскі толькі раз: пасля школы паехала паступаць у Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. І паступіла, праўда, павучыцца ёй не ўдалося.

— Саша пераблытаў усе мае планы, — успамінае Любоў Аляксееўна. — Замужжа, цяжарнасць... Але я не шкадую, бо мара мая ўсё роўна збылася: 36 гадоў аддала бібліятэчнай справе, хоць спецыяльнай адукацыі і не мела.

— Адкуль жа, — пытаю, — любоў да кніг, да чытання?

— У вёсцы наш род называлі мудранькім, — кажа Любоў Аляксееўна. — Дзядуля Кірыл ведаў мноства розных легендаў, паданняў. Ад яго мама навучылася, а потым і мне перадала. Я з маленства любіла кніжкі чытаць: казкі, вершы, байкі, потым беларуская, руская, замежная класіка, легенды... Я шмат па людзях хадзіла, запісвала, што дзе чула. Некаторыя з гэтых запісаў змешчаны ў кнізе «Ганцаўшчына. Край легендаў і талентаў народных», а таксама ў буклеце да 125-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа. На святкаванні гэтага юбілею мне ўручылі набор прыгожага посуду. Я ім да сёння даражу...

Цікаўлюся, як пазнаёміліся будучыя сужэнцы?

— Дык у адной жа вёсцы нарадзіліся, — расказвае жанчына. — У адным класе вучыліся, хоць Саша за мяне і старэйшы. У пасляваенныя гады такое часта здаралася. Ён, дарэчы, яшчэ з малодшых класаў стаў да мяне заляцацца: падміргваў, чапляўся, за косы цягаў. А з войска вярнуўся і пажаніліся. Паўвека ўжо разам. Трох дзетак выгадавалі, сямёра ўнукаў расце.

— У вёску часта прыязджаюць, — дадае Аляксандр Карпавіч. — Традыцыя ў нас — разам, усёй сям'ёй, адзначаць вялікія святы, разам бульбу садзіць ды капаць, нарыхтоўваць сена... Кароўкі, праўда, няма ўжо — цяжкавата з ёй стала, а вось каня — трымаем. І свіней гадуем, розную птушку. У нас ладны прысядзібны ўчастак ды з гектар зямлі яшчэ ў полі (а раней дык і болей было). Бульбу садзім, буракі, гарбузы, авёс сеем. Дзеці заўсёды дапамагаюць. Хоць бацькі і самі стараюцца.

Аляксандр Карпавіч пасля службы ў войску працаваў трактарыстам — то ў калгасе, то ў мясцовым лясніцтве. Потым, калі можна так сказаць, зрабіў кар'еру — стаў лесніком і ў дадатак — займеў захапленне: прыахвоціўся... венікі вязаць. Прычым не маленькія, для лазні, а вялікія. Імі некалі тэрыторыю падмяталі на прадпрыемствах Ганцавіч, Брэста, іншых гарадоў.

— Лясніцтву план па нарыхтоўцы даводзілі, — успамінае гаспадар. — Так што я гэтай справай па абавязку заняўся. А потым неяк налаўчыўся, прывык і цяпер ужо кожную вольную хвіліну хто за што, а я за венікі. Падабаецца гэты занятак, ды і капейчына ў сямейным бюджэце ніколі не лішняя. За мінулую зіму, напрыклад, больш за восем тысяч іх здаў... І гэта ж без тых, што для лазні. З маленькімі, дарэчы, клопату больш. Матэрыял асаблівы патрэбен, спосаб прасушкі... З імі толькі здаецца, што проста ўсё, а на самай справе... Ёсць у мяне і сакрэты свае, і пастаянныя заказчыкі: падабаюцца мае венікі... Нарыхтоўшчыкі нават з Мінска ў наш Ліпск прыязджаюць. Тут не я адзін гэтай справай займаюся...

Аляксандр Карпавіч і сапраўды чалавек вельмі працавіты. Яму хоць дом будаваць, хоць жывёлу даглядаць, хоць нешта вырошчваць, хоць венікі вязаць... Няма ў вёсцы такой работы, якую б ён не ведаў, якую б не ўмеў.

— Закон жыцця такі: пакуль дыхаю — працую, — кажа пра сябе Аляксандр Карпавіч. — Шкада вось толькі, што на гармоніку іграць не навучыўся. Браты мае добра ўмелі, а ў мяне чамусьці не атрымалася.

...Так што надзеі цяпер хіба на ўнукаў-наступнікаў. У дачкі Святланы трое дзяўчат. Ужо дарослыя: Алеся працуе ўрачом, Таня — ветэрынарам, Даша — медсястрой. У сыноў Сяргея і Аляксандра таксама па двое дзяцей... Нехта, дасць бог, зайграе!

Вячаслаў БУРДЫКА, Ганцавіцкі раён

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.