Вы тут

Прайшло 68 гадоў з даты ўтварэння падраздзяленняў Дэпартамента аховы


Вядомая песенька з мультфільма «Брэменскія музыканты» «Ох, рана ўстае ахова» крыху скажае рэчаіснасць. Ахова наогул не спіць ніколі. Праўда, на побытавым узроўні мы рэдка пра гэта задумваемся. Сыходзячы з дому, чыста механічным рухам дакрануліся ключом-таблеткай да спецыяльнай прылады, праверылі, каб загарэўся чырвоны святлодыёд — і пайшлі далей па сваіх справах. Але хто ж менавіта ахоўвае нашы кватэры, прыватныя дамы, крамы і безліч устаноў? Пра гэта — начальнік Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў, палкоўнік міліцыі Аляксандр Шэпелеў.


— Як шмат кватэр і дамоў сёння знаходзіцца пад абаронай Дэпартамента аховы? У якім кірунку змяняецца іх колькасць з цягам часу?

— Наша асноўная задача — ахова маёмасці незалежна ад яе формы ўласнасці. Зараз нам даручана ахоўваць больш за 165 тысяч кватэр і прыкладна 85 тысяч іншых аб'ектаў. На першы погляд гэта шмат, але ад агульнай колькасці жылога фонду мы абараняем усяго 7 %. Штомесяц манціруем да паўтысячы новых сістэм. Прычым тэмпы прыкметна выраслі — раней гэтая лічба рэдка перавышала адзнаку ў дзвесце штук. Таму, як бачым, нам ёсць куды імкнуцца. У першую чаргу — праз тое, што заканчваецца мадэрнізацыя сістэмы сувязі. Як вядома, ад медных правадоў краіна паступова пераходзіць на оптавалакно. А калі кватэра ахоўваецца менавіта такім спосабам, то яе ўладальніку давядзецца за свой кошт замяніць ахоўнае абсталяванне. Пры гэтым мы гатовы прапанаваць беспрацэнтную растэрміноўку, але на такія ўмовы пагадзіліся не ўсе. Таму колькасць скасавання дамоў спачатку вырасла, але нязначна.

Больш за тое, памер штомесячнай абаненцкай платы, які складае дзевяць з паловай рублёў, у агляднай перспектыве павялічвацца не будзе. Па сутнасці, гэта ўжо сацыяльная паслуга. І такой яна застанецца і надалей.

— Але ж пераход на новыя стандарты сувязі даў і пэўныя плюсы?

— На першы погляд чалавеку збоку можа здавацца, што Дэпартаменту аховы няма куды развівацца. Адны і тыя ж функцыі застаюцца дзесяцігоддзямі. Але гэта не так. Насамрэч, адышоўшы ад медных ліній правадоў, мы выраслі тэхналагічна. Напрыклад, для перадачы даных ад аб'ектаў і жылых памяшканняў да падраздзяленняў Дэпартамента аховы выкарыстоўваюцца оптавалаконныя і GSM-каналы сувязі. Гэтыя спосабы перадачы даных менш падвяргаюцца ўплыву навакольнага асяроддзя.

— Самі карыстальнікі нашых паслуг заўважылі, што цяпер пры здачы пад ахову не трэба чакаць падключэння прыкладна паўхвіліны — зараз яно адбываецца вокамгненна. Нашы новыя прыборы могуць працаваць адначасова па дзвюх лініях сувязі — як сотавай, так і правадной. І калі па нейкіх прычынах сувязь па адным канале становіцца няўстойлівая, то прыбор аўтаматычна пераключаецца на рэзервовы.

Зараз мы ўдзельнічаем у распрацоўцы новай лінейкі прыбораў. Яны будуць запатрабаваны ў маналітных дамах. Нярэдка іх канструкцыі спрацоўваюць як своеасаблівы бункер, праз што перадача даных па каналах мабільнай сувязі можа быць не вельмі ўстойлівая. Эксперыментальныя мадэлі паказалі, што гэтую праблему можна вырашыць.

— Колькі сёлета было спроб пранікнення ў памяшканні, якія знаходзяцца пад аховай?

— Сёлета нядобрасумленныя грамадзяне спрабавалі зрабіць гэта 83 разы. І ва ўсіх выпадках мы спынілі супрацьпраўныя дзеянні, не дапусціўшы ніводнага крадзяжу і своечасова затрымаўшы зламыснікаў. Было заведзена 45 крымінальных спраў. Калі параўноўваць абстаноўку з мінулым годам, то ідзе павелічэнне такіх выпадкаў, асабліва ў апошнія два месяцы. Але спакушацца на чужое бессэнсоўна — мы своечасова прыедзем на любы выклік.

— Наколькі распаўсюджаны трывожныя кнопкі?

— Гэта самая запатрабаваная форма аховы — як у жылых дамах, так і ў юрыдычных асоб. Дастаткова сказаць, што толькі сярод кватэр гэтую форму аховы абрала больш за 62 тысячы. З году ў год іх колькасць расце на дзве-тры тысячы. Але чым жа яны прывабліваюць людзей?

Па-першае, яе падключэнне вельмі таннае — усяго чатыры з паловай рублі, пры ўмове наяўнасці раней устаноўленых сродкаў ахоўнай сігналізацыі ў жылым памяшканні. У выпадку набыцця бірулькі пераноснай радыёкнопкі трывожнай сігналізацыі радыус яе дзеяння вагаецца ад 150 метраў да паўтара кіламетра ў залежнасці ад тэхнічных характарыстык і месца, дзе манціруецца абсталяванне. Вялікай папулярнасцю трывожныя кнопкі карыстаюцца ў аб'ектаў гандлю, асабліва дзе гандлююць алкаголем або дарагімі рэчамі. Там у выпадку няштатнай сітуацыі патрабуецца кароткатэрміновае прыбыццё нарада.

— Як пераўзбройваецца аўтамабільны парк Дэпартамента аховы?

— Гэта наша неад'емная частка, паколькі тое, што чакаюць людзі, якія даверылі нам ахову сваёй маёмасці, — гэта максімальна хуткае прыбыццё ў выпадку неабходнасці і затрыманне злачынцы. Так, сёлета мы ўжо замовілі 131 аўтамабіль айчыннай вытворчасці. Але ад тых, якімі карысталіся раней, яны прыкметна адрозніваюцца. У новых машынах будуць устаноўлены аўтаматызаваныя рабочыя месцы групы затрымання. У рэжыме рэальнага часу сігнал трывогі паступіць непасрэдна экіпажу аховы з пабудовай маршруту руху да аб'екта, што дасць магчымасць значна скараціць час рэагавання.

— Як часта даводзіцца задзейнічаць службовых сабак?

— Насамрэч на нашых кінолагаў кладзецца велізарная работа. Кінолаг заўсёды ў складзе следча-аператыўнай групы выязджае на месца злачынства. Пры неабходнасці ён можа задзейнічаць службовага сабаку. Перад закрыццём гандлёвага цэнтра туды абавязкова прыйдзе кінолаг з сабакам, які прасочыць за тым, каб ніхто не застаўся ў памяшканні на ноч. Найбольш адметна тое, што менш за ўсё мы выкарыстоўваем нашых чатырохлапых памочнікаў на затрыманні зладзеяў. Гэта насамрэч крайняя мера, як і выкарыстанне зброі. Наступствы могуць быць сур'ёзныя — пракусы, пераломы. Але, на жаль, калі іншых варыянтаў спыніць злодзея няма — то сабака будзе на яго спушчаны. У сваю чаргу, для нас важна, каб кінолаг і сабака ўяўлялі сабой адзіны разлік. І адбракоўка ідзе вельмі сур'ёзная. Напрыклад, у нашым вучэбным цэнтры, што знаходзіцца пад Мінскам, кінолаг чатыры месяцы амаль безадрыўна вучыць маладое шчаня паслухмянасці, выкананню пэўных каманд і затрыманню. Толькі тады, калі экзамен будзе здадзены паспяхова, разлік зможа разам несці службу.

Дарэчы, мы ўкараняем новую тактыку дзеянняў групы затрымання. У кожнай з іх будзе тэлескапічная лесвіца, якая ад аднаго ўзмаху раскладваецца на пяць з паловай метраў. Пры яе дапамозе можна хутчэй агледзець дахі дамоў, гаражоў. Такая лесвіца дазволіць лягчэй пераадольваць платы з металапрофілю. Тэхнічнае пераўзбраенне закране і радыё — аналагавыя рацыі зменяцца лічбавымі. Гэта неабходна для большай абароненасці эфіру.

— Каб трапіць на службу ў Дэпартамент аховы, якімі якасцямі мусіць валодаць саіскальнік?

— У нас працуе сістэма вельмі жорсткага адбору. І так павінна быць, бо мы мусім вызначыць, хто прыдатны да службы, а хто не. Па-першае, патрэбны выдатныя фізічныя якасці. Першая або другая група здароўя — гэта абавязковая ўмова. Тут можна прывесці адзін цікавы прыклад. У лістападзе мае адбыцца чэмпіянат Еўропы па самба, у якім будуць удзельнічаць дзесяць нашых супрацоўнікаў. Усе яны нясуць службу як звычайныя міліцыянеры, і толькі ў вольны ад службы час займаюцца спортам. Немалаважны кампанент — псіхалагічная ўстойлівасць. У ліку першых на месца здарэння прыбывае менавіта наш супрацоўнік. А з чым ён сутыкнецца на месцы падзей, невядома. Таму быў арганізаваны цэлы комплекс вывучэння патэнцыяльных кандыдатаў.І з кожнай сотні кандыдатаў такую сістэму адбору праходзяць усяго пяць—дзесяць чалавек.

— У завяршэнне гутаркі давайце вернемся да звычайнага побыту. Скажам, чалавек забыўся адключыць сігналізацыю і ўвайшоў у кватэру. Што яму за гэта будзе?

— Мы адышлі ад практыкі штрафных санкцый у такім разе. Хутчэй успрымаем гэта як дадатковую трэніроўку. Наш абанент атрымае паведамленне, каб ён памятаў пра правільны парадак дзеянняў, — спачатку адключыць сігналізацыю, а толькі пасля ўваходзіць. Але калі такія сітуацыі паўтараюцца на адным і тым жа аб'екце сістэматычна, то менавіта так, штраф у такім выпадку будзе прызначаны. Праўда, у нашай практыцы гэта адбываецца вельмі рэдка. У асноўным людзі, якія даверылі нам ахову свайго жылля, разумеюць сваю адказнасць.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Заўжды на баявым дзяжурстве

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?