Аўтобусны прыпынак у гэтай вёсцы быў далекавата ад крамы. Транспарт спыніўся — і ў салон, весела падштурхоўваючы адна адну, заходзяць жанчыны.
Яшчэ не заняўшы месцы, пачынаюць хваліцца пакупкамі: чаго ў вясковай краме толькі няма! Танныя спадніцы, панчохі, хустачкі, чаравічкі… Маўляў, вось куды трэба ехаць з горада па пакупкі!
— А кофтачкі? — пытаецца адна з пасажырак, якая села ў аўтобус недзе раней.
— І кофтачкі! Во, глядзіце! — адна маладзічка з тых, што толькі зайшлі сюды, дастае з сумкі прыгожую лёгкую квяцістую абноўку.
— Цуд!
— Трэба было б і сабе купіць, але…
— І я ўзяла б…
Жанчын у аўтобусе большасць. Мужчын з вадзіцелем — усяго пяць. Выдзяляецца дзядок, які сядзіць побач з мажнай кабетай: хударлявы, маўклівы, на гармідар не рэагуе… А ягоная суседка як затрашчыць, бы сарока:
— Шафёрка, даражэнькі, можа, спыніцеся на хвілінку каля крамы?
— Але, спыніцеся! — чуюцца галасы.
— Ну, калі ласка!
— Кажуць, там прадаюцца вельмі танныя футравыя мужчынскія шапкі. Купіць бы свайму. Можа, і вам трэба? — не змаўкае «сарока».
— Танныя? — перапытвае шафёр, круцячы галавой. — Добра, толькі дзеля вас зраблю прыпынак…
Неўзабаве аўтобус спыняецца каля магазіна. Усе пасажыры спяшаюцца туды, у салоне застаецца толькі дзядок…
У краме жанчыны купляюць кофты: жоўтыя, блакітныя, зялёныя…
Сапраўды танныя.
— А шапкі футравыя дзе? — пытаецца вадзіцель у прадаўшчыцы, маладзенькай дзяўчыны.
— Якія шапкі? — здзіўляецца тая. — Няма іх у нас і не было.
— Як няма? — апамятаўшыся, абураецца мажная жанчына, муж якой, дзядок, застаўся ў аўтобусе. — Я ж свайму хацела купіць... Ай-ай-ай!..
Толькі цяпер шафёр разумее, што жанчыны яго падкузьмілі. Нічога, здараецца... Заўсміхаўся:
— Ну што, задаволеныя?
— Дзякуй табе, задаволеныя! А то — не спынюся…
Адной дружнай кампаніяй заходзяць у салон. Рушыць з месца аўтобус. Усе вясёлыя, усе смяюцца...
Рагоча і вадзіцель, мужчына гадоў пяцідзесяці. Раптам ён паварочваецца да дзядка, падміргвае яму. Маўляў, а ты чаго, дзядзька, не пайшоў? І дадае:
— Ну, не жанчыны, а чэрці! Гэта ж трэба мяне так ашукаць!
— Так, так, браток, — згаджаецца дзядок. — Яны яшчэ горшыя за чарцей!..
Ён хацеў яшчэ нешта сказаць, але яго жонка спрытна павярнулася да мужчын і выпаліла:
— Маўчыце ўжо, чэрці! Чорт жа — мужчына!.. Нездарма кажуць, дзе чорт не можа справіцца, дык туды бабу пашле.
— А я цябе і не пасылаў! — агрызаецца дзядок. — Сама пабегла, ага!
Зноў рогат, зноў весялосць: усім прыемна і радасна. Аўтобус коціць далей...
г. Слонім.
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.