Вы тут

​Мастацтва сучаснага экслібрыса — сумясціць рэнтгенаўскія здымкі з інструментамі для струннага квартэта


Вялікае ўбачыць у малым, з асобнага скласці агульнае... Рэчаіснасць стварае для гэтага ўмовы. Мастацтва падтрымлівае: для выразнага сэнсу не бывае драбязы. Выстаўка «LІTHO graphіcs exlіbrіs» Вольгі Крупянковай і Таццяны Сіплевіч — таму пацвярджэнне. Мастачкі, якія сябруюць з часоў студэнцтва, прадставілі рэдкі для Беларусі від графікі — экслібрыс. Маленькія выявы, якімі калісьці пазначалі кнігі, цяпер жывуць у выставачнай прасторы арт-гасцёўні «Высокае мbста». А здаецца, што проста жывуць, апяваючы доўгі век чалавецтва ад Адама і Евы ды часоў Антычнасці. Гэта ўцягвае ў эмацыянальную размову з самім сабой: з дэталяў, якія ўмяшчаюцца ў невялікіх па памеры творах, складаецца карціна свету, дзе ўсё мае значэнне і ўсё недарэмна. Пра гэта сведчыць гісторыя экслібрыса, тлумачаць аўтары.


Знакавая каштоўнасць

Таццяна СІПЛЕВІЧ: «Першапачаткова гэта быў кніжны знак — так заможныя ўладальнікі бібліятэкі хацелі пазначыць сваю кніжку. Таму што яна была вялікай каштоўнасцю — спачатку рукапісная, потым друкаваная. Калісьці толькі магнаты маглі сабе дазволіць мець бібліятэку. Каб пазначыць уласніцтва гэтай каштоўнасці, быў прыдуманы адмысловы знак — па ім, дарэчы, можна выяўляць прыналежнасць кнігі да знакамітых збораў Радзівілаў, Сапегаў, Храптовічаў... З часам кніг друкавалі больш, і яны сталі даступныя, і гэта абазначэнне страціла першасны сэнс, але існавала як крыніца інфармацыі».

Вольга КРУПЯНКОВА: «Экслібрыс з латыні перакладаецца «з кніг». Паколькі ён абазначаў належнасць уласніку, то спачатку выглядаў як штамп, дзе пазначалася імя, прозвішча. А потым яго сталі ўзбагачаць геральдычнымі пазнакамі — кнігамі валодалі людзі знатныя. Таксама як гаспадары кніг выступалі ўніверсітэцкія бібліятэкі, бібліятэкі пры манастырах. Калі пачалі дадаваць дэталі, экслібрыс стаў кірункам інтэлектуальнага мастацтва — важна было паказаць элементы, уласцівыя характару гаспадара. Мастакі стараліся інтэрпрэтаваць тэму арыгінальна, таму што ў экслібрысе павінна быць закладзена ідэя. Цяпер гэта твор мастацтва, у якім ад утылітарнага прызначэння застаўся абавязковы надпіс «экслібрыс» і імя ўласніка. Сам твор невялікі, але сучасны экслібрыс мае складаныя сюжэты і кампазіцыю. Шрыфт адыгрывае не значную, а дадатковую ролю ў мастацкім рашэнні.

Т. С.: «Цяпер гэта самастойны кірунак графікі. Ёсць аматары мастацтва, калекцыянеры, якія збіраюць экслібрысы. Яны розным творцам заказваюць экслібрыс на пэўную тэму, глядзяць, як мастак будзе яе развіваць праз сваю стылістыку».

В. К.: «Экслібрысы — гэта друкаваная графіка. Яна робіцца ў класічнай друкаванай тэхніцы: афорт, лінагравюра, ксілаграфіка альбо літаграфія. Тыраж як правіла ад 50 экзэмпляраў. Натуральна, цяпер утылітарнае значэнне экслібрыса страчана, яго ўжо не змяшчаюць у кнігу. Таму сучасным калекцыянерам важна бачыць у гэтым творы не толькі сваё імя, але і выказванне мастака, які ім цікавы, на пэўную тэматыку».

Вольга Крупянкова. Адам і Ева.

Ад эротыкі да фаталізму

Т. С.: «Ёсць пэўныя тэмы экслібрысаў, кожны калекцыянер выбірае блізкую сабе. Папулярныя тэмы — Адам і Ева, Дзяўчына і Смерць, Дон Кіхот, Чырвоны Капялюшык... Калекцыянеры абменьваюцца творамі ў рамках адной тэматыкі: Адама і Еву аднаго аўтара на Адама і Еву іншага. І тэма можа падацца невычарпальнай. Мастакі вельмі паважаюць замоўцаў, якія цэняць творчасць і даюць волю ў выбары сродкаў выяўлення».

В. К.: «Напрыклад, на выстаўцы прадстаўлены творы Тані па тэме грэчаскай міфалогіі, таму што ў яе заказчык грэк і гэта яму блізка. А ў мяне больш ахвотна заказваюць экслібрысы на біблейскую тэму — Адам і Ева.

Цікава, калі чалавек называе шэраг характарыстык, элементаў, якія ён хоча ўбачыць у рабоце. Напрыклад, доктар, які любіць музыку. Па замове аднаго калекцыянера нам трэба было сумясціць рэнтгенаўскія здымкі з інструментамі для струннага квартэта. Складаная і вельмі цікавая задача».

Вольга Крупянкова. Нараджэнне Афіны.

Т. С: «Музычныя экслібрысы вельмі цікавыя, таму што густы ва ўсіх калекцыянераў розныя. У мяне адзін з апошніх заказаў — паводле Бедржыха Сметаны. Замовілі партрэт кампазітара, але трэба было натхніцца яго музыкай, каб нарадзіць яркія вобразы. Таксама ў экслібрысе вельмі папулярная эратычная тэма. Напрыклад, Леда і Лебедзь. Асобна ладзяцца выстаўкі эратычнага экслібрыса: гэта эфектна, эмацыянальна».

В. К.: «Немалую ролю адыгрывае тое, што ў вырашэнні работы на эратычную тэму выразна бачны прафесіны ўзровень аўтара. Як бы гэта банальна ні гучала — уменне маляваць, вырашаць твор кампазіцыйна, каб ён меў мастацкую каштоўнасць.

Наогул, і разнастайнасць тэм дае мастаку магчымасць раскрыцца. Я вельмі люблю казачныя сюжэты, фэнтэзі. Прастора тэм, але можна выбраць тую, якая табе арганічна блізкая. І ты атрымліваеш задавальненне ад таго, што робіш, пры тым, што працуеш па замове. Для нас яшчэ важная магчымасць ствараць экслібрысы для сяброў ці адзін для аднаго — каб абменьвацца, наогул карысна мець свабодны тыраж, якім можна распараджацца, як хочаш».

Т. С.: «У кожнага мастака, якія працуе з экслібрысам, ёсць свая калекцыя. Яна збіраецца, калі ездзіш на кангрэсы, абменьваешся з калегамі, калекцыянерамі, калі падабаецца нейкая работа».

В. К.: «Нашы друкаваныя работы створаныя ў тэхніцы графікі — мы робім не толькі экслібрысы, але яшчэ і літаграфіі на вольную тэму, станкавую графіку».

Вольга Крупянкова. Першы снег.

Тэхніка непрадказальнасці

Т. С.: «Ёсць некалькі тэхнік, яны вызначаюцца па спосабу друку. Гравюра на метале — гэта глыбокі друк. Высокі друк — гравюра на лінолеуме, на дрэве. Плоскі друк — гравюра на камені, літаграфія. Мы з Вольгай займаемся літаграфіяй на камені: спачатку рыхтуеш малюнак, форму гравюры, якую потым аддрукоўваеш на аркушы паперы. Раней заказы ішлі практычна толькі на афорт, у асноўным яны і калекцыянаваліся. Вельмі мала заказаў на літаграфію і на лінолеум — гэта чамусьці непапулярная, хоць і цудоўная тэхніка. Зніжэнне ўвагі да літаграфіі, магчыма, адбылося з-за таго, што тэхналогія яе друку ў многіх краінах Еўропы аказалася страчанай. Хоць былі мастакі, якія працавалі з літаграфіяй, — чэшскія, славацкія, прыбалтыйскія, польскія, расійскія. Зараз гэтая тэхніка прызнаецца нараўне з афортам — цікавасць да літаграфіі ўдалося аднавіць».

В. К.: «Яна працаёмістая: выява наносіцца не на маленькую металічную пласціну, а на вялікі грувасткі камень. І ты не можаш гэта зрабіць сам, маючы станок, як робіцца афорт. Тут ты звязаны з майстрам і прывязаны да работы ў майстэрні. Для нас яна стала магчымай на апошніх курсах Акадэміі мастацтваў і пасля яе заканчэння менавіта дзякуючы таму, што ў нас ёсць друкарская майстэрня, вядомая ва ўсім свеце. Калісьці вялікая колькасць мастакоў з усяго былога Саюза прыязджала сюды. У гэтай майстэрні працаваў Майстар, вялікі друкар, які нядаўна пакінуў гэты свет, Дзмітрый Васілевіч Малаткоў».

Т. С.: «Уся беларуская школа графікі ў многім сваімі поспехамі павінна быць удзячная яму. Добра, што зараз яго справа працягваецца.

Але і ў самых ідэальных умовах пры друку на камені вынік можа быць непрадказальны. Самі эскізы маляваць — задавальненне. А потым сядаеш за камень і разумееш: гэты эскіз ты рабіў месяц ці больш, але цяпер яго трэба паўтарыць на камені. Трэба сканцэнтравацца, таму што няправільную лінію правесці нельга. Я працую з лупай, бо памылкі быць не можа — потым глабальна нічога не паправіць. Працуем спецыяльным друкарскім алоўкам, спецыяльнай друкарскай тушшу. Ёсць некалькі фірмаў, якія іх выпускаюць. І заўсёды, калі бярэш новы матэрыял, не ведаеш, што атрымаецца... Трэба засяродзіцца, сабрацца, каб перанесці эскіз, які ты прыдумаў з усялякімі дэталямі, і нідзе не памыліцца».

Татьяна Сіплевіч. Аўра.

В. К.: «Гэта забірае шмат энергіі. Сядзіш над каменем — а ён жа халодны, цягне сілы. Здавалася б, чатыры работы на камені, узяў — і рабі па гатовым эскізе... Здаецца, што гэта мінулы этап, але руцінная цяжкая праца. І вельмі важна, каб усё, што намалявана на камені, прадрукавалася. Працаваць з друкам — кожны раз як упершыню».

Беларуская перспектыва

Т. С.: «У нас з экслібрысам працуе шмат добрых мастакоў-зорак, калекцыянеры лічаць за гонар мець іх творы. Наогул беларуская школа графікі трымае марку. Мастакоў, якія працуюць менавіта ў экслібрысе, становіцца больш».

В. К.: «У нас экслібрыс пакуль існуе для вузкага кола, але пакрысе справа зрушваецца: галерэі хочуць працаваць з такімі выстаўкамі. У нас ёсць і калекцыянеры. Самы вядомы — Алег Судлянкоў, калекцыянер міжнароднага ўзроўню. Вялікі энтузіяст, які даў нам шмат карысных парад. Галерыст Ала Зміёва таксама мае калекцыю экслібрысаў — яна прэзідэнт беларускага аддзялення таварыства FІSAE, якое аб'ядноўвае экслібрысістаў свету. Мы таксама ў яго ўваходзім. Але калі казаць аб'ектыўна, то колькасць калекцыянераў у нас малая ў параўнанні з іншымі краінамі Еўропы».

Т. С.: «Раз на два гады праходзяць кангрэсы FІSAE. З усяго свету з'язджаюцца мастакі і калекцыянеры, гэта вялікі форум, на якім адбываецца абмен работамі, замаўляюцца новыя творы, праходзяць выстаўка, конкурс, семінары па экслібрысе з гарачымі дыскусіямі: ёсць калекцыянеры-традыцыяналісты, якія лічаць, што экслібрыс патрэбны толькі ў кнігу: маленькая выява, бо інакш гэта ўжо не экслібрыс, а асобны від графікі...»

Таццяна Сіплевіч. Каляжанкі паляўнічых.

В. К.: «Штогадовыя кангрэсы экслібрыса ладзяцца ў Германіі, ёсць у Чэхіі, Італіі, Фінляндыі... Акрамя таго, па ўсім свеце праходзяць выстаўкі-конкурсы, біенале, трыенале дзеля папулярызацыі гэтага віду мастацтва».

Т. С.: «Але ў нас няма ніводнай такой рэгулярнай выстаўкі. Была спроба штосьці зрабіць у Брэсце. Сталічная галерэя «Дом графікі» праяўляе цікавасць да экслібрыса — там працуе Святлана Петушкова, яна сама мастачка і разумее адметнасць гэтага кірунку. Але, на мой погляд, такое мастацтва павінна быць цікавае шырокім колам: можна замовіць карцінку, якая адлюстроўвае тваю асобу, мець тыраж і дарыць сябрам ці людзям дзеля таго, каб прадставіць сябе. Цікава ж паглядзець, як мастак зробіць тваё маленькае ўвасабленне».

В. К.: «Часта бывае, што нейкая бібліятэка абвяшчае конкурс для стварэння свайго знака. Бібліятэкі выступаюць ініцыятарамі выставак, конкурсаў. У прыватнасці, гэта развіта ў Польшчы. Там у шмат якіх гарадах бібліятэкі праводзяць конкурсы экслібрыса і самі іх замаўляюць з пазнакай іх прыналежнасці. У нас было некалькі выставак у Польшчы. Разам з калегай Ганнай Ціханавай-Ярдановай, беларускай, якая жыве за мяжой, мы рабілі некалькі праектаў. Там ёсць нават галерэі экслібрыса, а пры бібліятэках існуе клуб аматараў экслібрыса. У нас такога няма, на жаль.

Таццяна Сіплевіч. Молдаў.

Але некалькі выставак экслібрыса я рабіла як куратар: у Нацыянальным гістарычным музеі была сумесная выстаўка беларускага экслібрыса, на кніжным фестывалі «Мірскі замак». Гэта мой унёсак у тое, каб экслібрыс быў больш вядомы нашым гледачам. Яны ўжо разумеюць, што гэта адмысловы від графікі, які можна доўга і ўважліва разглядаць — не надакучыць».

Запісала Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: З кніг. У людзі

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.